Слуга́ ‘чалавек для асабістых паслуг, прыслужнік’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Сцяшк., Жд. 1, 2, Нар. сл.), слу́га ‘пашана, якую выказваюць дзеці ручкай старэйшым’ (Нас.), сюды ж слугава́ць ‘прыслужваць’ (ТСБМ). Укр., рус. слуга́, стараж.-рус. слуга, польск. sługa, чэш., славац. sluha, серб.-харв. слу́га, славен. slúga, балг. слуга́, макед. слуга, ст.-слав. слоуга. Прасл. *sluga. Роднасныя ў балтыйскіх і кельцкіх мовах: літ. slaugýti, slaugaũпадтрымліваць, дапамагаць’, slaugà ‘паслуга; слуга’, ірл. slúag ‘атрад’, teglach (< *tegoslougo‑) ‘дамачадцы’ і інш.; гл. Траўтман, 269; Буга, РФВ, 66, 248 і наст.; Махэк₂, 557; Фасмер, 3, 676 з аглядам літ-ры. З прычыны ізаляванасці слова ў славянскіх мовах і няяснасці словаўтварэння (практычнай адсутнасці суф. ‑г(а)) шэраг этымолагаў (Шахматаў, AfslPh, 33, 92; Файст, WuS, 6, 45, Мікала, РФВ, 48, 273) лічаць слова запазычаннем з кельцкай. Катэгарычна супраць Фасмер (там жа), Лер–Сплавінскі (RS, 18, 6). Слаўскі (SP, 1, 60) следам за Вондракам (Vergl. gr., 1, 400) бачыць тут стары і.-е. суфікс ‑a, які ўтвараў nomina agentis. Што датычыцца кораня слова, то на славянскай глебе яго звязвалі з *slū‑ (гл. слынуць), гл. Міклашыч (308), але наяўнасць групы sl‑ у літоўскай і кельцкай паралелях сведчыць аб немагчымасці гэтай роднасці, гл. Фасмер, там жа. Борысь (560) рэканструюе семантыку і.-е. дыял. (балтаславянскае і кельцкае) *slau̯gā ‘дружына (воінаў)’ > ‘дапамога, паслуга’ > ‘той, хто дапамагае, робіць паслугі’. Бязлай (3, 266–267) узводзіць да і.-е. *slou̯gā ‘дапамога, служба’. Ад слуга ўтвораны дзеяслоў служы́ць ‘працаваць па найме ў сферы разумовай або фізічнай працы, звязанай не з вытворчасцю, а з абслугоўваннем каго-небудзь, чаго-небудзь’, ‘выконваць воінскія абавязкі’, ‘выконваць абавязкі слугі, прыслугі’, ‘выконваць якія-небудзь абавязкі ў адносінах да каго-небудзь; выконваць чыю-небудзь волю’; прасл. *služiti; гл. Борысь, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

быва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Прыходзіць да каго‑н., наведваць каго‑н., падтрымліваць сяброўскія адносіны з кім‑н. Любецкі кожны дзень бываў у генералавым доме. Карпюк. Праўда, у апошні час Пеця перастаў бываць у Валіка. Жычка. Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар. Чорны.

2. Знаходзіцца, прысутнічаць дзе‑н. З самага вечара Несцяровіч мала калі бываў дома. Чорны. Пятру не раз даводзілася бываць у горадзе, і вуліцы ён ведаў, і раёны знаў. Пальчэўскі. На тайных сходах часта.. [Янка] бываў. Бядуля.

3. Здарацца, трапляцца. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка. // Мець месца, здарацца. На такіх аблавах [на ваўкоў] бывалі і чалавечыя ахвяры. Бядуля. Бывалі выпадкі, што прыходзілася падаваць гэтым самалётам адмоўныя сігналы, бо ніяк нельга было прыняць груз. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. са злучн. «што» і без яго. Бывае так: і ў добрым севе Трапляе дзікая трава. Колас.

4. Звязка ў састаўным выказніку. Робячы нешта сур’ёзнае, падчас бывае прыемна і памарыць. Брыль. Дрэнна бывае матылю, калі трапляе ён на агонь. Лынькоў.

5. Форма развітання (звычайна ў 2 ас. адз. і мн. з азначальным словам і без яго). — Бывай жа, лецейка, бывай! Бывайце, родныя валокі! Колас.

•••

Бывай (бывайце) здаровы — тое, што і будзь здароў (гл. быць).

Бываць на людзях — быць сярод людзей, з людзьмі.

Не бываць таму — не адбыцца, не здарыцца, не быць чаму‑н.

Чаго не бывае — усё можа быць, рознае бывае.

Як ні ў чым не бывала — як быццам нічога яе здарылася, як ні ў чым не вінаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. толькі мн. Бязладна пераплятацца (пра ніткі, валасы, дарогі і пад.). У лагчынах, далёка, туліліся да зямлі палявыя хаты, — далі там былі дымна-сінімі, і вузкімі стужкамі блыталіся дарогі. Чорны.

2. Чапляцца за што‑н., заблытвацца. Ногі спатыкаліся на барознах, блыталіся ў густым бульбяніку і непрыемна нылі пад каленьмі. Брыль. [Провад] блытаўся ў парастках маладых раслін. Новікаў. З шашы на наш гарод за хату мякка каціўся белымі клубкамі пыл, блытаўся ў густым частаколе. Адамчык.

