прыткну́цца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; ‑ткнёмся, ‑ткняцеся; зак.

1. Злёгку дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Камбат даў мне прыкурыць ад сваёй папяросы. Мне доўга не ўдавалася прыткнуцца да яе. Васілёнак. У арміі ён спаў добра. Прыткнецца да падушкі і гатоў. Навуменка.

2. Разм. Прыхіліцца да каго‑, чаго‑н., абаперціся аб што‑н. Спінай да .. [печы] прыткнулася гордая, як каралева, з халоднымі карымі вачамі прыгажуня Міра. Карпюк. // Прымасціцца, прысесці дзе‑н. Невялікі садок нашага двара. Нам і прыткнуцца няма дзе. Вітка.

3. Наблізіцца да чаго‑н., размясціцца ўпрытык з чым‑н. На разліве, сярод магутных дубоў, што стаялі па пояс у вадзе, прыткнуліся адзін да аднаго некалькі чаўноў. Караткевіч.

4. перан. Разм. Уладкавацца (на якое‑н. месца, пасаду), паступіць куды‑н., прыстроіцца дзе‑н. Саўка ляжаў і думаў. У такім цяжкім беспрасветным стане ён не быў ніколі. Куды ж яму падацца і што рабіць? Дзе ён цяпер прыткнецца?.. Колас. [Сёмка:] — У клубе якраз пасада кінамеханіка пуставала. От і прыткнуўся я туды. Кандрусевіч. // Знайсці прыстанішча дзе‑н. — Вот спалілі сяло, трохі ўцякло народу, а куды прыткнуцца? Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зло́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны злосці, варожасці, нядобразычлівасці. Злосны чалавек. □ — Ну, а чаму ж ты такая вось? — Якая? — Ды злосная. Проста дакрануцца нельга да цябе. А яшчэ кажаш, што не злуеш. Галавач. Палкоўнік, злосны і зняможаны, адкінуўся на падушку, з пакутніцкім выглядам заплюшчыў вочы. Чорны. // Несправядлівы, прадузяты. Хлуснёй імкнуўся злосны крытык ад свету праўду ўсю закрыць. Дубоўка. // Які выражае злосць. Хама Хаміч пасвяціў у кабінку. Там сядзеў мужчына і пазіраў на яго злоснымі вачамі. Корбан. І тут жа твар.. [Касі] стаў суровы і злосны. Скрыган. // Прасякнуты злосцю, нядобразычлівасцю. Жвір гаварыў нешта яшчэ, але Косця не слухаў, нейкая злосная думка заглушала ўсё. Адамчык. — Я напісала яму злоснае пісьмо. Шамякін.

2. Сярдзіты, куслівы, злы (пра жывёл). [Галя] ужо ўзялася за клямку, як раптам падумала: «А што, калі там злосны сабака, як Дальма ў дзядзькі Захара». Арабей.

3. Бязлітасны, жорсткі. [Бушмар] пайшоў, але злосная трывога не пакідала яго. Чорны. // перан. Моцны, люты (пра мароз, вецер і пад.). За сялом, за пералескам Злосны вецер свішча, — Там спраўляе завіруха У палях ігрышча. Русак.

4. Свядома нядобрасумленны; зламысны. Злосны злачынец. □ Злосны шкоднік быў раскрыты — Заатэхнік той стары. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.

1. што. Узяць што‑н. такое, што знаходзіцца на некаторай адлегласці. Калі Ігнась дастаў з палічкі жоўценькі сшытак, Люба запыталася: — Мабыць, малюнкі? Мурашка.

2. да чаго, чаго. Дацягнуцца, дакрануцца да чаго‑н. аддаленага. Дастаць рукой да бэлькі. □ Цені ад яблынь дасталі да хаты і павольна папаўзлі па сцяне ўверх. Шамякін. Стаіць дуб, аднагодак мой, І мне ўжо не дастаць рукой Пад воблакам яго вяршыні. Танк.

