сяўба́, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. сеяць (у 1 знач.); пасеў збожжавых культур. Веснавая сяўба. Радковая сяўба. □ Недзе за пушчай, у полі, пачаліся ворыва і сяўба. Брыль. Дзень выдаўся цёплы, ціхі і ясны, і сяўбу .. [Зосі з бацькам] удалося скончыць да абеду. Гартны.

2. Пара, калі сеюць. Цяпер гарачая пара ў калгасе. Сяўба. Кухараў. Набліжалася сяўба жыта, і Андрэй ад клопатаў і турбот не знаходзіў сабе месца. Чарнышэвіч.

•••

Квадратна-гнездавая сяўба — спосаб сяўбы прапашных культур, калі насенне ці клубні размяшчаюць на пэўнай адлегласці адно ад другога ў падоўжаным і папярочным напрамку.

Падзімняя сяўба — сяўба яравых культур позняй восенню для атрымання ўсходаў вясной.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Су́валака ’пакулле’ (Нас., Касп., Юрч.), ’вяроўка’ (Нар. Гом.), ’маніцы’ (Гарэц.), су́волока ’пырнік, Agropyron repens L.’ (іван., пін., ЛА, 1). Параўн. рус. су́волока ’зброд’, ’пустазелле; дрэнныя каноплі, якія пакідаюцца на полі’. Ад су- і валачыць, валаку; параўн. су́валач ’адыходы пры апрацоўцы лёну мяліцай’ (барыс., Жд. 1). Насуперак Фасмеру (3, 793) цяжка аддзяліць ад формаў з сінкопай су́валка ’рэшткі валакна пасля трапання льну, канапель’, ’блытанае валакно’ (Бяльк.; ушац., Шатал.), ’пакулле’ (Яруш.), ’сухія карэнні, пырнік’ (паст., ЛА, 4), ’высахлыя расліны, якія зграбаюць восенню з агародаў’ (Растарг.), сува́лка ’рэшткі льну, якія застаюцца пасля апрацоўкі яго ў церніцы’ (докш., Гіл.), су́волка ’вельмі тоўстыя ніткі’ (ТС). Параўн. рус. су́валка ’ачоскі (льна, канапель)’, паводле Фасмера (там жа), ад валитъ (гл. валіць2). Борысь (Prefiks., 95) на аснове балцкіх адпаведнікаў, параўн. літ. są́valkos ’тое, што разам сцягнулі; галота, зброд’, узнаўляе прасл. дыял. *sǫvolka: *sъvelkti ’звалачы, сцягнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

акуну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Апусціцца ў ваду на некаторы (звычайна кароткі) час. Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. Шамякін. Калі мы самі ўрэшце адважыліся акунуцца, адразу зразумелі, чаму так мала плыўцоў на гэтым гарачым беразе. Лынькоў. // перан. Быць ахопленым чым‑н.; апусціцца ў што‑н. Праваднік уключыў электрыку, і купэ акунулася ў бледна-зялёнае святло. Васілевіч. Мы выйшлі з сада на сенажатную дарогу і акунуліся ў сінія, шаўковыя туманы. Пестрак.

2. перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Восенню 1904 года Алаіза Пашкевіч пераехала ў Вільню, каб у губернскім горадзе акунуцца ў рэвалюцыйныя справы. С. Александровіч.

•••

Акунуцца з галавой у што — поўнасцю аддацца якой‑н. рабоце, дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ле́та, ‑ы, ж. (з вялікай літары).

У грэчаскай міфалогіі — рака забыцця ў падземным свеце.

•••

Кануць у Лету гл. кануць.

ле́та, ‑а, М леце, ж.

1. Самая цёплая пара года паміж вясной і восенню. Было гарачае, як прысак, лета. Сонца паліла, нібы вогнішча. Бядуля. У леце пачыналася ўжо тая ледзь значная змена, той паварот часу, калі жыццё прыроды ідзе на спад. Колас.

2. пераважна мн. (ле́ты, ‑аў). Разм. Гады. Мінула юнацтва, ідуць мае ў сталасці леты. Кірэенка.

•••

Бабіна лета — цёплая сонечная пара ранняй восені. Думалі, што бабінага лета так і не прычакаюць. Але ўрэшце разлагодзілася, сціхла, выясн[е]ла — і паляцела павуцінне. Місько.

Зіму і лета гл. зіма.

