адгуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Разм.
1. Уволю пагуляць, адпачыць. Усе ведалі, што Адарка ў апошні час любіць адгуляцца. Лупсякоў.
2. Адпасвіцца на падножным корме (пра жывёлу). Мой конь, ты добра адгуляўся, Пакуль я ездзіў на машыне, Мой конь, ты добра назбіраўся Дарожкай белай канюшыны. Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзе, прысл.
1. пыт. У якім месцы.
Дзе вы працуеце?
2. месца. У якім месцы.
Няма дзе адпачыць.
3. неазнач. Тое, што і дзенебудзь.
Пашукай лепш, можа дзе згубіў.
Ці няма дзе вольнага месца?
4. адноснае. Ужыв. як злучальнае слова, падпарадкоўвае даданыя сказы месца, азначальныя, дапаўняльныя, дзейнікавыя, уступальныя сказы.
Горад, дзе я жыў.
5. у знач. часц. Ужыв. для выражэння поўнай немагчымасці чаго-н., сумнення ў чым-н.
Адпачыў? — Дзе адпачыў!
Столькі работы.
◊
Дзе наша не прападала (разм.) — выказванне рашучасці ісці на рызыку.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
сумо́та, ‑ы, ДМ ‑моце, ж.
Разм. Тое, што і сум. Некалькі хвілін прыемна было адпачыць, а потым паступова находзіла нейкая неадольная сумота і нават крыўдна рабілася за сваё становішча. Кулакоўскі. Марына слухае ў сумоце, А ў думках ёй карціць адно. Колас. Нудныя дні насталі для яго [Ігнася]. Сумота. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уздыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да ўздыхаць (у 1 знач.).
2. Перадыхнуць, адпачыць. [Антось:] — Знайсці то знайшоў, ды вельмі ж занятыя яны [сваякі]: і днём і ноччу на будоўлі, уздыхнуць няма калі. Кулакоўскі.
•••
Уздыхнуць свабодна (вольна); уздыхнуць на поўныя грудзі — адчуць палёгку, вызваліўшыся ад клопатаў і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Зрушыцца з месца. Нібы прыкуты быў да месца Міколка, не мог скрануцца, ні паварушыцца. Лынькоў. Хацелася сесці і адпачыць. Але нам было вядома, што лепш не спыняцца, бо затым не скранешся. Лось. Саша скранулася з месца і ішла павольна да стала, як баючыся. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шала́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. неадабр. Бадзяцца, швэндацца. Замест таго, каб шалацца па станцыі, што было нават і небяспечна, настаўнікі прыпыніліся ў лесе на высокім узгорку над балотам, — адпачыць ды хоць трохі абмеркаваць сваё становішча. Колас. [Драч:] Проста салдат вунь колькі шалаецца па Піцеру, то няўжо кожнага на такі пачастунак? Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аддыхну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.
Аднавіць сілы, перамяніўшы або зусім спыніўшы дзейнасць, работу, занятак і пад.; адпачыць. [Мікалай Патапавіч:] — А потым, калі ўжо аддыхнула галава, прасвятлелі думкі, стаў я патрошкі абмяркоўваць сваё становішча. Кулакоўскі. Людзі сена сушаць, косяць Ды пагоды ў неба просяць; Аддыхнуць пара б, дык дзе там! Хто з сялян гультуе летам? Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перава́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. перавальваць 1 — пераваліць 1 (у 2 знач.).
2. Месца пераходу праз горны хрыбет. У седлавіне, напэўна, быў перавал, туды вяла сцежка. Быкаў. На перавале на хвіліну спыніліся, каб адпачыць. Шамякін.
3. перан. Разм. Змена, паварот у развіцці чаго‑н. Беларусь на крутым перавале Нараджаецца вольнай сягоння. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́пелька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Памянш.-ласк. да капля (у 1 знач.).
2. толькі адз. Самая малая колькасць чаго‑н. Ужо засталася толькі капелька [чаю] на самым дне, і шкада было яе выпіваць, і нельга было выцерпець. Кулакоўскі. // у знач. прысл. ка́пельку. Зусім нямнога, чуць-чуць. Адпачыць капельку.
•••
Ні капелькі — ніколькі, ані.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прытамі́цца, ‑тамлюся, ‑томішся, ‑томіцца; зак.
Разм. Стаміцца, прыстаць. У два рады пастаўлены тут лаўкі на роўнай адлегласці адна ад другой, каб было дзе пасядзець у добрае надвор’е людзям, калі прытомяцца шпацыруючы. Колас. Ужо і рукі ад цяжкага кошыка забалелі, і ногі прытаміліся, і адпачыць зноў захацелася, а знаёмай дарогі ўсё не было і не было. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)