абхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. абысці (у 4 знач.).

2. Месца, шлях, па якім можна абысці што‑н.

3. Участак лесу (адзін або некалькі кварталаў), які даглядаецца, абслугоўваецца адным лесніком. Парубка ў абходзе. □ Дружбакам любыя з дому рэчы Падару, жадаючы дабра, А бярозку у абходзе ссекчы Не пасмее ні дружбак, ні брат. Непачаловіч. // Мясціны, якія знаходзяцца пад наглядам каго‑н. і кантралююцца з пэўнай мэтай. Напярэдадні ад’езду пайшоў Лабановіч у лес, каб апошні раз агледзець свае грыбныя абходы і развітацца з імі. Колас. А раніцою ўжо ўраднік з аднаго патруля рапартаваў спраўніку, што ў раёне яго абходу выкрыта і забрана падпольная друкарня. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карні́з, ‑а, м.

1. Гарызантальны выступ, які завяршае сцяну будынка, абрамляе вокны, дзверы. Цяпер агледзець можна печ, як ляльку, Усе карнізы, нішы, под і звод, І той пяколак, дзе шукаць запалку, Калі куранты данясуць свой звон. Пысін. На чарапічных дахах збіраліся гурбачкі снегу. Ён лажыўся і на карнізы акон. Арабей. // У архітэктуры — верхняя частка антаблемента, якая ляжыць на фрызе.

2. Уступ, які цягнецца вузкай палоскай уздоўж абрывістага схілу гор, часта на значнай вышыні. На карнізе ў расколіне.. ўчапілася карэньчыкамі тоненькая, гнуткая бярозка. Хомчанка.

3. Папярочка над акном, дзвярамі, на якую вешаюць парцьеры, шторы. Паставіўшы на табурэт[ку] дзіцячае крэсла, Даша стаяла на ім перад акном, босая, у халаце, .. і прымацоўвала карніз. Шамякін.

[Ад грэч. korōnis — завяршэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і зме́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Вызначыць якой‑н. мерай велічыню чаго‑н. Змераць тэмпературу. □ Вадзік узяў вясло, на ўсякі выпадак змераў глыбіню возера. Гамолка. Дарогі, цёмныя дарогі! Вы так маўклівы, вы так строгі! Хто вас аблічыць? Хто вас змерыць? Колас. Думак народных сягоння не змераць, Шчырых пачуццяў нічым не абняць. Глебка.

2. (у спалучэнні з назоўнікамі «поглядам», «позіркам», «вокам» і пад.). Прыкінуць, вызначыць на вока велічыню, памеры чаго‑н. Вокам змералі салдаты, Ці далёка да сяла. Калачынскі. // Агледзець з галавы да ног, вызначаючы што‑н. ці выяўляючы якое‑н. пачуццё (звычайна пагарду, гнеў, абурэнне). Васіль змераў Дразда халодным позіркам і адвярнуўся. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прачаса́ць 1, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.

1. Апрацаваць валакно часаннем. Прачасаць лён.

2. перан. Пільна агледзець ці абстраляць якую‑н. мясцовасць, ловячы каго‑н., шукаючы чаго‑н. Калі Радзівіл акрыяў, дык загадаў прачасаць усе лясы, аколіцы, каб знайсці бунтара Саўку Траяна. Гурскі. Ноччу пры святле ракет гітлераўцы яшчэ раз прачасалі ўчастак паўднёвых варот, але, як і першы раз, нічога не выявілі. Лупсякоў.

3. і без дап. Часаць ​1 некаторы час. Прачасаць лён цэлы тыдзень.

прачаса́ць 2, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.

1. Спец. Зрабіць, выраўняць што‑н. часаннем ​2. Аляксей узяў з рук маладога цесляра сякеру. Прачасаў метры два з аднаго боку і адагнуўся. Пальчэўскі.

