*Малакі́та, молокі́та ’лаза, з якой робяць кашалі’ (Бес.), кобр. мулукы́та, мулукэта ’тс’ (Нар. лекс.). Рус. молоки́та паўн. ’баркун, Melitotus Adans.’, наўг. ’балотная расліна’, кіраў. ’балота, дрыгва’; урал., табол., свярдл., кіраў. молоки́тник, малаки́тник ’зяновец, Cytisus L.’, гом. молоки́тничек ’вярбняк, лазняк’, ярасл. молоки́товый ’вербняковы’, ст.-рус. молокита ’лаза’, ’дрыгва’, польск. młokicina ’балотная лаза’. Фасмер (2, 645) звязвае іх з польск. pa‑młoka ’сырая імгла, хмара’, ст.-польск. mlekitaвярба, якая расце на балоце’, чэш., славац., славен. mláka ’лужа’, паўд.-чэш. mlačina ’лужок у лесе’, серб.-харв. мла̏ка ’дрыгва, багністае месца’, мла̑ква ’рачулка, балотца, якія не замярзаюць зімой’, макед. млака, балг. млака ’балота, грузкая зямля’. Прасл. molkyta і molka. Сувязь з прасл. melko ’малако’ праблематычная. Балтыйскія адпаведнікі: mal̃kas ’глыток’, лат. màlks, màlka ’піццё залпам’. І.‑е. *molk‑ ’вільгаць, вільготны’ (Міклашыч, 198; Бернекер, 2, 33; Траўтман, 177; Фасмер, 2, 645; Скок, 2, 440; Бязлай, 2, 187). Інакш Махэк₂ (367 і , 29, 10), які, не ўлічваючы ўсх.-слав. дадзеныя, выводзіць прасл. mlaka і супастаўляе яе з лат. plācis ’дрыгва’ — фанетычныя цяжкасці. Гл. таксама Кабылянскі (Мовознавство, 1981, 6, 46).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ну́дзіць, ‑дзіць; безас. незак.

1. Пра млосны стан, які бывае перад рвотай. Хлопцы вярнуліся да рукзакоў, той-сёй прыклаўся да сваіх пляшак, бо самалёт добра кідала і некаторых пачало нудзіць. Новікаў. Ванду нудзіла. Каб не зваліцца з ног, яна прытулілася да сцяны. Мяжэвіч.

2. перан. Разм. Пра пачуццё агіды да каго‑, чаго‑н. [Шпакоўскі:] — Нудзіць мяне, калі ты ныеш. Гурскі. Мяне ўжо нудзіла ад .. [балаганных] відовішчаў. Мікуліч.

нудзі́ць, нуджу́, ну́дзіш, ну́дзіць; незак.

1. па кім-чым і без дап. Тое, што і нудзіцца. — Так, мы ўсе тут нудзім па радзіме ды па блізкіх, але... Ліба не дасказала. — Толькі ў адных больш шансаў на зварот, а ў другіх іх меней... Гартны. Цяпер.. [дзядзька Язэп] не так нудзіць, больш можа гаварыць аб Міхале — прывык патроху, што памёр ён. Чорны.

2. каго і без дап. Выклікаць, наганяць пачуццё нуды. Па-ранейшаму [Міканор] не таіў, што ўся гэта гаворка нудзіць яго. Мележ. Апошні агеньчык мой дагарае. І студзіць, і нудзіць асенні дождж. Вярба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

