перакі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Штуршком, махам перамясціцца цераз каго‑, што‑н. куды‑н. Лабановіч хутка перакінуўся на двор пана падлоўчага цераз невысокі плот, які адгароджваў двор школы ад двара пана падлоўчага, і пастукаў у дзверы. Колас. Перакінуліся на той бок высачэзнага плота адзін за другім тры цені. Васілевіч.

2. Хутка перайсці, распаўсюдзіцца на што‑н. Пажар абняў адразу паўсяла. Ён перакінуўся на гумны, на сады. Танк. Але вецер дзьмуў у напрамку дома, і полымя з хвіліны на хвіліну магло перакінуцца і на яго. Васілёнак. У кастрычніку 1905 года пачалася стачка на чыгунцы, пасля перакінулася на фабрыкі і заводы. С. Александровіч.

3. перан. Разм. Перайсці на чый‑н. бок, стаць прыхільнікам каго‑, чаго‑н. іншага. Перакінуцца ў лагер рэакцыі. □ Потым Фабіян перакінуўся да нямецкіх фашыстаў і служыў ім з сабачай адданасцю. Новікаў.

4. Хутка і ў кароткі тэрмін перамясціцца на другое месца. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з.. [Заходняга] фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. // Разм. Перайсці да іншай тэмы гутаркі, размовы. [Вера Андрэеўна] бачыла, што спрэчка перакінулася на іншае, адышла ад галоўнага, што так хвалявала яе. Арабей.

5. Быць пакладзеным упоперак чаго‑н. для праезду, пераходу. Праз ручаёк.. перакінуўся мосцік. Скрыган. // перан. Пралегчы цераз што‑н. Цераз раку перакінуўся доўгі, крывы цень вярбы. Асіпенка.

6. чым. Кінуць што‑н. адзін другому. Перакінуцца мячыкам. // перан. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: адказаць на чый‑н. зварот, дзеянне падобным дзеяннем, абмяняцца (словамі, поглядам і пад.). Перакінуцца жартамі. Перакінуцца словамі. // у што. Разм. Згуляць з кім‑н. (у карты, лато і пад.).

7. Разм. Перакуліцца, перавярнуцца на процілеглы бок. Воз перакінуўся ў канаву. Нахіліўся човен і перакінуўся ўверх дном.

8. у каго-што. У казках — ператварыцца пры дапамозе чараў у каго‑, што‑н.; перавярнуцца. Перакінуўся чорт у парабка ды пайшоў да пана. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́яцца, ба́ецца; незак.

Зал. да баяць (у 1 знач.).

бая́цца, баю́ся, баі́шся, баі́цца; незак.

1. Адчуваць страх; апасацца каго‑, чаго‑н. [Спаткай:] — Сядзелі ў зямлянках, грызлі сухары і носа баяліся вытыркнуць. Навуменка. Жыў некалі адзін пан, ды такі злосны, што бяда: ніхто не мог яму дагадзіць. Усе яго баяліся, як чорта. Якімовіч. // Знаходзіцца ў стане трывогі. У Ванды закружылася галава. Яна баялася, каб не страціць прытомнасць. Мяжэвіч. // Непакоіцца за каго‑, што‑н. За Валодзіка.. [Змітрок] менш баяўся. Бажко. // Пазбягаць каго‑, чаго‑н. непрыемнага. Баяцца сустрэчы. □ [Мацей Кулеш:] — Воўкам ты жывеш, кума. Жывых людзей баяцца стала. Шамякін. // Не адважвацца на што‑н.; не хацець узяцца за якую‑н. справу; пасаваць перад цяжкасцямі. [Ігнась] баяўся зрабіць непрыемнае сябру сваімі словамі. Мурашка. На якую хвіліну ў хаце ўсталявалася такая ўрачыстая цішыня, што кожны, здавалася, баяўся парушыць яе сваім дыханнем. Лынькоў. [Заатэхнік:] — Я так і ведала. Значыць, баіцеся паходзіць каля фермы. Сергіевіч. // З цяжкасцю пераносіць што‑н. [Чалавек:] — Гэта далёка, вёрст дваццаць адсюль будзе. Але я дарогі не баюся. Скрыган.

