Лётаць лётыцьлятаць (у розных кірунках)’, ’хутка бегаць, хадзіць’, ’насіцца’, ’заляцацца’ (Гарэц., Нас., Шат., ТСБМ; в.-дзв., паст., віл., барыс., Сл. паўн.-зах.; маладз., Янк. Мат.), драг. лётатэ і лэ́татэ ’тс’ (І. Лучыц-Федарэц). Рус. лётать, серб.-харв. ле́тети ’лётать туды-сюды’ (у адрозненне ад ле́тати — дзеяслова шматразовага дзеяння), магчыма, чэш. létati, lítat. Прасл. інтэнсіў lětati, які ўзыходзіць да першаснага lektati, параўн. роднасныя літ. lė̃kti, lekiù ’ляцець’, lakstýti ’пырхаць, лётаць’, lakstinė́ti ’тс’ (шматразовае дзеянне), лат. lèkt, lęcu ’скакаць’, ’узыходзіць (аб месяцы, сонцы)’, ’здарацца’, часам і ’ляцець’, lę̄kât ’скакаць’ (шматразовае дзеянне), — звычайна іх супастаўляюць са ст.-грэч. λακτίζω ’брыкаюся’, ’тапчу, б’ю нагой’, с.-в.-ням. lęcken ’брыкаць, скакаць’. Цяперашні час гэтага інтэнсіва ўтвараўся пры дапамозе суф. ‑te‑ (Мее, Общеслав., 188–189); рэшткі старога спражэння можна бачыць у бел. (ашм., астрав., лаг., паст., смарг.) ляту́ — 1‑я ас., ляту́ць — 3‑я ас. (Сл. паўн.-зах.), польск. дыял. letę, letą. Група ‑kt‑ перад ‑a‑ перайшла ў ‑t‑ (Махэк₂, 328), падаўжэнне галоснай, як у lěgati (Слаўскі, 4, 65). Пазней да інтэнсіва быў даўтвораны ітэратыў letěti, а lětati стала імперфектам. Сляды інтэнсіва назіраюцца ў бел. лята́ць ’ляцець у розных кірунках’, ’хутка бегаць’ (Янк. II, ТСБМ). Праблематычным застаецца націск на галоснай кораня (як у інтэнсіва) у ітэратывах па форме бел. ваўк., івац., лях. ле́цець, чэрв. ле́ціць ’ляцець’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. таксама ляце́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лёт, ‑у, М лёце і на ляту́, м.

Дзеянне паводле дзеясл. лётаць (гл. лятаць у 1 знач.) і ляцець (у 1–5 знач.). Дзеці доўга пазіралі за лётам шэршняў. Рылько. Здаецца, думак быстры лёт выразна кожнаму чуцён — такая ціш. Вялюгін. Варанецкі хапаецца за білы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт .. коней. Дуброўскі.

•••

З лёту — з разбегу, хутка рухаючыся. З лёту Верачка абхапіла Барыса, прытулілася да яго грудзей. М. Ткачоў.

Лавіць на ляту гл. лавіць.

На ляту — у час лёту, руху ў паветры. [Талімон:] — Былі зімы, што ад марозу дух займае.., птушка на ляту падае... Кулакоўскі.

Страляць (біць) у лёт гл. страляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лётны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да палёту (самалёта, дырыжабля і пад.). Лётнае поле. □ Сафонаў збівае некалькі гітлераўскіх самалётаў, хаця яго самалёт па сваіх лётных якасцях горшы за дасканалыя нямецкія апараты. Кучар. // Спрыяльны для палёту, лятання. Лётны дзень. Лётнае надвор’е. // Прызначаны для лётчыка, палёту (на самалёце, дырыжаблі і пад.). Лётны касцюм. □ Макараў расшпіліў сінюю лётную куртку, адлажыў каўнер і, скінуўшы шапку-вушанку, сеў за стол. Алешка.

2. Звязаны з прафесіяй лётчыка; авіяцыйны. Лётная справа. Лётная школа. □ З лёгкай часці.. паступіла трывожная тэлефонаграма: на аэрадроме робіцца нешта незвычайнае. Лынькоў.

3. Які ўмее лятаць (пра птушак, насякомых). Лётныя гусі.

•••

Лётная дарожка гл. дарожка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сіга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Скакаць. [Хлапчукі] спрытна сігалі з галіны на галіну, вышукваючы ворагаў саду. Васілевіч. Напалоханы да паўсмерці белячок з усіх сіл сігаў па паляне, перасякаючы яе і накіроўваючыся ў пушчу. Краўчанка. Язэп бачыў, як пасажыры, не дачакаўшыся нават прыпынку цягніка, сігалі з падножак, беглі да белых драўляных сталоў, каб купіць порцыю бульбы. Асіпенка. // Бегчы; шпарка ісці шырокімі крокамі. [Гвардыян] сігаў шпаркімі нервовымі крокамі, выцягнуўшы наперад худую ссаю жылаватую шыю. Зарэцкі. Максім Сцяпанавіч сігаў вялізнымі крокамі, далёка выкідваючы наперад палку. Карпаў. Алесь сігае ўперадзе, а за ім — след у след — цяжка сапе Лявон. Сачанка.

