лю́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё любві, карыстаецца любоўю; блізкі, дарагі, мілы сэрцу. І кінуўся з кручы ў бяздонне юнак Следам за любай дзяўчынай. Свірка. Мне любы стэп шырокі І водар сенажаці, Як быццам тут радзіла Мяне калісьці маці. Куляшоў. Перад .. [Уладзікам] засвяціліся матчыны вочы — любыя, пакутлівыя і грозныя. Бядуля.

2. у знач. наз. лю́бы, ага, м.; лю́бая, ‑ай, ж. Той (тая), каго любяць. Алімпа не ўяўляла сабе, як яна хоць на час расстанецца з любым. Сабаленка. // (пры ветлівым звароце). Мілы, родны. Не палохайся іх, любы, быў вялікі бой. Біў жалезных душагубаў смела бацька твой. Вялюгін.

любы́, а́я, ‑о́е.

1. Кожны, усякі. А хлопцы, дык хлопцы — гвардзеец любы! Колас. Гітлераўцы любымі сіламі намагаліся сарваць пераправу. Шамякін. // у знач. наз. любы́, о́га, м.; люба́я, о́й, ж. Усякі, кожны чалавек. [Вадзіцель:] — Спытай у любога, дзе Косцік-шафёр жыве, табе кожны пакажа. Васілевіч.

2. Які хочаш (на выбар). [Кісялёў:] — Звані ў любы час, не даб’ешся нічога ў аддзеле, звані да мяне на кватэру. Чарнышэвіч. // у знач. наз. любы́, о́га, м.; любо́е, о́га, н. Каго ці што хочаш. — Ого! У цябе.. [трусоў] тут цэлая ферма! — здзіўлена ўсклікнуў Мікола.. — Выбірай любога, — сказаў Віця, — і саджай у кошык. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́ты 1, ‑ая, ‑ае.

1. Злы, крыважэрны (пра жывёл). Лютыя камары. Люты звер. □ З-за дрэў пазіралі лютыя тыгры, грывастыя львы і малпы. Грамовіч. Зазлаваны пан Чапкоўскі нацкаваў на яго лютых сабак. Бядуля. // Жорсткі, бязлітасны (пра чалавека, яго стан). Люты вораг. Лютая нянавісць. □ Жанчына ўстала з-за стала і, расставіўшы рукі са сцятымі кулакамі, ішла на .. [Морыса], лютая, раз’юшаная. Лынькоў. // перан. Няшчадны, кровапралітны (пра бітву, бой і пад.). І ў час, калі была трывога, Адною дружнаю сям’ёй Ішлі ў нялёгкую дарогу За родны край мы ў люты бой. Астрэйка.

2. перан. Які прычыняе нясцерпныя пакуты; невыказна цяжкі. Лютая смерць. Люты боль. □ [Бандароўна] ведае, што яе чакае лютая расправа, але нават і не думае прасіць літасці. Шкраба. // Які выражае жорсткасць, злосць. Люты позірк. Люты выгляд. □ Збялелыя губы [Гунава] дрыжалі і твар раз-поразу перасмыквала лютая грымаса. Самуйлёнак. // Суровы, крайне строгі. Люты нораў.

3. Вельмі моцны ў сваім праяўленні; сіберны (пра з’явы прыроды). Лютая сцюжа. Лютая бура. □ Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя ветры. Шчарбатаў.

лю́ты 2, ага, м.

Другі месяц каляндарнага года. Гэтай зімою .. [снегу] выпала мала, да самага лютага зямля ляжала амаль зусім голай. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нядо́бры, ‑ая, ‑ае.

1. Які непрыязна, варожа адносіцца да ўсіх; злосны. [Лясніцкі:] — Значыцца, сям’я ў цябе надзейная? За старога адказаў Прыборны: — Як бачыш... Жонка толькі ў яго злая. Нядобрая баба, неразумная. Шамякін. // Які выражае непрыязнасць, недружалюбнасць. Нядобрая ўсмешка. □ Лундзін насцярожваецца, у вачах яго загараюцца нядобрыя агеньчыкі. Палтаран. // Заснаваны на непрыязнасць непрыхільнасці. Нядобрыя намеры.

2. Які нясе ў сабе або прарочыць няўдачу, няшчасце, бяду. Нядобрыя весці. □ Чаму ж нядобры час прынёс Мне доўгае расстанне з Вамі? Багдановіч. Прылёг... А пушча прыглушана вые, З гушчару вее трывогай нядобрай. Панчанка. / у знач. наз. нядо́брае, ага, н. [Нічыпар:] Чуе маё сэрца — нядобрае здарыцца ў гэтую ноч... Кучар. // Змрочны, цяжкі. Раніцаю ўсё для Карніцкага здавалася нейкім нядобрым сном. Паслядовіч.

