хваста́ць, хвашчу, хвошчаш, хвошча; незак.

1. каго-што і па чым. Біць чым‑н. гнуткім; сцёбаць. [Адаму] здавалася, што конь ледзь рухаецца, і ён раз-поразу хвастаў яго пугай. Чарнышэвіч. Са жмутамі аеру [хлопцы і дзяўчаты] заняліся адно за адным, хвасталі па нагах, шчасліва смяяліся. Карпаў. // Разм. Біць, наносячы звонкія ўдары па твары, целе. Палкоўнік крычаў, як вар’ят, сарваў з шыі капітана крыж, а ў клубнага афіцэра — пагоны. І пачаў хвастаць таго, з клуба, па твары. Місько. // Наносіць удары каму‑н. у час руху. І вось той ельнік... Густыя лапкі хвошчуць па твары, па спіне, колюць рукі. Паўлаў. Голле хвастала па кабіне, пакідаючы на шкле зялёныя плямкі. Радкевіч.

2. каго-што і па чым. Сячы, біць (пра вецер, дождж, снег і пад.). [Лабановіч] павярнуў назад, насустрач ветру, які забіваў дыханне, хвастаў снегам па твары, як венікам. Колас. Дробныя калючыя сняжынкі, гнаныя з поля ветрам, хвасталі, балюча секлі твар [Агаты]. Сабаленка. // і без дап. Ліцца з сілаю. Хвастаў праліўны дождж, і халодныя струменьчыкі прасочваліся на спіну. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Спосаб, прыём, якім хапаюць, схопліваюць што‑н. Учэпістая хватка. □ Сяргей здзіўляў інжынераў сваёй імклівасцю, напорыстасцю. .. Былі ў яго добрая хватка, дакладны разлік, энергія!.. Мяжэвіч. // перан. Манера дзейнічання каго‑н. [Ціхончык:] — Дык вось Ганчароў з Белагорцавым агітнулі мужчын з чужой зоны і ўзялі іх у атрад. Узялі без зброі. Але цяпер у кожнага ёсць або вінтоўка, або аўтамат. Партызанская хватка, нічога не скажаш. Дзенісевіч. [Шаройка:] — Эге! Пазнаю бацькаву хватку! Шамякін. Пазбаўлены драпежніцкай хваткі і гаспадарскай учэпістасці, .. [Мацвей] усё сваё жыццё гібее, калоціцца, азлоблены і няшчасны. Перкін. // Спрыт у чым‑н. Бяры пракос, наколькі просіць хватка, Не замінай адно, а то падрэжуць — Няхай сабе і старшынёвы — пяткі! Зуёнак. Усе думалі, што .. [Юлька] са сваёй хваткай, калі не горы стане варочаць, то зоркі з неба хапаць. Гроднеў. Зусім малады юнак быў, а ўжо — з прафесійнай рабочай хваткаю. Карамазаў.

•••

Мёртвая хватка — а) хватка ў сабак і некаторых іншых жывёл, калі доўга не разнімаюцца сківіцы; б) пра здольнасць упарта, не адступаючыся, дабівацца свайго.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарго́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ідзе, наступае, выходзіць і пад. непасрэдна за папярэднім; бліжэйшы па чарзе. Чарговая электрычка. Чарговы загад. □ Аднак, калі хлапчук мінуў ужо некалькі пільных вачэй, чарговы патруль яго аклікнуў: — Пачакай, малы! Якімовіч. [Лётчык:] — Мы ляцелі за чарговай партыяй раненых. Мележ. Раптам, схамянуўшыся, Максім устае: над галавой чутна тупаніна. Значыць, параход пад’язджае да чарговага прыпынку. Каршукоў. // Які выконвае ў парадку чарговасці якія‑н. абавязкі. Чарговы днявальны.

2. Які адбываецца, праводзіцца рэгулярна, у пэўнай паслядоўнасці. Чарговы адпачынак. Чарговы з’езд Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. □ У адзін з дажджлівых асенніх вечароў сюды на, чарговую нараду прыйшлі кіраўнікі асобных баявых груп. Пятніцкі.

3. Першы па неабходнасці, важнасці. [Старшыня:] — Калектывізацыя сельскай гаспадаркі — наша чарговая, баявая задача, і мы павінны выканаць яе на сто працэнтаў. Колас.

4. Які ўзнікае, паўтараецца, аднаўляецца час ад часу. Сілівон сядзеў у хаце Рады выдумцы чарговай. Лужанін. З таго прыезду паміж .. [Паходнем] і Марынкай завязалася перапіска, а кожны чарговы прыезд Паходні ў Мінск быў для яе радаснай падзеяй. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шале́нства, ‑а, н.

