цвердзь, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць і стан цвёрдага (у 2 знач.); цвёрдая маса, паверхня. Давёўшы.. [запаску] да пэўнай цвердзі, узяліся здымаць спушчанае кола. Кулакоўскі. Як у ім [снягу] добра, як у пуху, няма ніякай цвердзі. Лобан. // Уст. Зямля. Калі.. [Андрэй] жывы і вам здарыцца сустрэць яго, перадайце яму: калі б нават раскалоліся цвердзі зямныя і валілі зямлю прорвы нябесныя, Рынальда Марчэла не здрадзіць дружбе. Краўчанка. // Купал неба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыстапаро́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які належыць да якой‑н. адной пароды, мае ўласцівыя ёй прыкметы (пра свойскую жывёлу). Чыстапародная жывёла, сытыя цяляты на адпоі, такія аднолькавыя і чысценькія, што нават далёкаму ад сантыментаў мужчыну хочацца цалаваць іх у зорачкі на лбе. Караткевіч. // Які складаецца з такой жывёлы. Чыстапародны статак.
2. Звязаны з якой‑н. адной пародай; які праводзіцца без змешвання з іншымі пародамі. Чыстапароднае развядзенне сельскагаспадарчай жывёлы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ко́раб ’пасудзіна, сплеценая з лубу, саломы і пад.’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., КЭС, лаг., Бяльк., Нар. сл., З нар. сл.), корабам стаць ’павялічыцца, расшырыцца (пра галаву)’ (Жыв. сл.), поўны кораб, сем корабаў, як з кораба ’у вялікай колькасці’ (ТСБМ). Укр. короб, рус. короб, ст.-рус. коробъ ’тс’, славен. kraba ’каробка’, польск. kroba ’плеценая каробка’. Мы не бачым магчымасці для рэканструкцыі прасл. korbъ, паколькі няма надзейных паўднёваславянскіх адпаведнікаў. Славен. kraba — новае запазычанне з іншых славянскіх моў (Безлай, 2, 77). Таму трэба вярнуцца да этымалогіі Міклашыча (130), згодна з якой у гэтым выпадку мы маем справу з запазычаннем з лац. corbis ’карзіна’ (непасрэдна або праз с.-в.-ням. korb ’тс’). Гл. таксама Бернекер, 1, 568–569; Брукнер, 267. Фасмер (2, 331), які зыходзіць выключна з фанетычных крытэрыяў, разглядае лацінскія, германскія і нават літ. kar̃bas, лат. kar̂ba як спрадвечна роднасныя са славянскімі. Параўн. Фрэнкель, 220, дзе балтыйскія лексемы лічацца славянізмамі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нура́ 1 ’маркота; знясіленне’ (Нас., Касп.), ну́ра ’знясіленне’ (Яруш., Гарэц.), нуря́ ’мучэнне’ (Бяльк.), нуры́ць ’марыць, мардаваць; падаць тварам на зямлю’, нуры́цца ’маркоціцца, мардавацца’ (Нас.), параўн. рус. ну́ра ’маўклівы, пануры чалавек’ (пск., цвяр.), ну́рить ’прымушаць; знясільваць, мучыць; маркоціцца, бедаваць; гнаць, паганяць’, польск. nurzyć ’апускаць (у ваду)’, у тым ліку nurzyć oczy w ziemie ’быць панурым, апускаць галаву’. Параўноўваюць са ст.-слав. изноурити ’грабіць, нападаць’, изноурение ’здабыча’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай; больш блізкае балг. дыял. нюрим ’заўсёды маўчаць, нават калі пытаюць’, што адпавядае літ. niū́roti ’глядзець з-пад ілба, панура стаяць’. Звязана чаргаваннем з *noriti, гл. нор, нурэц, ныра́ць, пануры. Змякчэнне можа мець экспрэсіўны характар. Да семантыкі параўн. фразеалагізм як у ваду апушчаны ’сумны, маркотны, маўклівы’.