3. што. Выняць, выцягнуць што‑н. адкуль‑н., з чаго‑н.; здабыць. Дастаць сшытак з партфеля. □ Рыгор дастаў з кішэні капейку і падаў яе хлапчуку. Гартны. Слава першым буравым майстрам, якія дасталі з цёмных глыбінь першыя грамы калійнай солі! Паслядовіч.

4. што і чаго. Раздабыць, набыць, расстарацца. Дастаць важныя звесткі. □ Саша кожны дзень прасіла брата схадзіць да чырвонаармейцаў і дастаць газету. Шамякін. // Разм. Атрымаць, нажыць. Дастаць хваробы.

•••

Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі — абавязкова раздабыць, адшукаць што‑н., дзе б яно ні было.

Зімой лёду (снегу) не дастаць у каго — пра дужа скупога чалавека.

Крукам (шастом) галавы (носа) не дастаць каму — пра вельмі ганарыстага чалавека.

Рукой дастаць — вельмі блізка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сустрэ́цца, ‑стрэнуся, ‑стрэнешся, ‑стрэнецца; зак.

1. Рухаючыся з розных бакоў, сысціся з кім‑н.; трапіцца каму‑н. насустрач. [Аўгіні] прыпомнілася, як ішла яна з Мартынам з Прыпяці, як сустрэўся ёй Кандрат Вус. Колас. Па дарозе .. [Сяргею] сустрэліся толькі дзве жанчыны з поўнымі вёдрамі вады. Шахавец. // Сутыкнуцца, дакрануцца. Той пялёстак мы шукалі — Кажуць, шчасце ён прыносіць. Ды сустрэцца нам рукамі Ненарокам давялося. Жычка. // Трапіцца, аказацца на шляху. Па дарозе сустрэўся ручаёк. // Паглядзець адзін аднаму ў вочы, абмяняцца позіркамі. Андрэй сустрэўся з Паддубным вачыма, і яны адзін аднаму злёгку кіўнулі. Пестрак. Міхаліна цярпліва чакала. Нарэшце Эдвард падняў галаву, позіркі іх сустрэліся. Пальчэўскі. // Выявіць што‑н. у сваім жыцці, дзейнасці; напаткаць у рабоце, жыцці, назіраннях і пад. Марына сустрэлася з жыццём твар у твар. Васілевіч. Прыём выстаўляць сябе дабрадзеем не новы для тых, хто жыве за кошт мускулаў і поту працоўных. З гэтым у ЗША можна сустрэцца на кожным кроку. Філімонаў.

2. Сысціся для сумеснага правядзення часу, па справе і пад.; спаткацца з кім‑н. [Аня:] — Давай, як скончыцца вайна, сустрэнемся ў нашай школе. Ляўданскі. Госці хочуць сустрэцца з .. [рабочымі] ўвечары. Карпаў. Ля крыніцы З маладзіцай Я сустрэўся на зары. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зачапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., каго-што.

1. Захапіць, падчапіць (кручком, пятлёй і пад.). Зачапіць вядро на крук. Зачапіць бервяно бусаком. □ [Алеся] зачапіла хусткай чамадан, ускінула на плечы і рашуча перайшла чыгунку. Шамякін. // Рухаючыся, выпадкова закрануць што‑н., дакрануцца да каго‑н. На тратуарах было цесна, я баяўся, каб знячэўку каго не зачапіць, і стараўся ісці асцярожна. Скрыган. Рамізнік зачапіў воссю за вугал — пасыпалася парахня. П. Ткачоў.

2. перан. Зрабіць шкоду каму‑, чаму‑н., папсаваць. Зачапіў смерч край хлява, разбурыў, расшматаў. Асіпенка. — Дзеда ж тады ніводная пчала не ўкусіла, можа і мяне не зачэпяць. Якімовіч. // Усхваляваць, абудзіць якое‑н. пачуццё. [Ганна:] Зачапіла твая Люда яго маладое сэрца, — месца хлопец не знаходзіць сабе. Губарэвіч. // Разм. Зняважыць чые‑н. пачуцці, інтарэсы. Зачапіць самалюбства. Зачапіць гонар. / у безас. ужыв. Зачапіла Габруся. Балючае месца павярэдзілі. Ды смехам яшчэ. Шынклер.

