закрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; заг. закрані; зак., каго-што.
1. Дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Стрыж ляцеў, На хаце латы Закрануў крылом сваім. Дзеружынскі. Мышка і палезла туды, ды, як па бяду, закранула шклянку, што стаяла на самым краі палічкі. Шуцько. // перан. Зачапіць, пакінуць свой след. Вайна гэтага мястэчка амаль не закранула. Васілевіч. Змены, што прынесла савецкая ўлада ў вёску, закранулі і Пустку. Хадкевіч. // перан. Аказаць уздзеянне на каго‑, што‑н.; усхваляваць, узрушыць. Яшчэ да болю закранае душу гарачы позірк чулы. Тарас. Відаць, успамін закрануў балючыя раны мінулага. Сіняўскі.
2. перан. Спыніцца на чым‑н., звярнуць увагу на што‑н. пры размове, гутарцы і пад. Праз пару дзён.. бабка неяк сама закранула гэта пытанне. Скрыпка.
3. Запыніць, выклікаць на размову. «Прайду моўчкі, — вырашыў Васіль, — дый толькі таго, не буду чапаць.. [цётку Касмініху], то, можа, і яна мяне не закране». Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Пераплесці ў беспарадку; пераблытаць. Зблытаць ніткі. Зблытаць валасы. □ Каб рукі, ногі пакруціла Нячыстай, цёмнай сіле той, Якая долу паваліла, Памяла, зблытала, скруціла Цябе, лянок харошы мой. Бялевіч. // Парушыць парадак чаго‑н. Зблытаць лісты рукапісу. □ Тут на момант .. [дзеці] збіліся, зблыталі строй. Ракітны. // перан. Унесці блытаніну; пазбавіць яснасці, выразнасці, дакладнасці. [Выступленне сакратара] яшчэ больш зблытала і ўскладніла [Максімавы] думкі. Шамякін. Але зноў усё зблытаў, нечакана паявіўшыся, Каляда. Скрыган.
2. Памылкова прыняць адно за другое; пераблытаць з кім‑н., чым‑н. [Аўсянку] можна нават з вераб’ём зблытаць: такая ж шэранькая. Ігнаценка. Галя пагражальна паківала каля яго носа пальцам і строга сказала [Змітраку]: — Ты толькі не зблытай мяне з Інай. Ваданосаў.
3. Разм. Збіць з толку, прывесці ў замяшанне. Падказка зблытала вучня.
•••
Зблытаць карты чые або каго — разладзіць, парушыць чые‑н. планы, намеры.
Зблытаць сляды (след) — збіць са следу каго‑н., накіраваць па няправільнаму следу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.
1. Прытрымліваючыся рукамі, нагамі, спусціцца адкуль‑н. Злезці з дрэва. □ Пятрусь выпусціў з рук вяроўку і злез са званіцы. Колас. // Устаць або сысці адкуль‑н. (звычайна з цяжкасцю). [Аграном] ціха злез з ложка. Бядуля. Вэня пусціў каня паволі, злез з саней і дастаў з кішэні партабак. Чорны.
2. Разм. Выйсці, даехаўшы да якога‑н. месца, прыпынку (пра пасажыра). Кіламетраў за шэсць ад дома яму трэба было злезці з фурманкі. Чорны. На апошнім прыпынку хлопчыкі злезлі, пагулялі трохі, пакуль прыйшоў другі аўтобус, і першымі ўвайшлі ў яго. Пальчэўскі.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адстаць, адваліцца, пакінуўшы пашкоджанае або аголенае месца на чым‑н. Фарба злезла. Ногаць злез. □ — Гнойныя струпы ніколі з мяне не злезуць, хоць бы я быў здаровы і хадзіў у блішчастай манішцы. Чорны.
4. Разм. Зняцца (пра адзенне, абутак). Бот злез з нагі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ілю́зія, ‑і, ж.
