Сце́рва ’падла’, ’лаянкавае слова’ (Нас.), ’труп здохлай жывёлы’ (Ласт.), ’лаянкавае слова на жанчыну’ (Маш., Пятк. 2), стэ́рва (stérwa) ’тс’ (Федар. 4), сце́рва ’подлы чалавек’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сце́рво ’падла’ (ТС, ПСл). Укр. сте́рво, рус. сте́рва ’падла; лаянкавае слова’, ст.-рус. стьрва, стьрвьтруп’, польск. ścierw, ścierwo ’падла’, каш. sciř, в.-луж., н.-луж. śćerb ’тс’, серб.-харв. стр̑в ’тс’, балг. стръв ’падла; прынада, мяса на прынаду’, макед. стрв ’жарсць, корць, азвярэнне’. Прасл. *stŕ̥vь, *stŕ̥vi ’падла; труп жывёліны, які гніе’ < і.-е. (s)ter‑ ’нячыстая вадкасць, гной; гніць’ з суф. *‑vь < *u̯‑ī‑; гл. Борысь, 612–613; параўноўваецца з лат. *stḕrdêt ’сохнуць, гнісці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1063), нарв. дыял. stor ’гніенне, тленне’, лац. stercus ’гной, памёт’, ст.-пярс. strav‑ ’апаганьваць сябе’; гл. Фасмер, 3, 756–757 з іншай літ-рай. Паводле іншай версіі, слова роднаснае рус. сте́рбнуть ’рабіцца жорсткім, дранцвець’, с.-в.-ням. sterben ’паміраць’, грэч. στερεός ’нерухомы’; гл. Патабня, РФВ, 4, 212; Праабражэнскі, 2, 383. Гл. яшчэ SEK, 4, 254–255; Шустар-Шэўц, 1273; Глухак, 591; ЕСУМ, 5, 410. Спробы, грунтуючыся на серб.-харв. дыял. стр̑в ’смецце’, параўн. таксама стр́вим ’раскідаць, рассыпаць, разарваць на часткі’, звязаць з *terti, гл. церці (Пятлёва, Этимология–1994–1996, 57- 64), або, абапіраючыся на балтыйскія адпаведнікі, вярнуцца да сувязі з *sterti, гл. сцерці, ці рус. стербнуть (Тапароў, Зб. Варбат, 394–396), не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́пка ‘лодка, выдзеўбаная з калоды’ (беш., Нар. сл.), тру́бка, тру́бачка ‘выдзеўбаная з асіны лодка’ (мёрск., Жыв. НС). Прымаючы пад увагу архаічны спосаб вырабу лодкі і захаванне ў іншых славянскіх мовах значэння ‘судна, корпус судна’ ў словах, што ўзыходзяць да прасл. *trupъ, можна лічыць назву вынікам не фанетычнага запісу, а ўтварэння ад труп ‘калода, бервяно’, а іншую форму — вынікам народнаэтымалагічнага збліжэння з труба (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

апазна́ць, ‑знаю, ‑знаеш, ‑знае; зак., каго-што.

Пазнаць каго‑, што‑н. па якіх‑н. адзнаках, прыкметах. Пні доўгія, але высокія, і лёгка іх апазнаць, што яны з-пад сякеры. Пташнікаў. // Устанавіць тоеснасць асобы або рэчы пры судовым следстве. Кажуць, што.. труп [Вінцука] апазналі на Наваградскай шашы. Сабаленка. [Юзэф:] — Калі ж я апазнаў.. [Лявона Капу], ён папярэдзіў, што, калі я толькі заікнуся дзе, што за сляпы жыве ў Тураве, знойдзе мяне і на тым свеце. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сатле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Гніючы, разбурыцца; згнісці, струхлець, спарахнець. Труп сатлеў ужо напалову, час знішчыў рысы твару. Лынькоў. Дакументы настолькі сатлелі, што прачытаць іх было амаль немагчыма. «Беларусь».

2. Тлеючы, згарэць, ператварыцца ў попел. Старая [лазня] згарэла тры гады назад. Не тое каб агнём, а проста — так ужо напалілі, такі быў у ёй мятны ды густы дух з парай, што яна ціха сабе сатлела за ноч, не вытрывала. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́мія 1, ‑і, ж.

1. Труп, захаваны ад гніення бальзамаваннем.

2. перан. Пра худога, маларухомага або не здатнага да моцных пачуццяў чалавека. Пасярэдзіне, за сталом, крэсла-трон. Прысланіўшыся да яго непамерна высокай спінкі, сядзіць у чорным сурдуце мумія. Ніводзін мускул не жыве — усё застыла. Сяргейчык. [Ярохін:] — Чалавек павінен быць вясёлым, жыццярадасным, і няма ніякай патрэбы ператварацца яму ў нейкую бязмоўную мумію. Шамякін.

[Араб. mumija, ад перс. mum — воск.]