2. чаго. Не пераносіць чаго‑н., адмоўна рэагаваць на што‑н.; псавацца ад чаго‑н. Галава стала, холаду баяцца. Толькі на восень паверне, і Дубель носіць зімовую шапку. Ермаловіч. [Палікарпаўна:] — Любіць, пястуха [расада], каб яе рана сеялі, а калі пачне ўзыходзіць, дык вельмі ж баіцца холаду. Кулакоўскі.

3. (з адмоўем «не»), у знач. пабочн. Разм. Будзь упэўнены, не сумнявайся. [Жлукта:] Не бойся, я ведаю, што раблю. Крапіва. [Дзед:] — О, брат, не бойцеся, — .. [Верачка] ведае, з кім сябраваць. У старшыні не толькі хлеб, — у яго і скварка знойдзецца. Брыль.

•••

Баяцца дыхнуць — трымаць сябе ціха, баязліва.

Баяцца як агню — вельмі баяцца каго‑н.

Баяцца як чорт ладану (крыжа, кадзіла) — вельмі баяцца каго‑, чаго‑н.

Бога ты не баішся! — выражэнне дакору ў сувязі з тым, што хто‑н. робіць нешта недазволенае.

Бойся (ты) бога — май сумленне.

Духу баяцца — адчуваць страх пры адным упамінанні каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Разм.

1. Утварыць глухі адрывісты гук; грымнуць. Раптам бухнуў гарматны стрэл. Шамякін. І далёка за чаротам Бухнуў, нібы ў кадзь, бугай. Колас. Запішчала скрыпка, заліўся гармонік, бухнуў барабан — маладых, як толькі яны паказаліся ў канцы сяла, сустракалі з маршам. Васілевіч. // Раздацца, пачуцца нечакана, з сілай. Бухнуў рогат. // З сілай вырвацца, памкнуцца. Яму [Сымону] усё цёмна, невядома... І раптам бачыць — бухнуў дым, Як вата белы, а за ім Агонь прарваўся з-пад саломы. Колас.

2. Стукнуць, ударыць; стрэліць. Матрос яшчэ раз бухнуў у дзверы і раптам заціх, прысеў побач са Сцёпкам, уздыхнуў. Хомчанка. Не спяшаючыся, адчыніў [шафёр] дзверцы, вылез з кабіны, бухнуў нагою па пакрышцы, чакаючы, пакуль падыдуць пасажыры. Скрыган. [Аляксей:] — Адыдзіце ад акна, а то яшчэ каменнем дадуць. А могуць і з абрэза бухнуць. Сабаленка.

3. каго-што. З сілай кінуць. Госць спрытна адарваў гаспадара ад падлогі, закруціўся з ім, потым падставіў «ножку» і бухнуў яго ў бярлог. Колас.

4. безас. у знач. вык. Ударыць, стукнуць, грымнуць. — Бах! — гулка бухнула дзесьці непадалёку. Хомчанка.

5. Тое, што і бухнуцца. Бухнуць у ваду. □ Бабка Наста кулём скацілася з печы і бухнула ў ногі рыжаму пану. Колас. Галодны і стомлены за ўсе гэтыя дні, не прыглядаючыся да месца, я, што нежывы, бухнуў у лазу тут жа ля берага. Адамчык.

6. Уліць, усыпаць, укінуць адразу ў вялікай колькасці. Бухнуць солі ў суп. Бухнуць вядро вады ў кацёл. Бухнуць усё масла ў кашу.

7. перан. Сказаць, зрабіць што‑н. нечакана, неабдумана. Яна ў тэатры спявае, і нават яму прыносіла білет у тэатр, дык ён, дурань, бухнуў, што нічога не разумее ў гэтых яе операх. Васілевіч.

бу́хнуць 2, ‑не; пр. бух, бухла; незак.

Пашырацца, павялічвацца ў аб’ёме ад вільгаці; разбухаць. Зямля вохкала пад нагамі, стагнала, бухла. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рассунуцца, расхінуцца, каб адкрыць, паказаць што‑н. Заслона раскрылася.