3. Збівацца; рабіць, гаварыць няправільна, няясна, недакладна. Брыгадзіры дакладвалі па чарзе і, непадрыхтаваныя, блыталіся, увачавідкі выдумваючы лічбы і стараючыся давесці, што нічога страшнага няма. Хадкевіч. [Стэфа:] — Другое пытанне было па тэхніцы бяспекі. Я не блыталася, адказвала хутка і дакладна. Савіцкі. Васька блытаўся, чырванеў і ніяк не мог выказаць таго, што хацеў. Пянкрат.

4. Траціць яснасць, дакладнасць, рабіцца бязладным (пра думкі, словы і пад.). З явай блытаўся сон. Куляшоў. Усё пачало блытацца ў.. свядомасці [Барыса]. Мікуліч. Раман ішоў дамоў, і супярэчлівыя думкі блыталіся ў яго галаве. Чарнышэвіч.

5. Разм. Пераходзіць з месца на месца, сланяцца; блукаць. Каго мог цікавіць мурзаты падлетак, які блытаўся з вёскі ў вёску, свецячы парванымі каленямі. Дуброўскі. Мікіта доўга блытаўся па затонскіх хатах, покі не знайшоў старшыню праўлення Лукаша Гулака. Колас. Ды яшчэ ці мала людзей блыталася па нізкіх кустах, па мокрых алешнікавых паплавах, у гушчарніках лазовых за рэчкамі. Чорны.

6. Разм. Падтрымліваць сувязь з людзьмі, паводзіны якіх выклікаюць неадабрэнне. Блытацца з падазронай кампаніяй.

7. Разм. Невыразна, блытана вымаўляць, гаварыць (пра язык). Хутка язык пачынаў блытацца, і поп плёў абы-што. Галавач.

8. Зал. да блытаць.

•••

Блытацца пад нагамі — замінаць, перашкаджаць каму‑н.

Ногі блытаюцца гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трыма́ць ‘узяўшы ў рукі (рот, зубы), не даваць выпасці’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шат., Шымк. Собр., Касп., Мядзв., Мал., Яруш., ТС), трыма́ці, трыма́ті, трыма́ты ‘тс’ (Бес., Булг., ЛА, 3), трума́ць ‘тс’ (гродз., Нар. лекс.); перан. трыма́ць ‘утрымліваць, захоўваць за сабою, быць уладальнікам’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт.; ашм., Сл. ПЗБ), ‘мець у сваёй уладзе, у духоўным падпарадкаванні’, ‘прымушаць знаходзіцца каго-небудзь дзе-небудзь супраць яго волі, не выпускаць’ (ТСБМ) (там жа), ‘выхоўваць, трымаць у рамках’ (маст., Сл. ПЗБ), ‘трымаць скаціну’ (Бяльк.), ‘гадаваць, разводзіць’ (Сл. ПЗБ), ‘служыць апорай, падтрымліваць, быць на чыімсьці баку’ (ТСБМ, Шат.), ‘стаяць, працягвацца (пра мароз)’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘захоўваць; трымаць (у хляве)’ (там жа, Бяльк., Вушац. сл.), ‘адпаведным чынам паводзіць сябе’ (ТСБМ), ‘ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць (экзамен, адказ, ініцыятыву)’ (там жа), ‘трываць’ (ТС); ст.-бел. тримати, тримать, трымати ‘трымаць, не выпускаць, захоўваць, выкарыстоўваць; утрымліваць; мець думку, погляд, стаўленне’ (1492 г., ГСБМ). Параўн. польск. trzymać ‘трымаць’, чэш. мар. třímati ‘тс’, чэш. літарат. třímat ‘сціскаць, моцна трымаць’, усх.-славац. trimae se ‘трымацца ў добрым здароўі’, ‘быць добра выхаваным’, якія, паводле Борыся (652), узыходзяць да прасл. дыял. *trimati ‘ўтрымліваць, затрымліваць, захоўваць у пэўнай пазіцыі’, што разглядаецца як каўзатыў ад прасл. (s)trьmĕti ‘тырчаць, выступаць, быць нерухомым’, што да прасл. *strьmъ ‘які тырчыць, выступае, стромкі’. Побач са славен. tŕma ‘ўпартасць’, tŕmati, tŕmiti ‘ўпарціцца’, малапольск. trzmić ‘вытыркацца’, ст.-чэш. třmĕti ‘паднімаць угору’, такі шлях развіцця падмацоўваецца знешнімі параўнаннямі з нідэрл. stram, н.-ням. stramm ‘тугі’, ‘бадзёры, бойкі, моцны’, ст.-грэч. στερέμνιος ‘цвёрды, тугі, моцны’ < і.-е. *(s)terh₁‑ ‘быць цвёрдым, моцным, тугім’ (Бязлай, Eseji, 150; Сной₂, 705; Махэк₂, 653; Борысь, 652; ЕСУМ, 5). Мартынаў (Прарадзіма, 24) генетычна суадносіць *trimati з балг. трем ‘ганак’, макед. трем ‘сені, крыты ганак’, серб. тре̑м ‘сені’, славен. trȇm ‘павець, страха’ і разглядае ст.-англ. trymman ‘трымаць, умацоўваць’ у якасці славянскай інфільтрацыі ў германскія мовы, што сведчыць пра яго інавацыйны характар, які праявіўся і ў экспансіі на ўсходнеславянскія тэрыторыі — беларускую і ўкраінскую (Золтан, Athila, 546; Гарбуль, 184), дзе ўспрымалася як запазычанне, у якім rz (ř) замяняецца на р, але гэта не дае падстаў думаць, што запазычанне адбылося яшчэ да замены > ř > rz у польскай мове (Векслер, Гіст., 65). Сюды ж вытворныя трыма́ньне ‘паводзіны’ (Байк. і Некр.), трыма́ны ‘які ўжо быў ва ўжытку’ (Нас.), а таксама трыма́лы ‘ўстрыманы, сціплы’ (Нас.), трыма́ласць ‘вытрыманасць’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ва́дзіць, ‑дзіць; безас. незак. (часцей з адмоўем).

