птушаня́ і птушанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Дзіцяня птушкі. Калі Хоці злавіў .. [калібры].., то думаў, што гэта проста нейкае звычайнае птушаня, што яно вырасце і зробіцца вялікай дарослай птушкай. Арабей. Птушыныя гнёзды даўно апусцелі — Расправілі крылы свае птушаняты. Гаўрусёў. // перан. Пра чыё‑н. дзіця. Сірочае, праўда, гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак, усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іхняе птушанё — дзевяцімесячная Верачка. Брыль. // перан. Пра маладога, нявопытнага чалавека. — Так нечакана ўсё, падумаць мушу я, — Якуб павольна з крэсла ўзняўся, — Я ж у навуцы птушаня, А вы заслужаны машыназнаўца. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разва́ліна, ‑ы, ж.
1. звычайна мн. (разва́ліны, ‑лін). Рэшткі разваленай пабудовы альбо групы пабудоў. На муроў граніт, На чорныя разваліны Нямігі Крутымі рэчышчамі вуліц, як прыбой, Плывуць веснавыя крыгі, Далёкі золак несучы з сабой. Танк. Некалькі раненых афіцэраў, цудам уцалеўшых і выкапаных з-пад развалін школы, расказалі аб гераічнай смерці Андрэя. Шамякін. Як героі, то ўпалі, Расстраляныя, ніц, Злеглі ў грудах развалін Сотні сот камяніц. Гілевіч. // Разм. Расстроеная, разбітая машына або механізм. — Малатарня была, што і казаць. Не тое, што гэта разваліна, — у тон .. [Андрэю] адазваўся Костусь. Васілевіч.
2. перан. Разм. Пра старога або разбітага хваробай чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапраўды́,
1. прысл. На самай справе. [Праменны:] Ты сапраўды пішаш гэту камедыю ці толькі дурышся? Крапіва. Ва ўсёй постаці старога зубра было сапраўды нешта дзікае, лясное, першабытнае. В. Вольскі.
2. прысл. Па-сапраўднаму. Я так каханне разумею: Калі кахаеш, сапраўды, Ідзеш да любай у завею, А глянеш — расцвітуць сады. Прануза.
3. у знач. пабочн. На самай справе. Чаму ж, сапраўды, не паслухаць было Вінцуся Шавеля зразу? Гартны. Андрэя ўсё не было, і маці яшчэ больш занепакоілася аб сыне. Андрэй, сапраўды, устаўшы, падаўся ў Галы. Дуброўскі. // Папраўдзе, праўду кажучы. Сапраўды, .. [маці] ўжо цяжка працаваць. Бядуля. Сапраўды, конь быў нікуды не варты. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гуля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Тое, што і гульня (у 1 знач.). У гулянках пралятала маё дзіцячае жыццё. Багдановіч. І стаяць, сумуюць санкі, Не знайсці хлапцам гулянкі, Бо не выпаў снег. Кірэенка.
2. Разм. Вечарынка з песнямі, танцамі, гульнямі. Эх, чаму я не скрыпач, не Янка, Што заўсёды Зою праважае, Што заўсёды ў клубе, на гулянках Песні ёй лірычныя іграе. Танк. Пад канец гулянкі шкло зачэрнівалася ад сажы, танцы спыняліся і ўсе разыходзіліся па хатах. Пальчэўскі.
3. Разм. Вясёлае гулянне з частаваннем. Сынок нарадзіўся — гулянка была. Мыслівец. Гулянкі ж высокіх гасцей і стэнаграмы іх тостаў Андрэя Міхайлавіча ні ў якой меры не цікавілі. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыва́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Напоўнены кроўю; з прымессю крыві. Крывавы мазоль. // Кроватачывы. Крывавая рана.
2. Заліты кроўю; акрываўлены. Крывавыя рукі. Крывавы бінт.
3. Які суправаджаецца праліццём крыві, звязаны з кровапраліццем. Крывавае злачынства. Крывавая помста. □ Не для сваёй жа славы У суровы час вайны З бацькамі ў бой крывавы Кідаліся сыны. Непачаловіч. // Які ўчыніў многа забойстваў. Мы .. не аднойчы чулі пра дэспатаў крывавых і тыранаў. Дубоўка. І ўсплылі ў памяці Андрэя колішнія расказы бабкі аб паншчыне, аб крывавых панах... Пестрак.
4. Ярка-чырвоны, колеру крыві. У змрочным вячэрнім небе замігцелі крывавыя заранкі. Лынькоў. Крывавае сонца ўставала з-за небасхілу. Дамашэвіч.
5. перан. Цяжкі, пакутлівы, горкі. Крывавы пот. Крывавыя слёзы.
•••
Крывавая нядзеля гл. нядзеля.
Да крывавага поту гл. пот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
імкне́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. імкнуцца (у 1 знач.). Не ўстоіць на месцы Пятрок, Яму трэба рух і імкненне. Колас. Зноў вясна адрадзіла імкненні Да бурлівых і радасных сноў. Багун.