3. Які няславіць, ганьбіць каго‑н.; дрэнны, заганны ў маральным плане. [Гаспадар:] — Я за табой, Ларывон Якаўлевіч, даўно заўважаю адну нядобрую якасць: падхалімнічаеш ты, брат, часам. Шамякін.

4. Варты дрэннай ацэнкі; не такі, якім павінен быць. Нядобры тавар. □ [Салдат:] — Нядобрае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Караткевіч.

5. Благі, непрыемны. Зірнуўшы на прэзідыум, Пракоп запыніўся на старшыні: ясна было відаць, што прамова Ганчара нядобрае зрабіла на яго ўражанне. Колас.

•••

Глядзець нядобрым вокам гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мало́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да малака. Малочныя прадукты. // Які выдзяляе малако. Малочныя залозы. // Які дае малако, гадуецца для вытворчасці малака. Малочны статак. // Удойны. Малочная карова.

2. Звязаны з вытворчасцю, перапрацоўкай і продажам малака. Малочная гаспадарка. Малочны завод. Малочны магазін. □ Электрычнае святло ўспыхне на малочнай ферме, на канюшні, у кожнай хаце. Паслядовіч.

3. Прызначаны для малака. У кузаве грузавіка зіхатліва паблісквалі малочныя бітоны. Ракітны.

4. Выкармлены малаком. Малочныя парасяты.

5. Прыгатаваны на малацэ. Малочная каша. Малочны суп. Малочны кісель.

6. Які ўваходзіць у склад малака або атрымліваецца з малака. Малочная кіслага.

7. Падобны колерам на малако. Між іншым, Я сам люблю прыход вясны — Малочнае цвіценне вішань, І спеў драздоў, і шум лясны. Панчанка. Над лугам і ў нізінах стаяў малочны туман, і ў твар шыбала прыемным вільготным халадком. Шамякін.

8. у знач. наз. мало́чная, ‑ай, ж. Памяшканне для прыёму малака (у калгасах, саўгасах). Даяркі ў белых, як у медсясцёр, халатах насілі ў малочную бітоны. Шахавец.

9. у знач. наз. мало́чнае, ага, н. Ежа з малака або з малаком. Ён есць цяпер толькі малочнае.

•••

Малочная кухня гл. кухня.

Малочная спеласць гл. спеласць.

Малочная сястра гл. сястра.

Малочны брат гл. брат.

Малочныя зубы гл. зуб.

Малочныя рэкі з кісельнымі берагамі гл. рака.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свято́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да свята. У першы святочны дзянёк выйшаў настаўнік на знаёмую яму сцежку, каля двух ветракоў, і пайшоў на чыгунку. Колас. // Які наладжваецца ў гонар свята, праводзіцца ў час свята, звязаны са святам. Святочны салют. Святочны канцэрт. □ Стравы на святочны стол падаюцца ў наступным парадку. Раней ставяцца халодныя закускі — ікра, рыбныя вырабы, розныя салаты і іншае. Пасля халодных закусак можна падаваць гарачыя стравы. «Звязда». Сягоння на Плошчы Чырвонай Святочны вайсковы парад. Аўрамчык. // Урачысты. Святочны марш. Святочная музыка.

2. Прыбраны, прыгожы, не будны. Аднекуль з’явіліся школьнікі з кветкамі, з чырвонымі сцяжкамі, і вуліца стала ўрачыстая, святочная. Карпаў. // Прызначаны для свята. Хай роўнаю стане Між днямі нядзеля — Святочнае ўбранне Дзень кожны надзене. Непачаловіч. То.. [настаўніка] бачылі ў святочным новенькім гарнітуры, калі ён з’яўляўся на заняткі або ішоў на прагулку, то ў звычайным рабочым, калі ён корпаўся ў садку. Якімовіч. Назаўтра.. [Аксеня] прайшлася перад маім акном у новым святочным плацці. Лупсякоў. / у знач. наз. свято́чнае, ага, н. Стары Рувін, дзядзька і цётка апрануліся ў святочнае. Бядуля.

3. перан. Урачысты, узняты, вясёлы, шчаслівы (пра чалавека). Ішоў к табе я на сустрэчу Святочны, шчасны, малады. Прыходзька. Нупрэй не прапускае ніводнай сынавай лекцыі. У клубе сядзіць на першым радзе — яснатвары, святочны. Ракітны. // Уласцівы такому чалавеку, такім людзям. У цэху святочны настрой. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спаць.

2. у знач. наз. спя́чы, ага, м.; спя́чая, ‑ай, ж. Той (тая), хто спіць, знаходзіцца ў стане сну. Ходзіць май па свеце, Сонцамі ірдзіцца, Закаваных, спячых Кліча ўстаць, збудзіцца. Купала.

