Тапі́ла, топі́ло ’невялікі вадаём, у якім летам вада не высыхае’ (лун., Шатал.), ’невялікі прыродны вадаём’ (бабр., ЛА, 2), ’багна’ (Мат. Гом.), ’вадзяное месца на лузе’ (Мат. Маг.), ’топкае месца на балоце; твань’ (бабр., рэч., ЛА, 5), ’гразкае месца’ (ТС), ’вадаём са стаячай вадой; ставок’ (рагач., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ’прорва’ (лун., ЛА, 5), тапі́лы ’багна, твань’ (пруж., Сл. ПЗБ), то́піла ’багна’ (рас., Шатал.). Параўн. укр. топи́ло ’лажбіна з вадой, куды сцякае вясенняя вада; карставы правал, дзірка, куды сцякае вада’. Адносна распаўсюджання, семантыкі і паходжання гл. Талстой, Геогр., 169, 243 (рэканструюе ўсх.-слав. *topilo). Казлова (БЛ, 21, 63) параўноўвае з балг. дыял. топи́ло ’сажалка ці месца ў рацэ, дзе мочаць каноплі’, макед. топило ’тс’ і ўзводзіць усе формы да прасл. *topidlo, звязанага з *topiti, гл. тапіць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэліць ‘гаварыць глупства, разводзіць плёткі’; ‘маніць, выдумляць’ (Арх. Федар., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ‘доўгі час гаварыць пра адно і тое ж’ (Зайка Кос.), ‘абы-што гаварыць’ (Сцяц., Скарбы; слонім., Жыв. сл.), трыэ́літі ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), сюды ж трэ́ля ‘пустамеля’ (Сцяц.), ‘балбатун’ (Сцяшк. Сл.), tryéla ‘тс’, tryéle‑mele ‘нясмелы, разлезлы, павольна гаворачы чалавек’ (Федар. 4). Параўн. польск. trelić ‘гаварыць абы-што’, якое адносяць да іт. trillo, trillare (Брукнер, 575), гл. трэль1; рус. аргат. тре́лить ‘патрабаваць што-небудзь, не маючы на тое падстаў’, ‘эксплуатаваць’ (Шчарбакова-Бруева), ід. treln ‘ліслівіць, дагаджаць’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Слова няяснага паходжання, магчыма, ад тра-ля-ля, параўн. трэ́ляць ‘сноўдаць без пэўных заняткаў’ (ТС), гл. траляваць1. Пра магчымыя балцкія ўплывы гл. трэйліць, а таксама Рэмбішэўска, ABSl, 31, 228.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тузе́мец ‘карэнны жыхар якой-небудзь краіны, мясцовасці, абарыген’ (ТСБМ), ст.-бел. туземець: ꙗко…родивыисѧ оу васъ (Скарына, ГСБМ), сюды ж тузе́мскі ‘мясцовы паводле паходжання, прадукцыі’ (Нас.), тузе́мшчына ‘мясцовы выраб’ (там жа). Запазычана з ц.-слав. тъземьць ‘мясцовы жыхар’ (Арол, 4, 114), параўн. укр. тузе́мець, рус. тузе́мец, польск. tuziemiec, чэш. tuzemec ‘тс’. Паводле Праабражэнскага (Труды ИРЯ, 1, 14), Фасмера (4, 115), лексема ўтворана ад ту‑ ‘тут’ і земьць ‘прыродны жыхар’. Не выключана, аднак, утварэнне ад тъ ’гэты’ < прасл. *tъ ‘тс’ і земьць ‘жыхар’ (< *zem‑ьcь ад *zemь ‘зямля’) — ‘жыхар гэтай зямлі’, параўн. аналагічнае рус.-ц.-слав. сеземьць ‘туземец’ (Сразн., 3, 324), стараж.-рус. тоземьць ‘жыхар той зямлі’. Апошняе схіляе да думкі пра першасную форму з *tъ‑, а формы з *tu‑ — вынік народнай этымалогіі (ESJSt, 17, 1004).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ёўня ’будынак для сушкі снапоў’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Янк. II, Касп., Гарэц., Бяльк., Шн., ДАБМ). Рус. смал. евня, ёвня, укр. евня. Абмежаваны арэал і немагчымасць этымалагізацыі на слав. глебе даўно прывялі да думкі аб балтыйскім паходжанні лексемы. Да таго ж сельскагаспадарчыя будынкі часта маюць на беларускай моўнай глебе назвы балтыйскага паходжання (параўн. пуня, клуня, асець, гл.). Патабня, РФВ, 5, 254; Карскі, Белорусы, 133, Карскі, РФВ, 49, 19; Сабалеўскі, Slavia, 5, 450; Ільінскі, Slavia, 2, 263; Урбуціс, Baltistica, 1969, 5 (1), 58. У якасці крыніцы або слова, блізкага да крыніцы, указваецца літ. jáuja ’ёўня’. У старабеларускіх помніках мы знаходзім таксама варыянт, які непасрэдна суадносіцца з літ. словам евья (Карскі, Белорусы, 133; Булыка, Запазыч., 105; Булыка, Лекс. запазыч., 99), евьи ’ёўні’ (Гарб., 120).