Глядзе́ць ’глядзець’. Рус. гляде́ть, укр. гляді́ти, чэш. hleděti, ст.-польск. ględzieć ’тс’. Звычайна параўноўваюць з такімі формамі, як с.-в.-ням. glinzen ’блішчаць’, лат. glenst, glendêt ’глядзець, шукаць’ і інш. Гл. Фасмер, 1, 418; Бернекер, 1, 303; Траўтман, 92–93; Праабражэнскі, 1, 129–130; БЕР, 4, 247–248; Махэк₂, 167. Падрабязны агляд праблематыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 123.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Грэ́баць, грэбці ’грэбці’. Рус. греба́ть, польск. grzebać, чэш. hřebati, серб.-харв. грѐбати, балг. гре́бам. Прасл. *grebati, *grěbati ’тс’, далей *grebti. Агляд у Трубачова, Эт. сл., 7, 108–109, 109–110. Прасл. *greb‑ да і.-е. *ghrebh‑ (літ. grė́bti ’грэбці’, лат. grebt ’капаць’, ст.-в.-ням. graban ’тс’ і г. д.). Гл. Фасмер, 1, 454; Бернекер, 1, 347–348; Траўтман, 95–96.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ёлка (Кіс., Шат., Касп., ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Яруш., БРС) ’ёлка, Picea excelsa Link’ (гл. таксама яліна) узводзіцца да *edlъka, edlь. Формы з ‑ъка‑суфіксацыяй маюць вельмі абмежаваны характар: галоўным чынам беларуска-руская тэрыторыя. Прасл. edlь, edla маюць рэфліксацыі ва ўсіх слав. мовах і дакладныя паралелі (для прасл. edla) у балт.: ст.-прус. addle, літ. ẽglė, лат. egle (Трубачоў, Эт. сл. 6, 14–15).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карна́ць ’укарочваць’ (Нас.). Укр. корнати, рус. корнать, чэш. krniti ’кастрыраваць’, серб.-харв. кр́њити ’абломліваць, рэзаць, шкодзіць’, славен. krniti ’абразаць, калечыць’; прасл. kъrniti/karnati. Магчыма, да прасл. *kъrpnǫti з наступным пераўтварэннем на дыялектнай глебе ў *kъrnǫti > *kъrniti, паколькі *kъrnǫti успрымалася як разавае дзеянне (для *kъrpnǫti > *kъrnǫti параўн. topnǫti > tonǫti ’тануць, тапіцца’). Калі дапусціць *kъrniti < *kъrnǫti < *kъrpnǫti, тады можна даць наступныя індаеўрапейскія паралелі да славянскіх слоў: літ. kir̃pti ’рэзаць’ (альтэрнацыя ir/ur у балтыйскіх мовах добра вядомая). Лат. cìrpt ’тс’, ст.-інд. kṛpāṇi ’нажніцы, кінжал’ ст.-грэч. κρώπιον ’серп’, ірл. corran ’тс’, cirrim ’рэжу’ (Фрэнкель, 257–258). Існуючыя этымалогіі (∼ літ. kur̃sti ’глухнуць’, лат. kurns ’глухі’ або ст.-інд. kírṇáḥ ’паранены’ і інш. гл. Фасмер, 2, 350) не задавальняюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ваўчо́к ’дзіцячая цацка’ (БРС). Рус. волчо́к ’тс’ (з XVI–XVII стст.?). Ад волк, воўк (цацка выдае гукі, нібы выццё); параўн. і чэш. назву гэтай цацкі vlk (Шанскі, 1, В, 153; гл. таксама Фасмер, 1, 346–347, які прыводзіць як паралель лат. vilks ’воўк’ у назвах розных інструментаў і ўказвае, што і ў ням. мове розныя інструменты носяць назву ’воўк’). Менш пераконвае Гараеў, 54 (гл. і Праабражэнскі, 1, 94): сувязь з дзеясловам волочиться. У бел. мове ваўчок, відавочна, запазычанне з рус.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пато́ля ’спагада, спачувальныя адносіны да слабейших’, ’патуранне, воля, свабода’, ’задаволенасць, заспакоенасць’ (ТСБМ, Шат.; стаўб., Сл. бел. фраз.; лях., шчуч., Сл. ПЗБ), ’палягчэнне’, ’міласць, ласка’ (Яруш.), ’непрыемнасць, скруха’ (Сцяшк.), патолі́й ’патуранне’ (Зянк.). Утворана пры дапамозе прыстаўкі па‑ ад прасл. toliti (укр. у‑толи́тися ’здаволіцца’, рус. у‑толи́ть ’тс’, ’напатоліць’, славен. tóliti ’уціхамірваць, суцішаць’, серб.