Тапі́ць1 ’апускаць у ваду, прымушаць тануць, губіць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Ян., Бяльк., Федар. 4): тапіць русалку ’(траецкі) звычай’ (Сержп. Прымхі), ’навадняць, заліваць вадой’ (Нас.), топі́ць ’губіць у вадзе’, ’затапляць, заліваць вадой’ (ТС), тапі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4), ’ехаць па гразкай дарозе’ (Нас.), топі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТС), топі́тісʼе ’тс’ (Вруб.). Укр. топи́ти ’прымушаць захлынуцца; заліваць (пра ваду)’, рус. топи́ть ’прымушаць тануць’, польск., в.-луж. topić ’засоўваць у ваду’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’тс’, славен. topíti ’акунаць’, серб.-харв. то̀пити ’затапляць’, макед. топы ’засоўваць у ваду’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’тапіць’, якое звязана з *topnǫti ’тануць’. Корань *top‑ у гэтым значэнні Фасмер звязвае з аманімічнымі прасл. *top‑ ’награваць’ і *topь ’балота’, ’месца, дзе растаў снег, лёд’ (Фасмер, 4, 78–79). Паводле Шустара–Шэўца (1504), схема развіцця семантыкі ’награваць’ > ’расплаўляць’ > ’затапляць’ > ’тапіць’. Паводле Борыся (638): ’растапляць’ — ’апускаць у растопленае’ — ’пагружаць у ваду’. Праславянскі корань *top‑ супастаўляюць таксама з прасл. *tep‑ ’біць’ > польск. tepać ’тс’ (Брукнер, 573; Младэнаў, 636; Варбат, ОЛА, Исследов. 2003–2005, 220) з развіццём значэння ’біць, прыбіваць’ — ’трамбаваць’ — ’тапіць’.

Тапі́ць2 ’награваючы, распускаць, расплаўляць; вытопліваць або ператопліваць (масла, сала і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), топі́ць ’тс’ (ТС). Укр. топи́ти ’расплаўляць’, рус. топи́ть, польск. topić ’растопліваць, плавіць’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’растопліваць, плавіць’, славен. topíti ’награваць, плавіць’, серб.-харв. то̀пити ’растопліваць, плавіць’, макед. топи ’тс’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’награваючы, распускаць, расплаўляць’, паводле Борыся (638), каўзатыва ад незахаванага прасл. *tepti ’быць цёплым’, параўн. *teplъ (гл. цёплы) і далей роднасныя ст.-інд. tápati (tápyati) ’награвае і награваецца, гарыць’, tāpáyati ’спальвае’, авест. tãpayeiti ’тс’, лат. tepeo, ‑ēre ’быць цёплым’ да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’. Гл. таксама Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484; Глухак, 633; ЕСУМ, 5, 599.

