афарбо́ўка, ‑і, ДМ ‑боўцы; Р мн. ‑бовак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. афарбаваць (у 1 знач.).
2. Колер, адценне колеру чаго‑н. Невялікая руская печ зіхацела белай мелавой афарбоўкай. Паслядовіч. Зялёнае.. жыта за апошнія дні пачынала набываць васковую афарбоўку. Кавалёў.
3. перан. Асаблівы сэнс, выразнае адценне чаго‑н. Эмацыянальная афарбоўка верша. □ Мелодыя ж спеваў надзвычайна багатая, разнастайная, дзівосна прыгожая і такая.. выразная, што яе можна палажыць на ноты, а мастак-музыка, напэўна, змог бы выканаць на скрыпцы, але афарбоўкі яе тонаў не патрапіць перадаць ніякі музычны інструмент. Колас.
•••
Ахоўная афарбоўка — афарбоўка жывёл, якая робіць іх малапрыкметнымі ў натуральных умовах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
світа́нне, ‑я, н.
1. Час перад усходам сонца, калі пачынае віднець; самы пачатак раніцы. На світанні, на зары У зялёным гушчары, Дзе мох сцелецца рабы, Паспрачаліся грыбы. Танк. Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі. Лынькоў. // Стан паводле знач. дзеясл. світаць. Світанне доўга не магло адолець змроку. Мележ. Над поплавам цадзілася, распаўзалася світанне. М. Ткачоў.
2. перан. Пачатак, ранні перыяд чаго‑н. А перамогі незабыўны час айчыне даў цудоўнае світанне. Дубоўка. Даўно мінула маё світанне. Мінае мой поўдзень, мінае мой дзень. Вярцінскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забеспячэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. забяспечваць — забяспечыць.
2. Грошы, матэрыяльныя сродкі, якія даюцца каму‑н. з мэтай забяспечыць яго існаванне. Грамадзяне СССР маюць права на матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці.
3. Сукупнасць мерапрыемстваў па задавальненню матэрыяльных патрэб насельніцтва, якіх‑н. арганізацый. Цэнтралізаванае забеспячэнне. Органы забеспячэння.
4. Сукупнасць прадметаў, рэчаў, якімі забяспечваецца хто‑, што‑н. Бытавое забеспячэнне. Тэхнічнае забеспячэнне.
5. Тое, што забяспечвае непарушнасць, выкананне чаго‑н., з’яўляецца гарантыяй чаго‑н. Папяровыя грашовыя знакі з цвёрдым залатым забеспячэннем.
•••
Сацыяльнае забеспячэнне — сістэма дзяржаўных мерапрыемстваў у СССР па матэрыяльнаму забеспячэнню грамадзян у старасці, пры інваліднасці, хваробе і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заго́н 1, ‑а, м.
1. Паласа, участак ворнай зямлі, поля. На полі ветла, самавіта У рад стаялі копкі жыта, Так аздабляючы загоны. Колас. З левага боку .. кусцілася жыта, а па правую руку ляжалі старанна забаранаваныя вагоны. Алешка.
2. Агароджанае пад адкрытым небам месца для жывёлы. Егеры выпусцілі з загонаў гадавальніка адзін зубрыны статак. Краўчанка.
заго́н 2, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. заганяць 1 — загнаць (у 1 знач.).
2. ‑а. Ланцуг загоншчыкаў на паляванні. Воўк зразумеў, што загоншчыкі, якія крычалі наперадзе, значна больш бяспечныя, чым стрэлы ззаду, і прарваўся праз загон. «Беларусь».
•••
У загоне — у закінутым стане, пад уціскам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызна́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прызнаваць — прызнаць (у 3, 4 і 5 знач.) і прызнавацца — прызнацца (у 1 знач.).
2. Расказ, словы, у якіх хто‑н. прызнаецца ў чым‑н. Маёр Ладуцька слухаў прызнанні Філістовіча і не перапыняў яго нават тады, калі той паўтараў ужо вядомае. Паслядовіч. [Следчыя] чакалі ад Саўкі пачуць пра самае важнае для іх і такім прызнаннем не задаволіліся. Колас. Хлапец з дзяўчынаю сваёй Тут месца выбралі спатканняў І чула яблынька вясной Іх пацалункі і прызнанні. Танк.
