тава́рыш, ‑а, м.

1. Чалавек, блізкі каму‑н. па агульнасці поглядаў, дзейнасці, умовах жыцця і пад. Школьны таварыш. Таварыш па працы. Таварыш па барацьбе. □ З маленства .. [Віктар і Мірон] былі суседзямі і таварышамі, таксама як іхнія бацькі. Маўр. Над свежай магілай .. Таварыша, друга і брата Журботна галовы мы схілім. Колас. Юлька пакінула таварыша з братам, а сама пабегла па кухню. Даніленка.

2. Грамадзянін, чалавек у савецкім грамадстве. [Пацяроб:] — На запытанні адкажа ў заключным слове таварыш дакладчык. Зарэцкі. // У тым жа значэнні пры прозвішчы, назве пасады, прафесіі і пад. [Канягін:] І прыняць .. [людзей] я зараз не магу: таварыш Бывалаў выклікае... Крапіва. — На мітынг! — Начальства застыла ў здзіўленні, А вестка, як ток, Ад салдата к салдату: — Да нас прыязджае таварыш Ленін!.. Арочка. / У складзе зваротка або як зваротак. Таварыш мой любы! Не той малады, Хто злічыць па пальцах Свае ўсе гады. Гілевіч. [Мясцкомавец:] — Таварышы, пачынаем мітынг. Чорны.

3. Чалавек аднаго ўзросту з кім‑н.; равеснік. Сярод іншых арыштаваных і катаваных у польскай турме ёсць і яго [Янкі] таварышы дзіцячых гульняў — Сцёпка Карчук з вёскі Чаромхі. Бядуля.

4. каго. Уст. У назвах службовых асоб — памочнік, намеснік. Таварыш міністра. Таварыш пракурора.

•••

Таварыш па няшчасцю — той, хто разам з кім‑н. папаў у якую‑н. бяду, у якое‑н. непрыемнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмато́к, ‑тка, м.

1. Абрэзак, абрывак (скуры, тканіны і пад.). Да прыходу Тараса.. [Зося і Маша] нешта кроілі, і на канапе былі раскіданы зялёныя і чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкі. Шамякін. Ляжаў.. [Заранік] у невялікім пакойчыку на ложку, распрануты і накрыты коўдрай, пашытай з рознакаляровых шматкоў. Хадкевіч. // толькі мн. (шматкі́, ‑оў). Лахманы; кавалкі, кускі чаго‑н. Замест кажуха з плеч у Зіны звісалі нейкія рваныя шматкі — так яго пасеклі кулямі і асколкамі. Карпюк. Косцік накінуўся з кулакамі на брата, парваў малюнак на шматкі і пачаў таптаць яго нагамі. С. Александровіч.

2. Жмут чаго‑н. Ля лазовага карча ваўкі, напэўна, схапілі соннага зайчыка, бо на снягу былі відаць кропелькі крыві і валяліся шматкі поўсці. Федасеенка.