З лета ў лета — а) круглы год; б) кожнае лета.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадстаўні́к, ‑а, м.

1. Асоба, якая прадстаўляе чые‑н. інтарэсы, дзейнічае па даручэнню або ад імя каго‑н. Яшчэ мінулай восенню ў нас пабывалі прадстаўніка Штаба партызанскага руху з Масквы. Карпюк. // Службовая асоба, якая прадстаўляе сабой інтарэсы якой‑н. дзяржавы. Дыпламатычны прадстаўнік.

2. Чалавек, які прадстаўляе сабой пэўную групу людзей або якую‑н. галіну дзейнасці, выразнік чыіх‑н. інтарэсаў. І гэтая пераклічка прадстаўніка старэйшага пакалення бальшавікоў з самым юным пакаленнем гучэла як клятва. Якімовіч. І. Замоцін, прадстаўнік старой акадэмічнай навукі, у новых сацыяльна-грамадскіх умовах здолеў зразумець сутнасць ленінскага вучэння аб культурнай спадчыне. Мушынскі.

3. Узор, экземпляр якога‑н. разраду жывёл, раслін і пад. Усурыйскі янот з’яўляецца адзіным прадстаўніком сямейства сабак, які на ўвесь зімовы час кладзецца спаць у нару, як мядзведзь ці барсук. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ўгацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Хадзіць туды-сюды; сланяцца. Увесь дзень я соўгаўся між дваром і пуняй: насіў ваду, рэзаў сечку, калоў дровы. Асіпенка. Янук жа ў гэты час соўгаўся па калідорах, не ведаючы, якія дзверы адчыняць, бо ніхто яго не праводзіў. Лупсякоў. П’яныя швэндаліся па вуліцы, соўгаліся ад хаты да хаты, абдымаліся. Кавалёў.

2. Пасоўвацца паволі, з цяжкасцю. Сёлета ўсю вясну бабка пісала Валі, што яна вельмі аслабела, ледзьве соўгаецца па хаце. Сачанка. Восенню, калі холадна, .. [гадзюкі] санлівыя, ледзь соўгаюцца. Ваданосаў.

3. Перамяшчацца, рухацца. Манжосаў Дзік, які звычайна бегаў на ланцугу, што соўгаўся колцам па дроце, напятым праз увесь двор, гэты раз быў спушчаны з прывязі. Сабаленка. На тым баку вуліцы ўзад-уперад соўгаўся доўгі вежавы кран. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лістапад1 ’назва адзінаццатага месяца’ (ТСБМ, Бес., Гарэц., Нас., Бяльк., Яруш.), ’пара, калі ападае ліст з дрэў’ (Бяльк.), ’ападанне лісця восенню’ (ТСБМ). Укр. листопа́д ’тс’, рус. уладз., кур. листопад ’восень’, арханг. ’позняя восень’, наўг. ’верасень’; уладз., арханг., ярасл. ’кастрычнік’; том., вяц., перм., цвяр., кур. ’лістапад’; польск. listopad ’тс’, а ў XV ст. і ’кастрычнік’, в.-луж., чэш., славац. listopad ’лістапад’; славен. listopàd, серб.-харв. ли̏стопад ’лістапад’, ’ападанне лісця’, ’апалае лісце’, макед., балг. листопад ’час ападання лісця’, ст.-слав. листопадъ ’месяц кастрычнік’. Прасл. listo‑padъ ’ападанне лісця’ > ’час, калі ападае лісце’. Да ліст1 і па́даць (гл.). Аналагічна ўтвораны і літ. lapkritỹs ’лістапад’, дыял. ’кастрычнік’, ням. Laubfall ’ападанне лісця’, ст.-грэч. φυλλοχόος ’месяц, калі падае лісце’ (Слаўскі, 4, 285–287; Кочерган, Мовознавство, 1967, 1, 59; Стабей, ZfslPh, 1971, 36 (1), 108).