Тапі́ць3 ’паліць (у печы і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Барад., Пятк. 2, Жд. 1; усх.-бел., палес., ЛА, 4): баню тапіць (гом., Д.-Хадак.), ’палячы дровы, ацяпляць’ (Сл. ПЗБ), топі́ць ’паліць у печы’ (ТС), топі́ті ’тс’ (Вруб.), топі́ты, топы́ты ’паліць у печы’ (Сл. Брэс.), тапі́цца ’ацяпляцца’ (Мат. Гом.), топі́цца ’паліцца (пра печ)’ (ТС). Параўн. укр. топи́ти ’падтрымліваць агонь’, рус. топи́ть ’паліць (у печы і пад.)’, польск. дыял. topić (w piecu) ’паліць (у печы)’, в.-луж. tepić ’паліць, апальваць’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topit ’тс’, славен. topiti ’награваць’. Ад прасл. *topiti з сінкрэтычным значэннем ’награваць, абпальваць; плавіць’, з далейшымі роднаснымі сувязямі (гл. тапіць2) да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’ (ЕСУМ, 5, 599; Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484). Няясныя адносіны з тапіць1 тлумачаць развіццём семантыкі праз стадыю тапіць2 (асабліва ў адносінах да снегу, лёду) і прыродных наступстваў гэтага працэсу (затапленне, паводка). Ластоўскі (Выбр. тв., 417) меркаваў пра табуізацыю слова паліць (параўн. палаць ’гарэць буйным полымем’, гл.) шляхам замены яго словамі тапіць (“быццам кідаць агонь у ваду”) і цепліць (гл.) з мэтай пазбегнуць т. зв. слоўнай магіі (каб не запалілася хата), параўн. мокнуць у значэнні ’гарэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́бмег ’расліна, Conium maculatum’, балігалоў плямісты’; ’блёкат’ (БРС), вобмегам (выйсці) ’бокам’ (Жд., 1). Рус. о́мег ’то’, о́мяк ’цыкута’, укр. о́мег, ц.-слав. омѣгъ ’ядавітая расліна, Lupicida’, польск. omieg, ст.-польск. omięg, omiażdżyła się owca ’аўца атруцілася цыкутай’, чэш. oměj, voměj, omih ’Aconitum’, славац. omich, omega, omeda ’тс’, славен. omej ’тс’. Прасл. *oměgъ звязана чаргаваннем з мігаць таму, што гэтыя (ядавітыя) расліны маюць адурманьваючае дзеянне (Мацэнаўэр, LF, 11, 352; Брукнер, 379). Назалізацыя ў польск. другасная насуперак Міклашычу (221). Гіпотэза Мяркулавай (ЭИРЯ, 3, 18–19), якая звязвае слав. oměgъ з лац. vomica ’рвотны’ і мяркуе, што гэта запазычанне з лац. vomitus ’рвота’ бел. і польск. мовамі, малаверагодная з фанетычнага пункту погляду і ў адносінах канкрэтнай гісторыі запазычанага слова (напр., польск. womitować, womitowy і бел. ваніты, воміт ’рвота’ не перацярпелі ніякіх змяненняў; б у бел. слове — вынік замены о‑ на об‑ пад уплывам народнай этымалогіі ў выніку ўспрымання о‑ як прыстаўкі. Параўн. омег і амежнік. Гл. таксама Фасмер, 3, 138; Махэк₂, 414.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́сцеж ’на ўсю шыр, поўнасцю’ (ТСБМ, ТС), на́сьцеж ’тс’ (Др., Бяльк.), на́сцяж ’тс’ (Сл. ПЗБ), на́сціж ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. на́стеж, на́стіж, насте́жи, насте́жір, рус. на́стежь, настежу́, польск. naścież, naoścież, naścieżaj, славен. na steżaj, балг. дыял. настьеш. Са спалучэння прыназоўніка на з назоўнікам сцеж(а), для якога ўзнаўляецца значэнне ’слуп, шула’, параўн. на всю стэжу ’насцеж’: На всю стэжу очыняны (драг., З нар. сл.), сцежэя́ ’задняе шула ў варотах’ (ТС), польск. ścieżaj ’завес’, славен. stežaj ’тс’, ц.-слав. стежеръ ’тс’, чэш. stežeje ’завес, стрыжань’ і пад. роднасныя да сце́жар (гл.) (Фасмер, 3, 48; Брукнер, 354); першапачатковае значэнне ’раскрыць так, каб быў бачны слуп, стрыжань ці завесы, на якіх трымаліся вароты, дзверы’, тыпалагічна падобнае развіццё семантыкі гл. у на́піта ’насцеж’. Формы з ‑я‑, магчыма, ад сцяж: у сця́ж ’у адзін рад’ (палес., Нар. сл.) (да прасл. *steg‑). Гл. таксама Шуба, Прысл., і 16 (параўноўвае з рус. за‑стег‑ну‑ть), Атанасаў, БЕ, 37, 1987, 1–2, 102–104.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павуці́на (ТСБМ, Касп., Яруш., Сл. ПЗБ, Інстр. II), павучы́на (Нас., Бяльк., Яруш., Гарэц., Сл. ПЗБ), павуце́нне (Гарэц., Мал.), павучы́ніна (Др.