3. Пачаць гаворку, размову з кім‑н., сказаць каму‑н. што‑н. Жанчыны, як знарок, не абганялі.. [Аксінню], доўга ішлі побач, пакуль хтосьці з іх не азваўся, не зачапіў яе. Ракітны. Жанчынам трэба было за што зачапіць язык. Пташнікаў. // перан. Закрануць у размове, гутарцы якое‑н. пытанне, тэму. За сталом ішла размова. Пра навуку, атам, космас, і зусім не выпадкова зачапілі бога ўскосна. Гілевіч.

•••

Зачапіць за жывое — усхваляваць; закрануць самалюбства.

Няма за што рук (рукі) зачапіць — тое, што і няма за што рук (рукі) зацяць (гл. зацяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да, прыназ. з Р.

1. Выражае прасторавыя адносіны, указвае месца ці прадмет, да якіх скіравана дзеянне.

Плысці да берага.

2. Ужыв. для абазначэння мяжы, да якой пашыраецца дзеянне, з’ява і пад.

Падкасаць штаны да каленяў.

3. Ужыв. для абазначэння велічыні, памеру чаго-н.

Барада да пояса.

Кажух да пят.

4. Паказвае на час, да якога адбываецца дзеянне.

Працаваць ад раніцы да вечара.

5. Ужыв. для падкрэслівання такой падзеі, якая адбылася раней чаго-н. іншага.

У кансерваторыю паступіў да прызыву ў армію.

6. Ужыв. для вызначэння ступені якасці, якой дасягае дзеянне, стан.

Крычаць да знямогі.

Надраіць да бляску.

7. Ужыв. для ўказання на прадмет, асобу, на якую накіравана дзеянне.

Сватацца да дзяўчыны.

Дакрануцца да шафы.

У мяне да цябе справа ёсць.

Рыхтавацца да экзаменаў.

Імкнуцца да новых поспехаў.

8. Ужыв. для вызначэння прыгоднасці да чаго-н.

Здатны да музыкі.

Спрытны да працы.

9. Ужыв. пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы, да якіх ёсць патрэба, зацікаўленасць, схільнасць.

Аматар да танцаў.

Цяга да спорту.

10. Ужыв. для выражэння адносін да каго-, чаго-н.

Павага да старэйшых.

Нянавісць да акупантаў.

11. Ужыв. для абазначэння падабенства, блізкасці да каго-, чаго-н.

Падобны да бацькі.

12. Ужыв. для паказання паўнаты колькаснага ахопу каго-, чаго-н.

Фільм зацікавіў усіх — ад малога да старога.

Разлічыцца да капейкі.

13. Ужыв. для выражэння прыблізнай колькасці чаго-н.

Зала змяшчае да васьмісот чалавек.

14. У спалучэнні з прыназ. «ад» і другім лічэбнікам ужыв. для абазначэння абмежавальных велічынь чаго-н.

Дзеці ад трох да пяці гадоў.

15. Ужыв. ў выразе пры развітанні.

Да пабачэння.

Да новых сустрэч.

16. Ужыв. ў пачатку загалоўкаў навуковых артыкулаў, даследчых прац.

Да пытання аб паходжанні мовы.