Разм. Шкодзіць, перашкаджаць. [Паўлюк Трус] трохі своеасабліва вымаўляў «р», але гэта не толькі не вадзіла, а рабіла чытанне яшчэ прыемнейшым. Лужанін.

•••

Не вадзіць — так і трэба; не шкодзіць.

вадзі́ць, ваджу́, во́дзіш, во́дзіць; незак.

1. каго. Накіроўваць хаду каго‑н., памагаць ісці. Вадзіць дзіця за руку. Вадзіць хворага. □ Мы вадзілі коней у лес, у такое месца, куды не вельмі хто трапляў. Кулакоўскі. // Хадзіць з кім‑н., паказваючы яму што‑н. [Дзядок:] — Учора зяць з дачкой вадзілі мяне ў тэатр. Корбан. // каго-што. Хадзіць на чале каго‑, чаго‑н., кіраваць; узначальваць. Вадзіць полк у атаку. // Разм. Прыводзіць з сабою каго‑н. Вадзіць сяброў да сябе ў хату. // Даглядаць, ахоўваць (пра птушак, звяроў). Вадзіць куранят. // Прымушаць хадзіць з сабою. Тады цыганы ў горадзе Смаргоні абучалі мядзведзяў розным фокусам, пасля чаго вадзілі іх па гарадах. Бядуля.

2. што. Кіраваць рухам самаходнай машыны. Вадзіць камбайн. Вадзіць цягнікі.

3. чым па чым. Рухаць чым‑н. па паверхні чаго‑н. Вадзіць алоўкам па карце. □ Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Сеецца, дрыжыць мрок. Здаецца, чуваць, як нехта ўгары водзіць далонню па шурпатым палатне. Пташнікаў. // чым. Рухаць, перамяшчаючы з аднаго боку ў другі. Лаўніцкі, гартаючы кнігу, хутка вадзіў вачыма па старонках, час ад часу спыняўся і нешта запісваў у блакнот. Шахавец. Не хапаючыся, не высільваючыся, ашчадна трацячы сілы, мерным, спрактыкаваным рухам вадзіў.. [Васіль] касою. Мележ.

4. што, з кім. Падтрымліваць (знаёмства, дружбу і пад.). Вадзіць блізкае знаёмства. □ Да яго [земляка] зайшоў на службу, У ягоны кабінет: Як-ніяк — вадзілі дружбу Многа зім і многа лет. Бялевіч.

5. пераважна безас. каго-што. Хістаць у бакі, заносіць пры хадзьбе, яздзе. Машыну пачало вадзіць на мокрай дарозе. □ Ішоў.. [малады чалавек] так павольна і так яго вадзіла ў бакі, што льга было думаць, што ён некалькі тыдняў нічога ў рот не браў. Чорны.

6. Кіраваць гульнямі, танцамі. Вечарынкі-карагоды Пад баян вадзіла ты. А. Александровіч.

•••

Вадзіць дзяды — драмаць, седзячы спаць.

Вадзіць за нос — абяцаць і не выконваць, уводзіць у зман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі (зубы, рот і пад.), не даваць выпасці. Трымаць лыжку. Каршун трымаў у дзюбе кураня. □ Настаўніца трымала ў руцэ бліскучы цыркуль. Даніленка. Ён кол маланкаю хапае: — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. Колас. // Браць, атрымліваць што‑н. — Быў Хвядос у нас у атрадзе, дык ён яму [бандыту] вінтоўку ў зубы, трымай, кажа. Галавач. // Мець сілы, магчы рабіць што‑н. [Сымон:] — Дні ўжо мае мін[у]лі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць. Танк. А ўсе, хто мог трымаць у руках рыдлёўку, ад цямна да цямна працавалі на балоце. Паслядовіч. // Умець карыстацца якім‑н. інструментам, прыладай і пад. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. // Схапіўшы за што‑н., не адпускаць ад сябе або перашкаджаць руху. Воддаль слуга трымаў за павады пару асядланых коней. Крапіва. // Абняўшы рукамі, утрымліваць каго‑, што‑н. Трымаць дзіця на руках. □ Бо гэта вельмі цяжка — трымаць у абдымках маці, гаварыць ёй пяшчотныя словы, што бярог доўгія гады, і бачыць, што яна іх не чуе. Мехаў.