2. Вызваліцца ад таго, чым быў накрыты; стаць нічым не прыкрытым; агаліцца. Раскрыцца ў сне. □ [Урач] хацеў узяцца за прасціну, якой была ўкрыта пацыентка. Але яна яго апярэдзіла. Сама раскрылася да самых калень. Алешка. // Разваліцца, прадзіравіцца (пра страху). Але дома за гэтыя гады ўсё заняпала, раскрыўся хлеў, пабурылася ў хаце печ. Сачанка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разгарнуцца, раскласціся, распасцерціся (пра што‑н. складзенае). Парасон раскрыўся. Кніга раскрылася. □ Роўна на пятай секундзе, як гаварыў пасля інструктар, я тузануў за кольца. Над галавой раскрыўся парашут. «Маладосць». // Распусціцца (пра пупышкі). Набраклі, вось-вось раскрыюцца .. смолкія пупышкі на дрэвах. Мыслівец.

4. Адкрыцца (пра рот, вочы). І раптам затросся дзед Талаш. Вочы яго шырока раскрыліся, на твары адбіўся жах. Колас. Кручкаватая драпежная дзюба раскрылася. На Сашку ўставілася мёртвае злоснае вока. Даніленка.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць бачным, адкрыцца вачам. Апошні раз расступіўся лес, і перад вачамі настаўніка раскрылася шырокая палянка, вясёлая і прыветная. Колас. Раптам тунель скончыўся, і перад намі раскрылася панарама Нью-Йорка. Новікаў. // перан. Стаць даступным, магчымым для каго‑н. Светлае жыццё раскрылася перад юнаком. □ У Расіі раскрыліся перад паэтам [А. Міцкевічам] новыя далі. Лойка.

6. Праявіць, выявіць сябе, сваю сутнасць. Вось тады і раскрыліся гаспадарчыя здольнасці Булая. Шыцік. Міхаіла Сярмяжку прызначылі брыгадзірам. І тут неўзабаве раскрыўся талент не толькі высокакваліфікаванага муляра, але і разумнага выхавацеля. Дадзіёмаў. // Адкрыцца, пакінуць гаіцца, расказаць аб сабе і сваіх думках, пачуццях. — Ты ведаеш, што ў кожнага чалавека ёсць патрэба абавязкова раскрыцца перад другім? Скрыган.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць вядомым; выкрыцца. Злачынства раскрылася. Тайна раскрылася. □ Сцёпка прыкінуўся, што нічога не цяміць, .. і дзівіцца, што так скора раскрылася іх бязбожніцкая дзейнасць. Колас. Я пазнаёміўся з бацькамі, і сакрэт раскрыўся адразу. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́ва, ‑ы, ж.

1. Шырокая, ганаровая вядомасць, усеагульнае прызнанне чыіх‑н. заслуг, гераізму, таленту і пад. Клава Патупчык стала вядомай даяркай. У працы непрыкметна прыходзіць і слава. Кавалёў. Мы заслужылі баявую славу, Ішлі ў паход, не спаўшы па начах. Смагаровіч. Аб славе Пушкіна спяваем Сягоння мы на сотнях моў. Броўка. // Пра таго ці тое, што сваімі заслугамі або вартасцямі прыносіць каму‑, чаму‑н. шырокую, ганаровую вядомасць. Герой Сацыялістычнай Працы — слава ўсяго завода. □ Песня [Я. Купалы] стала славаю народа. Вялюгін. Наш родны Мінск, краса і слава Савецкай мілае зямлі. Астрэйка.

2. Вядомасць у якасці каго‑н., у якіх‑н. адносінах. І зноў Шаройка пабыў славу лепшага гаспадара, ужо калгаснага. Шамякін. Дзень за днём Грысева хата набывала ўсё большую і большую славу ў лесе. Кулакоўскі. Не, слава добрага чалавека — гэта ўсё-такі даволі цяжкі абавязак... Скрыган.

