адгуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці некаторы час на гуляннях. Вось ужо цэлае лета адгулялі.. [Антон і Надзя] на вечарынках. Грамовіч. // што. Выкарыстаць чарговы адпачынак, водпуск, дазволены за звышурочныя работы, дзяжурствы. Адгуляў сын-афіцэр свой водпуск у вёсцы. Ракітны.

2. што. Адсвяткаваць; згуляць. — У гэтым доме, — заўважае брат, — на Новы год вяселле адгулялі. Гілевіч.

3. Перастаць, кончыць гуляць. [Лятун:] — Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш. Але не шкада, сваё адгуляў, сваё адмазоліў. Лынькоў. // перан. Прайсці, закончыцца. Адгрымела маразамі зіма, адгуляла завеямі ў палях. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́ціць, ‑вечу, ‑веціш, ‑веціць; зак., каго-што.

Уст. Разм. Прыязна, ласкава сустрэць каго‑н., аднесціся да каго‑н. Людзі тут сустрэнуць і прывецяць, Бо не горш, як іншыя, жывуць. Аўрамчык. Бабулька шчыра перажывае, што сама ў гасцях, што не можа прывеціць .. незнаёмага чалавека. Сіпакоў. Я кажу: «Ты даўно на прыкмеце, Мая хата багата і маці прывеціць». Панчанка. // Даць прытулак каму‑н. Не заходзячы ў хату, Ты ведаеш добра наперад, Як цябе тут прывецяць. Кляўко. Цётка Хіма, здаецца, не ведала, дзе пасадзіць Галю з Вадзімкам, што ім даць есці, чым іх прывеціць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́дзіч, ‑а, м.

1. Гіст. Член роду (у 1 знач.).

2. Разм. Сваяк; чалавек блізкі па паходжанню. [Люба:] — Горш за ўсё мець начальнікам блізкага родзіча. З ім жа ніколі па-чалавечы не дамовішся. Шамякін. Старыя пройдзены дарогі І сцежак тысячы людскіх, Дзе і мае хадзілі ногі І ногі родзічаў маіх. Колас. / Пра жывёл і раслін аднаго роду (у 8 знач.). І качкі, што падарыў Люсі і яе маці Амархан, хваляваліся, выцягвалі шыі, прыслухоўваліся да галасоў дзікіх родзічаў. Даніленка. Родзіч нашага ядлоўцу кіпарыс, жыхар паўднёвых краін, можа пражыць да чатырох-пяці тысяч гадоў. Гавеман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стру́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да струны (у 1 знач.), які ўтвараецца струной. Струнны перабор. □ Стары музыка і цяпер чуе гэтую струнную песню... Яна .. наводзіць на ўспаміны. Кулакоўскі. // Падобны на гук струны; гучны, музыкальны. Замлее лес — такая ціш, І толькі пчолы струнным звонам Гудуць працягла роўным тонам Ды прашмыгне лясная мыш. Колас.

2. Са струнамі, які ўтварае музыкальныя гукі струнамі. У школе я займаўся ў гуртку струнных інструментаў разам з Родзькам і іграў на мандаліне не горш, чым ён на сваім гармоніку. Даніленка. // Які складаецца з такіх інструментаў. Струнны квартэт. Струнны аркестр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усачы́ць, усачу, усочыш, усочыць; зак., каго-што, за кім-чым.

1. Назіраючы, сочачы за кім‑, чым‑н., паспець заўважыць, убачыць што‑н. У Мінску штодня адбываліся арышты. Абстаноўка там мянялася часта і ўсачыць ён усімі зменамі ў падполлі было надзвычай цяжка. Дзенісевіч. Творчы працэс вельмі складаны, за ім не ўсочыш і не ўціснеш у нейкія формулы. Сяргейчык.

2. Назіраючы за кім‑, чым‑н., не дапусціць чаго‑н. непажаданага, утрымаць ад якіх‑н. непажаданых учынкаў. Аднак увесь час усачыць за Панцем было нялёгка. Што больш хлапчук падрастаў, то ўсё горш рабіўся непаседлівы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., каму і без дап.

1. Паведаміць, сказаць што‑н. каму‑н. праз каго‑н. [Дзядзька Нічыпар:] — Калі спатрэбіцца фурманка, дык накажыце мне. Колас. Наказалі з дому, што захварэла маці. С. Александровіч. Змітрок наказаў праз паштальёна, каб да яго ўвечары прыйшоў Кірыл. Кавалёў.