Ну́ра 2 ’ніцма’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, да нур! — выклічнік, што імітуе раптоўнае заглыбленне ў ваду, параўн. рус. нуром ’уніз, уперад галавой упасць’. Гл. папярэдняе слова і нуры́ць ’падаць уніз тварам’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба 1 выклічнік, які выказвае здзіўленне (Бяльк.). Рус. ба, укр. ба, балг. ба, серб.-харв. ба ’тс’. Першасны выклічнік, вядомы і ў іншых мовах (параўн. ням. ba, франц. bah, тур. ba). Гл. Бернекер, 36; Праабражэнскі, 1, 10; Фасмер, 1, 99; БЕР, 1, 22. Параўн. ба 2. Памылкова Макарушка, Словар, 4 (запазычанне з тур. мовы).
Ба 2 злучнік, гл. КЭС. Магчыма, захаваўся ў бел. са значэннем ’каб, калі б’ (Нас.: «Ба, калі б гэта спраўдзілася»). Укр. ба, польск. ba, чэш. ba, славац. ba ’нават’. Слав. ba, роднаснае літ. bà, лат. ba, ст.-грэч. φή, ст.-іран. bā, гоц. ba. Іншая аблаутная форма гэтага злучніка — слав. bo ’таму што’ (гл.). Бернекер, 36; Траўтман, 22 і наст.; Фасмер, 1, 99; Махэк₂, 39; Слаўскі, 1, 24; параўн. таксама Развадоўскі, RO, 1, 102. Да праформы (*bо : *bā) і ўжывання злучніка гл. Шавялоў, Prehistory, 117. Брукнер (9) дапускае магчымасць ідэнтычнасці паходжання ba 1 і ba 2.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́рмія. Рус. армия (з 1705; армея з 1704), укр. армія, польск. armia (з XVII ст.). Саднік-Айцэтмюлер, 1, 29. Вытворныя сведчаць аб аснове з ‑е‑: армейскі, армеец. Ст.-бел., ст.-укр. армея (Бярында), таму наўрад ці патрэбна лічыць зноў запазычаным у XIX ст., як Гіст. лекс., 245, ці нават XX ст., як Гіст. мовы, 2, 148, хаця, магчыма, рускі ўплыў у гэты час садзейнічаў замацаванню слова. Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 122) прапануе для ўкраінскай, паводле Агіенка, Иноз. элем. 70 (які аб гэтым гаварыў для рускай мовы), польскае пасрэдніцтва. Паўтарак (Бел. лекс., 135) прапануе шлях: заходнееўрапейскія мовы > польская > руская > украінская і беларуская. Паводле Шанскага, 1, А, 145, рускае з нямецкай; Фасмер, 1, 87 — з нямецкай ці французскай, Брукнер (7) лічыць польскае з нямецкай. Беларуская і ўкраінская маглі быць, як і польская, пасрэднікамі для рускага слова, нельга выключыць украінскую мову як магчымую крыніцу пераходу е > і (Саднік-Айцэтмюлер, там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пе́начка ’птушка атрада вераб’іных, Phylloscopus’ (ТСБМ). Укр. пі́ночка, рус. пе́ночка ’тс’, дыял. ’малінаўка’, польск. pienka ’сітаўка, (жоўтая) пліска’, ст.-польск. ’шчыгол’, ’зяблік’, н.-луж. pěnica, чэш. pěnice, славац. penica, славен. pẹ́nica, peníca ’валасянка’. Няма адзінай думкі наконт паходжання. Сной (Бязлай, 3, 25) зыходзіць з прасл. *pě(g)nica/*pęga ’невялікая пеўчая птушка’, пацвярджаючы супастаўленне Міклашыча (245) з літ. spigti ’свістаць, шчабятаць’, speñgti ’звінець, гудзець, шумець’. Махэк₂ (443) мяркуе, што pěnice паходзіць з *pěhnice < pěhza ’валасянка’, паходжанне якога няяснае. Брукнер (409) звязвае польск. pienka з пянька́ (каноплі), Мараўскі (Sprawozdania Poznańskiego TPN, 1, 1928, 37) і Сакалоўскі (Ptaki ziem pol., 2, W-wa. 1952, 162) выводзяць слова з гукапераймання pink‑pink, якое стала падставай нават для ням. Fink (ст.-в.-ням. fincho ’зяблік’), англ. finch, італ. pincione, грэч. σπίγγος ’тс’, гл. Струтыньскі, 95, які мяркуе, што pěnъka узнікла на слав. глебе. Беларуская назва, хутчэй за ўсё, запазычана з рускай мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
захіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Засланіцца, прыкрыцца чым‑н. [Сотнікаў] захінуўся рукавом, але ад таго кашаль стаў і яшчэ больш нястрымным. Быкаў. / у перан. ужыв. Пакрывалам бялёсых туманаў захінуўся шырокі прастор. Машара. // Пасунуўшыся, закрыцца. Нават пасля таго, як захінулася заслона, гледачы ніяк не маглі суняцца ад смеху. Ус.
