Анты́хрыст ’супраціўнік Хрыста > бязбожнік > неміласэрны’; анціхрыст (Нас.), анчихрыст (Рам; Карскі 1, 363); ст.-бел. антихристъ (XVI ст. Гіст. мовы 1, 307). Ст.-рус. антихрьстъ, ст.-слав. антихрьстъ. Агульнаславянскае слова. У розных славянскіх мовах развіты пераносныя лаянкавыя адценні гэтага слова, амаль ва ўсіх народных славянскіх мовах сустракаюцца фанетычныя змены, напр., субстытуцыя ц/ч замест т, таму нельга катэгарычна сцвярджаць на аснове формы з анці‑ аб яе паходжанні праз рус. мову, а на анты‑ праз польск. Напэўна, тут пераход у народную мову з царкоўнай, у якой з ст.-грэч. Ἀντίχριστος (Шанскі, 1, А, 117).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́ўгі ’доўгі’ (БРС). Рус. до́лгий, укр. до́вгий, чэш. dlouhý, славац. dlhý, польск. długi, балг. дъ́л(ъ)г, серб.-харв. ду̏г, ст.-слав. длъгъ. Прасл. форма *dьlgъ ’доўгі’. Праславянская лексема мае вельмі надзейныя адпаведнасці ў і.-е. мовах. Параўн. ст.-інд. dīrghás, авест. darəga‑, ст.-перс. darga‑, грэч. δολιχός, літ. ìlgas, хец. dalugaeš (мн. л.). Вельмі цікавай з’яўляецца дакладная адпаведнасць вытворнага прасл. *dьlgostь ’даўжыня’ і хец. dalugašti‑ ’тс’. Гл. Фасмер, 1, 524–525; Бернекер, 1, 251–252; Траўтман, 55; падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 5, 207–209 (з адпаведнай літ-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жакі́ ’дзеці, што хадзілі на каталіцкі вялікдзень з вітаннямі і рацэямі па хатах’ (валож., Жыв. сл., 41), ’валачобнікі’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал. жак ’вучань, студэнт’, укр. жак ’шкаляр, бурсак’ (Грынч.). Ст.-бел. жакъ ’каталіцкі царкоўны служыцель, шкаляр’ (1423–1438 гг., Булыка, Запазыч., 112–113). З польск. żak ’вучань, царкоўны служыцель’ (з XV ст., Рэчак) < чэш. žak < раманск. (магчыма, паўн.-італ. zago), с.-лац. zaco < лац. diacus < грэч. διάκονος (> дыякон, дзяк, гл.). Брукнер, 661; Фасмер, 2, 34; Голуб-Копечны, 441; Махэк₂, 721; Скок, 3, 670; Безлай, 1, 101.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Звер ’дзікая жывёла’. Рус. зверь, укр. звір, польск. zwierz, в.-луж. zwěrjo, н.-луж. zwéŕe, чэш. zvěř, славац. zver, славен. zvę̂r, серб.-харв. зве̑р, зви̏јер, балг. звяр, макед. sвер. Ст.-слав. звѣрь. Ст.-рус. звѣрь. Ст.-бел. звер (Скарына). Прасл. zvěrь < і.-е. gʼhu̯ēr‑ ’дзікая жывёла’: літ. žvėrìs, лат. zvērs, ст.-прус. він. скл. мн. л. swirins, грэч. θήρ, ‑ος ’звер’, лац. ferus ’дзікі’. Фасмер, 2, 87; Шанскі, 2, З, 79; БЕР, 1, 625; Скок, 3, 666–667; Голуб-Копечны, 440; Махэк₂, 720; Копечны, Zákl. zásoba, 429; Траутман, 374–375; Покарны, 1, 493.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кае́т ’сшытак’ (брэсц., Сіг.; зэльв., Сцяц.; зэльв., Сцяшк.), каета ’тс’ (бераст., Сцяшк.), каёт ’тс’ (маз., Мат. Гом.). Запазычанне даваеннага перыяду з польск. kajet ’тс’ (у літар. мове). Польск. kajet з франц. cahier ’тс’. Што датычыцца ‑t у канцы слова, то, паводле Слаўскага, 2, 24, яно з’явілася пад уплывам такіх запазычанняў з франц. мовы, як muszkiet, parkiet, portret, filut. Франц. выводзіцца з нар. лац. *quadernus < лац. quaternī ’па чатыры’, першапачатковае значэнне ’зложаны ўчацвёра, з чатырох лісткоў’. Параўн. яшчэ рус. тетрадь < с.-грэч. τετράδι(ον) ад τετράς род. скл. ‑άδος ’чацвёртая частка ліста’, гл. Фасмер, 4, 53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пардва ’белая курапатка’ (Дэмб. 1, 457; Інстр. II), парба ’тс’ (Інстр. II). Рус. пирдва ’балотны бакас, Scolopax gallinago’, польск. pardwa ’белая курапатка’, ст.