2. і без дап. Часаць ​2 некаторы час. Прачасаць увесь дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апрата́ць (БРС), апра́тваць (Сцяц.), апря́тывыць, ‑цца (Бяльк.), апра́та́цца (Сцяшк.); апра́таць, ‑ацца, ‑вацьагледзець, памыць (дзіця, сябе, хворага, нябожчыка)’ (Янк. II); апратка (Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк., Жд.), опратка (Клім.), вопратка (БРС). Рус. дыял. опрятывать(ся) ’прыбіраць, прыводзіць у парадак; памыць, вычасаць, апрануць; пахаваць нябожчыка, абмыць, адзець яго’, рус. опрятный ’ахайны’ (аб яго паходжанні Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 180–181; Львоў, РР, 1968, 3, 66), укр. опрятувати, опратувати, прятати, опратати ’прыбраць; апрануцца ў прыгожае адзенне’; прятати ’ўбіраць, хаваць нябожчыка’; апратний ’ёмкі’ (Паламарчук, ЛБ, 6), польск. oprzątač ’убіраць, у прыватнасці наглядаць за дамашняй жывёлай’, sprzątać ’прыбіраць, убіраць’, славац. spratať ’убіраць, хаваць; есці’, spratný ’ёмкі; уступчывы (пра чалавека)’, балг. опретвам ’пачынаю працу, рыхтуюся да працы’, за̀претвам ’пачынаю працу, закасваю рукавы’, серб.-харв. за̀претати ’засыпаць вуголле попелам’, магчыма (паводле Праабражэнскага, Фасмера), славен. spréten ’спрытны, лоўкі’, ст.-бел. опрятка (Анічэнка, Праблемы філал., 11), опратали ’абмылі’ (1562, Карскі, Труды, 206). Ст.-рус. опрятати ’ўбраць, укрыць; падрыхтаваць нябожчыка да пахавання’, опрятатися ’прыбраць сябе, падрыхтавацца да смерці’, ст.-слав. пратѧти ’ўціскаць, стрымліваць’. Апратаць ад *pręt(ati) ’хаваць’ (// *prǫt‑) з развіццём значэнняў: ’пакрываць’ > ’апранаць’ > ’чапурыцца’ ці ’хаваць непатрэбныя рэчы’ > ’убіраць’ > ’мыць’; ’хаваць нябожчыка’ > ’рыхтаваць да пахавання’ > ’мыць’. Гэтыя значэнні ў сваім развіцці перакрыжоўваліся. Беларуская мова найбольш развіла ў словах вопратка (апратка), апратаць значэнні ’адзець’, што дае пэўную падставу для сцвярджэнняў аб «уласнабеларускім» характары згаданых слоў (адпаведныя рускія і ўкраінскія факты пашыраны найбольш на тэрыторыі, блізкай да Беларусі). Супрун, Веснік БДУ, 1971, 2, 62–64. Гл. апранаць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разво́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разводзіць — развесці (у 1–3 і 5 знач.).

2. Спец. Агляд і размеркаванне па пастах вайсковых падраздзяленняў, прызначаных у каравул. Удвух усё агледзелі, што трэба агледзець пры здачы дзяжурства, .. зрабілі развод каравулаў, і чырвоная павязка з белым надпісам апынулася на рукаве Макарава. Алешка.

3. Скасаванне шлюбу. [Павалковіч:] — Якім можа быць мужам табе [Тані] вечны арыштант? Мы наладзім развод. Машара.

4. Прыстасаванне, якое дазваляе падоўжыць павозку, драбіны і пад. Драбіны з разводам. // толькі мн. (разво́ды, ‑аў). Разм. Разведзеныя калёсы. Юрка ўспомніў, што браканьеры — два мужчыны на разводах — не ездзяць болей .. у Сырніцу. Пташнікаў.

5. Нахіл зубоў пілы ў процілеглыя бакі адносна яе плоскасці. — Не пацягнуць [пілы]. Мусім па два разы рабіць. — Развод малаваты, — растлумачыў Вежавец. Грахоўскі.

•••

На развод — а) з мэтай развесці, размножыць (пакідаць, даваць каго‑, што‑н.); б) вельмі мала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць, зак., каго што.

1. Агледзець, дагледзець усё, многае або ўсіх, многіх. Артур палез па кішэнях шукаць Наталлінага адраса. Уміг ён перагледзеў некалькі замурзаных блакнотаў, памятых .. паперак і — дарэмна. Гартны. І вось Янка ў кабінеце дырэктара. Ён пачакаў, пакуль той перагледзеў нейкія паперкі, потым кашлянуў. Прокша. // Прагледзець нанава, яшчэ раз з мэтай праверкі. Тамаш зноў хутка перагледзеў прыёмнік ... і зноў навушнікі маўчалі, нібы нямыя. Краўчанка. [Сяргей Сяргеевіч:] — У пятніцу вечарком я накапаў чарвякоў, перагледзеў снасці, а назаўтра .. мы ўжо кацілі на Змітраковым «буланчыку» па гладкай шашы на ўлюбёныя мясціны майго сябра — прыгожы высокі бераг Бярэзіны. Ляўданскі.

2. Разгледзець, абмеркаваць што‑н. нанава, яшчэ раз для ўнясення якіх‑н. змен, паправак. Перагледзець штаты устаноў. Перагледзець нормы выпрацоўкі. □ Само жыццё прымусіла пісьменніка перагледзець твор, бо рэчаіснасць дала яму новы цікавы матэрыял. Кучар. — Дзеля справядлівасці, даражэнькі, трэба перагледзець табе тваё рашэнне, — хмурачыся, казаў далей Гапоненка [Міхалу Пятровічу]. Капусцін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а... 1, (а таксама аб..., аб’..., аба...), прыстаўка.

