пузы́р, ‑а, м.
1. Напоўнены паветрам або газам шарык, які ўтвараецца ў вадкасці або ў вадкай масе. Пузыры ў шкле. Пузыры ў цвеце. □ На месцы.. [варонак] б’е з-пад нізу вада,.. бугрыцца і так жа раптам знікае, пакінуўшы на паверхні празрыстыя пузыры, якія ледзь паспяваюць за быстрынёй. Лынькоў.
2. Балючае ўздуцце скуры (ад апёку, трэння і пад.), пустое або напоўненае вадкасцю; пухір. Далоні, нацёртыя тронкам, зачырванеліся, на іх выскачылі вадзяныя пузыры. Васілевіч.
3. Мяшок, шар у целе жывёлы або чалавека, які звычайна змяшчае ў сабе якую‑н. вадкасць. Мачавы пузыр. Плавальны пузыр. Жоўцевы пузыр.
4. Гумавы мяшок, напоўнены лёдам, халоднай або гарачай вадой, які прымяняецца з лекавымі мэтамі. Люба ўсміхнулася зноў-такі з іроніяй і паправіла пузыр з лёдам на галаве хворага. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скараспе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які хутка дасягае спеласці (пра расліны, плады, сельскагаспадарчую жывёлу). Скараспелая парода жывёлы. □ Вясковыя бабы ўжо спрабавалі мацаць на гародах скараспелую бульбу. Чыгрынаў. Побач з нашымі мясцовымі пародамі — дубам, сасной, ялінай, скараспелай асінай — лістоўніца павінна заняць ганаровае месца. Мяжэвіч. // Які мае адносіны да развядзення хутка паспяваючых парод, сартоў. Скараспелая мясная жывёлагадоўля.
2. перан. Разм., часцей іран. Які рана і без належнай падрыхтоўкі выступіў на якой‑н. ніве дзейнасці. Скараспелы паэт.
3. перан. Разм. Занадта хутка зроблены, атрыманы; паспешны, неабдуманы. І. Замоцін не прызнаваў скараспелых метадалагічных і тэарэтычных канцэпцый. Мушынскі. Памятай: нішто так не губіць чалавека, як скараспелая слава! Шашкоў. Пасля гаворкі з Паўлам Квітуном Міхаль цвёрда надумаў ажаніцца з Любай, але ўжо назаўтра рашэнне гэтае здалося яму вельмі скараспелым. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ску́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Памянш. да скура (у 1 знач.). Можна было б, вядома, знайсці, а то і самому вырабіць яшчэ адну скурку па бубен, ды нешта не з’яўлялася ўжо цяга да такіх турботаў. Кулакоўскі. // Тонкая маладая скура. Кроў прасочваецца праз тонкую аксамітную скурку. Крапіва. У фізрука на галаве тонкаю маладою скуркаю дыхала глыбокая рана. Адамчык. // Разм. Тонкае празрыстае покрыва па некаторых гастранамічных вырабах (каўбасе, сыры і пад.), плеўка. На стале былі акуркі, ад кілбас шнуркі і скуркі, ля стала стаяла урна — жыў мядзведзь больш-менш культурна. Шушкевіч.
2. Невялікая вырабленая шкура жывёлы (звычайна для пашыву шапак, каўняроў і пад.). [Багуцкі:] — Якія ж скуркі, галоўным чынам, цікавяць вашу фірму? [Прадстаўнік фірмы:] — О-о... розныя... Вавёркі, выдры... Лынькоў.
3. Верхняе покрыва, абалонка пладоў. Скурка яблыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́чала, ‑а, н.
1. Набітая чым‑н. скура жывёлы або птушкі, якая знешнім выглядам нагадвае жывую жывёлу ці птушку. Чучала мядзведзя. □ — А я зрабіў у падарунак школе чучала палярнай савы, — паведаміў Тынэлькут. — Яна зусім як жывая. Бяганская. Калі на палях заканчваюцца ўсе работы, можна добра папаляваць з чучаламі на цецерукоў. Ігнаценка. // Фігура чалавека, зробленая з гліны, воску, саломы або набітай чым‑н. адзежы чалавека. У тэатрах і кабарэ загулялі чучалы Вільгельма і Франца-Язэпа. Гартны.