Да пытання аб электрадынаміцы цел, якія рухаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ты́каць1 ‘торкаць, тыцкаць’, ‘паказваць’, ‘даваць, падсоўваць што-небудзь каму-небудзь’, ‘рабіць папрок, упікаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Мат. Гом.): не тыкай на сонцэ, бо рука отсохне (Сержп. Прык.), ‘уторкваць, утыкаць’ (ТСБМ, Нас., Федар. 6, ТС), ‘закладаць снапы ў азярод, запраўляць, запіхваць’ (калінк., люб., Сл. ПЗБ), ‘соваць’: языча, языча, куды цябе тыча (пух., З нар. сл.), тыкаць, утыкаць (нос) ‘умешвацца не ў сваю справу’ (Юрч. Фраз.), тыкаць у нос ‘рэзка ўказваць’, тыкаць пальцамі ‘адкрыта асуджаць’ (там жа), ты́кнуць ‘ткнуць, сунуць’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), тыко́ць ‘тыц’ (ТС), ст.-бел. тыкати ‘ўтыкаць; закранаць, датычыць’ (ГСБМ), ‘натыкаць’: дѣти на колье тыкахоу (XV ст., Карскі 2-3, 456). Параўн. укр. ти́кати, рус. ты́кать, стараж.-рус. тыкати ‘штурхаць’, ц.-слав. тыкати ‘калоць’; польск. tykać ‘дакранацца’, ‘кранаць’, ‘адносіцца, належаць’, ‘убіваць у зямлю’, славін. takac ‘датыкацца’, палаб. tåicě ‘тыкае’; н.-луж. tykaś ‘кранаць, датыкацца, штурхаць, тыкаць’, ‘падаваць’, в.-луж. tykać ‘соваць, тыкаць, утыкаць, набіваць (люльку)’, славен. tikati ‘належаць, адносіцца’, харв. tȉcati, серб. ти́цати ‘датыкацца’, ‘закранаць’, ‘датычыць’, балг. ти́кам ‘тыкаць, штурхаць’. Прасл. *tykati ‘датыкацца’ < ‘калоць, басці’, ‘злёгку таўчы, закрануць’ суадносіцца з прасл. *tъknǫtiдакрануцца’ (Сной₂, 764), гл. ткаць, ткнуць; роднаснае лат. tūkaȃt, tūcît ‘мясіць, ціснуць, мяць, запіхваць, біць, грукаць’, літ. tuksė́ti ‘стукаць, грукаць, біцца (аб сэрцы)’, ст.-в.-ням. dûchen ‘ціснуць’, ст.-грэч. τύκος ‘малаток’, ‘сякера’, асец. tuǧd ‘біцца, змагацца’, ťyst, ťunst ‘запіхваць, саваць’, ‘калоць’ < і.-е. *(s)teu̯‑ ‘таўчы, біць’ і *tēu̯‑ (Каруліс, 2, 435; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 566; Арол, 4, 124).

Ты́каць2 разм. ‘гаварыць камусьці «ты», называць імем’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ты́кацца ‘звяртацца на «ты»’ (ТС): ni tykajsie za mnojy, ja z taboju świniej ni paświŭ (Федар. 4). Параўн. укр. ти́кати ‘звяртацца на «ты»’, рус. ты́кать ‘тс’, польск. tykać ‘тс’, н.-луж. tykáš se ‘тс’, в.-луж. tykać ‘тс’, чэш. tykat ‘тс’, славац. tykať si ‘тс’, серб. ти́кати ‘тс’, харв. tíkati ‘тс’, славен. tikati ‘тс’. Утвораны ад займенніка 2 ас. адз. л. ты (< прасл. *ty) накшталт ням. duzen (< du ‘ты’), франц. tutuer (< tu ‘ты’) (Сной₂, 764; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак.

1. што. Агледзець, выпрабаваць, ацаніць многія прадметы, з’явы. Вера падышла да кніжнай паліцы. Перабрала некалькі кніг, як бы гэтым вывучаючы мае густы. Скрыган. [Крыловіч] перабраў усе інструменты, лёгка і ўмела выконваючы на іх розныя мелодыі. Рамановіч. Мы перабралі самыя розныя варыянты, але ні адзін не падыходзіў. С. Александровіч.