-Падб., Гарэц.), павучэ́нне (Яруш.), павучы́нне (Др.-Падб., Інстр. II, Сл. ПЗБ) ’тс’. Прасл. paǫčina < paǫkъ. Форма з ч з’яўляецца агульнаслав., параўн. рус. павучи́на, укр. павучи́на, польск. pajęczyna, серб.-харв. па̏учина і г. д. Распаўсюджаны ва ўсх.-слав. мовах варыянт з ‑т‑ (рус. паути́на, укр. павути́на), як мяркуюць, узнік пазней у выніку кантамінацыі ст.-рус. паучина з рус. дыял. путина ’павучына’, звязанага са ст.-слав. пѫто (Фасмер, 3, 29). На думку Бадуэна дэ Куртэнэ (SF, 4, 52), т у форме паутина атрымалася пад уплывам слова паук, а Праабражэнскі (2, 28) дапускае змяшэнне з рус. тянуть (бел. цягнуць). Найбольш здавальняючым здаецца цяпер тлумачэнне Мартынава (вусн. паведамленне), што наяўнасць гэтых варыянтаў з’яўляецца вынікам змешвання ў праславянскім і у выніку моцнай акамадацыі, асабліва паказальнай у паўночным арэале ўсх.-слав. моў (Мартынаў. Слав. акам., 62 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паха́бны ’непрыстойны, бессаромны’ (ТСБМ). З і рус. поха́бный ’тс’, пск., цвяр. ’дрэнны, мізэрны’ (параўн. рус. ха́бить, рус.-ц.-слав. хабити, укр. оха́бити ’жаваць’, ц.-слав. похабъ ’вар’ят, дзікі’, польск. chaba ’кляча’, chaby ’косці, што вытыркаюцца з-пад скуры’, чэш. ochabiti ’знясіліць’, ochabnouti ’зрабіцца вялым’, паўд.-чэш. vochabnout ’змізарнець’, мар. ochápalý ’хворы’, ’напалоханы’, чэш. і славац. chabý ’вялы, млявы’, ’малы’, ’баязлівы’, славен. hábiti, серб.-харв. ха̏бити ’пашкоджваць, зношваць’, балг. хабя, изхабя ’псую’, ц.-слав. охабьнъ ’кепскі’. Прасл. xabъ, роднаснае да ст.-грэч. κωφός ’млявы, бездапаможны, нямоцны (пра стралу кепскага стралка)’, ’бязгучны, тупы на слых’ > ’глухі’, ’упалы духам’ > ’неразважлівы’, да літ. kàpti ’рабіцца млявым’ < і.-е. *kōphos (Махэк₂, 194–195), у якім k > x, а ‑b‑ з семантычна блізкага slabъ ’слабы’. Пры гэтым ён указвае на нерэгулярнае і.-е. *ph. Младэнаў (664) і Петарсан (KZ, 47, 286) таксама звязваюць іх з і.-е. адпаведнікамі, якія абазначаюць цялесную слабасць: лац. hebes, арм. xul ’глухі’, але рэканструююць і.-е. *khābh‑/*qhōbl‑ ’знямоглы, абыякавы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́хамаць ’капрыз, недарэчнае, надуманае жаданне’ (ТСБМ), ’забабонны сродак; забабоны’; ’чароўныя веды’ (Нас., Гарэц.), ’забабоны, лячэнне нагаворамі’ (Бяльк.), при́хамить ’сімвалічны знак, абрад, які мае агульныя рысы з чарадзействам і незразумелы для пабочнага гледача’ (Мядзв.), прихамети ’забабоны’ (Кос.), прыхаме́ты ’тс’, прыхаме́та ’прыкмета’ (Бяльк.), прыхамати ’байкі, забабоны’ (Растарг.), пры́хаматлівы ’прымхлівы, які верыць забабонам’, пры́хаматны ’знамянальны па якіх-небудзь забабонных прыкметах’ (Нас.), прыхаме́тнік ’вядзьмак’ (Бяльк.). Рус. смал., бранск. при́хомоть ’забабонная прыкмета, забабоны, павер’е’, бранск. при́хомати, при́хомять, смал. прихоме́ты, прихомётка ’тс’, прихоме́тник ’вядзьмак’, прихоме́тница ’вядзьмарка’. Цёмнае слова. Можна выказаць толькі некалькі меркаванняў. Пры‑, відавочна, прыстаўка, параўн. яшчэ пры́шамець ’незвычайная з’ява’ (Варл.), што дазваляе выдзеліць экспрэсіўны элемент ха‑, які чаргуецца з ‑ша‑ (параўн. Махэк₂, 203: пад chomrstati). Няяснай застаецца фіналь слова (ад *męti?). Не выключае, што разглядаемае слова — гэта вытворнае ад пры́мха (гл.) з суф. ‑от і ‑ь (гл. аб суфіксацыі Карскі 2-3, 30–31): *прымх‑оть і з наступнай метатэзай і о ўстаўным — *прыхомоть > прыхамаць. Але гэта няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэзь1 ’дробна нарэзаная салома на корм’ (Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Мат. Гом., Нас., Шатал., Юрч., Сл. ПЗБ, Нар. лекс.); сюды ж рэзь ’дызентэрыя’ (ЛА, 3), ’боль у жываце’ (Байк. і Некр., Нас.), ’рэзкі боль’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’аперацыя’ (Жд. 1). Укр. різь ’рэзь’, рус. резь, польск. rzeź ’забой скаціны’. Прасл. *rězь < *rězati. Гл. рэзаць.