3. (звычайна ў спалучэнні з прыметнікамі: «добры», «дрэнны» і пад.). Разм. Агульная думка аб кім‑н., рэпутацыя. [Бандароўна:] — Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою. Купала. Але тая [дзяўчына] нават і глядзець не хацела ў яго бок: дрэнная слава хадзіла пра Сікорскіх на многія вёрсты наўкол. Ваданосаў.

4. (звычайна з дзеясловамі «хадзіць», «ісці» і пад.). Разм. Чуткі, размовы, погаласка. Па раёну ходзіць слава, што Анісім — мудры дзед. Панчанка. Аб змене чырвонай даўно грыміць слава. Колас. Добрая слава цяпер ідзе пра калгас па свеце. Дуброўскі.

5. Вокліч, які азначае: хвала!, пашана!, гонар! Бліжэй [Паўлюк] падыходзіць, гукае здалёк: — Збавіцелям слава!.. Дзень добры, сынок! Колас. Слава ж табе, маладая дзяржава, Слава на ўсю неабдымную шыр! Глебка. Слава інжынерам і вучоным, Што праклалі ў космас першы след! Панчанка.

•••

Курган Славы гл. курган.

На славу — вельмі добра. Гулянка была наладжана на славу. З’ехаліся госці з усёй ваколіцы. Бядуля.

Слава богу — а) (у знач. вык.) добра; б) (у знач. пабочн.) на шчасце. Дождж, слава богу, прайшоў.

Толькі і славы, што... — толькі гаворыцца так, а на справе інакш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў дарослым, дасягнуў поўнага развіцця. Сталыя мужчыны збіраліся ў гурткі і разважалі аб вайне, якая насоўвалася на іх. Колас. Аднак, зірнуўшы ў вочы касір[ц]ы, ужо сталай і сур’ёзнай жанчыне, Аня засаромелася свайго намеру і пачырванела да вушэй. Карпюк. / у знач. наз. ста́лыя, ‑ых. Я пытаўся ў сталых: — Дзе ж ён ёсць брыгадзір? Лужанін. // Уласцівы такому чалавеку. Маленства не песціла Зыгмунта Серакоўскага гэтак жа, як і сталыя гады. Якімовіч. У сталым веку будзеш чуць ты [унук] музыку гадоў выразна. Дубоўка.

2. Здольны рабіць, дзейнічаць самастойна, без чыёй‑н. дапамогі, кіраўніцтва; сур’ёзны. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і найбольш патрэбнае. Чорны. Ён [сакратар райкома] малады, ды сталы. Пабачыў ён багата. Дубоўка. [Аўдоля:] — Я так і ведала. Цівуну што — сталага работніка шкада на кухню ставіць, а дзяцей не шкада. Якімовіч. // Уласцівы такому чалавеку. Ой, як цяжка рабіць першы, сталы крок у жыцці! Бядуля.

3. Вопытны, які дасягнуў майстэрства ў чым‑н. Драбнатэм’е, прыглушанасць голасу, звужанасць погляду на сучаснасць — бяда нашых многіх сталых і маладых паэтаў. Грахоўскі. Не раз [Іван Якаўлевіч] здымаў шапку перад сталым практыкам-энергетыкам. Цяпер, бач, як вырас Анатоль Іванавіч! Гроднеў. На савецкую работу вылучана вялікая колькасць палітычна сталых работнікаў з шырокім партыйным, дзяржаўным кругаглядам, здольных весці справу энергічна і пісьменна. «Звязда». // Які вылучаецца грунтоўнасцю, майстэрствам і пад. Першыя на дзіва сталыя вершы .. [Валянціна Таўлая] датаваны 1928 годам, калі паэту было чатырнаццаць. Брыль. Па геаграфіі веды Сталыя мы набылі, Пеша схадзіўшы ўсе сцежкі Нашай вялікай зямлі. Куляшоў.

4. Пастаянны, нязменны; разлічаны на доўгі час, не часовы. [Наталя:] — Дарагая, мілая цётка Мальвіна!.. Дзе ты цяпер? Ты ніколі не мела свайго сталага месца — з дзядзькам Прахорам вы вечна падарожнічалі па краіне з канца ў канец. Скрыган. На мой паклон .. [Яворская] адказала запытаннем. — Новы сусед? Адкуль? Ага, выкладчык! Факультатыўна ці на сталую работу? Дуброўскі.