спячы́, спяку́, спячэ́ш, спячэ́; спячо́м, спечаце́, спяку́ць; пр. спёк, спякла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыгатаваць вырабы з мукі выпяканнем; выпечы. Спячы хлеб. Спячы пірагоў. □ [Зоя:] — Ведаеце, што зробім? Адну маленькую булку спячом на гэтым лісціку. Няхай клёнам пахне. Даніленка. // Прыгатаваць яду смажаннем; сасмажыць. Спячы яечню. □ Наклалі .. [Іван і ваўчыха] агню, спяклі гуску. Якімовіч.

2. Пашкодзіць агнём або чым‑н. гарачым скуру чаго‑н. Спячы руку прасам. // Апячы (пра адчуванне, выкліканае чым‑н. пякучым). — Ліха матары тваёй! — падумаў Халуста. — Увесь рот спёк ды яшчэ грошы табе плаціць! Чарнышэвіч. // Спаліць скуру на сонцы, загараючы. Спячы спіну.

3. Разм. Спаліць, знішчыць агнём. Так усю вайну і была ў Лонве малатарня, аж пакуль, ужо ў блакаду, немцы з самалёта, калі агонь лілі на вёску, не спяклі Міхалаву пуньку з прыводам. Пташнікаў. [Сцяпан:] — Каўпак пайшоў далей, а тыя гітлераўцы, што ўчора спяклі нас, сягоння спалілі наша раённае мястэчка. Пестрак.

4. перан. Разм. Зрабіць што‑н. паспешліва, на скорую руку. [Тарас:] — Ты што там пішаш? Вершы, можа?.. [Лоўгач:] — Ат, вершы! Паэму пра зелянгас. Газета загадала артыкул. Пачытай вось. Спёк. Чаго дзівуешся? Праўду кажу! Пачытай... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. стары.

2. Той, якому больш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы дарослы сярод каго‑н. Старэйшая сястра. □ Андрэй, старэйшы Пракопаў сын, быў у Чырвонай Арміі. Колас. Петрусю, старэйшаму брату Шурыка, споўнілася сем год, і ён пайшоў у школу. Арабей. / у знач. наз. старэ́йшы, ага, м.; старэ́йшая, ‑ай, ж. За ўсё сваё жыццё, якое пачало адкладвацца ў памяці пасля смерці маткі, .. [Данік] прывучыўся слухаць старэйшых. Грамовіч. // Ужываецца пры прозвішчы для таго, каб падкрэсліць розніцу ў пакаленнях, у гадах. Заехалі да старэйшага Крушынскага, які піша вершы пад псеўданімам Антон Цярэшка. Бядуля.

3. Які даўно існуе, узнік, утварыўся. Старэйшы тэатр краіны. □ Стамбул лічыцца адным са старэйшых еўрапейскіх гарадоў: ён быў заснаваны візантыйцамі дзве тысячы семсот гадоў назад. «Полымя». Добрушскі цэлюлозна-папяровы камбінат «Герой працы» — старэйшае прадпрыемства Беларусі. «ЛіМ». // Які даўно займаецца чым‑н.; вопытны, спрактыкаваны. П’ер Паола Пазаліні — старэйшы майстар італьянскага кіно. «Маладосць». // Найстарэйшы. [Жэня:] — А ты [Васіль] пагавары з самымі старэйшымі бабулямі і дзядулямі. Якімовіч.

4. у знач. наз. старэ́йшыя, ‑ых. Дарослыя; проціл. дзеці. Пад Сталінград на выручку старэйшым Мы не спазніліся ні на хвіліну. Аўрамчык. Маруся кажа, што над старэйшымі нельга насміхацца. Мыслівец.

5. Які стаіць вышэй у параўнанні з кім‑н. па званню, пасадзе, службоваму становішчу. Веставы стараўся не дыхаць, шукаў вачыма старэйшага па званню. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суча́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цяперашняга часу, да сваёй эпохі. У сучаснай беларускай мове шмат службовых слоў для ўстанаўлення сувязей паміж членамі сказа. Цікоцкі. Для сучаснага чытача гэта ўжо ў значнай ступені мастацкі дакумент пачуццяў і спраў мінулых дзён. Гіст. бел. сав. літ. Раіса іграла мелодыі сучасных песень, а гэта было зразумела і проста. Шамякін.

2. Які знаходзіцца на ўзроўні свайго веку, адпавядае патрабаванням свайго часу. Дасягненні сучаснай навукі. Сучаснае абсталяванне. Сучасныя хуткасці. □ Калхіду асушыць можна, сучасная тэхніка здолее гэта здзейсніць. Самуйлёнак. Значыць, мы з табой адсталыя, Значыць, несучасныя: Месім гурбы не расталыя Напрадвесні ў лесе часта мы .. І зрываем на праталінах Сонтравы зеанкі зубчастыя... Гэта значыць: не адсталыя, Значыць, мы з табой сучасныя. Жычка. // Важны для цяперашняга моманту; выкліканы патрабаваннямі свайго часу; актуальны. Сучасная тэма.

