Ды́ґаць ’моцна біцца (пра сэрца)’ (Сцяц.). Выбухное ґ сведчыць пра запазычанне. Параўн. польск. dygać ’трасціся’ (аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 185; дзіўна, што Слаўскі, там жа, бел. ды́ґаць ставіць у адзін рад з польск. словам і не ставіць нават пытання аб магчымасці запазычання). Калі праўда, як мяркуе Слаўскі (там жа), што ў аснове дзеяслова ляжыць выклічнік тыпу dygu!, dyk!, можна думаць і пра самастойнасць бел. лексемы (ды́ґаць < *дыкаць з азванчэннем інтэрвакальнага ‑к‑ > ‑ґ‑). У Насовіча ды́гаць ’прысядаць, рабіць рэверанс; павольна, нібы прысядаючы, ісці’. Трубачоў (Эт. сл., 5, 198) дапускае магчымасць запазычання з польск., але і роднаснасць з іншымі слав. формамі (прасл. *dygati). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 557.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́гаць ’прагна піць, хлябтаць’ (Нас., Варл.), ’многа і часта піць’ (кір., Нар. сл.; бых., Жыв. НС; стаўб., З нар. сл.), ’многа піць, піць вялікімі глыткамі’ (Жд. 2; дзярж., Нар. сл.; Сцяшк. Сл.), ’многа піць вады або есці вадкай стравы’ (карэл., Нар. сл., Сцяшк.), ’прагна есці, сёрбаць’ (Скарбы, мядз., Нар. словатв.; жлоб., Жыв. сл.), ’жэрці’ (полац., Янк. 2), ’разліваць’: не пугай, напу́гаў, што стол не ўспяваю выціраць (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.). Дзеяслоў гукапераймальнага паходжання, у аснове — выклічнік пу! (пуг!), што імітуе уцягванне вадкасці ротам, параўн. пупа ’вада’ (у размове з дзецьмі), славен. pupati ’піць’ (у дзіцячай мове), у аснове якога гукаперайманне pup (Сной, 515), або пу́льгаты ’сёрбаць; разліваць’ (драг., Сл. Брэс.) (гл.), у аснове гукаперайманне пуль(г)!

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́сяць ’цалаваць’ (Касп.), бу́сіць ’тс’ (Гарэц., Нас.), бусява́цца ’цалавацца’ (Сцяшк. МГ); бу́ся, бу́сі ’пацалуначкі’ (дзіцячае; Шат., Гарэц., Нас., Бесар.), бу́ські (даць буські) ’пацалаваць (дзіця)’ (Сцяц.), бу́ськы ’пацалунак’ (Клім.), бу́ські, бу́сенькі ’тс’ (Бяльк., Касп., Нас.). Укр. бу́зя ’рот, твар’, да́ти бу́зі ’пацалаваць’. Параўн. далей польск. buzia ’роцік; пацалунчык’, балг. бу́за ’шчака’, рум. buză ’губа’, алб. buzë ’тс’, лац. bucca ’рот’, ням. Buß ’пацалунак’, bussen ’цалаваць’, літ. bučiúoti ’цалаваць’, bùč, bùčiu (выклічнік) і г. д. Лічыцца гукапераймальным словам, вядомым (у розных фанетычных варыянтах) у многіх мовах. Гл. Слаўскі, 1, 52; Коржынэк, Studie, 194; Фрэнкель, ZfslPh, 13, 234; Фрэнкель, 61. Але Рудніцкі (242) думае пра памяншальнае ўтварэнне ад губа́: губа́ > губу́ся > бу́ся > бу́зя. Кюнэ (Poln., 47) мяркуе, што бел. слова запазычана з польск. buzia.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ско́ўзка, ско́ўзко ‘слізка, коўзка’ (Скарбы, ТС), скоўзну́ць ‘саслізнуць’ (ТС). Формы суадносныя з прасл. *skl̥zati (*skl̥ziti), працягам якога з’яўляюцца ўкр. сковзати(ся), рус. дыял. ско́льзать, ско́льзать(ся) ‘коўзацца на лёдзе’, ст.-польск. skiełzać się ‘нахіляцца да чаго-небудзь’ (параўн. прыслоўе skiełzem ‘крыва, коса’, гл. скелз), чэш. sklouzati (se) ‘коўзацца, катацца на лёдзе, снезе’, славац. sklzať (sa) ‘коўзацца’, прадстаўленыя пераважна на паўночнаславянскай тэрыторыі, акрамя харв. кайк. skuzek ‘слізкі’, што з’яўляецца выключным архаізмам на паўднёваславянскай тэрыторыі. Названыя формы з рухомым s‑ проціпастаўлены формам без яго з каранямі *kl̥z‑ (гл. коўзацца) і *chl̥z‑, параўн. балг. хлъ́згаво ‘слізка’ (Борысь, Czak. stud., 93–94; Etymologie, 354–355). Па паходжанні названыя карані, хутчэй за ўсё, маюць анаматапеічны (імітатыўны) характар, параўн. выклічнік коўзь!, які можа быць старой дэрывацыйнай асновай слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бар рэстаран, бар’ (БРС). Рус. бар, укр. бар. Запазычанне з англ. bar ’стойка’ (< франц.). Гл. Шанскі, 1, Б, 37. Падрабязна (з літ-рай) аб гісторыі і распаўсюджанні ў еўрапейскіх мовах гл. MESz, 1, 242.