2. перан. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сябе. За добрую работу калектыў .. трымае пераходны Чырвоны сцяг. «Маладосць». Так, нялёгка трымаць званне першага футбаліста ў вёсцы! Гамолка. // Захоўваць некаторы час. Іх [сосен] цёмна-зялёны кажух яшчэ трымае ўчарашняе нагрэтае сонцам паветра. Федасеенка. Пра Хмару нават гутаркі няма, яе слядоў я [Вецер] не пакіну ў небе. А Сонца жар не здолее трымаць, я прахалоду дам людзям і глебе. Дубоўка. // Утрымліваць, абараняць што‑н. ад непрыяцеля. Кустамі, пералескамі прабіралася Настачка да лініі абароны, якую мужна трымалі партызаны. Кавалёў. // Утрымліваць у асадным становішчы. Трымаць ворага ў асадзе. // Стрымліваць, спыняць каго‑, што‑н. Дамба трымае ваду. □ Няспынна, цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.

3. Прымушаць знаходзіцца, пакідаць дзе‑н. супраць волі, не выпускаць. Трымаць пад арыштам. Трымаць у палоне. Трымаць у турме. □ [Салдат:] — Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны. Васілевіч.

4. Мець у сябе, у сваёй уладзе; кіраваць кім‑, чым. Трымаць у руках дзяржаўную ўладу. □ Трымаюць людзі катоў не так за іх работу, як з ласкі: жывому ж недзе жыць трэба. Калюга. [Паасобныя галасы:] — Тут трэба так, як па статуту належыць, а ты сабе хоць і карову трымай. Скрыган. // Мець у сябе ў якасці работніка. [Бабрук:] — Парабкаў, кажа, ды наймічак трымаў. Час быў такі, не я адзін трымаў. Брыль.

5. перан. Мець у духоўным падпарадкаванні. [Сцёпка:] — Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. // Мець пад наглядам, пад прыцэлам. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. // Разм. Абыходзіцца з кім‑н., адносіцца да каго‑н. нейкім чынам. [Гаспадыня:] — [Трахім] мне што казаў? Тое ж самае: трымай Гараньку ў строгасці. Савіцкі. // Мець пастаянна пры сабе (у якасці паклонніка, сімпатыі і пад.). [Анна Паўлаўна:] Нашто табе наогул трымаць яе [Зёлкіну] каля сябе? [Гарлахвацкі:] Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе. Крапіва.

6. Надаўшы чаму‑н. якое‑н. становішча, захоўваць яго на некаторы час. Трымаць дзверы адчыненымі. // Падтрымліваць, захоўваць у якім‑н. становішчы, парадку. Трымаць кватэру ў чысціні. □ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. // Падтрымліваць, прытрымлівацца, выконваць. Трымай нагу ў паходны такт. Гарніст, іграй, звіні! Броўка.

7. Быць, служыць апорай чаму‑н.; падтрымліваць. Страху трымаюць кроквы і латы. □ Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі. Навуменка.

8. Аддаваць куды‑н. на які‑н. час; захоўваць дзе‑н. Трымаць грошы ў ашчаднай касе. Трымаць сшыткі ў шафе. // Мець пры сабе. [Скіба:] Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю. Крапіва. Недарэмна ён [камуніст] дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Пакідаць што‑н. у сябе, не аддаваць. Тварыцкі трымаў у сябе ўкрадзеныя ў банку дзяржаўныя грошы. Чорны.

9. Забяспечваць сродкамі на жыццё. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю, а думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго... Чарнышэвіч. Праца чалавека трымае і ўзбагачае, а гультайства псуе. Прыказка. // Мець у рэзерве што‑н. Трымаць канцэнтраваны фураж на пасяўную. // Мець на продаж або для іншага выкарыстання. Трымаць качак і курэй. // Уст. Мець якое‑н. прадпрыемства. [Юрый:] — Мой бацька паравы млын трымаў, быў першым чалавекам на ўсё сяло. Навуменка. [Савулеску:] — Я і Андрыяна пераехалі ў Канстанцу. Там Андрыяніна цётка карчму трымала. Хомчанка.

10. Разм. Здаваць каму‑н. за плату памяшканне. [Старая:] — А .. [падчарыца з мужам] сабе, як панкі, — усё па курортах ездзяць. Дзіва: гэтулькі кватарантаў трымаюць, а ён, яшчэ ў нейкай канторы за начальніка. Вышынскі.

11. Разм. Рухацца ў якім‑н. напрамку. На Варшаву шлях трымалі. Бядуля. Пазняку спадабаўся такі рэцэпт, і ён амаль кожны дзень, скончыўшы службовыя справы, садзіўся на веласіпед і трымаў кірунак за горад, у лес. Дуброўскі. — Трымай, Бажэнка, правым бокам, На ворага ў абход! Броўка.

12. Мець кантакты з кім‑, чым‑н. Загадчыца бібліятэкі Аляксандра Панцюхова трымае цесную сувязь з мясцовай школай. «ЛіМ».

