навярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што чым. Палажыць што‑н. цяжкае паверх чаго‑н. Навярнуць камень на дошкі. Навярнуць ламачча бервяном.

2. чаго. Налажыць, накідаць многа чаго‑н.; наваліць. Навярнуць гару камення. □ Здорава фрыцы партызан баяліся — зямлі болей як у два метры навярнулі [да сцяны хаты]. Савіцкі.

3. пераважна безас. чаго. Намесці, нагнаць у вялікай колькасці. За ноч навярнула гурбы снегу.

4. што. Нахіліць, схіліць у які‑н. бок. Навярнуць слупы.

5. перан.; каго на што. Разм. Прыахвоціць да чаго‑н. Навярнуць на рыбалоўства.

6. чаго і без дап. Разм. Нагаварыць на каго‑н. няпраўды; наплесці. [Матка:] — Навярнуў [нехта] такога, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ломламачча, сухія, апаўшыя галіны’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Кл.), ломʼе ’тс’ (ТС), лу͡ом (Федар. Дад.); лом (луж, ло̂м, лим) ’тс’, ’куча галля’ (Касп., Сл. ПЗБ, ТС, ЛАПП), ’хвораст’ (ЛАПП), ’агонь, касцёр’ (мядз., Нар. лекс.; паст., Сл. ПЗБ), ’буралом’ (Др.-Падб.), ’лес’ (віц., Ів.; Вяр.), ’хатняе стар’ё’ (Шат.), ламяйко ’дробнае галлё, сукі’, ламы ’абцярэбленыя сукі дрэва, сабраныя ў кучы’ (Сцяшк.), ’сучча ў лесе, наваленае на зямлю’ (Нас.). Укр. лім, лом, валын. лумо́, рус. паўн., наўг. лом, польск. łom, каш. łȯm, зах.-прус. u̯ůmǝ, н.-луж. łom, чэш. lom, мар. łom, славац. lom, славен. lòm, серб.-харв. ло̑м, макед., балг. лом. Прасл. lomъ ’ламанне’ > ’нешта паламанае’ > ’ламачча’ > ’месца, дзе быў павалены лес’, ’пралом’ > ’расколіна ў зямлі, нізіна, яма з вадой, балота’ (параўн. рус. пск. лом ’балота’). Гл. Слаўскі, 5, 168–169. Утворана ад асновы lom‑, роднаснай з літ. lãmas ’частка, кавалак, кавалак зямлі’, гэтак жа і Аткупшчыкоў (Этимология–84, 193), lamãkas, lamañtas ’кавалак’, lìmti ’ламацца’, лат. limt ’згінацца пад цяжкай ношай’, ст.-прус. limtwei ’ламаць’, літ. ãp‑lamas ’нязграбны’, лат. aplams ’недарэчны’, а таксама, відавочна, алб. lëmë, lamë ’ток’, ’маслабойка’; ірл. laime ’сякера’, ст.-в.-ням. lam, ст.-ісл. lami ’кульгавы, пакалечаны’ (падрабязна агляд літаратуры гл. таксама Фасмер, 2, 515). Скок (2, 316) выводзіць lomъ з lomiti. Непакупны (Бел. лекс., 121 і Связи, 194), падаючы арэалы распаўсюджання лоўж і лом, мяркуе, што лом з’яўляецца ’перакладной’ (з балтыйскага láužas) лексемай.

Лом2 ’боль у касцях, ламота’ (Бяльк.) прымыкае да рускамоўнага арэалу, дзе лом ’ламота, артрыт, рэўматызм’. Укр. ломець ’тс’. Да лама́ць (гл.).

Лом3 ’жалезны лом’ (ТСБМ, Сцяшк., Яруш.), ветк. ламок ’тс’ (Мат. Гом.). Відавочна, пашырылася з рус. мовы. Да лом1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

не́як,

1. прысл. Нейкім чынам, спосабам. Апошні зубр, які адбіўся ад статка.. і якому пашанцавала неяк застацца на волі, быў у 1919 годзе забіты ў пушчы браканьерамі. В. Вольскі. [Віктар:] — Ці не пусцілі б вы ў.. [хату] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі. // Чамусьці. Неяк нязвыкла глядзець на апушаныя снегам кусты чаромхі, якія паспелі апрануцца ў зеляніну. Ігнаценка.

