ад..., (а таксама ада... і ад’...), прыстаўка.

1. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: а) аддаленне ад каго‑, чаго‑н., напрыклад: адысці, адбегчы, адпаўзці, адляцець, адплысці; б) аддзяленне ад прадмета яго часткі або іншага прадмета, цесна з ім звязанага, напрыклад: адвязаць, адкусіць, адкруціць, адрэзаць, адчапіць; в) завяршэнне і спыненне дзеяння, часта з адценнем інтэнсіўнасці або стараннасцю дакладнасці, напрыклад: адгасціць, адгрымець; г) звернутасць дзеяння ў адказ на што‑н., напрыклад: адгукнуцца, аддзякаваць; д) пазбаўленне, вызваленне ад чаго‑н., вяртанне каго‑н. у ранейшы стан, напрыклад: адвучыць (ад дрэнных прывычак), адбіць (ахвоту), адкачаць (тапельца), адагрэцца; е) (з часціцай ‑ся) ухіленне ад чаго‑н., напрыклад: адгаварыцца, адмовіцца (ад удзелу), адпісацца; ж) давядзенне працяглым дзеяннем да страты адчувальнасці, напрыклад: адлежаць (бакі), адседзець (нагу), адбіць (рукі).

2. Ужываецца пры ўтварэнні прыметнікаў з абазначэннем паходжання, сувязі іх з чым‑н., напрыклад: аддзеяслоўны, адметны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)