Лю́лька1 ’прылада для курэння’ (ТСБМ, Мядзв., Гарэц., Др.-Падб., Мал., Бес., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.). У Беларусь гэта слова магло трапіць праз укр., рус. ці польск. мовы. Першакрыніца — тур. lüle, азерб. lülä ’люлька, галоўка люлькі’, якія з перс. lūlä ’тс’ (Фасмер, 2, 546; Слаўскі, 4, 378; Козыраў, Тюркизмы, 11). Сюды ж лю́лечка, лю́лечны, лю́лькавы (ТСБМ).

Лю́лька2, лю́ля ’калыска’ (ТСБМ, Гарэц., В. В., Др.-Падб., Бяльк., Нас., Растарг., Шат., Касп., Ян., ТС), ’тс’, ’каляска ў матацыкла’ (Сл. ПЗБ). Укр. лю́лька, лю́ля, рус. лю́лька, лю́ля, лю́ленька ’тс’, лю́лечка ’карзіна для збору ягад’, ’кошык’, дан. ’сядзенне на драбінах’, перм. ’сядзенне на дрэве ў выглядзе памоста пры паляванні на мядзведзя’; польск. lula, бельск., усх.-польск. lulka, серб.-харв. љу́ља љу̑лька ’калыска’, ’арэлі’, макед. лулка, lʼulʼka ’арэлі’, балг. люлка ’арэлі’, ’калыска’, радопск. ’посцілка для нашэння дзяцей за плячыма’. Прасл. lʼulʼьka ’калыска’ < lʼulʼati > люля́ць. Найбліжэйшы адпаведнік — літ. liũlė ’калыска’. Параўн. калыскакалыхаць, зыбказыбать.

Лю́лька3лічынка’ (малар., Анох.). Відавочна, з ля́лька (гл.). Сюды ж люлю́шка ’адростак на храпцы ў выглядзе невялікага качана’ (паст., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ркаўка1 ‘турок, птушка атрада галубоў з бурым апярэннем, Streptopelia turtur, Streptopelia decaocto’ (ТСБМ, Касп.), ‘дзікі голуб’ (ТС), ту́ркоўка ‘голуб-турок’ (Мат. Гом.), ту́рчалка ‘тс’ (там жа). Параўн. укр. ту́ркавка ‘голуб звычайны’, рус. дыял. турлу́шка, турлы́шка ‘турчаўка’, польск. turkawka і trukawka ‘тс’. Утварэнні, што грунтуюцца на перадачы буркавання турр‑турр (Дарафееў, Птушкі), польск. turr‑turr‑turr і пад., гл. туркаць1, тарчаць. Аналагічныя ўтварэнні ў іншых мовах: ст.-ісл. turture, ст.-англ. turtur(e), turtla, англ. turtle, в.-ням. turtulatūba, нова-в.-ням. Turteltaube, лац. turtur і інш. (Фасмер, 4, 124; Брукнер, 585; ЕСУМ, 5, 681; Борысь, 654).

Ту́ркаўка2 ‘мядзведка звычайная, Gryllotalpa vulg. hatr.’ (Некр. і Байк., Касп., Мядзв., Скарбы, Рэг. сл. Віц.). Назва на базе гукапераймання: насякомае выдае гукі, падобныя да тур-тур: мядзведка ту́ркае (гом., Арх. ГУ); гл. наступнае слова. Сюды ж з іншай суфіксацыяй турка́ч ‘мядзведка’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ) і назвы насякомых: турка́члічынка хрушча’ (Сцяшк. Сл.), ‘цвыркун’ (дзярж., Нар. сл.), параўн. польск. turkacz ‘мядзведка’, якое Брукнер (585) лічыць вытворным ад turkać, што чаргуецца з tark‑ (гл. таркаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раба́к1 ’гліст’ (ТСБМ, Сцяшк., Сержп. Казкі; ашм., астрав., смарг., лях., баран., беласт., Сл. ПЗБ), ’чарвяк, вусень’ (воран., нясвіж., ЛА, 1; Бес., Сцяшк. Сл.; ашм., воран., смарг., іўеў., Сл. ПЗБ; віц., Жыв. НС), рабо́к ’вусень’ (Сцяшк.), роба́к ’вусень’ (бяроз., ЛА, 1), светлю́шчы роба́к ’светлячок’ (беласт., Ніва, 1979, 16 снеж.), ст.-бел. робак ’чарвяк’ (Ст.-бел. лексікон), хробакъ ’тс’ (Вярхоў, З жыцця, 64). Укр. роба́к, польск. robak ’тс’, харв. robak ’чарвяк, які грызе вінаградную лазу’. Выводзяць з *xrěb‑, *xrob‑ (гукаперайманне), параўн. польск. chrobak ’хрушч’, чэш. chrobák ’жук’, ’лічынка чарвяка’, ’чарвяк’, chrobot ’шоргат’, ’хруст’, ’трэск’, якое тоеснае *skreb‑, *skrob‑, з суфіксам ‑ak (Брукнер, 459, Трубачоў, ЭССЯ, 8, 99); параўн. таксама чэш., славац. chrobák ’чарвяк, матыль’, для якіх Махэк₂ (206) рэканструюе форму *rabākos з узмацняльным ch. Харвацкую форму Скок (3, 150) узводзіць да rob ’працаўнік’. Няясна. Усходнеславянскія формы, хутчэй за ўсё, запазычаны з польскай, параўн. у “Алфавите иностранных речей” (XVII ст.): робак, червь (Кохман, Polonica, 49).