2. прысл. Аднойчы. Неяк у вольны дзень пайшлі [Міколка з дзедам] рыбу лавіць на раку. Лынькоў. Выйшаў неяк Апанас з кузні, прысеў на бервяно, што ляжала ля жалезнага ламачча. Даніленка.

3. безас. у знач. вык., з інф. Разм. Нельга, няма як. [Віця:] — Ну, гайда са мной?.. [Аўгінька:] — Хату неяк кінуць адну, а то б.. пайшла... Ды і малых нешта няма. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэск, ‑у, м.

1. Сухі, рэзкі гук, які ўтвараецца пры ламанні, трэсканні, разрыванні і пад. чаго‑н. Трэск ламачча. □ Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі. Кладка рыпіць і вагаецца. Раздаецца трэск, і я лячу ў прорву. Аляхновіч. // Шум, які ўтвараецца пры рабоце механізмаў, інструментаў і пад. Неўзабаве .. [Залівака] пачуў роў самалётаў, а потым сухі трэск кулямётаў. Гурскі. Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню па паляне. Лынькоў. У рупары пачуўся лёгкі сухі трэск, а потым голас дыктара абвясціў: — Увага! Шашкоў.

2. перан. Разм. Шуміха, пустыя размовы, балбатня. Працаваць без шуму і трэску.

•••

З трэскам — са скандалам, з ганьбай (выгнаць, зняць з пасады, праваліцца на экзамене і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трус1, тру́сік ‘кролік, свойскі грызун сямейства заечых, Lepus cuniculus domesticus’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Гарэц., Др.-Падб., Пятк. 2, Яруш., Касп., Сцяшк., Растарг., Сл. ПЗБ, Арх. Вяр., Бяльк.), трусь ‘тс’ (Нас., Бяльк., Сл. Брэс.; брэсц., ЛА, 1), сюды ж ст.-бел. трусочы ‘кралёвы, кролікавы’ (XVII ст., ГСБМ), паўд.-зах.-бел. тру́сіха, цэнтр.-бел. трусі́ца, цэнтр. і ўсх.-бел. тру́ска ‘самка труса’ (ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Касп., Янк. 3., Сцяшк.). Укр. трусь, трус ‘кролік’; рус. трус ‘тс’ (Даль), польск. trusia, truś ‘тс’, ст.-польск. truśka ‘кральчыца’, славац. trus‑trus ‘падкліканне трусоў’. Відавочна, генетычна звязана з трусі́цца ‘трэсціся, дрыжаць’: конь чуе, што подходзяць воўкі, трусіцца (ТС), гл. тру́сі́ць1 ‘калаціць, трэсці’, тады — ‘той, хто трасецца, хто дрыжыць’, што характэрна для кроліка: pałochliwy jak trus (królik) (Пятк. 2, 262). Паўночнаславянскі дэвербатыў, ідэнтычны прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ (гл. трус2). Сюды ж у адносінах да чалавека трус ‘баязлівец’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Пятк. 2), параўн. укр. трус, рус. трус, польск. trus, trusia ‘тс’, што ўзводзяць да прасл. дыял. *trusъ ‘страх’, звязанага чаргаваннем з *trǫsъ ‘трасенне’ (ЕСУМ, 5, 658), параўн. укр. труса́ ‘страх’. У беларускай літаратурнай мове і ў беларускіх гаворках пашырылася, відаць, з рускай мовы, дзе лексема трус са значэннем ‘баязлівец’ ужываецца з XVIII ст. (Чарных, 2, 267), аднак найменні з зыходнай семантыкай ‘трапятанне, дрыжыкі, боязь’ фіксуюцца ўжо з XII—XIII стст. (СлРЯ, 11-17, 30, 208). Вытворныя трусі́на ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тру́ска ‘баязліўка’ (Янк. 3.), трусля́к ‘тс’ (Мат. Маг.), труслі́ву, трусьлі́вы ‘тс’ (ТС, Бяльк.), труса́н, трусі́шча ‘тс’ (Жд. 2), тру́сасць ‘баязлівасць’ (Др.-Падб.), як і ўтварэнні н.-луж. tšuchły ‘сарамлівы, маладушны’, ‘баязлівы’, ‘сумны’, в.-луж. truchły ‘баязлівы’, лат. traušâtiês ‘баяцца’ сведчаць пра магчымасць незалежнага развіцця семантыкі, гл. Фасмер, 4, 110; Арол, 4, 109. Іншая этымалогія слова грунтуецца на выклічніках, якімі падзываюць кролікаў і іншых хатніх жывёл і птушак: трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў (Нас.; Горбач, Зах.-пол. гов.), укр. трусь-трусь ‘тс’, рус. трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў і цялят, трусе́‑трусе́ — падзыўныя для кароў, тру́сенька‑тру́сенька — падзыўныя для коней, польск. truś‑truś — падзыўныя для кролікаў і індыкоў, trusia‑trusia — падзыўныя для кароў, trusz‑trusz — падзыўныя для кролікаў і інш. (Борысь, 645), якія могуць узыходзіць да тпро, тпру, птрусь (гл.). Сюды ж трусі́ць, атрусі́ць ‘прыводзіць трусянят’, трусыне́тко, трусыня́тко ‘трусянё’ (Сл. Брэс.), трусі́нь пад печ! ‘выгук для адганяння трусоў’ (Юрч. Вытв.), тру́ска ‘самка кроліка’ (Касп.), тру́сік ‘кролік’ (Ласт., Растарг.), трусо́к ‘тс’ (Ласт.).