2. Даць наказ, распараджэнне. Міхал наказаў падручнаму сачыць за печчу і падаўся ў лабараторыю. Карпаў. — Сачыце за параненай, — адышоўшыся, наказала Наталля Максімаўна дзяжурнай медсястры. — Калі яна адчуе сябе хоць крыху горш, клічце мяне. Дудо.

3. Разм. Нагаварыць, сказаць многа чаго‑н. [Якім Анішчык:] — Прабачце, наказаў вам немаведама колькі, — мо ногі забалелі, слухаўшы стоячы. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго-што, чым і без дап.

1. Падмацаваць сілы, здароўе, даючы дадатковую яду. Падкарміць галадаючых. □ Змарнелых дзяцей, якія ўжо два месяцы нічога, акрамя шчаўя, не бачылі, рашылі падкарміць. Чыгрынаў. [Вясніна:] Такіх людзей, як Бондар і Рымша, трэба берагчы, іначай яны хутка згараць. Людзі з вайны, трэба падкарміць, а тут нястача. Гурскі. // Дадаць корму. Падкарміць цялят. Падкарміць рыбу.

2. Дабавіць у глебу мінеральнага ўгнаення для паляпшэння росту раслін. Падкарміць салетрай кукурузу. □ [Пазняк], бадай, не горш другога агранома ведаў, дзе трэба прапалоць [гародніну], дзе паліць, дзе падкарміць. Дуброўскі.

3. Разм. Укарміць, выкарміць. [Антось:] — Зараблю.., падкармлю кабанчыкаў. А там, зімой, будзе відаць. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акрамя́, прыназ. з Р.

1. Апрача, за выключэннем каго‑, чаго‑н., не лічачы каго‑, чаго‑н. У пакоі нікога не было, акрамя старой. Самуйлёнак. Ёсць пахвалы, якія для разумнага чалавека горш за разгром, бо ён адчувае, што аб яго працы больш нічога нельга сказаць, акрамя агульных слоў — «добра», «варта ўвагі», «крок наперад», «уклад у навуку, літаратуру». Шамякін.

2. Больш каго‑, чаго‑н., у дадатак да каго‑, чаго‑н. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.

•••

Акрамя таго (у знач. пабочн.) — да таго ж. Акрамя таго, .. [вучням] хацелася адчуваць сябе незалежнымі і сталымі, і яны не заўважылі, як зноў ператварыліся ў свавольных і смяшлівых дзяцей. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стоп, выкл.

1. Ужываецца як каманда ў значэнні: стой! спыніся! Стоп. На момант спынімся. Мехаў. — Стоп, машына, прыехалі! — Валодзька надзьмуў шчокі, важна спыніў «самазвал» і пачаў грузіць на яго розныя цацкі. Шымук. // Ужываецца як загад у значэнні: хопіць! даволі! годзе! [Валя:] — Стоп, стоп! Не вам гэта гаварыць. Вы не горш ведаеце, што Янус у рымлян меў два твары. Карпаў. // у знач. вык. Даволі, хопіць. [Настасся:] — [Пятру] не такая патрэбна была. Ты ж [Даша] што, правучылася да сямі класаў і — стоп, годзе, сказала. Ракітны.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў значэнні: спыніўся, спыніліся. Праедзем кіламетр — стоп, шына спусціла.

3. у знач. нескл. наз. Назва сігналу для прыпынку транспарту. Сігнал стоп.

[Ад англ. stop — спыняць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палягчэ́ць, ‑эе; зак.

1. Стаць лягчэйшым па вазе. Ісці было не цяжка: ліпавыя лапці не абцяжарвалі ног, і клункі за плячыма даўно палягчэлі. Пальчэўскі. [Антось:] — А што, калі палову ўсяго гэтага зараз з’есці? Рукзак адразу палягчэе, і я доўга есці не буду хацець. Бяганская.

2. безас. Стаць, зрабіцца лягчэй у матэрыяльных адносінах. І дзед бабульцы гаварыў, Зрабіўшы выгляд строгі: — Нам палягчэе жыць старым: Кандрат наш стаў на ногі... Смагаровіч. // Стаць лягчэй, лепш (пра паляпшэнне самаадчування, настрою і пад.). Мне не толькі не палягчэла, стала яшчэ горш: дранцвелі ногі, рукі, шчымеў увесь бок. Адамчык. Пакуль Сонцаў вёў машыну па платформе, яму здавалася, нібы ён вісіць у паветры.., таму, калі танк сеў на трывалы непадатны грунт, на душы адразу палягчэла. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)