2. Настойлівая цяга, парыў, рашучая мэтанакіраванасць да чаго‑н. Імкненне к подзвігу жыло ў душы Савы, і таму ён так высока ацаніў Андрэя за яго ўчынак з дзедам. Пестрак. А сэнс жыцця якраз і заключаецца ў яго няспыннасці, у поступу да лепшага, найдасканалейшага, у яго нястомным імкненні да хараства. Карпаў. // звычайна мн. (імкне́нні, ‑яў). Намеры, жаданні. [Аленка] уся была поўна няясных імкненняў, яшчэ невядомага ёй адчування і радасці за парогам яе роднай ваколіцы. Колас. [Бондар] усё роўна не патрапіў бы выказаць словамі сваіх пачуццяў і сам толькі туманна разумеў прычыны сваіх імкненняў. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зажы́ць 1, ‑жыве; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.
Зарубцавацца, загаіцца (пра рану, пашкоджанае месца). Андрэя завезлі ў шпіталь, дзе ён пралежаў тры тыдні, пакуль не важыла рана. Скрыпка. Назаўтра ўсе драпіны амаль зажылі, хоць рукі і ногі яшчэ шчымелі. Якімовіч.
зажы́ць 2, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак., што.
Разм. Набыць што‑н., разжыцца на што‑н. — Хто нічога не робіць, яму і скідкі, і льготы розныя, а калі другі мазалём сваім зажыў нешта, .. на яго ўся бяда. Галавач.
зажы́ць 3, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. зажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.
Пачаць жыць (пэўным чынам). І зажылі Язэп з Настуляю на дзіва ўсяму свету. Чарот. Да вясны жораў паправіўся і зажыў у хаце царом над курамі. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сваво́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Гарэзлівы, дураслівы, гуллівы. І дарма, што на першы погляд яна [Кася] здавалася свавольным дзіцем, слова маткі было для яе святым законам. Васілевіч. У сцэне з Якімам Сарокам Паўлінка — Караткевіч пяшчотная, свавольная, гарэзлівая, наіўная і разумная. «ЛіМ». / у перан. ужыв. Ветрык свавольны пранёсся, Долу нагнуўшы калоссе... Лойка. // Вальнадумны, мяцежны. За смерць мяцежных і свавольных, за смерць дзяўчат і юнакоў дакляравалі каты волю — за блізкіх кроў, за родных кроў!.. Дудар.
2. Схільны да свавольства; упарты, неслух. Поп, вядома, мог бы пакараць Андрэя, але ён сам меў столькі грахоў, што пабаяўся крануць гэтага свавольнага шляхцюка. Чарнышэвіч. // Які выражае свавольства, сведчыць пра яго. Кавалёва бачыла, як ружавелі твары дзяўчат, як загараліся свавольным агнём вочы хлопцаў. Дуброўскі. Людзі свавольнай натуры з яго [Астаповіча] нават смяяцца пачалі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́рці 1, сапру, сапрэш, сапрэ; сапром, сапраце; пр. спёр, сперла; заг. сапры; зак., каго-што.
Разм.
1. Знесці, ссунуць з месца што‑н. [Сёмка:] — Зрабі ты найлепшую грэблю, а выльецца вясною вада і сапрэ яе. Колас.
2. перан. Прагнаць з пасады, службы. [Вальдамар:] — Ну, ад жонкі адаб’ешся... Але цяпер не сапрэш Купчына з брыгадзірства. Мыслівец.
3. Украсці. Круціўся хітрым лісам ён [Мікіхвер], Хапаў — І гэта факт! Сапрэ. — і тут жа спісана — І, калі ласка, акт! «Вожык».
спе́рці 2, сапрэ; безас. зак.
Разм. (звычайна ў пр. сперла). Сціснуць, здушыць. У Андрэя сперла ў грудзях, здрадніцкі горкі камяк падпёр пад горла. Асіпенка. Ад хвалявання і крыўды ў Змітрака нешта сперла ў горле. Ваданосаў. Лёнька загрузаў па пахі ў снезе, але бег і бег, пакуль у грудзях не сперла дых. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дарагі́, ‑ая, ‑ое; дораг, ‑а.
1. Які каштуе многа грошай, высока цэніцца; проціл. дзяшовы. На вопратцы блішчэлі дыяментныя і з іншых дарагіх камянёў гузікі такой каштоўнасці, што за іх можна было б купіць маёнтак. Бядуля. Раіса хадзіла ў дарагіх сукенках, якіх не мелі нават настаўніцы. Шамякін.
2. перан. Якім даражаць, якога шануюць. Самым дарагім цяпер для Андрэя быў свабодны вечар, калі б можна было застацца адзін на адзін са сваімі думкамі. Шахавец. Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка. Прыказка.
3. Любімы, мілы, блізкі сэрцу. Прыйдзе, прыйдзе той, хто сэрцу мілы, Прыйдзе той, хто сэрцу дарагі. Русак. Жджэ кабета: хоча бачыць сына дарагога. Колас. / У зваротку. Вачамі паўзлі да калючага дроту, Якім нас хацелі навек раздзяліць, Мы рвалі яго, звалі вас на падмогу, — І вы, дарагія, пачулі, прыйшлі. Танк. // Жаданы, прыемны. Дарагі госць.
•••
З дарагой душой гл. душа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)