Трус2 ‘ ваганне зямлі, землятрус’ (ТСБМ), ст.-бел. трусъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. трус ‘трасенне; сумятня, перапалох’, ц.-слав. трясенье земле, трусъ ‘землятрус’, рус. трус ‘тс’, ‘бура і хваляванне, лютасць стыхій’, стараж.-рус. трусъ ‘трапятанне, дрыжанне, страх’, ‘трасенне’, серб. тру̂с, харв. trûs ‘землятрус’, балг. (земе)тръ́с ‘тс’, ст.-слав. трѫсъ ‘тс’, ‘хваляванне, бура’. Да прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ < *tręsti ‘трэсці’ ў выніку мены насавога ǫ на ўсх.-слав. у, гл. тру́сіцца, тру́сіць, трэсці. У сувязі з тым, што лексема *trǫsъ мела некалькі значэнняў, у сучасных славянскіх мовах у значэнні ‘ваганне зямлі’ стаў ужывацца навуковы тэрмін: польск. trzęsienie ziemi, чэш. zemětřesení, рус. землетрясение, балг. земетресене і земетръ́с, макед. земјотрес, серб. зе̏мљотрес, параўн. паэтычнае землятру́с (У. Караткевіч).

Трус3 (trus) ‘ператрус, вобыск’ (Пятк. 3), тру́ска ‘тс’ (Клім.). Да. трусіць1 ‘шукаць’, гл.

Трус4 ‘від бегу каня, трух, трушок’ (Бяльк.), сюды ж тру́сом (бегчы) ‘тс’ (Стан., Бяльк.), труском, трускаля́ ‘тс’ (чач., ЖНС), трусі́ць ‘бегчы трушком’ (ТСБМ), рус. смал. трусь ‘ціхі трух, трушок’, балг. тръ́с ‘тс’. Узыходзіць да прасл. *trǫsъ < *trǫsiti ‘трэсці’, параўн. таксама трух, трушок, гл.