му́мія 2, ‑і, ж.

Мінеральная фарба розных колераў (ад светла-чырвонага да чырванавата-карычневага).

[Араб. mumija.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трупе́шлы ‘спарахнелы, струхлелы’ (Сцяшк. Сл.; навагр., З нар. сл.), трупе́шка, трупе́шына ‘гнілое спарахнелае дрэва’ (Юрч. СНЛ, Сцяшк. Сл.), трупе́шыцца ‘трупехнуць, гніць’ (Юрч. СНЛ). Укр. зах. тру́пішати ‘тс’, ‘нішчыцца’, якое, паводле ЕСУМ, 5, 657–658, запазычана з польскай мовы, параўн. ст.-польск. trupieszeć ‘моршчыцца, парахнець, не рассыпаючыся’, і выводзіцца з trupieć ‘гніць, трухлець (аб дрэве)’ < trupтруп’, параўн. strupieszały ‘трухлявы, спарахнелы; змярцвелы’. Пра магчымую ўсходнеславянскую крыніцу ўтварэння сведчыць укр. тру́пеші ‘від сліў’ (там жа, 5, 454).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́бачка ‘лодка, выдзеўбаная з тоўстай асіны’ (падзв., Нар. сл.; мёрск., Жыв. НС), ‘вузкая рыбацкая лодка’ (Касп.), тру́пка ‘лодка, выдзеўбаная з калоды’ (беш., Нар. сл.). Параўн. рус. астрах. труба́ ‘выдзеўбаная лодка-душагубка’. Да труба1, аднак матывацыя наймення не зусім зразумелая. Магчыма, першапачаткова ў аснове ляжалі *trupa, *trupъ, параўн. каш. trëpa ‘гнілое, трухлявае дрэва’, ст.-рус. трупъ ‘ствол дрэва’, чарнаг. труп ‘пень’ і пад., у далейшым набліжаныя да труба ‘цыліндрычны пустацелы прадмет’, гл. SEK, 5, 166, 176.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трупі́знік ‘малы лясок, маладняк’ (Ян.). Няясна; відаць, звязана з укр. трипиза́ ‘непраходнае месца, бездарожжа’ няяснага паходжання (ЕСУМ, 5, 640); сюды ж, магчыма, трэбэза́ ‘густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.), trapeza, trepeza ‘ламачча, хвораст’, ‘багна’ (гл. трапеза1). Апошнія Лапіч (БЛ, 11, 64) звязвае з літ. trapus ‘крохкі, слабы’, што праз літ. traupùs ‘рэдкі, няшчыльны’, trupėti ‘крышыць, драбіць’ дае магчымасць узвесці да прасл. *trupiti, утворанага ад *trupъ (гл. труп). Аднак фанетычныя і семантычныя адрозненні не дазваляюць аб’яднаць названыя словы этымалагічна. Гл. таксама трапяза.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́дла, ‑ы, ж.

1. Труп жывёліны; мярцвячына. Калі звер галодны дарвецца да падлы — да яго падыходзяць бліжэй: не чуе, заняўшыся. Пташнікаў. Гэтыя агідныя звяры [гіены] кормяцца больш усялякай падлаю і рэдка нападаюць на людзей. Маўр.

2. Разм. зневаж. Аб кім‑, чым‑н. вельмі дрэнным. [Антон:] — Яшчэ гэтага толькі нам не хапала, каб псаваць сваё здароўе праз кожную падлу. Машара. Ды перабраў тут дзядзька меру: На слуп узбіўся, на халеру, Ды так аб падлу штурхануўся, Што свет яму перавярнуўся. Колас. // Лаянка, грубы зварот. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ. — Уставай, падла ты, тры гадзіны! Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трупа́ціць экспр. ‘есці’ (Юрч. Вытв.): Трупаціла яна крупеню, / Яечню, руднік, жур, смажэню («Энеіда навыварат», Бел. літ. XIX ст.). Рус. смал. трупа́чить ‘разліваць ежу’ (1853 г., СРНГ). Хутчэй за ўсё, экспрэсіўнае ўтварэнне ад трупаць (гл.), аднак параўн. балг. тру́пам ‘накладаць, нагрувашчваць’, макед. трупи ‘навальваць, набіваць’, серб. тр̀пати ‘набіваць, напіхваць’, харв. tr̀pati ‘тс’, славен. trpati ‘тс’ (з харв., серб., (гл. Сной₂, 788) і асабліва серб. тр̀пија ‘абжорства’. Паводле Скока (3, 508), балгарска-македонскія формы звязаны чаргаваннем з харвацка-сербскімі і выводзяцца з *trupъ (гл. труп). Сной₂ (788) узводзіць да прасл. *tьrpati, роднаснага ст.-інд. tr̥̀pyati ‘насыціцца, задаволіцца’, нова-перс. tulf ‘перанасычанасць’ і пад. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)