1. Вострая інфекцыйная хвароба жывёлы і чалавека, якая паражае цэнтральную нервовую сістэму і перадаецца ўкусам шалёнай жывёлы; вадабоязь. Прышчэпкі супраць шаленства.

2. Крайняя ступень раздражнення, гневу; раз’юшанасць. Праз якое паўгадзіны Мацвей Кірылавіч выбег з кабінета, як і той раз, калі яго давёў амаль да шаленства Вінцэнт Барташэвіч. Сабаленка. У прыпадку дзікай злосці і шаленства Анісім ірваў і пхаў у печ усё, што хоць чым напамінала яму жонку. Сачанка. / у вобразным ужыв. Так доўга цягнулася маладое шаленства, радаснае і пакутнае. Чорны. // перан. Вельмі бурнае, інтэнсіўнае праяўленне свайго дзеяння, сілы. Юнацтва — лета. Шаленства фарбаў, Адценне гукаў, Смуга настрояў. Свірка. Што нам пурга, шаленства дзікіх ветраў? Ёсць мэта, ёсць работа, ёсць загад! Звонак. Шаленства ракі не бясплённае: яно ператвараецца ў сілу, у электраэнергію, у святло. «Маладосць».

3. Учынак, пазбаўлены здаровай разважлівасці, выкліканы прыхамаццю, капрызам. Жадаў ім [каханым] шчасця ў падарожжы светлым Плыта ўладальнік. А яны яму, Як сябру па шаленству аднаму — Удачы ў вандраванні кругасветным. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шурпа́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нягладкую, з невялікімі няроўнасцямі паверхню. Шурпатыя дошкі. □ [Сцяпан] прыгнуў арэшыну, .. абшастаў рукою лістоту — раз-пораз пальцы намацвалі шурпатыя цвёрдыя каробачкі. Гіль. Трымаючыся за моцныя сукі, я ступіў да Зоні па тоўстым шурпатым камлі. Адамчык. // Нягладкі, агрубелы (пра скуру, цела, пакрытае такой скурай). А тут шурпатыя Трахімавы пальцы спрытна хапаюць яго за вуха, рыжая з сівізною барада набліжаецца аж да самага Уладзікавага носа і страшна шыпіць. Крапіва. Далонь.. [Надзежды Іванаўны] была шурпатая, мазолістая — жанчына не цуралася любой працы. Шамякін. Гладзіў.. [сына], цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку. Лынькоў. // З густым ворсам (звычайна грубым, калючым). Ночы пад канец лета святлейшыя, пад раніцу халаднавата — не ратуе нават шурпатая даматканая коўдра. Навуменка. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі.. бот. М. Стральцоў.

2. перан. Недапрацаваны, з хібамі, недахопамі. Толькі сэрца зловіць Шчырую прыязнасць у шурпатай мове. Буйло. Войцік прачытаў.. [матэрыял] і, нібы сам сабе, заўважыў, што для пачатку атрымалася нядрэнна, толькі стыль шурпаты. Машара. Гаварыў [Міход] ветла, спагадліва, ніводнага шурпатага слоўца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчымлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае раздражненне, боль; рэзкі. Пад раніцу .. сюды, у расчынены кароўнік, плывуць нейкія шчымлівыя пахі. Кухараў.

2. Тупы, ныючы (пра боль). Потым .. [Карызна] падсеў да стала і, падпёршы рукамі галаву, доўга сядзеў у мёртвай нерухомасці, слухаючы шчымлівы боль свайго сэрца. Зарэцкі. Петрык да шчымлівага, салодкага болю ў грудзях любіць усіх гэтых людзей. Місько.

3. Моцны, неадольны, які хвалюе, узбуджае. Было шчымлівае жаданне і лесам прайсці вось так, без дарог, напрасткі. Кірэйчык. Янак яшчэ мацней адчуў шчымлівую радасць, якую нясе гэтая навальніца, гэты дождж, і зноў прыхінуў да сябе Алёну. Лупсякоў. // у знач. наз. шчымлі́вае, ‑ага, н. Тое, што хвалюе, узбуджае, выклікае розныя пачуцці, перажыванні. Напамінак пра Веру ўскалыхнуў даўняе, шчымлівае. Кудравец.

