ліць, лью, льеш, лье; льём, льяце і лію, ліеш, ліе; ліём, ліяце; пр. ліў, ліла, ліло; заг. лі; незак.

1. што. Даваць магчымасць выцякаць якой‑н. вадкасці; выліваць. [Кабета] скінула хустку, падышла к вядру і стала ліць на рукі ваду. Чорны. Варожаць сёстры. Над лучынай льюць воск у поўнае вядро. Бялевіч.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Вельмі моцна ці безупынна цячы, ісці. З раны ліла кроў. □ Было цёмна, асенні дробны дождж ліў на зямлю, з ракі рваў халодны вецер. Мікуліч.

3. перан.; што. Распаўсюджваць (святло, гук, пах і пад.). Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі. Шчодра ліло цяпло яскравае красавіцкае сонца. Шамякін.

4. што. Рабіць што‑н. з расплаўленага рэчыва; выплаўляць. Ліць гарматы. Ліць свечкі.

•••

Ліць ваду на млын каго, чый — ускосным чынам дапамагаць сваімі выказваннямі, справамі процілегламу боку.

Ліць кракадзілавы слёзы — двудушна, няшчыра скардзіцца або спачуваць каму‑н.

Ліць пот — многа, цяжка працаваць. І не будуць болей людзі Пот і слёзы ліць ракой. Грахоўскі.

Ліць (праліваць) кроў — а) за каго-што; гінуць, абараняючы каго‑, што‑н., змагаючыся за каго‑, што‑н.; б) каго, чыю; забіваць каго‑н.

Ліць слёзы — плакаць; моцна плакаць.

Лье як з вядра — аб праліўным дажджы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ціць 1, мечу, меціш, меціць; незак.

1. у каго-што і без дап. Старацца папасці ў каго‑, што‑н.; цэліць. Наспяваўшыся, хлопцы пачынаюць кідацца шышкамі. Мецяць у пабелены каменны слупок на насыпе, які служыць нейкім чыгуначным знакам. Навуменка.

2. з інф. Мець намер, намервацца ажыццявіць якое‑н. дзеянне. Тут закаваны ланцугом Фугасы рурскай маркі, Што мецілі мой мірны дом Разнесці на кавалкі. Калачынскі. Хвастом віляе, а ўкусіць меціць. Прыказка.

3. Разм. Імкнуцца стаць кім‑н., заняць якое‑н., часцей больш высокае становішча. Дзіка і сама меціла не абы-куды, а ніяк не ніжэй, як у кандыдат навук. Васілевіч. // каго. Намячаць каго‑н. на якую‑н. пасаду, становішча і пад. Не было сакрэтам, што мецілі на .. пасаду [сакратара парткома] галоўнага тэхнолага. Карпаў.

ме́ціць 2, мечу, меціш, меціць; незак., каго-што.

Ставіць на кім‑, чым‑н. адметны знак, метку. Увечары Ліда расказала брату, як яна меціла птушак. Пальчэўскі. [Ян Лайган і Нікіфаровіч] сыходзіліся разам, нешта прыкідвалі, мецілі дошкі алоўкам і зноў браліся за гэблі і долаты. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыблі́зіць, ‑бліжу, ‑блізіш, ‑блізіць; зак.

1. каго-што. Прысунуць, перамясціць блізка да каго‑, чаго‑н. — У цябе тут нічога няма?.. [Сіла Прохаравіч] прыблізіў свой твар да самага твару Пеціка. Навуменка. // перан. Зрабіць адпаведным інтарэсам, патрабаванням каго‑, чаго‑н.; непасрэдна звязаць з кім‑, чым‑н. Прыблізіць літаратуру да жыцця. Прыблізіць навучанне студэнтаў да практыкі камуністычнага будаўніцтва.

2. што. Зрабіць больш блізкім у часе, паскорыць наступленне чаго‑н. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца баржджэй прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы. Колас. Думаць прымусіць аб заўтрашнім дні, каб камунізма прыблізіць пару. Чарнушэвіч.

3. каго-што. Дапусціць блізкія адносіны з сабой; уключыць у лік прыбліжаных. Не, Гарбачоў не баяўся, што яму не ўдасца зноў прыблізіць да сябе Люсю. Шашкоў. [Пілсудскі] прыкмеціў беглага паручніка і прыблізіў да сябе. Новікаў.