Рэзь2 ’сетка з вялікімі вочкамі’ (мін., ЛА, 1), ’сетка з тоўстых вяровачак’ (гом., ЛА, 1). Падобна на тое, што аднолькавая форма, зафіксаваная ў двух рэгіёнах, мае адрознае паходжанне. Лексема з першым значэннем суседзіць з формай рэ́жа ’тс’ (гл. рэжа1), якая ад рэ́дкі, можна дапусціць, што і рэзь першапачаткова фігуравала як рэдзь < рэдкі (гл.). Але пад уплывам пераасэнсавання кораня рэж‑ як ад рэжу < рэзаць, адбылася і замена рэдзь > рэзь. Другое значэнне дазваляе меркаваць, што форма рэзь не ад рэзаць, як можа падацца на першы погляд, а ад рэзгіны (гл.) шляхам адаптыўных зменаў, параўн. яшчэ формы гэтага слова рэ́зкі (Шатал.), рэ́зіні, рэ́звы (ДАБМ, камент., 826). Гл. яшчэ наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тка́нка ’вышытая чырвонымі ніткамі павязка на галаву’ (Нас.), ’паласатая тканіна’ (кругл., ЛА, 4), ’вытканая хусцінка’ (Сл. Брэс.), ’галаўны ўбор з тонкага абруча, абшытага тканінай’ (Касп.), ’пасма льну, якая ўплятаецца ў косы (маладой на вяселлі) замужнімі жанчынамі’ (Бяльк.), ’жаночы галаўны ўбор падчас вяселля; карона маладой са стужак, караляў і штучных кветак’ (Тур.), ’павязка пад чапец, вянок’ (Сержп. Грам., Тарн.), сюды ж тка́льніца, тка́ніца, тка́ныця, ка́ныця ’валік для прычоскі’ (Сл. ПЗБ), тка́ныца, ка́ніця ’дэталь галаўнога ўбору замужняй жанчыны: туга скручаны кусок палатна або шнурок, завязаны вакол галавы, на які закручвалі валасы, а наверх надзявалі чапец і намітку; можа быць і ў выглядзе драўлянага абруча’ (Лекс. Бел. Палесся), ст.-бел. тканка ’тонкая тканіна, сетачка, карункі’, ’вышываная галаўная павязка з рознакаляровымі махрамі’ (1516 г., КГС; Ст.-бел. лексікон), тканица ’тс’ (КГС). Параўн. укр. тка́нка ’тонкая матэрыя; жаночае ўпрыгожанне з караляў і пярлінаў’, ст.-польск. tkanka ’стужка з дэкаратыўнай тканіны, што ўжывалася для аблямоўкі адзення’, чэш. tkadlicě, tkanice ’тканая стужка’. Вытворныя ад тканы, ткаць1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Істо́пка ’памяшканне для захавання агародніны і іншых прадуктаў’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк., Сл. паўн.-зах., Інстр. I, Мядзв.; Янк. Мат., 72; Кольб., 52), істо́бка ’тс’ (Мат. Гом.; Янк. Мат., 87), ісьцёпка ’тс’ (Касп.), істо́пка ’насціл (у гумне з жэрдак)’ (Мат. Гом.). Вядома на ўсёй беларускай тэрыторыі (гл. ДАБМ, к. 240). Рус. дыял. и́сто́пка ’хата, хацінка’, ’гара’, исто́бка ’кладоўка’, истёбка ’сутарэнне’, ’склеп’, ’кладоўка’, ’хацінка паляўнічага ў лесе’, истёбок ’гара’, и́зобка́ ’хата’, ’святліца’; укр. дыял. сте́бка ’кладоўка (якая ацяпляецца зімой)’, сте́пка ’рублены свіран з печчу, які замяняе склеп’ (Грынч.), ви́стебка ’абагравальная зімой камора ці кладоўка’ (Лысенка, ССП), польск. дыял. izdebka ’пакой’, ’камера, келля’, чэш. дыял. istevka ’лядоўнік на млыне’. Ст.-рус. истобка, истопка, издебка ’хата, хацінка, маленькае памяшканне ў хаце’, ’лазня’. Ст.-бел. издопъка ’дом, жыллё’, ’кладоўка, спіжарня’ (гл. Лекс. Палесся, 154). Утворана ад *jьstъba (гл. ізба) з суф. ‑ъka ў прасл. (Трубачоў, Эт. сл., 8, 245). Форма ісьцёпка, відаць, пад уплывам народна-этымалагічнага збліжэння з тапіць, цёплы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разабра́ць, разбяру, разбярэш, разбярэ; разбяром, разбераце; заг. разбяры; зак., каго-што.