2. Лятаць, узнімацца. Растуць паверхі мар высокіх, Увысь да зор сігаюць караблі. Матэвушаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Разла́ты (разла́тый) ’сукаваты’ (Юрч. СНЛ), параўн. балг. разлат (ръзлат) ’роўны, расшыраны’, ’неглыбокі (пра пасудзіну)’, рус. дыял. разла́тый ’які расшыраецца, паступова павялічваецца ў шырыню’. Мяркулава (Очерки, 29) звязвае апошняе слова з укр. лататий ’шырокі’, рус. лата́тый горошек ’рагаты гарошак, які тырчыць у розныя бакі’ і далей з ла́та, ла́тка ’кусок матэрыі, латка’. Аднак для этымалогіі слова істотнае значэнне мае дзеяслоўная ізалекса, параўн. рус. разла́тить ’шырока растапырыць’ (разан.) і серб.-харв. razlatiti ’расшырыць, шырока адкрыць’, вытворнае ад latiti ’схапіць, сціснуць’ (Цыхун, БЛ, 5, 49). Апошняе да *latiti, роднаснае *latati і, нарэшце, *lětati (ЭССЯ, 14, 48–49), гл. лятаць, лата3. Пра адносіны *latiti і *lātāti гл. спец. Рыкаў, Зб. Лекаву, 325–327; пра сувязь *latiti і letěti гл. Немец, Slavia, 66, 319–324. Адносна ст.-слав. разлатыи гл. Геродас, Slavia, 49, 397–398.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ляту́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які лятае, носіцца ў паветры. Лятучыя воблакі. // Здольны лятаць, насіцца ў паветры. Лятучае насенне. Лятучыя пяскі. □ Там-сям серабрылася ў паветры лятучае павуцінне. Караткевіч. // перан. Здольны хутка перамяшчацца з месца на месца, мяняць месца. Лятучы партызанскі атрад.

2. перан. Які хутка праходзіць, кароткачасовы (пра час, з’яву і пад.). Хай час пралятае лятучы, Усмешка заўжды, як вясна. Зарыцкі. // Мімалётны, які хутка мяняецца, няўлоўны. У часе прыязнай гамонкі, Лятучых жартаў і прыкрае Ускочыў хлопчык з крыкам звонкім, Каханак Богутаў, Адась. Колас.

3. Які праводзіцца раптоўна і хутка (пра сходы, мітынгі і пад.). Лятучы рэйд. Лятучы мітынг.

4. Які раптоўна пачынаецца і хутка праходзіць (пра хваробы). Лятучая ліхаманка. Лятучы рэўматызм.

5. Спец. Які хутка выпараецца. Лятучы эфірны алей. Лятучыя кіслоты.

•••

Лятучая мышгл. мыш.

Лятучая пошта гл. пошта.

Лятучыя рыбы гл. рыба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Буя́ць ’буйна расці; расці ў лісце, бацвінне, на націну, салому’ (БРС, Арх. Бяльк., слонім., КЭС, лаг., Інстр. I, Сцяшк. МГ, Гарэц., Жд., Інстр. III, Мат. Гродз., Янк. II, Янк. III), ’рыкаць (пра вала)’ (Арх. Бяльк., слонім.), ’гудзець; лётаць з гудзеннем’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.), ’ярка гарэць’ (Гарэц.), ’лятаць, парыць’ (Гарэц.), ’буяніць, шалець’ (Сцяц., Бяльк., Булг.). Рус. буя́ть ’разрастацца’, укр. буя́ти ’буйна расці, разрастацца і г. д.’, польск. bujać, чэш. bujeti ’хутка, буйна расці’, серб.-харв. бу́јати ’буйна расці’, балг. буя́, буя́я ’тс’ і г. д. Прасл. *bujati ’тс’. Старая этымалогія (Міклашыч, Türk. El., 1, 268): запазычанне з цюрк. bujumak ’расці’ вельмі няпэўная. Звычайна лічыцца вытворным ад і.-е. кораня (базы) *bheu̯ā‑ ’быць, расці’ (гл. быць), Параўн. і такія і.-е. формы, як ст.-інд. bhū́yān ’большы, мацнейшы і да т. п.’ Сюды ж і вытворнае *bujьnъ ’бурны, буйны, пышны і г. д.’ Гл. Мейе, Études, 378, Траўтман, 40; Фасмер, 1, 234; Бернекер, 98; БЕР, 2, 96; Слаўскі, 1, 49.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вучы́цца, вучуся, вучышся, вучыцца; незак.