-чэш. pardva ’птушка Totanus’. Пэўнай этымалогіі няма. Брукнер (396) дэфінуе яго запазычанне з рус. Фасмер (3, 205), наадварот, лічыць магчымым (з-за наяўнасці ‑ар‑) яго польскае паходжанне і рэканструюе як pbrdy, pbrdwe, якое аналагічна грэч. семантычнай мадэлі πέρδιξ ’курапатка’: πέρδομαι (гл. пярдзець) і ўзыходзіць да гукапераймання (ад шума крылаў пры ўзлёце). Пардва існуе ўжо у ст.-бел.; паводле Булыкі (Даўн. запазыч., 236), гэта запазычанне з польск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плане́та ’нябеснае цела’ (ТСБМ), плянэ́та ’тс’ (Яруш.), планэ́та ’тс’ (Шат.), ’поўня’ (ігн., Сл. ПЗБ), плане́та ’лёс’ (ТСБМ; Юрч. СНЛ), ст.-бел. планета, плянета ’планета’, лёс’ (1518 г.) запазычана са ст.-польск. planeta (м. р.), płaneta ’тс’, якія з лац. planēta, ст.-грэч. πλανήτης ’які блукае’ < πλανάεσθαι ’блукаць’, πλανάειν ’збівацца з дарогі’ (Фасмер, Этюды, 151; Праабражэнскі, 2, 67; Банькоўскі, 2, 597). Сюды ж плане́тнік ’кніга прадказанняў’ (Юрч. СНЛ), параўн. ст.-чэш. planetník ’прадказальнік лёсу паводле планет’ (Махэк₃, 454), польск. planetnik ’астролаг, які ўмее прадказваць лёс па зорках’, ст.-рус. планитникъ ’астролаг’ (XVII ст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праро́к ’прапаведнік волі Бога, пасланы Богам; прадказальнік будучыні, вяшчун’ (ТСБМ), прарок, прарока ’тс’ (Нас.), ст.-бел. пророкъ ’тс’. Рус. проро́к, укр. прарок, прорік, пророка ’тс’. У сучасных усх.-слав. мовах запазычанне са ст.-слав. пророкъ, што з’яўляецца калькай грэч. προφήτης ’прарок, прадвяшчальнік’. Ад *pro‑ (гл. пра-) і *rekti ’гаварыць’ (гл. Фасмер, 3, 465; ЕСУМ, 4, 600), параўн. ст.-бел. прорекуе (XVI ст.), паводле Карскага (1, 158), пад уплывам реку, ректи — “в живых белорусских говорах это слово неизвестно” (там жа, 261). Форма прарока па тыпу народных утварэнняў на ‑а, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыча́сце, прыча́сць ’абрад прычашчэння; віно з кавалачкамі просвіры, якое ўжываецца для прычашчэння’ (ТСБМ, Мік., Нас., Ласт., Др.-Падб.), параўн. таксама ў прыча́стку ’ўпрыкуску’ (ТС), ст.-бел. причастие, причастье (XVI ст.), рус. прича́стие, укр. прича́стя, балг. причастие, серб.-харв. при́чест ’прычасце’, макед. причест, ст.-слав. причѧстиѥ. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 74), з рус. причастие, аднак можа быць працягам ў старабеларускай мове царкоўнаславянскага слова, дзе, на думку аўтараў БЕР (5, 744), з’яўляецца аддзеяслоўным дэрыватам ад причастити, якое калькуе с.-грэч. κοτνώνω = лац. communicare ’аб’ядноўваць’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 583 (украінскае слова лічыцца непасрэдным запазычаннем са стараславянскай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Санда́лі ’лёгкія летнія туфлі без абцасаў, якія зашпільваюцца раменьчыкамі’ (ТСБМ), санда́лы, сандалэ́, санда́лі (Сл. ПЗБ), санда́л (Сл. Брэс.) ’тс’. Ст.-бел. сандаль ’сандаля’, ст.-слав., рус.-ц.-слав. сан(ъ)далии, рус. санда́лии, прастамоўнае санда́ли. Першакрыніца слоў — грэч. σανδάλιον ’драўляны чаравік’, якое прыйшло з Усходу (Фасмер, 3, 556; Булыка, Лекс. запазыч., 113). У суч. бел. м. формы з мяккім ‑л‑, магчыма, запазычаны праз рускае пасрэдніцтва, з цвёрдым — праз польскае, параўн. sandały ’сандалі’, sandał адз. л., якія, як мяркуе Фасмер (там жа), запазычаны з захаду; параўн. італ. sandala ад лац. sandalium.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)