2. Пра неахайнага, бруднага, непрыгожа апранутага чалавека. [Насця:] — Ну, паглядзі ты [Кузьма] на сябе: на каго ты падобен у гэтым рызмане? Дзе ж ёсць другое такое пудзіла на свеце? Не чалавек, а чучала! Колас.
3. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Чучала! — паслаў.. [стражніку] Рыгор удагон і ў момант выпусціў з памяці паліцэйскага. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Бурва́лак 1 ’невялікі ўзгорак, сухое месца на нізіне’ (Янк. Мат.). Відаць, памяншальнае ад *бурва́л, параўн. рус. бурева́л (Даль) ’лес паломаны і звалены бурай’, бел. бурава́л (да буря, бура і валіць, валить). Невядома ці ёсць нейкая сувязь з літ. bùrvalkis ’сцежка, пратаптаная статкам жывёлы’ ці ст.-літ. burvalkas ’прадмесце’ (прус. burwalkan ’двор’). Аб літ. словах гл. Фрэнкель, 1, 533.
Бурва́лак 2 бушва́лак (жарт.) ’кавалак бервяна; моцны, прысадзісты (камлюкаваты) чалавек’ (Сцяц.). Няясна. Магчыма, таго ж паходжання, што і бурвалак 1, г. зн. < *бурва́л < бурава́л. Ускосна аб гэтым сведчыць і другая форма — бушва́лак, якая (з лінгвагеаграфічных меркаванняў: зах.), здаецца, з’яўляецца паланізаванай формай ад бурва́лак (параўн. польск. burza ’бура’). Непакупны (Latv. Vest., 1973, № 2, 81) лічыць гэта слова магчымым балтызмам (прус. burwalkan двор і г. д.’). Няпэўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зоб ’валлё, валляк’ (Бяльк. 3). Рус. зоб, укр. уст. зоб ’тс’ (Жэлях.), ст.-польск. zob ’корм для птушак’, чэш. zob ’корм для птушак’, славац. zob ’дзюба; дзёўбанне’, н.-луж. zob ’дзюба’, славен. zȏb ’цвёрды корм’, серб.-харв. зо̑б ’гатунак жыта, авёс (на корм)’, балг. зоб ’зерне для корму жывёлы’. Ц.-слав. зобь ’авёс’. Ст.-рус. зобъ ’корм’ (XII∼XVI стст.), ’валлё’ (XVII ст.). Прасл. zobъ ’корм’, zobati ’есці’. Параўн. літ. *žė́beti ’есці’, лат. zebenieks ’мех з аўсом’, ст.-інд. já(m)bhate ’хапае’, ірл. gop ’рот, дзюба’, ням. Kiefer ’дзюба’, ст.-англ. cealf ’сківіца’. І.‑е. *gʼebh‑ ’дзюба, рот, есці’. Покарны (1, 382) сюды ж адносіць жабры (гл.). Шанскі, 2, З, 103; Фасмер, 2, 102; Махэк₂, 718; Скок, 3, 659–660; БЕР, 1, 650–651; Траўтман, 364.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казя́ўка ’ўсякае маленькае насякомае, кузурка’ (БРС, ТСБМ, Грыг., Касп., Сержп. Прымхі). Дакладны адпаведнік — у рус. козявка. Недастатковая інфармацыя як з бел., так і з рус. гаворак не дазваляе меркаваць з упэўненасцю аб статусе гэтага слова, магчыма, усх.-слав. утварэнне, а магчыма, рэгіянальнае бел.-рус. Утворана, відаць, ад казява ’маленькае насякомае, жук’, якое далей да коза (каза 1). Фармальная сувязь з назвай жывёлы відавочная, параўн. рус. пск., смал. козявка ’козлы для распілоўкі дроў’, цвяр. козява ’жук’ і інш. Назва магла быць утворана суфіксальным спосабам ад каза 1, а магла быць і пераносам ад казява ’каза’, апошняе менш верагодна, паколькі рэальна яно не засведчана ні ў рус., ні ў бел. гаворках. Матывацыя назвы: наяўнасць (мяркуемая) зааморфных адзнак у насякомага (магчыма, і канкрэтнага), паводле якой і ўтвараецца тэрмін.