І́віна ’Salix caprea’ (Нас. Доп., Кліх., Бяльк., Кіс.), і́ва (Бяс., 114). Рус. и́ва, укр. и́ва, ги́ва (Грынч.), польск. iwa, iwina, дыял. wiwa, в.-луж. jiwa, н.-луж. wiwa, палаб. jeivó, чэш. jíva, славац. iva, славен. íva, серб.-харв. и̏ва, балг. и́ва, макед. ива. Прасл. *iva/*jьva (Трубачоў, Эт. сл., 8, 248) мае шматлікія адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. ievà ’чаромха’, лат. iēva ’тс’, прус. iuwis ’ціс’, ст.-в.-ням. iwa ’тс’, ірл. eo ’тс’, грэч. οἄ, οἴη ’Sorbus’, арм. aigi ’вінаграднік’ (апошнія з вакалізмам ‑o‑). Звязваюць з і.-е. *ei̯‑u̯o‑ ’чырванаваты’ (Покарны, I, 297; Слаўскі, 1, 473–474; Тапароў, 3, 100–101). Адсюль розныя значэнні ў і.-е. арэале: ’чаромха’, ’ціс’ ад колеру драўніны; ’рабіна’, ’вінаград’ па афарбоўцы ягад. Скок (1, 737) першасным лічыць значэнне ’ягада’. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 438; Мейе, MSL, 14, 1906–1908, 479; Машынскі, Pierw., 61; Клюге, 153; Фасмер, 2, 113; Безлай, 1, 214. Махэк₂ (230) супастаўляе з ням. Weideвярба’, грэч. ἰτέα ’тс’ < «праеўрапейскага» *vīteuā. Трубачоў (Эт. сл., 8, 249), прымаючы збліжэнне з ням. Weide, прапануе звязаць з і.-е. коранем *u̯i‑/*u̯ei̯‑ ’віць’, адкуль *u̯ei̯‑u̯ā > *ei̯‑u̯ā. Бел. івіна ўтворана ад іва суф. ‑ін‑а, які падкрэслівае значэнне асобнай адзінкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

я́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Яркі, светлы. Ясныя колеры залівалі заводскі двор. Чорны. На ясным небе загараліся зоркі. Колас.

2. Бязвоблачны, бясхмарны, чысты. У небе не было ні хмаркі, стаяў ясны сонечны дзень. Гурскі. Не пакідай, мой вечар ясны, Злажыўшы крылы на зары, Як месяц чысты, непагасны, Як рэха летняе ў бары. Вярба. // перан. Нічым не засмучаны; ціхамірны. Твар у.. [Кіры] быў чысты, ясны. Карпаў.

3. перан. Які не патрабуе дадатковага тлумачэння; зразумелы, просты. Усе ўважліва слухаюць простыя і ясныя словы. Якімовіч. [Міканор:] — Адным словам, абстаноўка ясная. Мележ.

4. Акрэслены, добра бачны, выразна ўспрымальны. Ясныя абрысы гор. Ясная дыкцыя. Ясны почырк. Ясны гук званоў. □ Глядзі, якія ясныя шляхі Адкрыты перад намі. Кірэенка.

5. Лагічны, пераканаўчы, дакладны. Ясны адказ. // Здольны лагічна мысліць. Ясны розум падказваў Кастусю, што яшчэ не ўсё страчана. Якімовіч. Галава была на дзіва яснай, светлай, увага іранічна сканцэнтраванай. Васілёнак.

6. Уст. Знатны, вяльможны, багаты. Нарэшце пасланец перадае лёкаю ад яснай пані 25 рублёў гасцінца і абяцанне прыбаўкі 5 рублёў у месяц да яго заробку. Мядзёлка.

•••

Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.

Як гром з яснага неба гл. гром.

Ясная справа гл. справа.

Ясны сокал (нар.-паэт.) — тое, што і сокал (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэпт, ‑у, М ‑пце, м.

1. Ледзь чутная гутарка, пры якой гукі вымаўляюцца без удзелу галасавых звязак. Ледзь чутны шэпт прашумеў па грамадзе. Мурашка. Не пакідай. Пакінуўшы — успомні. Хоць перад смерцю шэптам пазаві. Вярба. Бабы-скудзельніцы, сабраўшыся ў нашай хаце, гаварылі пра ўсе свае беды і радасці адкрыта, толькі зрэдку пераходзячы на шэпт. Брыль. За перагародкаю шапталіся Кашалькі, нешта вырашалі, і гэты тайны шэпт адганяў усе думкі. Парахневіч. Прычыненыя дзверы вялі ў другі пакой — адтуль чуўся шэпт, нехта завіхаўся ля печы. Хадкевіч. // перан. Ціхі, невыразны шум, шапаценне, цурчанне і пад. Цёплае, ласкавае паветра, ледзь чутны шэпт хваляў, што ляніва і пяшчотна набягаюць на пясок. В. Вольскі. У пералівах галасоў Чуваць быў шэпт калосся. Трэль салаўя і шум лясоў — Усё ў адно злілося. Смагаровіч.