Абазначае: 1) пашырэнне дзеяння на ўсю паверхню прадмета, накіраванасць яго вакол або па краях прадмета: агарадзіць, агледзець, абяліць, акарыць, атынкаваць, ахапіць, акаваць, ахінуць, абпаліць, аб’ехаць, абабіць; 2) накіраванасць руху міма прадмета, абмінанне яго: абысці (лужыну), абагнуць (балота); 3) ахоп дзеяннем многіх асоб, прадметаў, пашырэнне дзеяння на ўсе прадметы, на ўсіх асоб: абабегаць (усе хаты), адарыць, абдзяліць (падарункамі); 4) празмернасць якога‑н. дзеяння: аб’есціся, абпаіць, абкарміць; 5) перавагу над кім‑, чым‑н. пры выкананні дзеяння: абагнаць, апярэдзіць; 6) (з часціцай ‑ся) наяўнасць недахопу, памылкі ў дзеянні: агаварыцца, абмовіцца; 7) забеспячэнне чым‑н. у працэсе дзеяння: абвадніць, аблясіць (сухія стэпы), аснасціць, абдзернаваць; 8) ператварэнне ў каго‑, што‑н., станаўленне кім‑н., наданне якіх‑н. уласцівасцей, якасцей (у выніку дзеяння): аграмадзіць, ашчаслівіць, ажаніць, ажывіць, абрадаваць; 9) дасягненне выніку дзеяння, стану: адзічэць, адубець, аўдавець, абрыдзець, апасці, асесці, ажывіцца, аблезці.

а... 2, (а таксама ан...), прыстаўка.

Абазначае адсутнасць прыметы, уласцівасці, паказанай у асноўная частцы слова (без прыстаўкі): амаральны, апалітычнасць, алагічны, анаэробы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагле́дзець, ‑гледжу, ‑гледзіш, ‑гледзіць і праглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; зак.

1. што. Бегла прачытаць што‑н., азнаёміцца з чым‑н. Але наўперад гэтыя брашуркі і лісткі трэба было прагледзець, адабраць, бо шмат якія з іх ужо аджылі свой век і страцілі надзённую актуальнасць. Колас. Камандзір палка прагледзеў дакументы і з цікавасцю пачаў слухаць тлумачэнне. Машара. [Дзед:] — Цяпер пойдуць дні рэпетыцый. Трэба праглядзець увесь рэпертуар гэтага года. Караткевіч. // Агледзець што‑н. з мэтай праверкі. Інакш кажучы, стала ясна: трэба нанава прагледзець звяно за звяном і пачаць з гарачых цэхаў. Карпаў. [Настаўнік] праглядзеў сшыткі вучняў трэцяга класа. Кавалёў.

2. каго-што. Не заўважыць, празяваць, прапусціць. Ваню Чакая Уля прагледзела. Спадзявалася ўбачыць уперадзе, а ён вынырнуў ззаду. Паўлаў. [Верка:] — Гэта ж бачу, пайшоў [Кастусь] на канюшню, глядзела, глядзела і ледзь не праглядзела. Гаўрылкін. // перан. Удзяліць недастаткова ўвагі каму‑, чаму‑н.; не даглядзець. [Шыковіч:] — І я не сказаў бы, што сын мой Уладыслаў — гультай і [лежабок]. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелі. Шамякін.

3. што і без дап. Правесці некаторы час у разглядванні чаго‑н., у назіранні за чым‑н.

•••

Вочы прагледзець — углядаючыся, доўга чакаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. абвёў, ‑вяла, ‑вяло; зак.

1. каго-што. Правесці каго‑н. вакол чаго‑н. // Правесці кружным шляхам, мінуўшы што‑н. // У футболе, хакеі — ведучы мяч, шайбу, абысці праціўніка.

2. каго-што і без дап. Правесці чым‑н. вакол чаго‑н., зрабіць кругавы рух. Абвесці ўказкаю граніцы дзяржавы. Абвесці рукой вакол сябе.

3. Водзячы каго‑н., пабыць у многіх месцах. Абвёў яе [жонку] па ўсіх павільёнах, паказаў мічурынскі сад. Васілевіч.

4. каго-што, чым. Апаясаць, акружыць, акаймаваць што‑н. чым‑н. Шляхі і крыніцы, Нават сны, як гарой, Абвяла чараўніца Васільковай каймой. Танк.

5. што чым. Абнесці, абгарадзіць (плотам, сцяной), абкапаць ровам. Абвесці сад агароджай.

6. што. Абчарціць, абмаляваць лініямі, рыскамі. Абвесці рамкай тэкст. // Прачарціць па намечаных контурах. Абвесці узор чарнілам.

7. перан.; каго. Ашукаць, абдурыць. Гэты Грамадка не хлапчук, каб яго можна было абвесці. Хадкевіч.

•••

Абвесці вакол (кругом) пальца — спрытна, хітра ашукаць. [Прыборны:] — Андрэй усіх гітлераўскіх фельдмаршалаў вакол пальца абвядзе і ў дурнях пакіне. Шамякін.

Абвесці позіркам (поглядам, вачамі) каго‑, што‑н.агледзець. Настаўнік абвёў усіх поглядам і спыніўся на Антоне... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)