Трус5 ‘смецце, ламачча, жарства, друзачкі’ (Нас., Некр. і Байк.); сюды ж, відаць, тру́сак ‘смецце, чарапкі’ (Нас.), тру́сок ‘сухія галінкі, трэскі’ (Федар. 1), тру́ска ‘парушына, трэсачка’ (Нас., Юрч. Вытв., ТС), трусо́чык ‘дробнае вецце, сухое галлё’ (Бяльк.), труса́ ‘пілавінне’ (ст.-дар., Жыв. НС), трусочкаламачча, буралом’ (Нар. Гом.), тру́сачка ‘парушынка; трэсачка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.), ‘дробка, каліва’ (Нас.), тру́снік ‘друз, трэскі’, ‘дробнае ламачча’ (ТС), ‘трэскі’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. тру́со́к ‘дробнае ламачча, сухія трэскі’, ‘дробна парубанае галлё’, рус. трус ‘тс’. Дэвербатыў ад трусіць2 ‘смяціць, церушыць, растрасаць’ (гл.), аднак некаторыя вытворныя дэманструюць сувязь з труск (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труск ‘дробныя галінкі, ламачча’ (ТС, Ласт.), trusk ‘ігліца, шыгалле’ (АБ, 7); сюды ж, відаць, і тру́сок ‘тонкія галінкі, трэскі’ (ТС), тру́сак (trusok) ‘сухія галінкі, трэскі’ (Тур.), ‘трэскавае смецце’, ‘дробязь, драбяза’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘попел, прысак’ (полац., Стан.), трусо́к ‘пілавінне’ (Касп.), тру́сачкі ‘трэскі, смецце’ (Гарэц.), трусо́чык ‘дробны хвораст’ (Бяльк.). Параўн. укр. труск ‘дробна пабітыя, паламаныя галінкі, лаза’, ‘сухія галіны дрэў’, в.-луж. trusk ‘пацяруха’, ‘пыл’, ‘параскіданыя кавалкі’. Магчыма, да прасл. *truskъ ці *trǫskъ (ЕСУМ, 5, 659), генетычна звязаных з *trǫskati ‘аддзяляць’, ‘разрывацца, трэскацца, трашчаць’ (Фасмер, 4, 110), параўн. трускаць (гл.), а таксама рус. труск ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. трускъ ‘тс’, польск. trusk, trzusk ‘тс’, якія, паводле Брукнера (579), звязаны чаргаваннем з *trysk‑, *trosk‑, а таксама з *trěsk] і са звонкім варыянтам *druzga ‘дробныя кавалачкі чаго-небудзь разбітага ўшчэнт’, *druzgati ‘ламаць, крушыць, разбіваць, раструшчваць, таўчы, сціскаць’ (SP, 4, 274–275), гл. друзгаць і наст. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апа́чына ’прыстасаванне для кіравання плытом’ (Сцяшк.), пачы́н(а) ’вясло’ (Бяльк.). Ст.-бел., ст.-укр. опачина ’вясло’ (Сінаніма). Укр. опачина ’тс’, (о)пачина ’вязка галля, ламачча, лазы’. Ст.-польск. paczyna ’рулявое вясло’, чэш., славац. opačina ’вясло’, ст.-чэш. дыял. opačina ’руль’, ’доўгі брус у задняй частцы воза’, ’процівага’, паморск. pácəna ’руль’, макед. опачина ’зваротны бок’, серб.-харв. опа̀чина ’грубасць, жорсткасць, паскудства’, балг. опачина ’ўпартасць’, славен. opačina ’памылка’, балг. опашка хвост’, рус. дыял. опачина ’хара’. Паводле Міклашыча, Махэка, Брукнера, польскія, чэшскія, славацікія словы ўтвораны ад opak ’наадварот’, а першаснае значэнне іх ’руль’ (Брукнер, 380); лепш суаднесці гэтыя формы з дзеясловам тыпу ўкр. пачити ’паварачваць’. Значэнне ’вясло’ можа быць выведзена з ’руль, рулявое вясло’. Аднак на магчымасць сувязі з ст.-рус. опашь, балг. опашка ’хвост’ указвае фанетыка рус. сіб. опашня ’вялікае бакавое вясло на барках’; з чэшскім значэннем ’брус у возе’ параўн. рус. дыял. опашина ’бервяно паміж стойкамі ў штольні’. Укр. (о)пачина ’звязка’, згодна з Бялецкім-Насенкам, ад фашина, якое з ням. Faschine. Гл. фашына.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пень, пэнь ’ніжняя частка ствала спілаванага або зламанага дрэва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ, Ян., ТС), ’бервяно’ (віл., воран., Сл. ПЗБ), ’дрэва наогул’ (чэрв., барыс., Сл. ПЗБ), ’куча галля, ламачча’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’смаляны пень на падпал; хлыст дрэва’, ’пень с карэннем; шышак’: пень, апенак, ’цвёрдая частка пяра; адросткі пер’яў’, пе́нне, пення ’адросткі пер’яў’ (Сл. ПЗБ), пень ’вулей, калода’ (Скарбы), ’калодачны вулей’ (Нікан., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’ляжачы вулей’ (ЛА, 1), ’частка снапа ад перавясла да зрэзу’ (мін., лаг., Шатал.), сюды ж пеньчужо́к ’аб’едзенае жукамі сцябло бульбы’ (Сл. ПЗБ), ’някемлівы, нездагадлівы’ (міёр., З нар. сл.; барыс., Сл. ПЗБ; Мат. Маг.; Нас.): параўн. укр. пень, рус. пень, польск. pień, н.- і в.-луж. pjeńk, чэш., славац. peň, славен. pẹ̑nj, pȃnj, серб.-харв. па̑њ, макед. пен, балг. пън. Прасл. *pьnʼь, роднаснае з літ. pínas ’галіна’, ст.-інд. pínāka‑ ’кій’, ст.-грэч. πίνας ’бервяно, дошка’, ст.-в.-ням. witu‑vîna, ст.-н.-ням. vîne ’куча дроў’ (Фасмер, 3, 233; Бязлай, 3, 7–8; Махэк₂, 443; Покарны, 830).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дро́бязь, ‑і, ж.