2. Погаласка, вестка, чутка, якія перадаюцца па сакрэту. Невядома, з якою мэтай — для большага страху ці для большай стойкасці, — у першыя дні кампаніі па акопах быў пушчаны шэпт: швабы расстрэльваюць камандзіраў і кулямётчыкаў, ім — палону няма... Брыль. І хадзілі ад вёсак да вёсак, ад двароў да двароў шэпты-перашэпты, што Блазан той хутка і да нас прыйдзе. Барашка.

3. толькі мн. (шэпты, ‑аў). Разм. Набор слоў, якія паводле забабонных уяўленняў маюць чарадзейную сілу; заклінанне. Дактароў усіх рэцэпты І бабулек розных шэпты не памоцны хворай тут, Не памог і пан Тугут. Крапіва. Паглядзела бабка пану ў вочы і кажа: — Думаеш: заплаціць мне за шэпты ці не? Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Права кіравання дзяржавай; форма палітычнага кіравання, панавання. Прыйсці да ўлады. Савецкая ўлада. □ Мір і братанне!.. Улада — Саветам, Шахты — рабочым, Сялянам — зямля. Глебка. // Права і паўнамоцтва дзяржаўных органаў. Заканадаўчая ўлада. Выканаўчая ўлада. □ Усебеларускі з’езд Саветаў аб’явіў, што вышэйшай уладай у рэспубліцы з’яўляецца з’езд Саветаў. «Весці».

2. Кіруючыя дзяржаўныя органы; урад. Саветы — сапраўдная народная ўлада, якая дала народу мір, зямлю і свабоду. Галавач. У будынку райвыканкома Коршак праводзіў нараду з падпольшчыкамі, арганізуючы ў гарадку часовую ўладу. Хадкевіч. // толькі мн. (ула́ды, улад). Асобы з урадавымі паўнамоцтвамі; начальства. [Грузчыкаў] не пускалі на прычал, бо там ужо знаходзіліся належныя ўлады і праводзілі.. следства. Лынькоў.

3. Права і магчымасць распараджацца, кіраваць дзеяннямі, паводзінамі, лёсам каго‑н. Улада старшыні праўлення. Бацькоўская ўлада. □ [Тапурыя:] — «Вольны! — кажа князь, — адпу[ск]аю цябе з-пад свае ўлады сваім княжым словам!» Самуйлёнак. Пазней, калі хворы прыкметна пачаў ачуньваць, я, надзелены ўладай галоўнага ўрача, выканаў яго просьбу і забараніў штодзённыя наведванні яго блізкімі... Васілевіч. [Ірына] раптам адчула, што мае нейкую ўладу над Салаўёвым. Шахавец. / у перан. ужыв. Абуджаюць павагу і самавітыя рухі разліўшчыка, яго спакойна-засяроджаны твар, яго ўлада над агністым металам. Карпаў.

4. перан. Сіла, магутнасць, моцны ўплыў чаго‑н. Улада пачуццяў. Улада зямлі. □ Я пакораны ўладай тваёй, чараўніца-вясна. Звонак.

•••

Перавышэнне ўлады — выкарыстанне правоў, паўнамоцтваў у большай, чым дазволена законам, ступені (пра службовых асоб).

Ва ўладзе; пад уладай чаго — пад уздзеяннем, пад уплывам чаго‑н. І не дарма ж на Палессі Чуў ад сталых я галоў, Што ў жыцці мы, як у лесе — Пад уладай нейкіх слоў. Колас. Прапахла ружамі машына, А я, ва ўладзе ўспамінаў, Смяялася, закрыўшы вочы, Са шчасця баючыся збочыць. Вярба.

Ваша ўлада — рабіце, што хочаце; ваша справа.

Сваёй уладай — на аснове права, дадзенага каму‑н.

Стаць ва ўладзе (на чале ўлады) гл. стаць.