Скажонае ўяўленне, уражанне, заснаванае на падмане пачуццяў; прыняцце ўяўнага за сапраўднае. Аптычная ілюзія. □ Ілюзія руху была настолькі вялікая, што ад хуткасці зацінала дыханне. Мележ. У сляпым жа палёце не відаць лініі далягляду, зрок не правярае самаадчування, і лётчыку часамі здаецца, што самалёт ідзе з наборам вышыні або хіліцца набок. Гэта ілюзіі. Алешка. // Уражанне, бачнасць чаго‑н. Наяўнасць у пакоі некалькіх люстраў — вялікае трумо, люстра ў шафе і вялікі трэльяж каля ложка на начным століку, а таксама мноства крыштальных рэчаў — стваралі ў пакоі ілюзію празрыстасці. Рамановіч. Ілюзія мацярынства была такой моцнай, што часам і сама яна [Таццяна] цвёрда верыла, што Віця — яе сын. Шамякін. // Памылковае ўяўленне аб чым‑н.; надзея на што‑н., пазбаўленая рэальных падстаў. Народніцкія ілюзіі. Цешыць сябе ілюзіямі. Паддавацца ілюзіям. □ Так былі развеяны марныя ілюзіі добрага і дастойнага чалавека, нібыта ён пісьменнік. Лужанін.
[Фр. illusion — зманлівае ўяўленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́явіць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., каго-што.
1. Знайсці, адшукаць; заўважыць. Ноччу пры святле ракет гітлераўцы яшчэ раз прачасалі ўчастак паўднёвых варот, але, як і першы раз, нікога не выявілі. Лупсякоў. Не пакідаць жа хлопца ў лесе або ў чужых людзей, дзе яго лёгка маглі б выявіць. Колас. // Выкрыць што‑н. Выявіць злачынства. □ [Свірыд] толькі што зрабіў вялікую шкоду і баіцца, каб яго не выявілі. Сабаленка.
2. Праявіць, выказаць якую‑н. скрытую якасць, уласцівасць. Выявіць талент. Выявіць спрыт. □ Навічок, калі яго абступіла дзетдомаўская дзетвара, адразу выявіў свой характар. Васілевіч. // Разм. Паказаць сябе. Сцёпка адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас.
3. Вызначыць па якіх‑н. прыкметах; высветліць. Выявіць запасы карысных выкапняў. Выявіць падрыхтоўку вучняў. // Бясспрэчна даказаць што‑н., выкрыць. У дакладзе.. Грышка выявіў прычыны ўсіх вясковых бед. Чорны.
4. Разм. Выпісаць, выключыць са складу. Выявіць кватарантаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.
1. У працэсе вытворчай аперацыі абрабіць што‑н. Апрацаваць дэталь. □ Са шкурамі было шмат клопату: трэба было зняць іх, крыху апрацаваць, падсушыць. Маўр. // Уздзейнічаць чым‑н. з мэтай надаць патрэбныя якасці, уласцівасці. Апрацаваць што-небудзь кіслатой. // Спец. Ачысціць, дэзінфіцыраваць. Няўпэўненымі рухамі [Саша] апрацавала .. чорную ранку, з дапамогай Анатоля старанна забінтавала. Шамякін. // Разм. Зрабіць артылерыйскі абстрэл або бамбардзіроўку пазіцый непрыяцеля.
2. Падрыхтаваць для пасеву, пасадкі. Адзін толькі «Свецік» Назара Трацюка апрацаваў сёлета.. тысячу восемсот гектараў! Паслядовіч.
3. Надаць чаму‑н. завершаны выгляд; зрабіць больш дасканалым. [Крушынскі і Стэфка] разам меркавалі.., разам апрацавалі праграму. Бядуля. Вось вам верш, які мой сусед апрацаваў, пакуль мы з вамі гутарылі. Крапіва.
4. Разм. Уздзейнічаць на каго‑н. у пажаданым кірунку, схіліць на свой бок. [Платон:] — Не ведаю я, як можна апрацаваць шляхціца, калі ён, можна сказаць, нарадзіўся мужыцкім ворагам. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ад..., (а таксама ада... і ад’...), прыстаўка.
1. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: а) аддаленне ад каго‑, чаго‑н., напрыклад: адысці, адбегчы, адпаўзці, адляцець, адплысці; б) аддзяленне ад прадмета яго часткі або іншага прадмета, цесна з ім звязанага, напрыклад: адвязаць, адкусіць, адкруціць, адрэзаць, адчапіць; в) завяршэнне і спыненне дзеяння, часта з адценнем інтэнсіўнасці або стараннасцю дакладнасці, напрыклад: адгасціць, адгрымець; г) звернутасць дзеяння ў адказ на што‑н., напрыклад: адгукнуцца, аддзякаваць; д) пазбаўленне, вызваленне ад чаго‑н., вяртанне каго‑н. у ранейшы стан, напрыклад: адвучыць (ад дрэнных прывычак), адбіць (ахвоту), адкачаць (тапельца), адагрэцца; е) (з часціцай ‑ся) ухіленне ад чаго‑н., напрыклад: адгаварыцца, адмовіцца (ад удзелу), адпісацца; ж) давядзенне працяглым дзеяннем да страты адчувальнасці, напрыклад: адлежаць (бакі), адседзець (нагу), адбіць (рукі).