13. перан. Наводзіць сябе адпаведным чынам. Умець трымаць сябе сярод людзей.

14. перан. Не выпускаць з памяці, з думак; не забываць пра каго‑, што‑н. Трымаць у памяці наказ сяброў.

15. Утрымліваць, трымацца (пра мароз і пад.). Лёд трашчыць, але трымае. □ Раніцамі трымаў марозік, днём свяціла сонца. Чарнышэвіч.

16. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць тое, аб чым гаворыць назоўнік. Трымаць экзамен. Трымаць ініцыятыву. Трымаць адказ.

•••

Ногі не трымаюць гл. нага.

Так трымаць! — а) каманда рулявому трымаць курс; б) працягваць работу, як і пачалі.

Трымаць банк — паставіўшы грошы на кон, весці гульню супраць партнёраў.

Трымаць вуха востра — не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным.

Трымаць вуха трубкай — пільна прыслухоўвацца да чаго‑н., сачыць за чым‑н., каб не наклікаць бяды на сябе.

Трымаць высока сцяг — з годнасцю прадаўжаць і развіваць што‑н.

Трымаць галаву высока — паводзіць сябе горда, з пачуццём уласнай годнасці.

Трымаць за язык — не дазваляць гаварыць каму‑н.

Трымаць камень за пазухай — тое, што і насіць камень за пазухай (гл. насіць).

Трымаць курс (кірунак) — рухацца ў пэўным напрамку.

Трымаць лейцы ў руках — мець у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.

Трымаць (вытрымліваць) маркупадтрымліваць сваю рэпутацыю, годнасць.

Трымаць на аброці — трымаць у пэўных рамках, у паслушэнстве. [Лукавіцын] умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго .. панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура. Крапіва.

Трымаць на адлегласці — пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім‑н.

Трымаць на ланцугу; трымаць на прывязі каго — не даваць каму‑н. свабоды ў дзеяннях, учынках і пад.

Трымаць на мушцы — пазіраць, сачыць за кім‑, чым‑н.

Трымаць нос па ветры — прыстасоўвацца да абставін, беспрынцыпова мяняць свае паводзіны, свае погляды.

Трымаць пад замком каго-што — а) не выпускаць з памяшкання (арыштаванага, злачынца і пад.); б) не даваць карыстацца чым‑н.

Трымаць пад сваім крылом каго-што — апекаваць каго‑, што‑н., заступацца за каго‑, што‑н.

Трымаць пад сукном — не даваць ходу чаму‑н.; неаператыўна вырашаць якую‑н. справу.

Трымаць порах сухім — быць заўсёды гатовым да абароны.

Трымаць пры сабе (думкі, погляды) — не выказваць уголас, публічна.

Трымаць рукі па швах — слухаць і не пярэчыць.

Трымаць руку каго, чыю — заступацца за каго‑н., быць на чыім‑н. баку, адстойваць думку каго‑н. Па судзе я буду трымаць тваю руку. Скрыган.

Трымаць слова — выконваць абяцанне.

Трымаць сябе ў руках — стрымліваць свае пачуцці, падпарадкоўваць іх сваёй волі, валодаць сабой, захоўваць вытрымку.

Трымаць у галаве (у думках, у памяці, наўме) — пастаянна думаць, помніць пра каго‑, што‑н.

Трымаць у кулаку — а) трымаць у поўным падпарадкаванні. Валя таксама засмяялася: вельмі ж непадобна было, што такога чалавека, як Пятро Аляксеевіч, трэба трымаць у кулаку. Шамякін; б) сабраць разам каго‑, што‑н. Было нешта і станоўчае ў тым, што Гаруноў усё [справы, людзей] трымаў у сваім кулаку. Дуброўскі.

Трымаць у полі зроку — наглядаць за кім‑, чым‑н., не спускаць з вачэй каго‑н.

Трымаць у сабе — не выказваць, стрымліваць свае пачуцці.

Трымаць у сакрэце — не выдаваць таго, што павінна захоўвацца ўпотай.

Трымаць у сваіх руках — мець у сваім падпарадкаванні каго‑н., не даваць волі каму‑н.

Трымаць у струне — не распускаць, трымаць вельмі строга. Антон трымаў унука ў струне. Вітка.

Трымаць у шорах — прымушаць паводзіць каго‑н. пэўным чынам; абмяжоўваць свабоду дзеянняў каго‑н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім‑н.

Трымаць фасон — а) прытрымлівацца адпаведных норм паводзін; б) трымацца з шыкам; фарсіць.

Трымаць язык за зубамі — маўчаць, не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях.

Трымаць язык на прывязі — маўчаць, не гаварыць лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́вязь, ‑і, ж.

1. Узаемныя адносіны паміж кім‑, чым‑н. Сувязь прамысловасць і сельскай гаспадаркі. Гандлёвыя сувязі. Сувязь навукі з вытворчасцю. Сувязь тэорыі і практыкі. // Узаемная залежнасць, абумоўленасць. Прычынная сувязь. Лагічная сувязь. // Стройнасць, паслядоўнасць, лагічнасць (у расказе, перадачы, выступленні і пад.). Думкі ўсплывалі нечакана, без пэўнай сувязі. Карпаў.

