ВЕ́ЧНЫ ЖЫД, Агасфер,
персанаж сярэдневяковай зах.-еўрап. легенды, паводле якой Агасфер не дазволіў адпачыць Ісусу Хрысту ў час яго пакутніцкага шляху на Галгофу (паводле інш. версій, біў яго) і загадаў ісці далей. За гэта ён асуджаны на безупыннае жыццё-блуканне, чакаючы другога прышэсця Хрыста, які адзін можа даць спакой магілы. Да легенды пра вечнага жыда звярталіся ў л-ры Х.К.Андэрсен, І.В.Гётэ, Э.Сю, П.Б.Шэлі, В.А.Жукоўскі і інш.
т. 4, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛОН,
граматычная словазмяняльная катэгорыя іменных часцін мовы, якая служыць для сінтакс. адносін з інш. словамі ў складзе словазлучэнняў ці сказаў. У бел. мове 6 склонаў: назоўны (прамы), родны, давальны, вінавальны, творны, месны (ускосныя). Сустракаецца ўстарэлая клічная форма.
Кожнай склонавай форме ўласціва пэўнае грам. значэнне. Напр., формай назоўнага склону выражаецца значэнне суб’екта дзеяння («прыйшлі вясна»), формамі ўскосных — аб’екта дзеяння («будаўніцтва школы», «падарунак дзецям»), прыналежнасці («хата рыбака»), якаснай ацэнкі («дзяўчына з гонарам»), сродку ці спосабу дзеяння («жніво камбайнам»), месца («працаваць у лесе»), часу («адпачыць пасля працы») і інш.
Найб. семантычна ёмкія і прадуктыўныя ва ўжыванні родны, вінавальны, творны і месны С Назоўны і давальны больш абмежаваныя па значэннях і канструктыўна. С. прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, абагульнена-якасных займеннікаў, дзеепрыметнікаў залежыць ад С. назоўніка і самастойнага значэння не мае.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
А.І.Наркевіч.
т. 14, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЕ ХАРЧАВА́ННЕ,
галіна нар. гаспадаркі па вытв-сці і рэалізацыі гатовай ежы насельніцтву праз сетку сталовых, кафэ, рэстаранаў, буфетаў. Першыя таверны, якія выконвалі тую ж ролю, паявіліся ў краінах Захаду ў 1-й пал. 17 ст. У 1832 адкрыты першы рэстаран у Нью-Йорку. Вял. ўплыў на развіццё рэстараннай справы зрабіла Францыя.
У Беларусі былі шырока вядомы заезныя дамы, корчмы, шынкі, дзе людзі маглі пасталавацца і адпачыць. З развіццём прам-сці пачалі ўзнікаць і інш. формы абслугоўвання ў харчаванні. У студз. 1918 у Мінску ў нацыяналізаваных рэстаранах «Еўропа» і «Цэнтральны» створаны нар. сталовыя, пазней падобныя ўстановы адкрыты і ў інш. гарадах. Арганізоўвалася бясплатнае харчаванне рабочых на вытв-сці і дзяцей да 16 гадоў. У 1940 тавараабарот дзярж. і каап. прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў БССР дасягнуў 68,9 млн. руб. За 1950—75 колькасць прадпрыемстваў грамадскага харчавання павялічылася амаль у 5 разоў, пашырылася сетка такіх прадпрыемстваў ў сельскай мясцовасці. У 1993 працавала 11,2 тыс. прадпрыемстваў грамадскага харчавання, колькасць месцаў на іх складала 812 тыс. Паслугі прадпрыемстваў грамадскага харчавання былі даступныя шырокім слаям насельніцтва. Складанае фін. становішча дзярж. прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў пач. 1990-х г. абумовіла закрыццё або перапрафіляванне многіх агульнадаступных сталовых, закусачных, чайных у дарагія кафэ і рэстараны. Як альтэрнатыва скарачэнню недарагіх прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў 1995—96 пачалі адкрывацца ў гарадах прадпрыемствы хуткага харчавання. Найб. актыўна ў новым для бел. грамадскага харчавання кірунку працуюць фірмы з прыватным капіталам, у т. л. сумесныя прадпрыемствы з замежнымі інвестыцыямі. У 1996 у Мінску адкрыты 3 рэстараны «МакДональдс» на 540 месцаў.
А.А.Батура.
т. 5, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)