3. Які адбываецца цяпер, у дадзены час; цяперашні. [Міколка:] — Сучаснае жыццё, яно ў нашых руках! Нікановіч. Сучаснымі крыніцамі жыўлення азёр з’яўляюцца дажджавыя, снегавыя, рачныя і грунтавыя воды. «Прырода Беларусі».

4. у знач. наз. суча́снае, ага, н. Цяперашні час; падзеі, якія адбываюцца цяпер, у дадзены час. Гадае той аб прышласці далёкай, Хто верыць у сучаснае душой. Глебка. [Якаў] расказаў мне пра ўсё сваё мінулае, а тое сучаснае, пра што будзе ісці гаворка далей, адбылося, як кажуць, на маіх вачах. Кулакоўскі.

•••

Сучаснае пяцібор’е гл. пяцібор’е.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

убо́гі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў беднасці, бедны. Зімняя ночка. Стужа ў полі. Вецер сярдзіты гудзе... К вёсцы ўбогай ціха, паволі Хтось незнаёмы ідзе. Чарот. Калісьці гэта быў убогі шляхецкі засценак. С. Александровіч. // Які сведчыць аб беднасці; уласцівы бедняку. Аднойчы, прыгнаўшы з пашы карову, Антон убачыў у сваёй убогай хаціне двух салдат. Сабаленка. Адкупнік агледзеў убогі хатні скарб, скрывіўся. Якімовіч.

2. Разм. Які мае калецтва, фізічны недахоп. Пышная душа ва ўбогім целе. Прыказка. / у знач. наз. убо́гі, ага, м.; убо́гая, ‑ай, ж. [Андржаяка:] Па дарозе я спаткаў Ці то ўбогую, ці проста багамолку. Клімковіч.

3. Нязначны (па аб’ёму, колькасці); небагаты. Убогія сродкі. □ Хмары, балоты... Над збожжам убогім Вецер гуляе на волі. Багдановіч. // Недасканалы, прымітыўны. Убогая тэхніка. // Пазбаўлены раскошы і ўпрыгожанняў; просты. Паўлюк нёс аднекуль з запечча маленькую ўбогую газовачку. Зарэцкі. // Варты жалю. [Валодзя:] — Бачыш, які ў .. [вёскі] цяпер убогі выгляд. А глянула б ты перад вайной на яе з гэтага ўзгорка! Стаяла цэлая града дубоў. Федасеенка.

4. Бедны па зместу. Убогі спектакль. Убогая фантазія. // Абмежаваны духоўна. Слухайце музыку .. Прымайце яе праз свае ўяўленні, праз вобразы свайго жыцця!.. Толькі злыя і ўбогія душы ніколі не спазнаюць музыку. Вітка. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які хварэе на якую‑н. хваробу. Хворы кухар стагнаў на ложку ў сваёй каморцы. Гарэцкі. / у знач. наз. хво́ры, ага, м.; хво́рая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Агледзеўшы хворага, Наташа пераканалася, што яе дапамога сапраўды была тэрмінова неабходная. Краўчанка. Дактары па два разы на суткі прыходзілі да хворай. Пальчэўскі.

2. Пашкоджаны хваробай (пра цела і яго часткі). Цягнучы хворыя ногі ў валёнках, ідзе да Юркі бабуля. Брыль. [Люба] памачыла халоднай вадой хворае месца і завязала хустку. Чорны. Голас чароўны з тугою звінеў Пра птушку маленькую з хворымі грудкамі. Панчанка. // перан. Растрывожаны, неспакойны. Далёкае неба, сіняе неба!.. Чаму не асушыш нашы горкія слёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца? Колас. // Які сведчыць аб хваробе, хваравітым стане. Сымоніха.. ціха, слабым, хворым голасам кажа: — Сымонка! што ты робіш? Бядуля. // Пашкоджаны хваробай (пра расліны і іх плады). [Андрэй] бачыў перад сабою.. Калхіду — гнуткае трапяткое трысцё, хворыя лясы, ўзвышшы курганоў. Самуйлёнак. // (звычайна з адмоўем «не») у знач. вык. Разм. Магчы, быць здольным (зрабіць што‑н.). [Гарлахвацкі:] Ты б рамізніка ўзяла. [Анна Паўлаўна:] Не хворы і сам занесці. Крапіва.

3. Ненатуральны, ненармальны, празмерны. Хворае.. ўяўленне [Вялічкі] ўзнімала аслабелыя сілы да раптоўных парываў, якія тут жа ападалі. Чорны.

•••

Венерычны хворы — той, хто хварэе венерычнай хваробай.

Валіць (зваліць) з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)