2. Блізкасць з кім‑н. па сваіх поглядах, ідэях, імкненнях і пад.; унутранае адзінства з кім‑н. [Ладынін:] — І сіла твая [Максім], як і сіла ўсёй нашай партыі, у сувязі з людзьмі, з народам. Шамякін. Купала-перакладчык выступіў як грамадскі і палітычны дзеяч, перш за ўсё сцвярджаючы непарушнасць гістарычных сувязей, брацтва і дружбы беларускага народа з вялікім рускім і ўкраінскім народамі. Палітыка.

3. Сяброўскія, дзелавыя адносіны з кім‑, чым‑н. Падтрымліваць сувязь з аднакласнікамі. Умацоўваць міжнародныя сувязі. □ Пісьмы працоўных з’яўляюцца адной з важных форм умацавання і расшырэння сувязі партыі з народам. «Звязда». «Мужыцкая праўда» назаўсёды астанецца яскравым, жывым прыкладам беларуска-руска-літоўска-польскіх рэвалюцыйных сувязей. Г. Кісялёў. // Любоўныя адносіны. [Валя:] — Памятаеш, я табе пісала пра сардэчныя сувязі. Чорны. // толькі мн. (су́вязі, ‑ей). Блізкае знаёмства з кім‑н., якое забяспечвае падтрымку ў чым‑н. «Дудка беларуская» з’явілася ў друку пры дапамозе і садзеянні вядомага польскага вучонага Яна Карловіча, які прыхільна ставіўся да творчай працы беларускага паэта і меў шырокія сувязі ў выдавецкім свеце. С. Александровіч.

4. Зносіны з кім‑, чым‑н., магчымасці такіх зносін з кім‑, чым‑н. Са сваімі мы [савецкія салдаты] трымалі сувязь толькі па радыё і самалётамі. Няхай. Атрад [партызан] .. наладзіў цесную сувязь з Масквой. Брыль. Дакладна ніхто нічога не ведаў. Сувязь з падпольшчыкамі парвалася. Асіпенка.

5. Сродкі, пры дапамозе якіх ажыццяўляецца прыём і перадача інфармацыі. Тэлеграфная сувязь. Дыспетчарская сувязь. Тэлефонная сувязь.

6. Сукупнасць устаноў, якія забяспечваюць тэхнічнымі сродкамі зносіны на адлегласць (пошта, тэлеграф, тэлефон, радыё). Работнікі сувязі. Паштовае аддзяленне сувязі. // Служба, якая забяспечвае зносіны паміж воінскімі падраздзяленнямі (тэлефон, радыё, пасыльныя).

•••

Жывая сувязь — а) сувязь, якая ажыццяўляецца людзьмі; б) сувязь цесная, непасрэдная, пастаянная.

У гэтай сувязі — звязваючы з раней сказаным.

У сувязі з чым — з прычыны чаго‑н. Праўда, такія шчаслівыя паходы выдаваліся ў .. [Ваўковіча] не вельмі часта... І ў сувязі з гэтым трэба крыху вярнуцца і расказаць пра яго «доктарскае аблічча». Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тапі́ць1 ’апускаць у ваду, прымушаць тануць, губіць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Ян., Бяльк., Федар. 4): тапіць русалку ’(траецкі) звычай’ (Сержп. Прымхі), ’навадняць, заліваць вадой’ (Нас.), топі́ць ’губіць у вадзе’, ’затапляць, заліваць вадой’ (ТС), тапі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4), ’ехаць па гразкай дарозе’ (Нас.), топі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТС), топі́тісʼе ’тс’ (Вруб.). Укр. топи́ти ’прымушаць захлынуцца; заліваць (пра ваду)’, рус. топи́ть ’прымушаць тануць’, польск., в.-луж. topić ’засоўваць у ваду’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’тс’, славен. topíti ’акунаць’, серб.-харв. то̀пити ’затапляць’, макед. топы ’засоўваць у ваду’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’тапіць’, якое звязана з *topnǫti ’тануць’. Корань *top‑ у гэтым значэнні Фасмер звязвае з аманімічнымі прасл. *top‑ ’награваць’ і *topь ’балота’, ’месца, дзе растаў снег, лёд’ (Фасмер, 4, 78–79). Паводле Шустара–Шэўца (1504), схема развіцця семантыкі ’награваць’ > ’расплаўляць’ > ’затапляць’ > ’тапіць’. Паводле Борыся (638): ’растапляць’ — ’апускаць у растопленае’ — ’пагружаць у ваду’. Праславянскі корань *top‑ супастаўляюць таксама з прасл. *tep‑ ’біць’ > польск. tepać ’тс’ (Брукнер, 573; Младэнаў, 636; Варбат, ОЛА, Исследов. 2003–2005, 220) з развіццём значэння ’біць, прыбіваць’ — ’трамбаваць’ — ’тапіць’.