Раба́к2 ’андарак з ільну’ (ст.-дар., мін., ДАБМ, камент., 934), ’спадніца з порту’ (шальч., Сл. ПЗБ). Ад рабы́ (гл.). Сюды ж рабаццё ’паласатая тканіна’ (ігн., Сл. ПЗБ), рабі́зна, рабакі́ ’тс’ (ЛА, 4).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́лька1, лялечка ’дзіцячая цацка ў выглядзе чалавека’ (Нас., Мядзв., Грыг., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’прыгожая, знешне прывабная істота або рэч’ (ТС), ’вельмі выпеставаная, крыкліва апранутая, расфуфыраная жанчына’ (міёр., З нар. сл.), ’бутэлька, у якую насыпаюць жыта і даюць хлопцу (і свату), калі дзяўчына згодна ісці за яго замуж’ (смарг., Сл. ПЗБ); ’зрэнка ў воку’ (лепел., КЭС; саліг., Нар. словатв.; ТС); ля́ля ’дзіця (з дзіцячай мовы), немаўля’ (Нас., Бес.; драг., КЭС), ’купідон, прыгожанькае дзіцятка’ (Шпіл., Растарг., Нар. Гом.), ’малое дзіця’ (драг., шальч., Сл. ПЗБ), ’спешчанае дзіця’ (іўеў., Сл. ПЗБ), ’лялька’ (слуц. КЭС). Укр. ля́лька, ля́ля, ля́лечка ’лялька’, ’маленькае дзіцё’, ’імя галоўнай дзяўчыны ў карагодзе, які праводзіцца напярэдадні вясенняга Юр’я’, ля́лько ’зрэнка’; рус. ля́лька, ля́ля ’хросная маці’, ’лялька’ (зах.), ’маленькае дзіцё’, перм. ля́лько ’хросны бацька’; ля́ля ’бамбіза, дылда’, ’цюхця, дурань’, ’вялы, някемлівы, нерашучы чалавек’; польск. laika, lala, låla ’лялька’, ’прыгожы, але абмежаваны чалавек’, ’дурань’, ’зрэнка ў воку’, lalki ’мэндлікі ў полі’, палаб. lʼolʼǝ ’бацька’; дзіцячае lala ’бог’, pójść do lali ’памерці, адправіцца ў нябыт’; чэш. валаш., ляш. lʼalʼa, lʼalʼka ’лялька’, ’чужы чалавек (дзіцячае)’, усх.-мар. lʼalička ’немаўля’, ход. lála ’нядбайны’, славац. ľaľo ’дурань, балван’; серб.-харв. ла́ло, ла́лко ’пяшчотная назва брата або старэйшага мужчыны ў доме’, ла̑ла, ла́ло ’бацька’, ’імя, якім старыя называюць маладых’, ’любы чалавек’, якія Скок (2, 264) не зусім абгрунтавана адносіць да цюркізмаў; балг. лало, лалко ’старшы брат (для малодшага)’, ’дурны, блазан’, лала ’цётка’, ’швагер’, славен. lila ’лялька’. Прасл. lʼalʼa — слова з дзіцячай мовы (як baba, mama, tata) для наймення дзіцяці, маленькага чалавека; пазней стала азначаць ’зрэнка’ з прычыны адбітку ў воку маленькага вобраза чалавека (Слаўскі, 4, 33–34). Значэнне ’лялька’ новае, яно ўзнікла ў гарадах у апошнія стагоддзі. Паводле Панятоўскага (Wiedza o Polsce, 3. Warszawa, 1932, 269), чалавечыя фігуркі ў славян першапачаткова былі сімвалам памерлых продкаў, дзядоў; звычай трымаць лялькі (сімвалы) у хаце быў пашыраны яшчэ ў XIX ст. у Польшчы і зах. Скандынавіі. Дзецям забаранялася з імі гуляць (гл. таксама Махэк₂, 319). І.‑е. адпаведнікі: алб. lelëo ’бацька’, ’дзядзька’, ’дзед’, ’старэйшы брат’, арум. lală ’дзядзька’, н.-грэч. λαλά ’баба’, λαλάς ’дзядзька’, курд. lalu ’тс’. Бернекер (1, 700), а за ім Фасмер (2, 551) і Кюнэ (42) бел. і ўкр. лексемы разглядаюць як запазычанне з польск. мовы, што справядліва аспрэчваецца Праабражэнскім (1, 498).

Ля́лька2 ’матыль’ (бяроз., Выг.). Як і ўкр. жытом. ля́лька і валынск. ля́лючкалічынка матылька’ (ЛАПП) — рэліктавая лексема, якая ўзыходзіць да старажытных часоў, калі lʼalʼa азначала ’памерлыя продкі, дзяды’ (гл. ля́лька1). Табу — у слав. гаворках існуе павер’е, быццам душы памерлых, злыя духі хаваюцца ў матыльках (Важны, O jménech, 86). Параўн. бел. ба́бачка (гл.).

Ля́лька3 ’аер, Acorus L.’ (бых., Мат. Янк.). Паводле падабенства катаха аеру да прымітыўнай фігуркі лялькі. Да ля́лька1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)