4. Які выклікае цяжкае пачуццё, прыгнечанасць, тугу і пад. Гэта было прыемна, вельмі прыемна, але сэрца пяклі шчымлівыя думкі пра Людмілу. Радкевіч. Прыгнятала прымусовая бяздзейнасць, шчымлівая туга. Машара. Стоячы сярод двара, Форстэр прыгадаў ночы ў сябе на радзіме, у роднай вёсцы, і шчымлівы, адвечны, як сусвет, сум агарнуў яго. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эстака́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец. Збудаванне маставога тыпу для падняцця шляхоў зносін над паверхняй зямлі, над вадой, якое дазваляе праезд або праход пад ім, а таксама для пракладвання інжынерных камунікацый, забеспячэння пагрузачных ці разгрузачных работ. Доўга думалі, як паскорыць пагрузку торфу, і нарэшце дадумаліся: зрабілі эстакаду — насціл, адзін канец якога абапіраецца на зямлю, другі — падымаецца метры на тры на моцных рыштаваннях. Дуброўскі. [Дырэктар] радаваўся новай камбінатаўскай чыгунцы, а вочы ўжо глядзелі ў бок эстакады, дзе пад пагрузкаю стаялі першыя вагоны. Карамазаў. Над зямлёй у розных кірунках ішлі эстакады — высокія жалезабетонныя падпоры, на якіх цягнуліся трубы. Хадкевіч. І вось завод з яго карпусамі — галоўным, вапнавым, механічным, са складалі гатовай прадукцыі — высокімі круглымі цыстэрнамі, да якіх па эстакадах праз увесь двор ад галоўнага корпуса цягнуцца металічныя трубаправоды. Скрыган. // Абарончая падводная загарода з паль на рэках і марскіх праходах.

[Фр. estacade.]

эстака́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Прамы перпендыкулярны ўдар рапірай, шпагай, эспадронам пры фехтаванні.

[Фр. estacade.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

язычо́к, ‑чка, м.

1. Памянш. да язык (у 1, 5 знач.). [Кацянё] панюхала, яшчэ раз паглядзела Алёшу ў самыя вочы і далікатна лізнула язычком ежу. Васілевіч. Вясёлыя язычкі полымя лізалі сухія галінкі. Шамякін. Трапяткі язычок газнічкі зменшыўся, пацямнеў, усхліпваў, нібы плакаў. Хомчанка.

2. Разм. Пра здольнасць гаварыць востра, з’едліва, насмешліва. — А твой тата з язычком, — падстаўляючы пад кварту рукі, падміргнуў Ядзі Васіль. Шашкоў. Вядома, і сам Сцяпан не кепскі язычок меў, а тут яшчэ якраз падскочыў Тодар Пошта. Крапіва. — От язычок, як завадны! — падумаў Сымон, не ведаючы, што адказаць сястры. Чарнышэвіч.

3. Спец. Конусападобны выступ у ротавай поласці на краі паднябення.

4. У батаніцы — невялікі адростак ля асновы ліставой пласцінкі ў злакавых і некаторых іншых раслін.

5. Рухомая, адным канцом прымацаваная пласцінка ў розных прыстасаваннях, прадметах. Язычок чаравіка. □ У клямцы падскочыў і дзынкнуў язычок. Адамчык. Заскакала [Рэня], учапіўшыся пальцамі за язычок у замку, на адной назе, пахіснулася, войкнула і, каб не ўпасці, схапілася за яго руку. Лецка.