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькі ’санкі’ (Янк. 1), sanka ’часць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́к ’колькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр. са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус. са́ни, ст.-рус. сани, ст.-рус., ц.-слав. сань ’змяя’, польск. sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж. sanje, н.-луж. sáne ’сани’, чэш. sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац. sane ’сані’, серб.-харв. са̏они, славен. sanȋ, балг. са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін. cionne ’від саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат. čana ’сані’, казах. šana, манг. čana, бурац. sana ’санкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл. *sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ. šónas ’старана’, лат. sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч. σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец. з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бары́цца ’марудзіць’ (Нас., Гарэц., Кос.), барі́цца (Бяльк.), бары́ць затрымліваць’ (Нас.). Ст.-бел. барити ’тс’ (Нас. гіст.). Укр. бари́тися, рус. дыял. (арл., кур., варонеж.) бари́ться ’тс’, бари́ть ’затрымліваць’. Цёмнае слова. Ільінскі (РФВ, 62, 251) бачыў тут аблаутную форму да і.-е. *bheu̯ā‑ ’быць’ + суф. ‑r‑ (*bhu̯ar‑ > *bar‑) і знаходзіў сувязь з серб.-харв. бо̀равити ’знаходзіцца’ (але аб серб.-харв. слове параўн. Чоп, SR, 12, 170–176, там і літ-pa). Іншая версія: сувязь з дзеясловам *variti (з часовым значэннем). Так, ужо Насовіч (Нас. гіст., пад барити), пазней Трубачоў (ZfSl, 3, 671). Але з семантычнага погляду гэта не пераконвае. Магчыма, таго ж паходжання, што і рус. дыял. ба́риться ’важнічаць; лодарнічаць, ляпіцца’ (параўн. і ноўгарад. бари́ться ’важнічаць’; усё ад ба́р(ин)); так ужо Даль (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 68). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 81.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бірко́вы ’танкарунны (аб авечках)’ (Влад.). Бясспрэчна, звязана з укр. би́рка, би́рька ’авечка’ і выклічнікамі, якімі завуць або адганяюць авечак: укр. бир, бирь‑бирь, рус. бы́рка ’авечка; авечая шкура’, быр‑быр, бырь‑бырь (выклічнік). Слова гэта не зусім яснага паходжання, ёсць у многіх мовах. Параўн. рум. bircă, bîrcă, bercă і г. д. ’парода авечак’, bîrcă‑bîrcă (выклічнік), венг. birka ’авечка’, чэш. birka, burka, bira ’парода авечак’. Таксама выклічнік вядомы ў многіх мовах. Да этымалогіі і магчымай гісторыі слова гл. Махэк₂, 54 (у аснове ляжыць выклічнік); Рудніцкі, 124; Кніежа, 92; Тамаш, 117–118; MESz, 1, 304–305. Врабіе (RornSl., XIV, 136) непераканаўча бачыць крыніцу ўсх.-слав. выклічніка ў рум. bîr, bîrr (супраць гэтага геаграфія слова). Да праблематыкі пытання параўн. яшчэ Клепікава, Паст. терм., 54–59; Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віць1 ’балота з вокнамі’ (Жучк., 14). Няясна. Магчыма, славянскага паходжання, ад віць2 з наступным мяркуемым развіццём значэння: *віць ’што-небудзь плеценае’ (параўн. рус. вить ’тс’) → ’праход з плятня праз балота → балота’. У семантычных адносінах параўн. гаць ’праход праз топкае месца, дарога праз гаць’ і гаць ’багна’. Не выключана балтыйскае паходжанне. Тапароў і Трубачоў (Лінгв. аналіз, 180) параўноўваюць таксама гідронімы Вить, Веть і інш. гэтага ж кораня з жэмайц. Витути, Витагола.