Траціць уладу над сабой гл. траціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шуме́ць 1, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

1. Утвараць, рабіць шум ​1 (у 1 знач.). Мяккім маёвым лісцем шумяць бярозы. Мурашка. І шумяць над берагам Сосен гушчары, А ім адгукаюцца Нёмана бары. Русак. Дажджы растуць, шумяць над полем, Дзе я на ростанях стаю. Вярба. Варкасы зніклі. Неба пасвятлела. А мора ўсё спявала, усё шумела. А. Вольскі. На паперу становяцца самі Словы шчырыя песні тае, Што расла з маладымі садамі, Што шуміць у палях каласамі, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч. // Пра пачуццё цяжкасці, болю, кружэння ў галаве, якое ўзнікае ў выніку стомленасць хваробы, ап’янення і пад. Шуміць спавітая бінтамі галава... Брыль. / у безас. ужыв. Калі [Феня] выйшла з бальніцы, не адразу зразумела, у які бок трэба ісці дадому, шумела ў галаве. Арабей. Ліда задумалася. Шумела ў галаве. Федасеенка. Андрэйку душыць гарачыня, млеюць ногі ад стомы, пачынае шумець у галаве. Кавалёў.

2. перан. Весці жывую, актыўную дзейнасць, завіхацца; выказвацца з выпадку чаго‑н. [Настаўнік:] «І не адзін такі я: шумім, круцімся, а толку няма». Колас. — Нешта ціха ў вас сёння? — А чаго асабліва шумець? Справы свае зрабілі, пара на спачын. Лынькоў. // Працякаць, ісці, адбывацца вельмі ажыўлена, бурна. Пад блакітным агнём небасхіла Пустыром увесь край выглядае... Дзе шумела жыццё — там магіла, Толькі енкі... і плач не змаўкае... Чарот. Шумяць гарачыя дэбаты. Таўбін.

3. Лаяцца, сварыцца, крычаць; гучна, адкрыта выражаць сваю незадаволенасць. — Спакайней, спакайней. Разбяромся раніцай.. Чаго шумець? Лобан. — Едзь зараз жа, — п’яны ёлуп! — шумелі на .. [Яўгена] сваякі. Новікаў.

4. перан. Разм. Шмат гаварыць, абмяркоўваць што‑н. з мэтай прыцягнення ўвагі да чаго‑н. — Аб ім [Сакольным] смела можна гаварыць і нават шумець. Кулакоўскі. Шумелі хлопцы: «Эх... шкада жанчыны!» І кожны Насту ратаваць быў рад. З. Астапенка. // Мець шырокую вядомасць, выклікаць шырокі інтарэс, прыцягваць агульную ўвагу да сябе. Справа шумела на ўвесь гарадок. Чорны. Смірніцкі расказваў неахвотна. — Увогуле, — заключыў ён, — «Медыцынскі работнік» шуміць. Шахавец.

шуме́ць 2, ‑міць; незак.

Узнімацца пенай; пеніцца. Піва шуміць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скла́сці, складу, складзеш, складзе; складзём, складзяце; зак., каго-што.

1. Пакласці разам, у адно месца (многія прадметы); пакласці разам, у пэўным парадку, надаўшы якую‑н. форму. Скласці дровы. Скласці сена ў копы. □ Сала і мяса гаспадар склаў у кубелец і паставіў у каморы. Сабаленка. Андрэй з Іванам склалі лён у гумне на таку. Чарнышэвіч. Склалі на лаўцы, што была ля частаколу, скрынкі і адпусцілі хлопчыка з падводай. Пташнікаў. // Злажыць, спакаваць (для ад’езду). Склаў [Мікола] чамаданчык — і ў дарогу. «Работніца і сялянка».

2. Прыбавіць адзін лік да другога, зрабіць складанне. Скласці два лікі. Скласці драбы. □ — Калі і маю, і тваю здачу скласці — усё роўна не хопіць, — усхліпнуў Міша. Пальчэўскі.

3. Сабраць, злажыць з якіх‑н. частак. Скласці піраміду. □ Спі, дарагая мая надзея, Станеш вялікая скора: Домікі з кубікаў скласці ўмееш, Знаеш «Вавёрчына гора». Тарас. [Кузя:] — Харошы хлопец Барыс. Любую машыну разбярэ і складзе. Жычка.

4. Пабудаваць шляхам кладкі. — Каб былі камяні, дык можна было б сякую-такую печку скласці, — сказаў Мірон. Маўр. Галоўны бацькаў клопат у тым, каб скласці хату і хутчэй у яе перабрацца. Навуменка.