4. каго-што. Зрабіць больш блізкімі, зразумелымі адзін аднаму. Просьба, асабліва такі зварот, нібы прыблізілі Косцю да Марынкі. Шыцік.

5. што. Зрабіць падобным да чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак.

1. каго-што. Пракалоць, праткнуць наскрозь чым‑н. вострым. Немец не паспеў крыкнуць, як вострае джала нямецкага штыка наскрозь пранізала яго. Кавалёў. Іголка так і пранізала наскрозь палец. Васілевіч.

2. перан.; каго-што. Праткнуць, прайсці праз што‑н. Сонечнае святло пранізала тоўшчу вады аж да самага дна. Хомчанка. Сонца толькі што ўзышло і пранізала праменямі голыя кроны дрэў. Дуброўскі. Агонь выцягнуўся доўгім языком, лізнуў ім высокую купу ельніку, пранізаў яе навылёт. Васілевіч.

3. перан.; каго-што. Пранікнуўшы ўнутр каго‑, чаго‑н., выклікаць якія‑н. фізічныя адчуванні (пра холад, вецер, боль і пад.). Сцюжа пранізала .. [Рахмільку] да самых касцей. Бядуля. [Хлопец] падняўся і паспрабаваў узняць руку, але востры боль пранізаў усё яго цела. Шчарбатаў. // Рэзка, моцна падзейнічаць. Усю .. [Любу] пранізала нейкая здранцвеласць, ногі не слухаліся яе. Краўчанка. Ганна раптам засмяялася. Смех гэты пранізаў сэрца. Мележ.

4. што. Нізаць некаторы час (гл. нізаць у 1 знач.). Пранізаць каралі ўвесь дзень.

•••

Пранізаць вачамі — пільна, уважліва паглядзець на каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; заг. забудзь; зак.

1. каго-што або пра каго-што, на каго-што, аб кім-чым. Перастаць помніць; не захаваць у памяці. Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. — Э-э-э, чалавеча, тут ужо і забылі пра Тварыцкіх, даўно было. Чорны. // з дадан. сказам або інф. Не ўспомніць у патрэбны момант, выпусціць з-пад увагі. Я не забыў, што бомбаю варожай Маленства пакалечана маё. Свірка. Газу, магчыма, Забыў даць шафёр: Стала машына, Загл[у]хнуў матор. Нядзведскі.

2. каго-што. Пакінуць, не ўзяць з сабой па няўважлівасці. Маці, набыўшы трохі на двары, ішла зноў у дом — усё турбавалася, каб не забыць чаго ў спешцы збораў. Шахавец.

•••

Забыць дарогу куды — перастаць бываць дзе‑н.

Забыць (і) думаць — перастаць успамінаць, спадзявацца на што‑н.

На сябе не забыць — не ўпусціць сваёй выгады.

Не забыць — а) каго узнагародзіць, зрабіць паслугу, узяць пад апеку; б) каму чаго не дараваць каму‑н. чаго‑н.

Што я (ты, ён) там (тут) забыў? гл. я.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упячы́, упяку, упячэш, упячэ; упячом, упечаце, упякуць; пр. упёк, упякла, ‑ло; заг. упячы; зак.

1. што. Спячы; добра прапячы. Упячы хлеб.

2. каго. Разм. Адправіць куды‑н. супраць волі. У польскай арміі.. [Максіма] ў страявую часць не ўзялі, а ўпяклі ў санітарны батальён. Машара. // Пасадзіць у турму, зняволіць. — Ды не! — запярэчыў .. [Лабановіч] сам сабе. — Некаму гэта патрэбна. Вось жа і мяне ўпяклі ў астрог, нават не паклапаціўшыся падперці прысуд доказамі. Колас. [Антось:] — Эх ты, чалавек — на галаве шапка! На каго ж ты пойдзеш са скаргай? На роднага брата! Табе будзе добра, як яго ў каталажку ўпякуць? С. Александровіч.

3. каго. Разм. Папракнуць каго‑н., з’едліва сказаць што‑н. каму‑н. — Мала ж ты каму верыш! — упёк.. [Башлыкова] хтосьці з залы, голасна, злосна. Мележ. Кожнае Званцова слова здавалася .. [Макару] зручным, каб упячы і яго, і Ёсіпа. Дуброўскі.

4. што. Разм. Марна патраціць, выдаткаваць. Паказальную кашару будавалі! — грошы ўпяклі, а карысці ніякай. Асіпенка.