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кату́х ’хлявок, закутак’; ’будка, засек’ (БРС, Касп.), ’куратнік’ (Шат.), ’катух, хлявок; закутак, дзе сыплюць на зіму бульбу’ (Сцяшк., МГ); ’катух, сплецены з саломы вялікі кошык’ (Бяльк.); ’адгароджанае месца ў гаспадарчым будынку; яслі’ (Сл. паўн.-зах., 2), пашырана выключна ва ўсх.-слав. мовах. Параўн. рус. дыял. коту́х ’памяшканне для свойскай жывёлы, хлеў; куратнік; сабачая будка; заканурак’ і г. д., укр. дыял. коту́х ’невялічкая будова для птушак’. Паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 208 (тут і агляд слав. матэрыялу), вытворнае з суф. ‑uxъ ад прасл. *kotъ, вядомага толькі ў некалькіх слав. мовах. Параўн. серб.-харв. дыял. ко̑т ’закутак для свойскіх жывёл, для маладняку’, ст.-чэш. kot, kót ’будка, лаўка’ (гл. у Трубачова, там жа, II). Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 354; Трубачоў, там жа, 214–215.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́шасць, по́шусьць, по́шысьць, по́шэсць, по́шась ’хвароба, эпідэмія, зараза’, ’насланнё’, ’падзеж жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. МГ, Гарэц., Чач., Клім., Яруш.; нараўл., лельч., Арх. ГУ; Шат., Касп.; ваўк., Сл. ПЗБ; Мат. Маг., ТС, Бяльк.), ’парша’ (іўеў., Сл. ПЗБ), по́шліна ’пошасць’ (віл., Сл. ПЗБ), по́шарсць ’пошасць’ (Бяльк.). Укр. по́шесть, по́шерсть, рус. пск. по́шесть, польск. posześć, каш. poszedło ’эпідэмія’, чэш. pošlý ’здохлы’, славен. pošȃst ’здань, пачвара, шкодныя насякомыя’, харв. кайк. pȍšāst ’эпідэмія, чума’, ’дух, здань’. Прасл. *pošьstь ад по- (*po‑) і *šьd‑ (> бел. ішо́ў у гл. хадзіць; стараж.-рус. пошестиѥ ’рух’, ’імкненне’) паводле семантычнай мадэлі ’рух’ > ’эпідэмія’, тыповай для назваў эпідэмій у славянскіх мовах, параўн. рус. дыял. пове́трие, поша́ва, поша́тка. У гэтай групе шырока прадстаўлены прыст. по- са значэннем пачатку дзеяння. Сюды ж по́шлінь ’пошасць’ (Юрч. СНЛ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рачане́ц ’гадавіна’ (Арх. Федар.), ’падарунак на свята, святочны гасцінец’ (маладз., Гіл.), рача́нец (račánic) ’устаноўлены час’ (Варл.), ’рэжым’ (Сцяшк. Сл.), ’тэрмін’ (пух., рагач., Сл. ПЗБ), ’гадавое свята’ (Сцяц.), ’вялікае свята, якое святкуецца праз год’ (ваўк., віл., Сл. ПЗБ), часцей у мн. л. рачанцы́ ’тэрмін ачышчэння пасля родаў’ (Гарэц.), ’дванаццацідзённы тэрмін пасля нараджэння (жывёлы)’ (Касп.), ’пэўная колькасць дзён ад нараджэння, да заканчэння якіх за грэх лічылася ўжываць у ежу маладых жывёл’ (Нас., Янк. Мат.), рычанцы́ ’тэрміны, прызначаныя для выканання чаго-небудзь’ (Растарг.), сюды ж рачанца́ ’зрэдку, несістэматычна (пра ўжыванне ежы)’ (Янк. Мат.). Параўн. укр. речене́ць ’тэрмін’. Насовіч праз форму роченцы́ (Нас., 567) выводзіць з рок 1 ’год; устаноўлены тэрмін’ (гл.); першапачаткова, відаць, ад *рэчаны ’сказаны, абумоўлены’, што да ракці́ ’сказаць’, гл. рэкнуць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)