умурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Умацаваць што‑н. цаглянай кладкай і растворам цэменту, гліны і пад. Душу ўкладваў.. [Апанас] у сваю работу, шчыра, душэўна вучыў і Марыю, як роўна вывесці сцяну, як навечна ўмураваць цагліну. Васілевіч. / у перан. ужыв. Як толькі .. [мароз] надзейна ўмуруе пруток, да яго прывязваецца свабодны канец лескі. Матрунёнак. / у безас. ужыв. За ноч рэчку ўмуравала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зялёны, -ая, -ае.
1. Колеру травы, лісця.
Зялёная тканіна.
Зялёная фарба.
2. Пра колер твару: бледны, з зямлістым адценнем (разм.).
З. твар.
3. Які мае адносіны да расліннасці, які складаецца, зроблены з зелені (у 2 і 3 знач.).
Зялёныя насаджэнні.
З. корм.
4. Недаспелы, няспелы.
Зялёныя яблыкі.
Журавіны яшчэ зялёныя.
5. перан. Нявопытны з прычыны маладосці.
З. падлетак.
Молада-зелена (пра нясталую, нявопытную моладзь).
◊
Зялёная вуліца — ужыв. як сведчанне таго, што шлях для транспарту свабодны, святлафоры адкрыты; таксама перан.: пра бесперашкоднае праходжанне чаго-н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
сла́бы, -ая, -ае.
1. Які мае малую сілу, магутнасць.
С. чалавек.
С. рухавік.
2. Нездаровы, хваравіты.
Слабая бабуля.
Слабыя нервы.
3. Які не вызначаецца моцным характарам; нястойкі.
Слабая натура.
Слабая воля.
4. Нязначны, малы.
Слабая падтрымка.
С. ўдзел.
5. Дрэнны, няўмела падрыхтаваны, выкананы недастаткова ўмела і пад.
С. вучань.
С. раман.
Сын с. ў матэматыцы.
6. Ненасычаны, нямоцны.
С. раствор солі.
Слабая гарэлка.
7. Нямоцна нацягнуты, свабодны.
Лейцы слаба (прысл.) нацягнуты.
◊
Слабае месца або слабы бок каго-чаго (разм.) — недахоп чый-н. або чаго-н.
|| наз. сла́басць, -і, ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Пра́знік ’свята’ (Нас.), пра́знікам ’на свята’ (брасл., Сл. ПЗБ), пра́знікаць ’святкаваць’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. празникъ ’свята’ (1489 г.), празноватъ ’святкаваць’. З ц.-слав. праздникъ, утворанага на базе праздьнъ < прасл. *porzdьnъ, параўн. ст.-бел. празный ’свабодны, пусты, парожні’, сучаснае гл. парожні. Выпадзенне д у групе ‑здн‑ (< здьн‑) адбылося на ўласнабеларускай глебе (Карскі, 1, 352). Балгарскую словаўтваральную паралель дэманструе празникувам ’святкаваць’. Падрабязна аб семантыцы гл. яшчэ Тапароў, Этимология–1986–1987, 47 і наст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
прасто́рны, ‑ая, ‑ае.
Свабодны, не цесны. Спякотны чэрвеньскі дзень выгнаў сан-францыскіх жыхароў на акіянскі пляж. Шырокі, прасторны, ён працягнуўся на некалькі кіламетраў. Лынькоў. Дом быў прасторны, у тры высокія акны на вуліцу, з летнім жылым памяшканнем на гары. Лупсякоў. // Які няшчыльна прылягае, не вузкі (пра адзенне). — Во ўспомніў, — гаворыць .. [Грыбаль], канфузліва ўсміхаючыся і расшпільваючы свой прасторны, без пояса, шынель. Скрыган. На галаве прасторная бацькава шапка. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
семафо́р, ‑а, м.
1. Сігнальнае прыстасаванне на чыгунцы, якое паведамляе, што пуць свабодны або заняты. Семафор адкрыты. □ І чым халадней, тым гучней гудуць паравозы, углядаючыся сваімі пукатымі бліскучымі вачыма ў далёкія агеньчыкі семафораў. Лынькоў. Папераджальна равучы перад узнятымі семафорамі, экспрэс уварваўся ў прыгарады Мінска. Паслядовіч.
2. У марской справе — спосаб сігналізацыі пры дапамозе флажкоў, змянення становішча рук сігнальшчыка. Перадаць семафорам. // Розныя прыстасаванне якія ўстанаўліваюцца на беразе для сігналізацыі суднам. Берагавы семафор. Мачтавы семафор.