2. што. Адсартаваць, аддзяліць ад агульнай масы недабраякаснае, іншароднае. Перабраць бульбу. □ [Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць... Даніленка. // Разабраць па дэталях і, замяніўшы непрыгодныя, сабраць нанава; перасыпаць. Трэба было нешта рабіць з хатай. Бацька казаў, што добра было б падвесці падваліны, перабраць сцены — замяніць некаторыя бярв[ёны] здаровымі. Мележ. Пятрок Дэраш, які ў чаканні сяўбы за апошнія тры дні перабраў, перамацаў, перамыў і .. змазаў кожную дэтальку свайго дызеля, сам вызваўся паехаць з Кухтам. Хадановіч.

3. што, чаго і без дап. Узяць больш, чым трэба, занадта многа. Перабраць тавараў. Перабраць фонд зарплаты. □ — Дык у вас жа няма грошай, — сказаў .. [Собіч]. — Вы нават перабралі ў нас [бухгалтэрыі]. Можа сёння пералічылі, дык давайце ваша плацёжнае даручэнне. Скрыган. // без дап. Разм. Зрабіць што‑н. звыш меры; перадаць, перастарацца. — Вельмі перабярэш ты на рабоце, — думаў Васіль. «ЛіМ». Сам гаспадар здорава перабраў і, не распранаючыся, зваліўся ў ложак. Сіняўскі. [Бялькевіч:] — Ну, гэта... Ну, што выпіў. Перабраў, бясспрэчна, крыху. Савіцкі.

4. што. Зрабіць у друкарні новы набор таго, што было набрана. Перабраць абзац.

5. чым. Зрабіць некалькі аднолькавых рухаў рукамі, нагамі. Лётае на ўзлеску матылёк. Вось ён сеў на бліскуча-зялёны ліст. Павёў крылцамі, перабраў ножкамі. Аляхновіч. // Даткнуцца, дакрануцца да частак чаго‑н., перахопліваючы іх адну за адной пальцамі. Цяпер.. [Вера] не ведала, што сказаць.. Яна разгублена паправіла дрэнна прычасаныя валасы, перабрала ўсе гузікі на сваёй кофце зверху ўніз. Дуброўскі. [Бычыха] перамацала, перабрала пальцамі ўсе ражкі і закуткі [сумкі]. Кулакоўскі.

6. каго. Перасяліць, перавесці ў іншае памяшканне. У наступным тыдні Зусь перабраў рабочых у новую майстэрню. Мурашка. Не чакалі доўга — як і гаварылі, перабралі старую маці ў Новалукомль. Мыслівец.

•••

Перабраць меру — зрабіць лішняе; хапіць цераз край.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́ся, сыдуся, сыдзешся, сыдзецца; пр. сышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. сыдзіся; зак.

1. Ідучы з розных бакоў, сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑н. [Хлопцы] і не заўважылі, як амаль усутыч сышліся з незнаёмым чалавекам. Колас. А то яшчэ сыдуцца твар у твар на шматлюднай вуліцы, [нібы] знарок падстроена кім-небудзь гэтая сустрэча. Пальчэўскі.

2. Прыйсці з розных бакоў у адно месца; сабрацца — пра ўсіх, многіх. Сход быў доўгім .. Сышлася ўся вёска — і калгаснікі, і гаспадары. Чорны. Паглядзець на студэнту сышлася радня. Васілевіч. Хаваць Леаніда Андрэевіча з блізкіх і далёкіх вёсак сышліся тысячы людзей. Грахоўскі. // Прыйшоўшы куды‑н., убачыцца, сустрэцца з кім‑н. [Старэйшы:] — На сёння хопіць работы. Трэба, каб і заўтра ў нас яшчэ была прычына сысціся тут. Машара. Развіталіся з містэрам Тэлпі і раз’ехаліся ў розныя бакі. Раз’ехаліся, каб зноў сысціся праз тыдзень, вырашыць спрэчку... Б. Стральцоў. // Аб’яднацца (у які‑н. калектыў). Але калі Старыца апынулася ў партызанскай зоне, яе жыхары зноў сышліся ў калектыў і ўвялі ў вёсцы даваенныя парадкі. Хадкевіч.