5. Добра абдуманы; які сведчыць пра вопытнасць, майстэрства. Сталае рашэнне. Сталая думка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыгожа і прапарцыянальна складзены, статны. На парозе з явілася стройная жанчына год трыццаці і, як даўнім знаёмым, усміхнулася нам. Няхай. Стройны стан, загарэлыя голыя рукі і ўзбітыя сонцам жоўтыя валасы акрэслена вызначаліся ў вялікай раме расчыненых варот. Дуброўскі. А прыгожыя ж, наўздзіў!.. Стан той стройны ды крамяны, Твар прыветны ды румяны. Крапіва. // Які мае прыгожую і прапарцыянальна складзеную фігуру. [Сяргееў:] — А-а, дык вы б [Марыля] так і сказалі, бландзін, стройны. Федасеенка. Сцяпанаў быў у новеенькай гімнасцёрцы,.. у зухавата ссунутай набакір фуражцы. Падцягнуты, акуратны, стройны. Алешка. / Пра жывёлін. [Лось], лёгкі і стройны, горды і прыгожы. Кірэйчык. / Пра будынкі, збудаванні, калоны і пад. Бялеюць стройныя муры, Іскрыцца чарапіца. Астрэйка. З балкона віднеліся стройныя карпусы завода, вялізны парк. Ваданосаў. / Пра дрэвы, лес. Плячысты дуб, І рослы клён, І стройная сасна Шумяць — пяюць, Што зноў прыйшла Да нас Вясна-красна. Кірэенка. Стройныя дрэўцы роўнай алейкай збягалі кудысьці ўніз, відаць, да ракі. Шыловіч. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройныя баравым, то нізкім балотным. Колас.

2. Роўна, правільна размешчаны. Я заспяшаўся насустрач і неўзабаве ўбачыў стройную калону піянераў з чырвоным сцягам дружыны ўперадзе. Шыловіч. Усе, хто быў на калгасным двары, высыпалі на вуліцу і праводзілі стройную школьную калону ўсхваляванымі позіркамі. Кулакоўскі.

3. Правільна і лагічна пабудаваны; паслядоўны. Стройная тэорыя. Стройная канцэпцыя. □ Стройныя і цэльных тэарэтычных поглядаў, якія б служылі базісам для яго рэфарматарскай праграмы і асвятлялі прыватныя пытанні рэформы, у Гобсана няма. Ленін. // Які вылучаецца, вызначаецца зладжанасцю, дакладнасцю. Усе ўтрох сцішана глядзелі па стройны працэс [будаўнічых] работ. Шынклер. То мне здавалася, што гэта самае лепшае з усяго, што мною напісана: яно самае строгае, самае стройнае і душэўнае; кожнае слова ў ім не толькі стаіць на месцы, а стаіць важка, значна, нясе на сабе найбольшую пагрузку; тут поўна чалавечых хваляванняў, самых трапяткія адзнак нашага часу. Скрыган. // Зладжаны, гарманічны (пра музыку, спевы). Стройныя гукі аргана. Даносіўся стройны спеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́лад, ‑у, М ‑дзе; мн. халады, ‑оў; м.

1. толькі адз. Нізкая тэмпература навакольнага асяроддзя (паветра, вады і пад.). Назаўтра ўранку, яшчэ раса пяклася холадам, Сівы [хлопчык] ужо ехаў верхам на парсюку — зноў на балота. Падганяў Белага парэпанымі пяткамі пад бакі і зноў смяяўся. Брыль. Калі няма хмар, неба бялее і ад гарачыні і ад холаду. Карпаў. // Халоднае паветра, струмень такога паветра. Сыры вецер дзьмухнуў.. [мельніку] вострым холадам у твар. Чорны. // Месца, дзе тэмпература паветра нізкая, дзе холадна. Паставіць цеста на холад.

