струме́ніць, ‑ніць; незак., што і без дап.

Цячы струменем, струменямі. Вясна-красна Прыйшла да нас, Са стрэх вада струменіць. Хведаровіч. Тапурыя дапамог .. [Тарыелу] ўстаць і амаль непрытомнага давёў да маленькага ручая, што струменіў з-пад каранёў дрэў. Самуйлёнак. Ёсць лажок сярод жыта, Дзе струменіць крыніца. Калачынскі. // перан. Вылучаць, пашыраць струменем (пах, святло і пад.). І дуб-крапак і куст малы Стаяць у мудрым задуменні, А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас. Незлічоныя стагі цямнелі на росна-шызым абшары, струменілі той асаблівы водар, які бывае ў сена, не кранутага дажджом. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцячы́, сцяку, сцячэш, сцячэ; сцячом, сцечаце, сцякуць; пр. сцёк, сцякла, ‑ло; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Збегчы па нахіленай паверхні ўніз (пра вадкасць). Як сцякла вада і тужэла зямля, абмытае каменне на ўзлеску блішч[а]ла пад сонцам. Чорны.

2. Знемагчы ад страты крыві. А калі знянацку куля Абарве маё жыццё, Помні, за цябе, матуля, Сын крывёю чыстай сцёк. Астрэйка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вычарпацца, скончыцца. Калі ёсць мукі скрыня, то і свіння — гаспадыня, а калі мука сцячэ, дык і гаспадыня не спячэ. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успамі́н, ‑у, м.

1. Узнаўленне ў думках таго, што захавалася ў памяці. Вярнуўшыся ў купэ, Рыта зноў падсела да акна і аддалася ўспамінам аб сваіх нядаўніх універсітэцкіх сябрах. Васілевіч.

2. толькі мн. (успамі́ны, ‑аў). Запіскі, расказы аб мінулым, перажытым. Пісаць успаміны. Вечар успамінаў. □ Усе слухалі ўспаміны старога, нібы казку, — жывы летапіс сваіх мясцін. Новікаў. — Ну, калі на тое пайшло, што заняліся ўспамінамі, — усміхнуўшыся, загаварыў Катлярэвіч, — то і мне ёсць пра што сказаць. Гурскі.

•••

Лёгкі на ўспамін гл. лёгкі.

На ўспамін — для таго, каб доўга помнілі, не забывалі каго‑, чаго‑н. (даць, падарыць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хараство́, ‑а, н.

1. Сукупнасць якасцей, якія прыносяць задавальненне, асалоду зроку, слыху; усё прыгожае і прыемнае. Хараство беларускай прыроды. Хараство мора. □ Здаецца, дзеля таго толькі і сходзяць.. [летнія ночы] на зямлю, каб паказаць, што ў цёмнай цішыні ёсць і паэзія і хараство. Колас. Жніво для.. [Зіны] — гэта нават і не работа, а толькі асалода, не той занятак, ад якога баліць і ные спіна, а суцэльнае хараство і ўцеха. Кулакоўскі.

2. Краса, прыгажосць, чароўнасць. Хараства такога ў свеце Не было, не будзе; Аб ёй [Бандароўне] людзі гаварылі, Як аб нейкім цудзе. Купала.

•••

Не з хараства ваду піць гл. піць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штурва́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да штурвала, які з’яўляецца штурвалам. Штурвальны трос. □ За мачтай цямнела нерухомая постаць рулявога матроса. Час ад часу ён круціў штурвальнае кола. Самуйлёнак. // Які ажыццяўляецца з дапамогай штурвала. Штурвальнае кіраванне. // Прызначаны для штурвала; звязаны з месцам, дзе размешчаны штурвал. Штурвальная калонка. Штурвальная рубка. Штурвальны мосцік.

2. у знач. наз. штурва́льны, ‑ага, м. Асоба, якая кіруе штурвалам (судна, камбайна); рулявы (у 2 знач.). — Поўны наперад! — Ёсць поўны наперад! — чуецца голас штурвальнага. Бяганская. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў.. Амархан. Другі тыдзень ён працаваў памочнікам штурвальнага. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бог, -а, мн. багі́, -о́ў, м.

1. Паводле рэлігійных уяўленняў — вярхоўная ўсемагутная істота, якая стварыла свет і кіруе ім.

Старажытнарымскія багі.

2. (з вялікай літары). У хрысціянстве: трыадзінае бажаство, творца і ўсеагульны сусветны пачатак — Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы.

3. перан. Выдатны спецыяліст у якой-н. справе.

Б. электразваркі.

Божа збаў (разм.) — ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах.

Дай (не дай) бог (божа; разм.) — пра пажаданні чаго-н.

Крый бог (разм.) — ужыв. як засцярога ад чаго-н., як забарона рабіць што-н. небяспечнае.

Напрамілы бог (разм.) — што ёсць сілы, вельмі прасіць аб чым-н.

Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць) (разм.) — ужыв. як пажаданне пазбаўлення ад чаго-н. непрыемнага.

Памагай бог (разм.) — пажаданне поспеху, удачы ў працы, добрай справе.

Як бог дасць (разм.) — як прыйдзецца.