3. Сустрэцца для паядынку, спаборніцтва, бітвы. На кросе мы яшчэ з табою сыдземся. Савіцкі. У хмызняку, за гародамі, нашы танкі замаскіраваліся і ў змроку, перад світаннем сышліся з фашысцкімі браневікамі і танкеткамі. Кухараў.

4. Уступіць у блізкія, сяброўскія адносіны; пасябраваць. Гаваркі, рухавы Іван умеў сысціся з кожным, але былі тайны, у якія пасвячаўся адзін толькі Ягор. Навуменка.

5. перан. Уступіць у шлюб, у любоўную сувязь, сужыццё. [Бабка:] — Я ж у Лукерчыка жонкай была — не служанкай. Праўда,.. не першай — сышліся мы ў пяцідзесятым годзе. Вышынскі. Малодшая ж хітрэйшай, відаць, была, — махнула ў Кустанай і там сышлася з камбайнерам, па сэрцу, без вянца. Корбан.

6. перан. Аказацца адзінадушным у чым‑н., прыйсці да згоды. [Лях:] — І пасварыўся і не пасварыўся — не разбярэш. Духу майго Журавінка не зносіць, а я — яго. [Вот] так і не сышліся характарамі. Лобан. І сышліся хлопцы-верхаводы на Алесевай кандыдатуры. Шынклер. // Аказацца аднолькавым з чым‑н., падобным да чаго‑н. Так мы з сынам шчасліва У сваіх думках сышліся. Кірэенка.

7. перан. Разм. Прыйсці да пагаднення, згаварыцца. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. — Дам стрэліць, — сказаў Сцёпка. [Яська:] — Тры разы? — Адзін раз. — Жмінда. — Сышліся на двух стрэлах. Хомчанка.

8. Разм. Атрымацца, аказацца ў адпаведнасці адно з другім; супасці. Паказанні прыбораў сышліся. □ Вулю трэба закрыць ведамасць — і ўсё. Яшчэ — каб сышлося капейка ў капейку. Пташнікаў.

9. перан. Разм. Адбыцца адначасова (аб якіх‑н. падзеях). — Толькі што сын мой паехаў у войска служыць, — гаварыў Марцін, — а ў Перавозе дачка сабралася дзіця раджаць. Нейк усё сышлося адразу як з-пад маланкі. Чорны.

10. Наблізіцца адзін да аднаго, даткнуцца, дакрануцца. І задрамаў ён [сын] стомлены, Бы явар ля ракі, Як абцугі, над скронямі Сышліся дзве рукі. Панчанка. Калматыя бровы гаспадара сышліся над перанос[сем], папаўзлі ўгору. Асіпенка. // Разм. Аказацца па памерах дастатковым для таго, каб зашпіліць або захінуць (пра адзенне). Пояс сышоўся.

11. Прымкнуўшы шчыльна адно да аднаго, злучыцца. Высозныя горы, як сцены, Абапал. То воддаль адступяць Ад Струмы-ракі, То блізенька-блізенька Сыдуцца раптам. Гілевіч. А ён [чалавек] у траву паваліўся, У зялёных хвалях стаіўся. Сышліся над ім тыя хвалі, І вершаліны, як хвалі, Над гэтым месцам сышліся — Чалавека схавалі. Сіпакоў. У пачатку стагоддзя хаткі рабочых амаль сышліся з горадам. П. Ткачоў.

12. Аказацца, сканцэнтравацца ў адным месцы. Лініі сышліся ў адной кропцы. □ Усе сляды сышліся ля Яўхімавай пуні. Жычка. // перан. Злучыцца. Бачанае і чутае, перажытае і перадуманае — усё сышлося ў адно і разгортваецца перад вачамі, як доўгі маляўнічы скрутак. Палтаран.

•••

Свет клінам (не) сышоўся гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)