*Малакі́та, молокі́та ’лаза, з якой робяць кашалі’ (Бес.), кобр. мулукы́та, мулукэта ’тс’ (Нар. лекс.). Рус. молоки́та паўн. ’баркун, Melitotus Adans.’, наўг. ’балотная расліна’, кіраў. ’балота, дрыгва’; урал., табол., свярдл., кіраў. молоки́тник, малаки́тник ’зяновец, Cytisus L.’, гом. молоки́тничек ’вярбняк, лазняк’, ярасл. молоки́товый ’вербняковы’, ст.-рус. молокита ’лаза’, ’дрыгва’, польск. młokicina ’балотная лаза’. Фасмер (2, 645) звязвае іх з польск. pa‑młoka ’сырая імгла, хмара’, ст.-польск. mlekita ’вярба, якая расце на балоце’, чэш., славац., славен. mláka ’лужа’, паўд.-чэш. mlačina ’лужок у лесе’, серб.-харв. мла̏ка ’дрыгва, багністае месца’, мла̑ква ’рачулка, балотца, якія не замярзаюць зімой’, макед. млака, балг. млака ’балота, грузкая зямля’. Прасл. molkyta і molka. Сувязь з прасл. melko ’малако’ праблематычная. Балтыйскія адпаведнікі: mal̃kas ’глыток’, лат. màlks, màlka ’піццё залпам’. І.‑е. *molk‑ ’вільгаць, вільготны’ (Міклашыч, 198; Бернекер, 2, 33; Траўтман, 177; Фасмер, 2, 645; Скок, 2, 440; Бязлай, 2, 187). Інакш Махэк₂ (367 і NŘ, 29, 10), які, не ўлічваючы ўсх.-слав. дадзеныя, выводзіць прасл. mlaka і супастаўляе яе з лат. plācis ’дрыгва’ — фанетычныя цяжкасці. Гл. таксама Кабылянскі (Мовознавство, 1981, 6, 46).