1. зб. Невялікія прадметы; дробныя рэчы. Сталыя гандляркі на ўсе галасы расхвальвалі свой тавар: рознае жалезнае ламачча, іголкі, ніткі, усякую іншую дробязь. Лынькоў. А маці скрыню пакавала І дробязь розную збірала. Колас. // Дробныя жывыя істоты. У чарацяным гушчары шчабеча ды шастае нейкая птушыная дробязь. Брыль.

2. зб. Дробныя манеты. [Хлопчык] дастаў жменю дробязі і адлічыў некалькі манет. Курто. Мужчына.. дакурыў, памацаў у кішэнях і, напэўна не знайшоўшы дробязі, дастаў з бумажніка новенькі рубель. Корбан.

3. Падрабязнасць, дэталь. Страшэнны рогат стаяў у гэтым, такім знаёмым да самых дробязей, кабінеце. Лынькоў. Паэта цікавілі і хвалявалі ўсе дробязі вясковага жыцця. Кухараў. // Што‑н. нязначнае, малаважнае, не вартае ўвагі. Вой з дэсантам быў у параўнанні з гэтым боем дробяззю. Мележ. — Дамашнія спрэчкі і ўсё іншае .. не мае ніякай вартасці; усё гэта дробязь. Чорны. У цёткі Аўгінні было цяпер шмат работы, і ёй не было калі зважаць на такую дробязь, як парадак у хаце. М. Стральцоў.

•••

Разменьвацца на дробязі гл. разменьвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ражо́н ’завостраны кій’ (ТСБМ), ’вострая палка’ (іўеў., воран., паст., трак., Сл. ПЗБ), ’кол’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’дзяржанне’ (слонім, Сл. ПЗБ), ’стрэмка’ (паст., астрав., смарг., ігн., швянч., Сл. ПЗБ), ’стрыжань пяра птушкі’ (гродз., шчуч., Сл. ПЗБ), ’шост’ (ваўк., Сл. ПЗБ), ’сцябло’ (пух., воран., Сл. ПЗБ), ’галлё, палка’ (Сцяшк., Нар. Гом., Др.-Падб., Янк. 2), ’палка, на якую набіваюць жалезную частку вілаў’ (Выг.), ’драўляны пруток, на якім смажаць сала’ (Нар. словатв.), рожо́н ’завостраны кіёк’ (ТС), ро́жан ’тс’ (Мат. Гом.), ражэ́нь ’тс’ (Юрч. СНЛ), рожно́ ’тс’ (Сл. Брэс.). Сюды ж ражэ́ннікламачча’ (Юрч. СНЛ). Рус. рожо́н, ’кол, вострая жэрдка’, рожны́ ’вілы для гною’, укр. роже́н ’ражон’, польск. rożen, в.-луж. rožeń, н.-луж. rožeń, rožon, чэш. rožeň, славац. ražež, славен. ráženj, серб.-харв. ра́жањ ’ражон’, балг. ръже́н ’качарга, ражон’, ц.-слав. ражьнъ, раждьнъ ’кол’. Прасл. *oržьnь/ь, параўн. літ. rãžas ’сухі прут, сцябло’. Калі лічыць утварэннем ад рог1 (Махэк₂, 521–522), тады незразумелымі застаюцца формы на ра‑, якія дазваляюць дапускаць паходжанне з *oržьn‑ або *orzni̯o‑ (Фасмер, 3, 493; Брукнер, 466; Бязлай, 3, 161). Але гэтая версія таксама недастаткова матываваная. З іншага боку, ставіцца пытанне аб паходжанні ад *razъ, *raziti і збліжэнні з *rogъ (Брант, РФВ 23, 100). Непераканальным падаецца параўнанне з грэч. όρχατος ’агароджа’, όρχάς ’плот’ (Лёвенталь, AfslPh, 37, 391).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)