сла́ва, ‑ы, ж.
1. Шырокая, ганаровая вядомасць, усеагульнае прызнанне чыіх‑н. заслуг, гераізму, таленту і пад. Клава Патупчык стала вядомай даяркай. У працы непрыкметна прыходзіць і слава. Кавалёў. Мы заслужылі баявую славу, Ішлі ў паход, не спаўшы па начах. Смагаровіч. Аб славе Пушкіна спяваем Сягоння мы на сотнях моў. Броўка. // Пра таго ці тое, што сваімі заслугамі або вартасцямі прыносіць каму‑, чаму‑н. шырокую, ганаровую вядомасць. Герой Сацыялістычнай Працы — слава ўсяго завода. □ Песня [Я. Купалы] стала славаю народа. Вялюгін. Наш родны Мінск, краса і слава Савецкай мілае зямлі. Астрэйка.
2. Вядомасць у якасці каго‑н., у якіх‑н. адносінах. І зноў Шаройка пабыў славу лепшага гаспадара, ужо калгаснага. Шамякін. Дзень за днём Грысева хата набывала ўсё большую і большую славу ў лесе. Кулакоўскі. Не, слава добрага чалавека — гэта ўсё-такі даволі цяжкі абавязак... Скрыган.
3. (звычайна ў спалучэнні з прыметнікамі: «добры», «дрэнны» і пад.). Разм. Агульная думка аб кім‑н., рэпутацыя. [Бандароўна:] — Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою. Купала. Але тая [дзяўчына] нават і глядзець не хацела ў яго бок: дрэнная слава хадзіла пра Сікорскіх на многія вёрсты наўкол. Ваданосаў.
4. (звычайна з дзеясловамі «хадзіць», «ісці» і пад.). Разм. Чуткі, размовы, погаласка. Па раёну ходзіць слава, што Анісім — мудры дзед. Панчанка. Аб змене чырвонай даўно грыміць слава. Колас. Добрая слава цяпер ідзе пра калгас па свеце. Дуброўскі.
5. Вокліч, які азначае: хвала!, пашана!, гонар! Бліжэй [Паўлюк] падыходзіць, гукае здалёк: — Збавіцелям слава!.. Дзень добры, сынок! Колас. Слава ж табе, маладая дзяржава, Слава на ўсю неабдымную шыр! Глебка. Слава інжынерам і вучоным, Што праклалі ў космас першы след! Панчанка.
•••
Курган Славы гл. курган.
На славу — вельмі добра. Гулянка была наладжана на славу. З’ехаліся госці з усёй ваколіцы. Бядуля.
Слава богу — а) (у знач. вык.) добра; б) (у знач. пабочн.) на шчасце. Дождж, слава богу, прайшоў.
Толькі і славы, што... — толькі гаворыцца так, а на справе інакш.