Як у бога за пазухай (разм.) — без асаблівага клопату, пры поўным забеспячэнні.

|| прым. бо́жы, -ая, -ае і бо́жы, -ая, -ае, бо́скі, -ая, -ае і бо́скі, -ая, -ае.

Боскае стварэнне.

Божая кароўка — жучок чырвонай або жоўтай афарбоўкі з чорнымі кропкамі.

Кожны божы дзень — штодзённа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

а², злуч.

1. Злучае сказы і члены сказа са знач. супрацьпастаўлення, супастаўлення.

Ён паехаў, а я застаўся.

Гэта ж не восень, а ранняя вясна.

Яна пачала суцяшаць, а ў самой аж сэрца разрываецца ад жалю.

Факт ёсць факт, а дакумент застаецца дакументам.

2. Далучае сказы або члены сказа са знач. дабаўлення чаго-н. пры паслядоўным апісанні, паяснення, узмацнення, пярэчання, пераходу да другой думкі.

Гарыць агонь, а на агні гатуецца вячэра.

Навокал лес, а за лесам — балота, а за балотам — рэчка.

А тозлуч.

1) Іначай, у адваротным выпадку.

Бяжы, сынок, а то спознішся;

2) Аказваецца, а на самай справе.

Каб хоць рэчка была, а то ручаёк нейкі;

3) Далучае сказы і члены сказа, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць папярэднюю думку.

Змрокам, а то і пазней, людзі ішлі дадому;

4) Ужыв. пры ўгаворванні, пажаданні.

Пабудзьце яшчэ.

А то пераначавалі б;

5) Або, ці.

Хлопчык бегаў, смяяўся, а то хаваўся за дзеда.

А не то (дык)злуч. Тое, што і «а то» (у 1 знач.).

Дапамажыце, а не то я скардзіцца буду.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Галайстра́ ’галота’ (БРС). Бліжэйшыя адпаведнасці ва ўкр. мове. Параўн. укр. гала́йстра ’натоўп, гурт народу, дзяцей’, хала́йстра, хала́стра ’зброд’ (прыклады са слоўніка Жэляхоўскага), галайстра́ ’натоўп дзяцей’ (паўночнанадднястроўскае). Паколькі ва ўкр. мове гэтыя словы ў заходніх дыялектах, то можна меркаваць, што яны запазычаны з польск. мовы. Параўн. польск. chałastra, hałastra, hałajstra ’тс’. Гэта слова ёсць і ў чэш. мове (halastra, chalastra ’тс’, у ляшскіх гаворках) і ў славац. (hajstra, hajštra, hojštra ’грубая жанчына’). Лічыцца словам няяснага паходжання (Махэк₂, 157; Брукнер, 175, 676; апошні дае вельмі няпэўную этымалогію: магчыма, звязана з chátra, chasa, чэш. словамі для «зброду»). Адносна бел. слова можна толькі меркаваць, што яно, як і ўкр. слова, запазычана з польск. мовы. Падрабязны агляд этымалагічных версій гл. у Слаўскага, 1, 398.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варо́ты ’вароты’, ворота ’дзверы ў хляве’ (Шушк.). Ст.-рус. ворота, рус. воро́та, укр. воро́та, польск. wrota, чэш. vrata, ст.-слав. врата, балг. врата́, серб. вра́та ’дзверы’ і г. д. Прасл. *vorta ’вароты, дзверы’ (мн. л. да назоўніка н. р. *vorto ’тс’, які не захаваўся) — утварэнне суфіксам ‑t‑ да прасл. кораня *ver‑: *vor‑ ’адкрываць, закрываць і да т. п.’ Падобныя ўтварэнні ёсць і ў іншых і.-е. мовах: літ. var̃tai мн. л., лат. vàrti мн. л. ’вароты, дзверы’, прус. warto, ст.-англ. weorð, worð ’агароджа каля будынка’, тахар. B wärto, warto ’сад’, ст.-інд. vr̥tís ’агароджа’ (Фасмер, 1, 354–355; Траўтман, 353; Махэк₂, 699; Шанскі, 1, В, 168; Брукнер, 632–633 і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабі́зна1 ’спадчына ад бабулі’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Укр. баби́зна, польск. babizna ’тс’. Утварэнне ад ба́ба1 (гл.) суфіксам ‑izna (параўн. otьčizna), які выступаў з абстрактным значэннем, што часта канкрэтызавалася (і тады націск пераходзіў на першы склад суфікса ‑izna). Утварэнне babizna1, як бачым, ёсць толькі ў некаторых слав. мовах.

Бабі́зна2 ’вялікі баязлівец’, ’высакарослая жанчына’ (Нас.). Суф. ‑izna ўтвараў абстрактныя і калектыўныя назоўнікі, што часта канкрэтызаваліся, а ў некаторых мовах атрымлівалі і пейаратыўнае значэнне (параўн. і ст.-польск. mężczyzna — калектыўны назоўнік, які пазней стаў азначаць адну асобу; Брукнер, 327). Бел. слову дакладна адпавядаюць: чэш. babizna ’агідная, брыдкая, злосная баба, старая жанчына’, славац. babižna, babizeň ’старая або агідная жанчына, баба’. Аб пейаратыўнай функцыі ‑izna гл. Оберпфальцэр, Rod, 157.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)