2. Ахінуць сябе чым‑н., закруціцца ў што‑н. Міхаліна захінулася кажушком і пайшла. Грамовіч. [Гвардыян] мацней захінуўся ў футра і няпэўнаю ступою пасунуўся да дзвярэй. Зарэцкі. // Разм. Захінуць на сабе краі вопраткі. — Халат расшпіліўся, захініся.
3. Схавацца дзе‑н., за што‑н. Захінуцца за вугал. □ Я захінуўся за куст, насцярожыўся — у цемры расла, набліжалася да лазняку чыясьці постаць. Сачанка. А як жа.. [Танечку] не знайсці, калі яна стаіць побач з табой, рукой дастанеш! Нават не здагадаецца захінуцца куды-небудзь пад ложак ці пад канапу. Рылько. Куды ў пануры гэткі дзень ісці? Дзе захінешся, куды дзенешся? Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перасе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і перасядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1. Прасядзець, прабыць дзе‑н. даўжэй, чым трэба. // Сапсавацца ад доўгага сядзення (у печы і пад.). Хлеб пераседзеў і адпёкся.
2. каго. Прасядзець, пасядзець даўжэй за каго‑н. Неяк, пераседзеўшы ў бібліятэцы ўсіх, нават самых старанных да вучэння, мы спускалася з Трусам па сходах. Лужанін. [Андрэй] бачыць, як яна ходзіць па лазні, нават не сагнецца — Верна не баіцца духу, пераседзела б на палку любога мужчыну з вёскі. Пташнікаў. Закаханых перасядзець было нельга: яны не развітваліся да світання. Навуменка.
3. што і без дап. Праседзець, прабыць дзе‑н. некаторы час, чакаючы канца чаго‑н. Пераседзець ноч каля агню. Пераседзець дождж у хаце. □ Бацька пераседзеў недзе ў людзей вечар. Чорны. — Труслівага смерць і на печы знойдзе, — адрэзаў Сымон Балатніцкі. — У кустах не пераседзіш. Гурскі. [Дзед Мікалай] расказваў, што перасядзеў у Махавым усю страляніну, пакуль нашы не прыйшлі. Сяркоў.
4. што. Адседзець да здранцвення. Пераседзець нагу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карава́й, ‑я, м.
Вясельны абрадавы пірог круглай формы. Віншаваць са шчасцем пойдуць [людзі] маладых, Каравай пшанічны панясуць да іх. Кляўко. Адно хіба не хапала таго, каб мы з Ірай сталі пад вянец, а астатняе ўсё было: нават дзялілі каравай. Сабаленка. // Вялікая булка, спечаная для якой‑н. урачыстасці, свята. Ваша свята — наша свята! І выносяць залаты Каравай нам з першай хаты Украінскія браты. Панчанка. На чужы каравай рота не разявай. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)