2. Вельмі халоднае надвор’е; мароз. Тады перада мною ўставалі, як у вялікі холад, высока паднятыя і сціснутыя плечы. Скрыган. Ноч, працятая пругкім холадам, пазірала ў падвойныя вокны Пракопавай «станцыі». Колас. // звычайна мн. (халады́, ‑оў). Працяты перыяд з нізкай тэмпературай надвор’я. Не страшны смелым ім былі Спякота, халады. Купала. Зіма дужэла патроху. То ціснулі зямлю халады і чыстай беллю — аж адбірала вочы — шырыліся палі, то мокла адліга — снег цямнеў, і, нудны, беспрасветны, церусіў дождж. Мележ. А тут яшчэ наступілі халады і .. [Алёшку] загадалі апальваць кацельную. Лынькоў.

3. толькі адз. Адчуванне дрыжыкаў (ад хваробы, страху і пад.). Лукашык успомніў начных гасцей, і холад прабег у яго па целе. Дамашэвіч.

4. перан.; толькі адз. Душэўная раўнадушнасць, стрыманасць у праяўленне пачуццяў, увагі. А потым прыехала Соня, і як бы штось зрушылася ва мне і ў самой прыродзе: холад чужой бяды адышоў — прапаў неяк лёгка і проста. Вышынскі. // Раўнадушныя, абыякавыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Сымон Ракуцька бачыў гэты холад на маладым твары невядомага падарожнага і пачаў траціць сваю ранейшую ажыўленасць. Чорны. Мінулага холаду паміж.. [тэатрам] і гледачом не засталося і ў паміне. Сяргейчык. Ад фільма [«Сад самых салодкіх пладоў»] вее холадам, абыякавасцю. «Маладосць».

•••

Полюс холаду — раён найніжэйшых зімовых тэмператур на Зямлі.

Штучны холад — нізкая тэмпература асяроддзя, цел або рэчываў, што ствараецца шляхам адводу ад іх пэўнай колькасці цеплыні.

Кінуць у холад — пачаць трэсці, калаціць.

Сабачы холад — вельмі моцная сцюжа.

Цярпець холад і голад гл. цярпець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. прыбяры; зак.

1. каго-што. Адзець прыгожа, лепш, чым звычайна. Прыбраць да шлюбу. □ — Прыбраць бы іх прыгожа, — сумна ўсміхаецца Люська, — якраз як сёстры Фёдаравы... Ракітны. // Пакрыць чым‑н. для ўпрыгожвання; упрыгожыць. Сцены прыбралі самымі прыгожымі дыванамі, якія ўмелі ткаць бярозаўскія жанкі. Васілевіч. З іх [дзяўчат] адна вянком удала Галаву сабе прыбрала. Танк. Мароз прыбраў, як майскай квеценню, Сады, палеткі і дамы. Астрэйка.

2. што і без дап. Прывесці ў парадак што‑н., навесці чысціню дзе‑н. Прыбраць у хаце. □ Старанна прыбрала.. [Ганна] кухню, змяла, выцерла кожную пылінку. Колас. Собіч даўно прыбраў стол, але чакаў, глянуўшы на Марыну: яна стаяла каля акна задумаўшыся. Скрыган.

3. што. Прыняць, зняць, знесці адкуль‑н. Прыбраць посуд са стала. Прыбраць камень з дарогі. □ Вясной перад іхнім домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар, прыбралі хлуд. Лось. [Аканом] паклікаў усіх, хто забудаваўся з Гальвасавага лесу, і сказаў за лес заплаціць, а за самаўпраўства даць штраф. А хаты прыбраць з Гальвасавага поля. Чорны. // каго. Разм. Зняць, вызваліць. [Антон Васільевіч], відаць, дабіваецца, каб мяне прыбралі з пасады старшыні. Паслядовіч.

4. каго-што. Разм. Знішчыць, забіць. — Самі ведаеце, як тады жыццё наша калгаснае ішлося. Пабудовы спалены, зямля запушчана, ні цяпла, ні людзей... Усё вайна прыбрала. Сачанка. [Вінцук:] — Так то яно так, але поўзаюць жа па свеце такія гады. І не прыбярэ такую поскудзь ніхто. Машара. [Мікола-падпольшчык:] — Ваня, ты заставайся ў горадзе, прыбяры гада як мага хутчэй, пакуль ён не нарабіў бяды. Новікаў.