3. Станоўчая ацэнка, адабрэнне. Атрымаць прызнанне ў чытача. □ [Гаворка:] Дзякую за такое высокае прызнанне майго таленту. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. развязваць — развязаць (у 1 знач.).
2. Канец, завяршэнне чаго‑н. Віця не чакаў, што некалькі слоў, пачутых ім з-за вугла, прывядуць да такой развязкі. Нядзведскі. Міхал замёр, не моргне вока: Развяжа скора, недалёка — Вось-вось пакажацца звяруга!.. Колас. // Спец. Вырашэнне канфлікту ў літаратурным мастацкім творы, становішча, якое склалася ў выніку паказаных у творы падзей. Перад намі .. камедыя, заснаваная на традыцыйнай любоўнай інтрызе, з традыцыйнай шчаслівай развязкай — шлюбам, вяселлем. «Полымя».
3. Збудаванне на аўтамабільных дарогах, якое дазваляе патокам транспарту бесперапынна рухацца ў розных напрамках.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздзе́л, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Дзеянне паводле дзеясл. раздзяляць — раздзяліць (у 1–3 знач.) і раздзяляцца — раздзяліцца (у 1–4 знач.).
2. ‑а. Частка кнігі, газеты, артыкула і пад., прысвечаная адной пэўнай тэме. Уступны раздзел. □ Мікола дачытаў раздзел да канца, паглядзеўшы для памяці на нумар старонкі, закрыў кнігу. Мележ. Граматыка Тарашкевіча складалася з пяці невялікіх раздзелаў. Ліс. // Асобная галіна ведаў, частка (навукі). Арыфметыка, геаметрыя — раздзелы матэматыкі. □ Кніжкі былі пастаўлены акуратна, кожная на кант і назвай на хату, як у бібліятэцы, у пэўным парадку, па раздзелах. Ермаловіч.
3. ‑а. Лінія, якая раздзяляе што‑н., з’яўляецца граніцай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раско́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. раскопваць — раскапаць (у 1 знач.).
2. звычайна мн. (раско́пкі, ‑пак). Работы па выяўленню чаго‑н. схаванага ў зямлі, звычайна прадметаў старажытнасці. Вакол касцёла, на схілах гары, вядуцца археалагічныя раскопкі фінікійскага Карфагена. В. Вольскі. На старажытных рускіх манетах, якія археолагі і сёння знаходзяць у час раскопак, можна ўбачыць самыя розныя адбіткі. Матрунёнак. // Месца, дзе праводзяцца падобныя работы. Самы пашыраны матэрыял, які захаваўся ў раскопках [г. Навагрудка], — кераміка, абломкі глінянага посуду. «Помнікі». Красуюць скрозь у нас такія кветы, якіх ні ў якіх бы раскопках не знайшоў. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́стань 1, ‑і, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставацца — расстацца; расставанне. Пры ростані не гаварылі, дзе сустрэнуцца, бо ведалі — заўтра абавязкова ўбачацца на гэтым жа самым месцы. Адамчык.
2. Час, праведзены далёка ад блізкіх. І ростань доўгая здаецца хвіляю. Каму сказаць мне слова, што табе бярог? Барадулін. Толькі ў прыгодніцкіх раманах праз дзесяць год ростані маці не пазнае роднага сына, брат — брата. Шамякін.
ро́стань 2, ‑і, ж.
Месца перакрыжавання дзвюх або некалькіх дарог. А ўнук яго з вінтоўкаю залёг За вадакачкаю, на ростані дарог. Панчанка.
•••
На ростанях — у стане вагання, няўпэўненасці пры выбары далейшага шляху.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́кід, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. накідаць (у 3 знач.).
2. ‑а. Малюнак, чарцёж і пад., які намячае толькі агульныя рысы таго, што павінна быць паказана. Накіды да партрэтаў. Накіды краявідаў. □ Пахомаў ліхаманкава рабіў накіды фігуры. Галоўнае — улавіць тое светлае, што так і лілося з вялікіх шэрых вачэй дзяўчыны. Даніленка. Графіка Ю. Нэпа нам не вядома; сёння ў мастацкіх музеях рэспублікі няма ніводнага яго малюнка ці нават накіда, графічнага эскіза. Шматаў. // Тое, што напісана папярэдне, у агульных рысах. Накід артыкула. □ [Лабановіч] зачыніў шафу, пайшоў у свой пакоік і сеў за стол, каб зрабіць накід плана прамовы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)