Тапі́ць2 ’награваючы, распускаць, расплаўляць; вытопліваць або ператопліваць (масла, сала і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), топі́ць ’тс’ (ТС). Укр. топи́ти ’расплаўляць’, рус. топи́ть, польск. topić ’растопліваць, плавіць’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’растопліваць, плавіць’, славен. topíti ’награваць, плавіць’, серб.-харв. то̀пити ’растопліваць, плавіць’, макед. топи ’тс’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’награваючы, распускаць, расплаўляць’, паводле Борыся (638), каўзатыва ад незахаванага прасл. *tepti ’быць цёплым’, параўн. *teplъ (гл. цёплы) і далей роднасныя ст.-інд. tápati (tápyati) ’награвае і награваецца, гарыць’, tāpáyati ’спальвае’, авест. tãpayeiti ’тс’, лат. tepeo, ‑ēre ’быць цёплым’ да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’. Гл. таксама Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484; Глухак, 633; ЕСУМ, 5, 599.

Тапі́ць3 ’паліць (у печы і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Барад., Пятк. 2, Жд. 1; усх.-бел., палес., ЛА, 4): баню тапіць (гом., Д.-Хадак.), ’палячы дровы, ацяпляць’ (Сл. ПЗБ), топі́ць ’паліць у печы’ (ТС), топі́ті ’тс’ (Вруб.), топі́ты, топы́ты ’паліць у печы’ (Сл. Брэс.), тапі́цца ’ацяпляцца’ (Мат. Гом.), топі́цца ’паліцца (пра печ)’ (ТС). Параўн. укр. топи́типадтрымліваць агонь’, рус. топи́ть ’паліць (у печы і пад.)’, польск. дыял. topić (w piecu) ’паліць (у печы)’, в.-луж. tepić ’паліць, апальваць’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topit ’тс’, славен. topiti ’награваць’. Ад прасл. *topiti з сінкрэтычным значэннем ’награваць, абпальваць; плавіць’, з далейшымі роднаснымі сувязямі (гл. тапіць2) да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’ (ЕСУМ, 5, 599; Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484). Няясныя адносіны з тапіць1 тлумачаць развіццём семантыкі праз стадыю тапіць2 (асабліва ў адносінах да снегу, лёду) і прыродных наступстваў гэтага працэсу (затапленне, паводка). Ластоўскі (Выбр. тв., 417) меркаваў пра табуізацыю слова паліць (параўн. палаць ’гарэць буйным полымем’, гл.) шляхам замены яго словамі тапіць (“быццам кідаць агонь у ваду”) і цепліць (гл.) з мэтай пазбегнуць т. зв. слоўнай магіі (каб не запалілася хата), параўн. мокнуць у значэнні ’гарэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; незак.

1. Валодаць вуснай мовай. Дзіця пачало гаварыць рана. // Вымаўляць, выгаворваць гукі мовы, словы, фразы. Манера гаварыць. Гаварыць з акцэнтам. □ Нешта сціскала глотку і не давала гаварыць. Шамякін. // Валодаць якой‑н. мовай. Гаварыць па-руску. Гаварыць па-нямецку.

2. што і без дап. Выражаць вусна якія‑н. думкі, паведамляць факты і інш. Гаварыць праўду. Гаварыць прамову. □ Ад усяго сэрца і душы гавару табе шчырае слова, вялікі мой, гераічны і слаўны беларускі народзе. Купала. Гаворыць Сцёпка і на Алёнку не глядзіць, каб па вачах яго не пазнала, што ён трохі туману напускае. Колас. // Раіць, загадваць, навучаць. Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі. Шамякін. — Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала .. [Вера] сухімі бяскроўнымі вуснамі. Лынькоў. // Расказваць, паведамляць пісьмова або ў друку (пра аўтара, гісторыю, летапісца і інш.). З. Бядуля сваім творам гаварыў чытачу, што трэба ўмець пад прыемнай знешняй маскай пазнаваць драпежны твар ворага. Кудраўцаў. // Паведамляць, перадаваць якую‑н. думку сваім зместам (пра кнігі, дакументы, надпісы і пад.). Абвестка на сцяне дома гаварыла, пра што будзе сход. Чорны. // перан. Выражаць сабой, паказваць на якія‑н. думкі, пачуцці. Калі каханне — гавораць вочы Тугой і шчасцем выразней слоў. Чарнушэвіч. Апошнім чытаў вершы сціплы на выгляд хлопец па прозвішчу Заранік. Прозвішча нічога не гаварыла слухачам. Хадкевіч. // Падказваць, прадказваць (пра адчуванні і пад.). А мыслі і сэрца гавораць — Не вер яму [ваяку-прыблудзе], рыжаму, не! Колас.

3. Весці гутарку, размаўляць з кім‑н. — Вы мне, таварыш Кавалькевіч, толькі прыемнасць зробіце, калі са мною пра гаспадарку гаварыць будзеце. Бядуля. Да світання Мы з табою Гаварылі, Сэрца сэрцу Назаўсёды Падарылі... Дзеружынскі. // Абгаворваць каго‑, што‑н., абмяркоўваць што‑н. [Жлукта:] Таварышы, я зусім не хачу, каб пра мяне гаварылі, што я блатмайстар які-небудзь. Крапіва. // неазначальна-асабовы (у 3 ас. мн.). Ходзяць чуткі, кажуць. Не воўк работа, як гавораць, І ў лес яна не пабяжыць. Колас.