5. па чым. Разм. Выцяць каго‑н. З усяго размаху ўпёк па спіне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ву́харэц ’зух’ (Бяльк.). Няясна; параўн. рус. ухарь ’тс’, якое Фасмер (4, 178) лічыць вытворным ад выкл. ух, гл. вух, ух, хутчэй ад дзеяслова ухать, гл. вухаць; параўн. таксама бранск. ву́ха ’бойкі, вынаходлівы хлопец’ і мсцісл. уга́р ’разудалы’ (Юрч. Сін.). Магчыма, звязана з вухры́ць ’настаўляць, вучыць’ (гл.); параўн. наву́хрыць ’намуштраваць’, падву́хрыць ’падвучыць каго, падбіць’ (Бяльк.). Прымаючы пад увагу мсцісл. угар, можна дапусціць сувязь з польск. ogar, чэш. ohař, ц.-слав. огаръ ’ганчак’, далейшая гісторыя якога застаецца няяснай (магчыма, запазычанне з усходніх моў; гл. Фасмер, 3, 117; Махэк₂, 410 і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́мяць ’здольнасць запамінаць, захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні, успамін пра каго-, што-н.’ Агульнаслав.: рус. па́мять, укр. памʼять, ст.-рус. память, ст.-слав. памѧть, польск. pamięć, чэш. paměť, славац. pamiať, серб.-харв. па̏ме̑т, славен. pámet ’розум’, балг. па́мет. Прасл. pamętь, — дэрыват ад po‑mьněti (гл. по́мніць) (Махэк, 490). Роднасныя ст.-літ. mintìs ’думка, меркаванне’, усх.-літ. mintís ’загадка’, літ. atmintìs ’памяць’, ст.-інд. matíṣ ’думка, погляд’, авесц. maìti ’думка, погляд’, лац. mens, родн. скл. mentis ’мысленне, розум’, і.-е. *mṇtis (гл. Вальдэ-Гофман, 2, 69; Траўтман, 181; Уленбек, 212; Фасмер, 3, 195).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паслу́га ’слугі’, ’дзеянне, учынак, якія прыносяць карысць, дапамогу каму-н.’, паслу́гі ’аплачваемая работа для задавальнення чыіх-небудзь патрэб’ (ТСБМ, Нік. Очерки; Нас.). Укр. послу́га ’паслуга’, ’слуга’, рус. послу́га ’паслуга, служба на каго-н.’, ’заслуга’, ’выкананне прыгонных работ, шарварак’, польск. posługa ’выкананне работы заказчыка, гаспадара’, posługi ’нясталая, часовая работа’, ’прыслуга’, чэш. posluha ’паслугі’, ’служанка’, ’пасыльны’, славац. posluha ’праца прыслугі’, серб.-харв. по̏слуга ’прыслуга, абслугоўваючы персанал’, ’абслугоўванне’, ’пракат’, макед. послуга ’абслугоўванне’, ’пракат’. Утворана ад дзеяслова poslužiti < služiti < sluga. Магчыма, самастойнае ўтварэнне ў паасобных славянскіх мовах. Сюды ж паслу́жка ’паслуга’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прымкну́ць ’закрыць, зачыніць няпоўнасцю; прысунуцца блізка, шчыльна да чаго-небудзь; стаць прыхільнікам, удзельнікам у якой-небудзь справе’ (ТСБМ), ’замкнуць ненадоўга’, прымкну́ты ’тс’ (брасл., драг., Сл. ПЗБ), прымукну́ць, прымыкну́ць ’замкнуць ненадзейна’, прыму́кваць ’прымацоўваць’ (ТС); сюды ж з развіццём значэння ’далучыцца’ зваротнае прымкну́цца ’ўзяцца шчыра (за работу)’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Да рэдкага мкнуць ’пацягнуць, ударыць дубцом’, ’кінуцца бегчы’, мкну́цца ’крануцца з месца; ударыцца; паткнуцца’ (Нас.), гл. мкаць. Усходнеславянскае ўтварэнне, параўн. рус. примкну́ть ’далучыцца’, дыял. примкну́ться ’далучыцца’, ’налегчы (на вёслы)’, укр. примкну́ти ’прычыніць, зачыніць няпоўнасцю; стаць прыхільнікам, паслядоўнікам чаго-, каго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)