2. Ужываецца пры ўтварэнні прыметнікаў з абазначэннем паходжання, сувязі іх з чым‑н., напрыклад: аддзеяслоўны, адметны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адвярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак., ад (да) каго-чаго і без дап.
1. Павярнуцца ўбок ад (да) каго‑, чаго‑н., павярнуць галаву. [Турцэвіч] прыгарнуў да грудзей малых і жонку, моцна іх па чарзе пацалаваў, адвярнуўся, неўзаметку змахнуў з вачэй слёзы і сказаў вазаку паганяць коней. Гурскі.
2. перан. Выказваючы сваю непрыязнасць, парваць сувязі, адносіны з кім‑н. Бедны да беднага горнецца, а багаты ад каго хочаш адвернецца. Прыказка. // Адмовіцца ад чаго‑н., перастаць займацца чым‑н. [Бабка:] — А вы ўсё седзіце над гэтымі кнігамі. А яны сушаць чалавека. [Лабановіч:] — А ты, бабка, пашапчы, каб я ад іх адвярнуўся. Колас. Стары айчым угаворваў .. ехаць на яго .. зямлю і займацца гаспадаркай.. Клебер адвярнуўся ад гэтай прапановы. Чорны.
3. Разм. Адлучыцца, адысціся на кароткі час. [Бабейка:] — За ім [Саўчуком] я заўсёды, спакойны — куды б ні адвярнуўся з калгаса, ён усё зробіць як след. Хадкевіч.
•••
Бог адвярнуўся ад каго гл. бог.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адплаці́ць, ‑плачу, ‑плапіш, ‑плаціць; зак.
1. Аддзячыць, узнагародзіць за што‑н. (клопат, працу і пад.). Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла. Купала. [Зямля] адплаціць увосень хлебаробу за яго шчырую працу багатым ураджаем. «Звязда». // Адказаць якімі‑н. дзеяннямі, учынкамі, словамі на чые‑н. дзеянні, учынкі, словы. Нявольнікі працы адплацяць паўстаннем За раннюю старасць, за слёзы маленства. Глебка. Убачыўшы на твары Паліны непрыязнасць, цяпер ужо не схаваную, .. [Шмякаў] зразумеў сапраўдны сэнс Палініных слоў і адплаціў ёй іранічным позіркам. Савіцкі.
2. перан. Адпомсціць за крыўду, злачынства. Ды знайшоўся.. адзін чалавек, што адплаціў пану за ўсе людскія слёзы і крыўды. Якімовіч. [Салдаты:] — Дамоў направіліся мы, Каб адплаціць за ўсе нягоды І ганьбу з нашага народу Крывёй праклятых гадаў змыць. Танк.
•••
Адплаціць (плаціць) той жа манетай — адказаць тым жа, такім жа ўчынкам, такімі ж адносінамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., каго-што.
1. Прыстаць, прыліпнуць у многіх месцах да каго‑, чаго‑н., пакрыць усю паверхню. Шэрае неба, і пад ім — бясконцая дарога... вязкі бруд абляпіў колы. Мікуліч. Снег абляпіў у парках усе дрэвы. Хомчанка. // Шчыльна абхапіць з усіх бакоў (пра адзенне). Панчохі прамоклі, і вы адчуваеце, як непрыемна абляпілі яны вашы ногі... Васілевіч.
2. Наклейваючы, пакрыць чым‑н. у многіх месцах. І тут мне стала зразумела: ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Ляўданскі.
3. перан. Размясціўшыся ў вялікай колькасці, густа пакрыць якую‑н. паверхню; шчыльна абступіць з усіх бакоў; акружыць. Яны [аднакласнікі] у момант абляпілі з усіх бакоў сані, учапіліся за аглоблі, цягнулі за капылы, за палазы. Сіпакоў. Драбкі цукру мурашкі абляпілі так, што за імі нічога не было відаць. Пальчэўскі. Дзеці абляпілі хату, тоўпіліся на прызбах, заглядалі ў вокны. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)