1. Засвойваць, набываць якія‑н. веды, навыкі, звычкі. Вучыцца грамаце. Вучыцца іграць па нотах. Вучыцца майстэрству. □ Вучылася Наташа ўвесь час выдатна і выконвала ўсё, што гаварылі настаўнікі. Шамякін. На дубе са зламанай вершалінай, у вялікім гняздзе, вучыліся лятаць бусляняты. Даніленка. // Быць вучнем, студэнтам навучальнай установы. Вучыцца ў 9 класе сярэдняй школы. Вучыцца на 3 курсе інстытута. □ На другі дзень у школе былі ўсе дзеці, якія павінны былі вучыцца. Шамякін.

2. за каго, на каго. Разм. Набываць якую‑н. прафесію, спецыяльнасць у працэсе вучобы. Вучыцца за слесара. Вучыцца на агранома. □ [Маці:] — Так я і стала бухгалтарам, хоць пры іншых умовах магла б вучыцца за інжынера ці агранома. Гаўрылкін.

3. безас. Разм. Пра ўмовы вучобы, навучання. [Антось:] — Скажу толькі, што я сваім дзецям не вораг і хацеў бы, каб ім жылося і вучылася, як найлепш. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раі́цца, ра́юся, ра́ішся, ра́іцца; незак.

Пытацца, прасіць парады ў каго‑н. Раіцца з настаўнікам. □ У .. [камісара] была каштоўкая прывычка партыйнага кіраўніка: у цяжкі момант раіцца з людзьмі, ведаць іх погляды, думкі. Шамякін. Ружыцкі некалькі разоў бачыўся з войтам, раіўся з асаднікамі, судовымі выканаўцамі. Бажко. // Абменьвацца думкамі; радзіцца. Старыя і пажылыя людзі раіліся, што рабіць, складалі свае планы. Колас. Потым піянеры пачалі раіцца між сабой, калі і куды накіравацца па жалуды. Якімовіч.

раі́цца, раі́цца; незак.

1. Утвараць новы рой (пра пчол і падобных да іх насякомых). Дык жа па цэлых днях бабка сядзіць у садку і пільнуе, каб не зляцеў рой. Пчолы цяпер вельмі раяцца, і раі высыпаюцца ледзь не кожны дзень. Баранавых. Стары пчалавод Тодар Юрко дык, як толькі пачыналі раіцца пчолы, тут дняваў і начаваў. Кулакоўскі.

2. Лятаць, збірацца роем. Мухі раіліся ля яго гнойных вачэй — конь, небарак, быў сляпы. Чорны. // Кружыцца ў паветры (аб сняжынках). Над полем раіліся сняжынкі.

3. Паяўляцца адразу ў вялікай колькасці (пра думкі, пачуцці, сны і пад.). Пазней, калі .. вочы, стомленыя ўгляданнем у цемру, закрыліся .. павекамі, у галаве пачалі раіцца сны. Галавач. Розныя думкі раіліся ў галаве старога. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

луна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Плаўна лятаць, рухацца ў паветры. Праляталі вароны ў бок лесу ды ў шызай вышыні луналі буслы. Гартны. [Бездань] была такая, што аж галава кружылася, і мне здавалася, што я не стаю, а лунаю ў вышыні. Сабаленка. // перан. Перамяшчацца, пераносіцца, не атрымліваючы выразнага праяўлення (пра ўсмешку, думкі і пад.). Узрушаная ўхмылка лунала на вуснах [бацькі]. Шынклер. Здалося, што Алесевы думкі лунаюць недзе далёка па-за гэтым паркам. Шыцік.

2. Развявацца ў паветры. Пад лёгкім ветрам лунаў над домам прасякнуты святлом зары чырвоны сцяг. Самуйлёнак.

3. перан. Плысці, распаўсюджвацца, раздавацца (пра песні, музыку і пад.). Лунала ў прасторы.. песня, рэхам разлягалася над возерам, над палямі. Ваданосаў. А ўслед ляцяць, лунаюць словы: «Жадаю шчасця, голуб мой!». Прыходзька. // Панаваць, адчувацца. Нядзельны настрой лунаў над дваром, над будынкамі горада. Гартны. Нешта святочнае, замілавана-сардэчнае лунала над гэтымі гарамі і лугам, не верылася нават у небяспеку. Быкаў.

4. перан. Знаходзіцца ў стане ўзвышаных або далёкіх ад рэчаіснасці пачуццяў. У Міхася на твары была сціплая радасць. Здавалася, што ён сваімі думкамі лунае там, на Навагрудчыне, у бэзавым садзе. Дубоўка. Калі .. [Колас] прыкмячаў, што ўвага развейваецца, зараз жа спыняўся: — Нешта ты далёка лунаеш... Кепска? Лужанін.

•••

Лунаць у воблаках (у надхмар’і) — знаходзіцца ў летуценным стане, не заўважаючы навакольнага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)