Бар! (бар‑бар!) ’падзыўное слова для авечак’ (гл. ДАБМ, № 305, Лысенка, ССП). Рус. бар‑бар‑бар, барь‑барь‑барь, барька, ба́ря‑ба́ря ’тс’, ба́рька ’авечка’, ба́ря ’баран’. Звязана з баран (гл.). Адкрытым застаецца пытанне аб першапачатковасці выклічніка ці назоўніка. Фасмер (1, 123), Махэк₂ (54) лічаць, што спачатку быў выклічнік (Коржынэк, LF, 58, 430). Параўн. яшчэ альпійскія (паўн.-італ.) словы для абазначэння авечкі, барана: bera, bar і г. д. Трубачоў (Происх., 76) мяркуе, што выклічнікі — вытворныя ад назоўнікаў (так і MESz, 1, 249, дзе венг. bari! — падзыўное слова для авечак < bárány ’баран’). Параўн. бару́сік! Гл. таксама паралелі пад бірко́вы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарада́йка1 ’воз, калёсы, брычка’ (драг., Нар. лекс.), ’таратайка, лёгкая павозка’ (Байк. і Некр.), ’лёгкі летні вазок’ (Нас.), ’двухколка’ (ТС), ’воз на двух колах для выезду ў поле; стары, паламаны воз’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’разбіты воз’ (драг., Ск. нар. мовы), тарадэ́йка ’старая рэч’ (Шатал.), ’вазок’ (Касп.), ’стары, пабіты грузавік’ (Яўс.). Параўн. укр. тарада́йка ’лёгкі двухколавы вазок’, польск. дыял. taradajka, taradejka ’брычка’. Гл. тарата́йка.

Тарадайка2 ’кошык з сасновай дранкі’ (Сл. Брэс.), ’чатырохвугольная каробка для ягад, грыбоў, зробленая з дранкі, ’двухкалёсны вазок; трашчотка’ (ТС), тарадэ́йка ’від трашчоткі’ (Др.-Падб., Стан.), ’прылада ў выглядзе шасцярні і дошчачкі, каб утвараць шум, трэск’ (Варл.), ’балбатун’ (Рагаўц., Мат. Маг.), ’балаболка’ (Шатал.), ’частушка’ (Мат. Гом.). Вытворныя ад дзеясловаў гукапераймальнага паходжання, параўн. выклічнік польск. дыял. tarada! (здагадка), taradáj ’балбатун, трапло’, taradajka, taradejka ’трашчотка; шумлівая баба’, гл. тарадахаць, тарадэіць і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыш- у прыгаворцы: Сем пол наперадзе, / Чаму мяне не бераце. / І трыштыкі туды ж такі (Вушац. сл.). Няясна. У трыштыкі вычляняецца фармант ‑тыкі, адносна якога Насовіч сцвярджае, што ён далучаецца да слоў як бы для пацверджання (Нас.), гл. такі2. Параўн. запісанае на Смаленшчыне три́ш‑такивыклічнік, што ўжываецца для выражэння незадавальнення’ (?): у триш‑таки тудыш‑таки (СРНГ). Першую частку можна зблізіць з тры́шты (гл.), параўн., аднак, харв. trîž, triš ‘тры разы, тройчы’, чарнаг. три̂ш ‘тс’, серб. цімак. триш ‘тс’, балг. триж ‘тс’, макед. триш ‘тс’, што выводзяцца з прасл. *trišьdъ, гл. Ільінскі, Зб. Ягічу, 298; Скок, 3, 501; Младэнаў, Диалектология, 547–550; Тодараў, Этим. етюди, 149. Адзіная засведчаная ў паўночнаславянскім арэале беларуска-паўднёваславянская паралель з канцавым ж/ш са значэннем ‘тройчы, у тры разы’? З-за фармальных цяжкасцей малаверагодна вывядзенне з трышты (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́хаць (пы́хаті) ’пырскаць, апырскваць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’часта, моцна дыхаць’ (Нас., Гарэц.), ’бухаць (пра агонь, полымя), абдаваць гарачынёй’ (Нас., ТСБМ), ’выяўляць моцнае пачуццё, гневацца’ (Нас., ТСБМ), пы́хнуць ’хутка знікнуць; пачырванець’ (Бяльк.), ’хутка узняцца’ (Ян.), пы́хнуті ’ўдарыць’ (беласт., Сл. ПЗБ), пыхвыклічнік, імітуючы раптоўнае узгаранне, пачырваненне (Нас., мсцісл., Нар. лекс.), сюды ж пы́хаўка ’морда, мыса’ (ушац., Нар. лекс.), укр. пиха́ти ’пыхцець’, рус. пыха́ть, пы́хать ’гарэць, палаць; курыць’, н.