[Ад грэч. sēma — знак і phorós — які нясе.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бесклапо́тны, ‑ая, ‑ае.
Які не праяўляе клопату, турботы пра свае справы, паводзіны і пад. Ледзь не з першага дня Зіну акружыла самая гарачая хлапечая ўвага. Гэта часам рабіла яе бесклапотнай, легкадумнай. Шыцік. Толькі сляпы не ўбачыць, што .. [Дзіна] бесклапотная аж залішне. Навуменка. [Дамброўскі:] — Пан капітан залішне бесклапотны: У вас пад бокам тоіцца атрад... А вы спакойна седзіце ў палацах. Глебка. // Поўнасцю свабодны ад турбот. Бесклапотнае жыццё. □ Эх вы, бесклапотныя дні дзяцінства, што адляцелі сном так рана. Мележ. // Які выражае бесклапотнасць, бестурботнасць. Бесклапотны смех. Бесклапотная гамонка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
незале́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не залежыць ад каго‑, чаго‑н.; самастойны, свабодны. Пры ажыццяўленні правасуддзя па грамадзянскіх справах суддзі і народныя засядацелі незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР. // Які выражае самастойнасць. [Віктар] з незалежным выглядам узяў з Леніных рук кнігу і пайшоў за столік. Ваданосаў. Малады чалавек ішоў павольна, незалежнай хадой гаспадара, высока несучы.. галаву. «Звязда».
2. Самастойны ў міжнародных адносінах; суверэнны. Адсталыя ў мінулым народы вызваляюцца з-пад каланіяльнай залежнасці, на месцы былых калоній і паўкалоній утвараюцца новыя незалежныя дзяржавы. Філімонаў.
•••
Незалежны стан гл. стан 5.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шыро́кі, -ая, -ае.
1. Вялікі ў папярочніку.
Шырокая вуліца.
Шырока (прысл.) раскрыць вочы (таксама перан.: здзівіцца).
2. Пра адзенне: прасторны.
Куртка шырокая ў плячах.
3. Які займае сабой вялікую прастору, мае вялікую працягласць.
Шырокія стэпы.
Наступаць шырокім фронтам.
4. Размашысты, свабодны.
Ш. крок.
Ш. жэст (перан.: пра высакародны ўчынак са знешняга боку).
5. перан. Вялікі па колькасці, ступені, ахопу, размаху і пад., масавы.
Шырокая сетка школ.
Шырокія паўнамоцтвы.
Тавары шырокага ўжытку.
6. перан. Вялікі, неабмежаваны, разнастайны на выбар.
Шырокая начытанасць.
Шырокая праграма навуковых даследаванняў.
У шырокім сэнсе слова (у самым агульным разуменні).
7. перан. Не абмежаваны ў праяўленні, выяўленні чаго-н., з размахам.
◊
Жыць на шырокую нагу — багата, раскошна.
Шырокая натура — пра шчодрага, адкрытага, таварыскага чалавека.
|| наз. шырыня́, -і, ж. (да 3—7 знач.) і шыро́касць, -і, ж. (да 7 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Про́шча 1 ’месца (крыніца, камень) у лесе, сярод балота, надзеленае надзвычайнай сілай; святое месца’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Доўн.-Зап.), ’капліца’: абракацца хадзілі людзі ў прошчу (светлаг., SOr, 39, 356); ’багамолле’ (Нас.). Укр. про́ща ’паломніцтва; адпушчэнне грахоў; надмагільная прамова’, рус. про́ща ’адпушчэнне грахоў, цудоўнае выздараўленне’, ст.-рус. проща ’тс’. Паводле Фасмера (3, 387), узыходзіць да *prostja ад prostъ (гл. просты), першапачаткова ў значэнні ’вольны’, параўн. ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’, у тым ліку ’вольны ад хваробы, грахоў’, чэш. prostiti ’вызваліць’, ст.-рус. простити ’зрабіць здаровым’, укр. прости́ти ’дараваць’, што паўплывала на першасную семантыку слова (гл. ЕСУМ, 4, 606).
Про́шча 2 ’неахайніца’ (Касп.). Этымалагічна ўзыходзіць да просты (гл.), г. зн. ’непрыбраная, недагледжаная жанчына’; да семантыкі параўн. проставалосая ’з непрычасанымі валасамі на галаве’, да фанетыкі ст.-бел. прощъ ’проста, прама’. Параўн. яшчэ прасцяк, прастуха і да т. п.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)