-харв. у‑то̀лити ’сціхнуць’, балг. утолявам ’суцішаць’, ст.-слав. оу‑толити ’угаворваць, спакушаць, схіляць’, ’слухацца, падкарацца’), роднаснага да літ. tìlti ’змоўкнуць’, tìldyti ’прымусіць маўчаць’, tylė́ti ’маўчаць’, tylà ’маўчанне’, лат. tilinât ’патураць (дзіцяці)’, ст.-ірл. tuilim ’сплю’, ст.-в.-ням. stilli ’ціхі’ (Фасмер, 4, 71).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абмага́ць ’перамагаць’, абмагчы ’падужаць, змагчы’ (Сцяц.). На магчымасць калькі з літ. apgalė́ti ’тс’ (да galė́ti ’магчы’) звяртае ўвагу Непакупны Baltistica, VII (1), 1971, 15. Ён бачыць у літ. apgalė́ti і pérgalėti (абсалютныя сінонімы, адпаведныя бел. абмагаць і перамагаць) рэпрэзентантаў дзвюх моўных зон, прычым формы з ap‑ (аб‑) цягнуцца да заходняй (прускай), параўн. ст.-прус. epwarisnan (він. скл.) перамога’ і лат. varet ’магчы’ (там жа, 14).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́шкацца ’доўга займацца з чым-небудзь, марудна рабіць што-небудзь; корпацца’ (ТСБМ, Нас., КЭС, лаг., Касп., Шат., Сл. паўн.-зах., Бір., Бяльк.). У адпаведнасці са Сл. паўн.-зах., 458–459 запазычана з літ. teškéntis ’плёскацца, забаўляцца, пэцкацца ў лужыне’. Лаўчутэ (Балтизмы, 67) прытрымліваецца іншай версіі. Слова таксама разглядаецца як балтызм, але ў якасці крыніцы адзначаюцца лат. kęskât ’прагна есці, пэцкацца, марудзіцца’, kęska ’неахайнік’. Ненадзейна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стэп ‘бязлесная раўніна, пусташ’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС), сцеп (сьцеп, степ) ‘тс’ (ТС, Бяльк., Косіч). Параўн. укр. степ, рус. степь. Мяркуецца, што з’яўляецца метафарычным пераносам у геаграфічную тэрміналогію анатамічнага тэрміна прасл. *stьpь ‘хрыбет, спіна (у жывёл)’, параўн. рус. степь ‘хрыбет, спіна (у быка, каровы, каня, сабакі)’, гл. Мяркулава, Этимология–1968, 86–91), харв. stȃpi ‘свіныя лапаткі’, stȇpi ‘кавалак свінога мяса з лапаткамі’ (Борысь, Etymologie, 407–408), утворанага з дапамогай суф. ‑ь (< ‑ĭ‑) ад асновы, засведчанай у літ. stìpti ‘затрымлівацца, марудзіць; цапянець’, stiprùs ‘моцны, цвёрды’, лат. stipt ‘рабіцца цвёрдым’, лац. stipes ‘пень, калода’ (< і.-е. ste̯ip‑, stip‑). Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 755–756; ЕСУМ, 5, 409. Беларускае слова, відаць, з украінскай і/ці рускай моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дру́гі́ ’другі, іншы’ (БРС, Нас., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах. і г. д.). Рус. друго́й ’іншы’, ’другі’, укр. дру́гий і г. д. Падрабязны агляд форм ва ўсіх слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 131–132. Прасл. *drugъ, *drugъ(jь) лічыцца этымалагічна звязаным з друг ’сябар і да т. п.’ (прасл. *drugъ; агляд форм у Фасмера, 1, 543; Трубачова, там жа). Роднасныя формы: літ. draũgas ’прыяцель’, лат. dràugs ’тс’, ст.-ісл. draugr ’муж’ і г. д. Гл. Фасмер, там жа; Бернекер, 1, 230–231; Траўтман, 59; Трубачоў, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)