4. Выражаць сабой што‑н., сведчыць аб чым‑н., паказваць на што‑н. Яны аж стракацелі ў вачах, гэтыя ўмоўныя значкі, якія гаварылі аб партызанскіх атрадах, вазах. Лынькоў.

5. перан. Праяўляцца ў чыіх‑н. паводзінах, учынках, словах і пад. Гэта не я гавару — гора маё гаворыць. З нар. [Наталля:] Я тут не вінавата. Гэта ваша маладосць гаворыць у вас. Крапіва.

•••

Гаварыць на карысць каго-чаго — служыць доказам, пацвярджэннем дадатных якасцей каго‑, чаго‑н.

Гаварыць на розных мовах — не разумець адзін аднаго.

Гаварыць у руку — трапляць у тон чыёй‑н. размове, падтрымліваць чыю‑н. думку, погляд.

Да трох не гавары каму — пра зласлівага строгага чалавека, які не церпіць пярэчанняў.

(Ды) што (і) гаварыць — доказаў не патрабуецца, і так зразумела.

Кроў гаворыць гл. кроў.

Што ні гавары — нягледзячы ні на што, у любым выпадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́сці, вяду, вядзеш, вядзе; вядзём, ведзяце; пр. вёў, вяла, вяло; заг. вядзі; незак.

1. каго. Накіроўваць чый‑н. рух. Весці каня за повад. □ Маці бярэ мяне за руку і вядзе дамоў. Бядуля. Вядзі, гаспадар, калі ласка, Нашчадкаў на ганак цясовы! Калачынскі. Зорын вёў сваю партнёршу, як добра спрактыкаваны танцор. Гурскі. // Памагаць ісці. Весці хворага пад рукі. // Прымушаць ісці з сабою. Весці ў міліцыю. □ Арыштаваных вялі рыначным пляцам проста да ратушы. Чорны. // што. Кіраваць аўтамабілем, караблём, самалётам і пад. Весці паравоз. □ [Вася:] — Хвіліну я нічога не бачыў і вёў самалёт наўгад. Шамякін. [Брат] вёў праз мост памалу Наш мінскі самазвал. Гілевіч. // каго-што. Ісці на чале, узначальваць, камандаваць. Весці войскі ў бой. □ Адну з калон беспрацоўных вёў Зыгмунт Асядовіч. Чорны. Капітан.. не спыняўся, настойліва вёў роту на нямецкія пазіцыі. Мележ.

2. перан.; каго-што. З’яўляцца кіраўніком чаго‑н.; ажыццяўляць кіраўніцтва кім‑, чым‑н. Весці сход. Весці гурток, клас. □ Маці спраў весці не ўмела, і ў мінулым годзе запушчаную і ўшчэнт разбураную гаспадарку прыйшлося збыць. Васілевіч. Вёў Герасім Дзмітрыевіч урок як звычайна. Выклікаў.. вучняў да дошкі, расказаў новы матэрыял. Б. Стральцоў.

3. чым па чым. Рухаць (указкай, алоўкам і пад.) па паверхні чаго‑н. Весці ўказкай па карце.

4. што. Будуючы што‑н. (дарогу, трубаправод, лінію электраперадачы і пад.), пракладваць у пэўным напрамку. — Ты памятаеш, як вялі ў нас дарогу? — раздумліва спытаў у мяне Яўхім. — На Рэчыцу? Ракітны. Праз балоты і палі Будаўнікі з Дашавы трубы Да Мінска роднага вялі. Ляпёшкін.

5. Мець пэўны напрамак, быць шляхам куды‑н. Дзве сталёвыя каляі, ля якіх стаіць Птахава будка, вядуць з усходу на захад — з Гомеля на Брэст. Навуменка. Роўная, гладкая пясчаная дарога вяла да самага ўзлесся.. Курто. Стаяў [асабняк] на ўзгорку, з вуліцы да яго вялі шырокія.. усходкі. Шамякін. // перан.; да чаго. Мець сваім вынікам, цягнуць за сабою. Гэта да дабра не вядзе.

6. што. Рабіць, выконваць, ажыццяўляць, падтрымліваць што‑н. (ужываецца звычайна ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне). Весці падлікі. Весці назіранне. Весці барацьбу. Весці перапіску. Весці размову. □ Сход праходзіў спакойна. Максім за сталом вёў пратакол. Машара. Адам вёў строгую канспірацыю і прывучаў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Ганна Сцяпанаўна была не з маўклівых, і трэба было ўвесь час весці з ёй размову. Шыцік.

7. безас. Разм. Хіліць на што‑н.; адольваць. Яго вяло на сон.

•••

Весці (размову, гутарку) да чаго‑н. — гаворачы або робячы што‑н., мець на мэце што‑н.

Весці рэй — быць завадатарам, верхаводзіць. — Антоська!.. родны мой! Канаю... Перагарэў, адстаў, знікаю... Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін... Як лепшы брат, як родны сын. Колас.

Весці сваё — настойліва ажыццяўляць свае планы, намеры, погляды, думкі.

Весці сваю лінію — тое, што і гнуць сваю лінію (гл. гнуць).

Весці свой род (генеалогію) ад каго‑н. — лічыць сябе нашчадкам каго‑н.

І вухам не весці — не слухаць, не звяртаць увагі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)