5. Стварыць што‑н., падбіраючы, аб’ядноўваючы якія‑н. даныя; напісаць які‑н. тэкст, што змяшчае якія‑н. звесткі. Скласці расклад заняткаў. Скласці спісы выбаршчыкаў. Скласці акт. □ [Сакратар райкома] адзначыў, што такі цікавы план першамайцы склалі не выпадкова. Кавалёў. Прыдзецца, брат, пратакол скласці, — звярнуўся .. [капітан] да Віці, калі паставы скончыў даклад. — Учынак ганебны, што і сказаць. Якімовіч. // Падабраўшы адпаведны матэрыял, скампанаваць што‑н. Скласці буквар. Скласці зборнік практыкаванняў. // Напісаць, прыдумаць, стварыць (верш, песню і пад.). Чаму ж змаганню ўпартаму Не скласці сёння гімн? Іверс. Пад гуд кравецкай машыны я думаю і думаю, як скласці песню пра галубку. Бядуля. // Распрацаваць што‑н. Скласці карту. □ З Івянца піянеры ішлі на захад па маршруту, які дапамог скласці Сцяпан Захаравіч. Жычка.

6. Утварыць, сфарміраваць (групу, камісію, калектыў), падабраўшы адпаведныя людзей. Скласці камісію.

7. Утварыць якую‑н. колькасць чаго‑н. у выніку, у суме. Тыраж склаў 12 мільёнаў экземпляраў. □ Гадавая эканомія ад ажыццяўлення рацыяналізатарскіх прапаноў склала каля 25 тон канструкцыйнай сталі. «Звязда».

8. Стварыць шляхам назіранняў або лагічных вывадаў. Раней чым убачыць Ніну, Сяргей ужо склаў ўяўленне аб ёй. Шахавец.

9. З’явіцца чым‑н., утварыць што‑н. У гісторыі развіцця беларускай культуры творчасць Скарыны склала цэлую эпоху. Алексютовіч.

10. Згарнуўшы, перагнуўшы (паперу, тканіну і пад.), надаць якую‑н. форму, зменшыць аб’ём. Скласці газету. Скласці прасціну. □ Ён [Кастусь] склаў лісткі і на канверце Бярэцца адрас напісаць. Калачынскі. // Сагнуўшы і наблізіўшы рухомыя часткі, падаць кампактны выгляд (складному прадмету, якім у гэты момант не карыстаюцца). Скласці нож. // Сагнуўшы, выгнуўшы і пад., надаць які‑н. выгляд (губам, рукам, нагам). Скласці рукі на грудзях. □ Максім рупарам склаў далоні і надзвычай гучна адказаў: — О-го-га! Шамякін.

11. Разм. Зняць (тое, што ляжыць на чым‑н.). Скласці груз з воза.

12. перан. Вызваліцца ад адказнасці за што‑н., ад выканання якіх‑н. паўнамоцтваў, абавязкаў. Скласці свае паўнамоцтвы. Скласці з сябе адказнасць. // Перакласці на каго‑н. абавязкі, адказнасць і пад. Скласці сваю віну на іншага.

13. Сабраць па частках што‑н. для якой‑н. мэты. Насушыш сем[е]чак, адкрыеш кубельчык, калі ён ёсць у цябе, і складзеш пасылачку. Аднаму пашлеш, пашлеш другому... Ракітны.

14. Разм. Выказаць. І некалі мне крыўду скласці, І некалі прыняць дакор. Вярба.

•••

Скласці галаву (косці) — тое, што і злажыць галаву (косці) (гл. злажыць).

Скласці зброю — а) спыніць узброенае суцраціўленне; здацца; б) адмовіцца ад барацьбы, ад якіх‑н. дзеянняў.

Скласці карты — спыніць барацьбу, прызнаўшы сваё паражэнне.

Скласці (аддаць, узлажыць, прынесці) што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — ахвяраваць чым‑н. у імя бацькаўшчыны, навукі і пад.

Скласці рукі — перастаць дзейнічаць. Але рук мы не склалі ў адчаі, — Мы савецкай радзімы сыны. Астрэйка.

Склаўшы рукі (сядзець, чакаць і пад.) — бяздзейна, нічога не робячы. [Клім:] — Ураджай — справа такая: яго трэба зрабіць. Ён не прыходзіць да тых, хто яго чакае склаўшы рукі, як манны нябеснае. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)