Віць2 (БРС, Нас., Бяльк., Шат., Гар.). Рус. вить, укр. ви́ти, польск. wić, в.-луж. wić, н.-луж. wiś, чэш. víti, vijt, славац. viť, серб.-харв. ви̏ти, ви̏је̑м, славен. víti, балг. ви́я. Роднасныя літ. výti ’віць’, лат. vît, ст.-інд. váyati ’пляце, тчэ’, лац. víeo, viēre ’плясці’, гоц. waddjus ’вал’ (Траўтман, 346; Вальца–Гофман, 2, 786 і наст.; Фасмер, 1, 322).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́рдзіцца ‘выказваць незадавальненне’, ‘падаваць скаргу’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп.), ска́рдзіць (Др.-Падб.), ска́ржыцца (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі). З польск. skarżyć (się) (гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633), адкуль зваротнай дэрывацыяй ска́рга. Польскі дзеяслоў разам з в.-луж. skoržić ‘скардзіцца’, н.-луж. skjaržyś ‘тс’ тлумачыцца як запазычанне ў заходнеславянскія мовы з ням. бавар. schergen ‘абвінавачваць, скардзіцца’, што не бярэцца пад увагу пры разглядзе серба-лужыцкіх слоў, гл. Шустар-Шэўц, 1296. Больш пераканальнымі здаюцца спробы вызначэння славянскага паходжання слова Ільінскага (ИОРЯС, 23, 2, 233), што параўноўваў з славен. skŕgati ‘стракатаць’, і Брукнера (493), які лічыў роднасным рус. скрежет і яго аднакаранёвым, а таксама Борыся (550), паводле якога гукапераймальнае прасл. *skrъgati ‘скрэгаць’, семантычна змянялася ад ‘скрэгаць, ныць’ да ‘лямантаваць’. Беларускі матэрыял падмацоўвае апошнюю версію, параўн. скоргануць, скірга, скарга (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́чча вы́мя ’павялічаныя залозы пад пахай’ (чавус., Нар. медыцына), ’павялічаныя грудкі ў нованароджаных’ (там жа), су́ччае вымя (сучее выме) ’павелічэнне залоз пад пахай, пераходзячае ў скулу’ (Нас.), сучы́нае вы́мя ’нарыў пад пахай’ (ТСБМ), сучаі́м’е, сухаі́мʼе ’гідрадэніт, запаленне залоз пад пахай’ (шчуч., люб., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. палес. су́че ви́мйе ’нарыў пад пахай’, рус. су́чье вы́мя ’тс’. Варыянтнасць абодвух элементаў словазлучэння, параўн. укр. палес. собаче вымйе, суча цицька, рус. дыял. собачье вымя, сучья ти́тька, таксама тыпалагічныя паралелі тур. köpekmemesi ’нарыў пад пахай’, тат. эт имчэге ’тс’ (“сучча вымя”) сведчаць, паводле Беразовіч (Язык и трад. культура, 514), пра вобразны характар намінацыі хвароб, дадатковым матывуючым прызнакам пры ўтварэнні якіх з’яўляюцца негатыўныя канатацыі, звязаныя з вобразам сабакі. У беларускай мове звычайна характэрныя для ўтварэння назваў раслін (гл. сабачы). Крыніцы паходжання няясныя (першасная метафара?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)