-луж. pychaś ’цяжка дыхаць’, славен. píhati ’дуць, раздуваць агонь’, харв. чак. pȉhȁt ’цяжка дыхаць, сапці’, балг. пи́хам ’цяжка дыхаць’, ст.-слав. пыхати ’тс’. Прасл. *pyxati ’дуць, дыхаць’, ітэратыў да *pъxati, параўн. балг. пъ́хам ’храпець’ (гл. пхаць, піхаць), Бязлай, 3, 34; БЕР, 5, 268; чаргуецца з *puxati (гл. пухаць). Гл. таксама Фасмер, 3, 421; Шустар-Шэўц, 2, 1196–1197; Чарных, 2, 88 (рэканструюе старое значэнне ’надувацца; адчувацца’); Глухак, 511 (узводзіць да і.-е. *pū‑s‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нура́1 ’маркота; знясіленне’ (Нас., Касп.), ну́ра ’знясіленне’ (Яруш., Гарэц.), нуря́ ’мучэнне’ (Бяльк.), нуры́ць ’марыць, мардаваць; падаць тварам на зямлю’, нуры́цца ’маркоціцца, мардавацца’ (Нас.), параўн. рус. ну́ра ’маўклівы, пануры чалавек’ (пск., цвяр.), ну́рить ’прымушаць; знясільваць, мучыць; маркоціцца, бедаваць; гнаць, паганяць’, польск. nurzyć ’апускаць (у ваду)’, у тым ліку nurzyć oczy w ziemie ’быць панурым, апускаць галаву’. Параўноўваюць са ст.-слав. изноурити ’грабіць, нападаць’, изноурение ’здабыча’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай; больш блізкае балг. дыял. нюрим ’заўсёды маўчаць, нават калі пытаюць’, што адпавядае літ. niū́roti ’глядзець з-пад ілба, панура стаяць’. Звязана чаргаваннем з *noriti, гл. нор, нурэц, ныра́ць, пануры. Змякчэнне можа мець экспрэсіўны характар. Да семантыкі параўн. фразеалагізм як у ваду апушчаны ’сумны, маркотны, маўклівы’.

Ну́ра2 ’ніцма’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, да нур!выклічнік, што імітуе раптоўнае заглыбленне ў ваду, параўн. рус. нуром ’уніз, уперад галавой упасць’. Гл. папярэдняе слова і нуры́ць ’падаць уніз тварам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нары́п ’скрып саней пры вялікім снезе’ (в. Калядкі, Суччына, ЭШ), нарыпень ’скрыпучы мароз’ (ТС), укр. нарепень ’снег, які скрыпіць пад нагамі ад вялікага марозу’, рус. на́рыпень ’шум, скрып ад санных палазоў’, на́репь, на́репень ’абледзянелы снег, галалёдзіца’. Да рыпець ’скрыпець’, рыпнуць ’скрыпнуць’, параўн. на рыпу ’са скрыпам (пра абутак)’ (Растарг.), рыпоцень ’моцны, пякучы мароз’: Рыпоцень, як едзеш саньмі, то усё рыпіць (ТС); не выключана, што першапачаткова магло быць звязана з прасл. *ripnęti ’ступіць’, параўн. прастамоўе рвануцца ’зварухнуцца, сысці з месца’, рус. рип!выклічнік, які перадае гук крокаў’, балг. рипна ’скочыць, падскочыць’, макед. рипне ’скочыць’, польск. rypnąć ’ступаць, таптаць’ і асабліва дыял. narypnąt ’наступіць’: narypnol me na nogę (Варш. сл.), чэш. vyrypovat ’хутка крочыць’, што у сваю чаргу, відаць, гукапераймальнага характару, насуперак Трубачову (гл. Фасмер, 3, 530); дапушчэнне такога развіцця семантыкі магло б вытлумачыць спецыфічнае значэнне паўночнарускага слова, дакладным семантычным адпаведнікам якога з’яўляецца рус. сіб. наступ ’скарынка лёду на паверхні снегу, шарпак’ (= рус. наст).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)