6. Металічны стрыжань званочка. Язычок званочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труп ‘ мёртвае цела чалавека або жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Ласт., Федар. 4; уздз., Мат.; віл., Сл. ПЗБ), ‘тулава’ (уздз., уласн. інфарм.): …паненкам — крылушкі… А я мужык глуп — мне ўвесь труп (Бел. казкі), ‘прах, астанкі’: адзежа трупам узялася (Нас.), ‘гніль’ (Багушэвіч, Байк. і Некр.): труп яго бяры — праклён (Вушац. сл.), ст.-бел. трупъ ‘мёртвае цела’, зборн. трупие ‘целы мёртвых’ (ГСБМ), трупъ ‘тс’: страшно было трупу московского гледѣти (17 ст., Карскі 2-3, 316); stojaczy na trupi (Хроніка Быхаўца). Укр. труп ‘мёртвае цела, мярцвяк’, рус. труп ‘тс’, ‘тулава’, ‘струп’, стараж.-рус. трупъ ‘мёртвае цела’, ‘ствол дрэва, пень’, польск. trup, н.-луж. tšup ‘мярцвяк’, в.-луж. trup ‘струп’, ст.-чэш. trup ‘пень’, ‘ствол’, чэш. trup, славац. trup ‘тулава, корпус’, славен. trúp ‘тулава’, ‘корпус карабля’, харв. trûp, серб. труп ‘тс’, ‘пень, калода’, макед. труп ‘тулава’, ‘мёртвае цела’, ‘пень, пацурбалак’, ‘даўбешка’, балг. труп ‘тулава’, ‘ствол дрэва’, ‘мёртвае цела’, ст.-слав. троупъ ‘мёртвае цела’, зборн. троупиѥ. Прасл. *trupъ роднаснае літ. traupùs ‘крохкі’, trupė́ti ‘крышыцца, гніць, драбніцца’, trùpas ‘старац’, ст.-прус. trupis ‘калода’ — на думку Мілеўскага (SOc, 18, 29), запазычана з польскай; лат. satrupēt ‘гніць, згніваць’, ‘спарахнець’, ст.-грэч. τρΰπη ‘дзірка’, τρυπάω ‘свідрую’, якія ўзыходзяць да і.-е. *trou‑po‑/‑s ‘пень, калода’ < і.-е. *ter‑/*treu̯/*trou̯‑ ‘церці, расціраць’, ‘свідраваць’ (Фасмер, 4, 109; Голуб-Копечны, 392; Брукнер, 578; Младэнаў, 640; Буга, РФВ, 75, 151; Скок, 3, 516; Каруліс, 2, 433; ЕСУМ, 5, 657; Сной₂, 789; Борысь, 645). Паводле Махэка₂ (655), прасл. *trupъ мела першаснае значэнне ‘спарахнелы ствол дрэва’, параўн. каш. trëpa ‘спарахнелае бервяно, асабліва ў тарфянішчы’ (SEK, 5, 166), польск. trupieć ‘трухлявець, дзеравянець’. Гл. таксама меркаванні пра зыходнае значэнне ‘частка, кавалак’ на падставе балг. разтру́пя ‘парубаць дрэва на часткі’ (Новое в рус. этим., 239), параўн. таксама харв. rastrupati ‘разбіць на кавалкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэнь ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’ (ельск., Анох.), ’прыстасаванне для гэтага ж’ (КСТ). Рус. жень ’прыстасаванне (вяровачная лесвіца) для пад’ёму бортніка на дрэва’ (Даль), ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’ (ніжнегар., кастрам.), укр. жень (Грынч.), палес. же̂нь, жінь, жинь (Ніканчук, Матеріали до лексичного атласу укр. мови. Київ, 1979, с. 214–215) ’прыстасаванне для пад’ёму бортніка на дрэва’, ст.-чэш. žině ’грубая нітка, матуз з воўны’ (Махэк), славац. žínka ’матуз’, славен. žínjica ’конскі волас, матуз з конскіх валасоў’, серб.-харв. žińica ’кайма’ (RJA). Рэканструкцыя прасл. формы выклікае пэўныя цяжкасці: галосны мог бы быць (укр. дыялекты ведаюць на яго месцы не толькі i, але і e; славен. дыялекты ведаюць i). Гэтаму не пярэчыць і балт. ei ў роднасных утварэннях: літ. geinỹs, лат. dzeinis ’матуз для пад’ёму бортніка на дрэва’. Аднак > > *a (пасля ), а калі < *oi, перад ім не ўзнікае , а *dz > *z. Гэтаму адпавядае польск. dzieńić ’карыстацца дрэвам у бортніцтве’ (SJP, 2, 582: пад dzień II), dzianek ’дрэва, якім карыстаюцца бортнікі’, дыял. dzianka ’борць у старой сасне’ (Карловіч). У форме *žěnь, што адлюстравалася ў бел., рус., укр., чэш., славац., славен., узнікла, магчыма, пад уздзеяннем *žica; польск. dzień уступала ва ўзаемадзеянне з dziać (< *děti) ’рабіць’ (у тым ліку вуллі ў дрэве), што садзейнічала захаванню dz у dziany, якое страчвала сувязь з dzień і атрымлівала з dziać (гл. Bartnictwo ў Глогера, Encyklopedia staropolska, І, 121). На сувязь балт. слоў з рус. указана ўжо ў Мюленбаха–Эндзеліна (1, 540), а Махэк₂ (728) адзначыў роднаснасць ст.-чэш. і славац. з балт. і лац. funis ’канат, матуз’ (дзе можа быць з *oi, Эрну-Мейе, 262). Тады жэнь роднаснае жычка (гл.), прычым можа ўзыходзіць да і.-е. кораня *g​hei̯: g​ (Покарны, 1, 489) і рэканструявацца як *g​hoi̯n‑i‑s. Гл. яшчэ жыла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)