5. каго-што. Разм. Завалодаць чым‑н., прысвоіць каго‑, што‑н. Зямлю ж гектараў паўтара Прыбраў вясковы абдзірала, Прыслужнік панскага двара. Колас.

6. што. Разм. Сабраць (ураджай з поля, сена і пад.). — Збожжа прыбралі, азіміну пасеялі — чаму ж не пагасцяваць крыху ў добрага чалавека? Пянкрат. З поля прыбралі багаты ўраджай, сеялі жыта. Чорны. // Канчаткова зрабіць што‑н. на якой‑н. тэрыторыі. — Балота прыбралі ўжо? — Учора касілі ўсім сялом — скончылі! Краўчанка.

•••

Прыбраць да рук — а) захапіць сабе, прысвоіць; б) прымусіць каго‑н. быць паслухмяным. Вялая думка стала больш акрэсленай і перарасла ў рашэнне: прыбраць да рук гэтага.. ветрагона. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Група свойскай жывёлы аднаго віду і агульнага паходжання, якая адрозніваецца ад іншых груп пэўнымі прыкметамі. Бельгійская парода коней. □ — Надышоў час укамплектаваць ферму авечкамі танкаруннай пароды. Стаховіч. Макарыха выцягнула з воза пеўня, развязала ногі і крылы, апусціла на зямлю. — Во, на развод прывезла, галанскай пароды. Асіпенка. // Разнавіднасць жывёл, якія сваімі асаблівасцямі ці агульнымі прыкметамі адрозніваюцца ад іншых жывёл. Парода сумчатых з’яўляецца адной з самых старадаўніх і яшчэ цяпер захавала некалькі відаў, да якіх належыць, напрыклад, вядомы аўстралійскі кенгуру. Маўр. // Разм. Пародзістасць. Ды пароды дужае Быў армейскі конь, Не сканаў асуджаны Куляю на скон. Куляшоў.

2. Разнавіднасць раслін. Дзесяткі парод дрэў, лісцяных і хвойных, разложыстых і вастраверхіх, то шарэнгамі, то купкамі спускаліся па схілах узгоркаў да рэчкі. Хадкевіч. // Сорт, гатунак раслін. Вывесці новую пароду вішань.

3. Разм. Катэгорыя людзей з якімі‑н. характэрнымі рысамі. Стары.. быў з пароды тых вясковых людзей, якія ніколі табе не пакажуцца адразу. Карпюк. Мы з пароды мужнай, працавітай, Гартавалі нас цяжкія бітвы. Панчанка. // Вонкавы выгляд, склад цела чалавека. Гэта быў мужчына вельмі мажны, высокі, з вялікімі рукамі, з буйнымі рысамі твару, непаваротлівы і, нават, здавалася, нясмелы, як гэта звычайна бывае ў людзей такой пароды. Скрыган.

4. Разм. Род, сям’я, радня. [Андрэй:] — Уся ваша парода корзунаўская такая. П. Ткачоў. Два маленькія худзенькія хлапчукі, зусім не падобныя на свайго асілка-бацьку. Толькі чорныя такія ж. «Штось цыганскае ў іх народзе», — гаварылі ў вёсцы. Шамякін.

5. Уст. Прыналежнасць да якой‑н. сацыяльнай групы; сацыяльнае паходжанне. Дваранская парода. □ [Сцяпан:] — Прыйдзе звод на кожнага, хто ў кулацкай народзе ходзіць. Лынькоў.

6. Мінерал або сукупнасць мінералаў, якія з’яўляюцца састаўной часткай зямной кары. Горкая парода. Цвёрдыя пароды. // Мінерал, які змяшчае ў сабе які‑н. больш каштоўны карысны выкапень.

7. О Бітумінозныя пароды — асадкавыя горныя пароды (пяскі, пясчанікі, вапнякі і інш.), у якіх ёсць прыродны бітум. Мацярынская парода — верхні слой горных парод, на якім пад уздзеяннем біялагічных і біяхімічных працэсаў, а таксама пад уплывам дзейнасці чалавека адбываецца ўтварэнне глебы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)