1. Разняць што‑н. на састаўныя часткі. Разабраць радыёпрыёмнік. Разабраць гадзіннік. □ Сцёпка разабраў затвор, пачысціў, змазаў, зноў сабраў. Хомчанка. // Разбурыць што‑н., разняўшы на часткі. Разабраць рэйкі на чыгунцы. □ Хату немцы разабралі. Бярвенні ім на бункер спатрэбіліся. Б. Стральцоў. // Раскідаць друкарскі набор, расклаўшы знакі набору па касах. Разабраць набор.

2. Узяць усё па частках, па адным. Сёння ў шэсць гадзін усе коней разабралі, гэта адзін Паўлік заспаў. Гаўрылкін. Дзіва проста! Ці не хопіць? Колькі можна пазычаць! Разгадаў, нарэшце, хлопец Гэту тактыку дзяўчат. Усміхнуўся хітравата Да сяброўкі дарагой: — Як відаць, у вас дзяўчаты Разбяруць увесь пакой. Гілевіч. // Раскупіць. За тыдзень разабралі ўвесь тыраж кнігі. □ — Давай перакушу крыху ды пайду, а то газу разбяруць... Чарнышэвіч.

3. Прыводзячы ў парадак, рассартаваць, аддзяліць адно ад другога. Разабраць рэчы. Разабраць бялізну. // Узяць правільна (лейцы і пад.). Лётчыкі селі ў лодку. Макараў на нос, а Дым разабраў вёслы. Алешка. // Разаслаць, рыхтуючы для спання. Разабраць ложак. □ [Алена] хуценька разабрала яго пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі. // Расчасаць, прыгладзіць (валасы).

4. Спарадкаваць, раздзяліўшы мяса і вантробы, парэзаўшы на часткі (пра мясную тушу). І кабан і воўк — каштоўны здабытак. З ваўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому. Колас.

5. Адрозніць, распазнаць што‑н. (слыхам, зрокам і пад.). Разабраць почырк. □ Ліда схілілася над .. [раненым], каб чуць, каб разабраць усе словы. Шамякін. Пачуліся ціхія крокі, і ў цемры.. [Прылепка] разабраў ледзь прыкметную постаць чалавека. Дуброўскі.

6. з дадан. сказам і без дап. Уясніць для сябе, усвядоміць. На адной палянцы цвілі кветкі, вельмі падобныя да нашага сну. Насілу разабраў, што гэта гіяцынты — такія буйныя і так многа было іх. Лужанін. Стралялі ў двары, за будынкамі, і цяжка было разабраць, дзе рассыпаліся нашы, а дзе былі немцы. Няхай. Здзекаваўся .. [Васіль], жартаваў ці праўду казаў, яна [Аня] не ўмела разабраць ды і не хацела. Васілевіч. // Зразумець сэнс чаго‑н. Разабраць стараславянскі надпіс. □ Спачатку я амаль нічога не мог разабраць у гэтай кнізе, а потым навучыўся чытаць лепш. Кулакоўскі.

7. і без дап. Разгледзець, абмеркаваць (пытанне, справу і пад.). Як толькі пачаўся прыём [у члены партыі], разабралі заяву камбрыга. Мележ. Кожнаму хацелася паслухаць, сваім вокам пабачыць: як яно там, як разбяруць ды вырашаць. Лынькоў. // Прааналізаваць, даць крытычную ацэнку. Разабраць творчасць паэта. Разабраць сачыненні вучняў. // У граматыцы — даць аналіз для выяснення саставу, пабудовы. Разабраць сказ па часцінах мовы.

8. Разм. Ахапіць, апанаваць (пра моцнае пачуццё, жаданне і пад.). Хлопчыка разабрала цікаўнасць. Гамолка. Злосць разабрала Мар’яну, калі дачулася пра сынавы клопаты. Пальчэўскі. // безас. Разм. Пра вышэйшую ступень праяўлення якога‑н. пачуцця, стану. — Чаго вас там разабрала? — хрыплым голасам, спрасоння, прабурчаў .. [бацька]. Арабей. // Разм. Выклікаць ап’яненне. Гарэлка яго [Янушка] крышку разабрала, расчуліла на сонцы. Дайліда.

•••

Не разбяры-бяры — пра што‑н. вельмі заблытанае, незразумелае.

Разабраць па костачках — старанна, дэталёва абмеркаваць, абгаварыць каго‑, што‑н.

(Усю) ноч разбяруць — не будзе калі спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)