Лістапа́д2 ’туберкулёз’ (Касп.), смал. ’лаянкавае слова’. Параўн. листопа́дина, уладз. листопа́дица, алан. листопадка, смал. листопадница, смал., наўг., пск., паўн.-рус. листопадня (колотуха) ’ліхаманка’, ’гарачка’. У выніку семантычнага пераносу (агульная прыкмета — гарачка) з рус. гаворак у віц. листопад ’хвароба’ — таксама семантычны перанос з ’асенняя пара’ (калі часцей, чым летам, прастужваюцца). Параўн. яшчэ рус. дан. листопадный ’брыдкі, агідны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыхава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Зрабіць амаль нябачным; часова схаваць. Малады бярэзнік і альшэўнік атулілі буданы зялёным аксамітам, прыхавалі ад чалавечага вока. Шчарбатаў. Падчас бойкі ля універсітэта яшчэ мінулай восенню.. [Вольга] памагла мне апрытомнець і прыхавала наган, калі ён выпаў у мяне з кішэні. Карпюк. — А я пайду ставіць каня і прыхаваю ў пуньку бярвенне. Чорны. // Зберагчы для будучых часоў; пакінуць на запас. — Трэба нам быць гатовым на ўсё і хоць што-небудзь прыхаваць. Прыйдзецца ў лес бегчы, тады з лесу выходзіць, дык застанешся ў чым стаіш... Карпюк. — Не, брат Стары, тут і танней пражыць можна. Будзеш сабе сталавацца ў бацькі, можна і капейку прыхаваць. Колас.

2. перан. Схаваць, утаіць, скрыць што‑н. У Марыі кальнула ў сэрцы, але яна старалася прыхаваць гэта ад мацеры. Кулакоўскі. Каб прыхаваць сваю збянтэжанасць, я ўнурыўся ў школьны журнал, разглядаючы спісы вучняў мінулых гадоў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбунтава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

1. Падняць бунт, паўстанне. [Андрэй Каржакевіч:] У Кранштаце чуваць матросы ўзбунтаваліся. Сіла вялікая. Караблі і гарматы ўсе захапілі. Крапіва. Восенню 1846 года ў бліжэйшых ад Слоніма вёсках узбунтаваліся сяляне. «Полымя». // перан. Рэзка выступіць супраць каго‑, чаго‑н., выказаць пратэст, запярэчыць. Часам [у Ваўчка] ўзнікала жаданне ўзбунтавацца, пакрычаць на Андрэенку і выйсці, а — не мог, сядзеў, бязвольны, і слухаў. Хадкевіч.

2. Прыйсці ў стан непакою, трывогі; узбударажыцца, усхвалявацца. Але калі пачала выступаць Кіра Варакса, усё зноў узбунтавалася ў Комліку. Карпаў. Я прачытаў гэты загад, узбунтаваўся, і першае, што намысліў, — адразу ж пайсці і гаварыць з Віктарам, давесці яму, што ў загадзе дапушчана памылка. Савіцкі.

3. Пакрыцца хвалямі; прыйсці ў рух (звычайна пра ваду). Так і чакай цяпер, што рака вось-вось узбунтуецца. Хадкевіч. Уся пухкая бель [снегу] ўзбунтавалася, узнялася над зямлёй і ляціць са свістам і гікам уздоўж вуліцы Пятроўкі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́йбішча, ‑а, н.

1. Часовае паселішча качэўнікаў. // Жыхары гэтага паселішча. У канцы лета жанчыны збіралі доўгія сцябліны крапівы. А глыбокай восенню, калі стойбішча ўжо запаслося на зіму карэннямі і познімі ягадамі і ўжо набліжалася падлёдавая лоўля рыбы, яны браліся за нялёгкую і вельмі карпатлівую работу. Штыхаў. // Часовае паселішча наогул. Ля былых партызанскіх стойбішчаў Туманы на ялінах вісяць. Панчанка. Чалавек сорак чырвонаармейцаў гаспадарыла там, дзе нядаўна было стойбішча бежанцаў. Няхай.

2. Пасёлак, сяло аселых народнасцей Прыамур’я і Сахаліна. Некалі гэта было невялічкае ніўхскае стойбішча. Грахоўскі. — Аднойчы ўвосень, — расказваў далей тата, — чукча-аленявод з далёкага стойбішча прыгнаў мне цэлы статак аленяў, каб аддзякаваць за лячэнне свайго ўнука. Бяганская.

3. Месца адпачынку жывёлы на пашы. Штодзень даяркі — белыя анёлы — На стойбішча прыходзяць грамадой, Дзе доўга чуць дайніцаў звон вясёлы, У якіх дыміць пахучы сырадой. Танк. Калгаснага статка ў кароўніках не было — ён пасвіўся далёка ад вёскі і начаваў на лёгкіх стойбішчах у лесе. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)