3. Асобны невялікі кавалак, камяк чаго‑н. Узяў кошык, акраец хлеба і жаўтлявы, мяккаваты шматок сала, вышчарблены братаў складанчык на шнурку. М. Стральцоў. Ля берага ад невялікіх хваль пагойдваліся шматкі наздраватай рудой пены. Гамолка. Па баках узрываюцца міны, уздымаючы клубы пылу і раскідаючы шматкі зямлі. Колас. // Пра невялікую, нязначную частку чаго‑н. Там-сям віднеў травы шматок Сярод пяскоў рудых. Астрэйка. На шэрым полі там-сям шматкі ярка-зялёнай азіміны, у лагчынах — ніцыя, без лістка вербы. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пе́рад ’пярэдняя частка чаго-небудзь’, перада́, перадок, пірадок, пэрэдо́к, пырыдо́к, пярадок ’тс’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бір. Дзярж., Сцяшк. Сл., Бес., Нас., Шат., Сл. ПЗБ, ТС; Варл.; Карскі 2-3, 438); перадок, пірадо́к ’кароценькая лавачка перад сталом’ (віц., Шн. 3; Касп.), пірядок ’невялікі ўслон’ (Сл. ПЗБ), перады́ ’перад бота, кашулі’ (вільн., Сл. ПЗБ); пе́рад ’адборнае, перадавое зерне’ (раг., паст., Сл. ПЗБ; мін., маг., гом., ЛА, 2); пе́рад(а) ’спераду’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; Варл.), ’напярэдадні’ (віл., лід., Сл. ПЗБ), ’уперад, раней, у мінулым’ (маладз., Жыв. сл.), пе́рат ’у параўнанні з…’ (зэльв., Жыв. сл.), пе́радам ’даўней, калісьці’ (Сцяшк. Сл.), перад ’пад’ (ТС), пе́рад пе́радам ’перад сабой’ (Ян.). Укр., рус. пе́ред, стараж.-рус. передь, польск. przed(e), в.-луж. před, н.-луж. pśed, чэш. před, славац. pred, славен. prêd, pred‑, серб.-харв. пред(а), макед., балг. пред, ст.-слав. прѣдъ. Прасл. *per‑dъ, першая частка якога генетычна ўзыходзіць да і.-е. *per‑ (авест. parō ’спераду, перад’, ст.-грэч. πάρος ’наперад, раней’, ст.-інд. purā ’тс’, гоц. faúro, ням. vor ’перад’), а ‑dъ узята з *роdъ (Махэк₂, 491), альбо з і.-е. *dhē (Бернекер, KZ, 57, 240); Вондрак (Vergl. gr., 2, 298), а яшчэ раней Зубаты (IF–Anzeiger, 22, 57) у якасці такой узмацняльнай часціцы прыводзяць ст.-інд. bahirdhā ’без’ /bahir; Станг (ScSl, 3, 236) супастаўляе ‑dъ у прасл. nadъ, podъ, perdъ, zadъ з прус. ‑dau: pirsdau ’перад’, sirsdauсярод’, pansdau ’потым’ (ESSJ, 1, 127–128). Для перадокпрасл. *perdъkъ. Сюды ж перадавы́ ’плытагон, які кіруе плытом’ (віл., віц., Нар. лекс.); перадаво́е, перэдовое, перэдко́вое, перэдко́вэ ’лепшае зерне’ (петрык., глус., лельч., ЛА, 2); перадаві́к ’той, хто дасягнуў найбольшых вынікаў у сваёй дзейнасці (ТСБМ) < рус. передовик ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́рыцца (ты́рицьца) ‘церціся, ацірацца дзе-небудзь’, уты́рыцца ‘ўсунуцца, улезці’: утырився сюды (Нас.),ты́рыць ‘біць’: будзем ты́рыць суседняга хлопца (уздз., Жд. 3) Параўн. укр. разм. тиратися ‘гараваць, бедаваць’, ти́рити ‘цягнуць’, ‘піхаць, усучваць’, рус. ты́риться ‘ісці, прабіраючыся крадком’, ты́рить ‘красці’, сты́рить ‘украсці’, мажліва, сюды ж з т. зв. жгонскай мовы ти́рить у́паки ‘валіць валёнкі’. Цвяткоў (Запіскі, 2, 55) параўноўваў зваротны дзеяслоў з польск. terać się бадзяцца, ацірацца’, трактуючы змену першага галоснага пры запазычанні ў якасці працэсу «нахілення або сціскання», як у польск. rozterka ‘ўнутраны непакой, ваганне’; ст.-бел. ростырк, розтырк ‘сварка, разлад’ (1518 г., ГСБМ), аднак няяснымі застаюцца фармальныя і семантычныя адносіны паміж тыраць і тырыць. У рус. тырить, стырить ‘красці, скрасці’ Кіпарскі (Зб. Бернштейну, 418) бачыць «двухбаковае чаргаванне» ў аснове *tur‑ з першасным значэннем ‘схапіць, сцягнуць’, гл. турыць. Узыходзіць да прасл. *tyriti, адносна першаснай семантыкі якога існуюць розныя меркаванні; зыходнае значэнне ‘скрытна знаходзіцца дзе-н.’ (Іваненка, Студіі з ономастики та етимології. 2010, 72), што адпавядае семантыцы зваротнага дзеяслова ў Насовіча, параўн. і стырыць ‘стаяць, прысутнічаць, дзяжурыць’ (гл.), што ўрэшце можа быць звязана з гукапераймальным тыр (гл. тыр-тыр), параўн. рус. тыр да ёр ‘бязладдзе’, ст.-польск. tyr ‘папрок’, серб. тир ‘штуршок’ і інш., гл. тыркаць, тырчаць. Што да паходжання дзеяслова, то, відаць, яно звязана з прасл. *tirati (гл. тыраць), якое выводзіцца з *terti ‘церці’ (Сной₂, 766). Відавочна, на семантыку дзеяслова маглі паўплываць іншамоўныя запазычанні, сярод якіх для ўкр. ти́рити ‘цягнуць, валачы’ прапануецца запазычанне з рум. tîrî ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 572), а для рус. ты́риться ‘лезці, прабірацца’, тырить ‘красці’ — цыг. te terés ‘трымаць, мець, браць’ (Бараннікаў, Язык и литература, Ленинград, 1931, 7, 153; Шапавал, ВЯ, 2007, 5, 113).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Забіць нажом, кінжалам і пад. Генрык Візэнер спыніў абстрэл, агідліва плюнуў, выцер хустачкай рукі, нібы сам ён уласнымі рукамі зарэзаў усіх гэтых людзей, што засталіся ляжаць на полі. Шамякін. // Забіць на мяса (свойскую жывёліну). Зарэзаць парсюка. // Разм. Загрызці (пра драпежных жывёл). Васіль.. гаварыў, што ў Хвойным воўк сярод белага дня зарэзаў авечку. Мележ.

2. Разм. Зрабіць зарэзку, выемку на чым‑н. Зарэзаць вугал у бервяне.

3. Зрабіць зарэз, надрэз глыбей або далей, чым трэба. Зарэзаць за лінію. □ — А вось ты, браток, — звяртаецца [Дзераш] да аднаго хлапца, што рабіў зарубку шпал, — не гэтак робіш. Вунь глядзі: зарэзаў нажоўкай зашмат. І нахіл у зарубцы не такі зрабіў — не роўны. Трэба ж на адну дваццатую рабіць, як вучыў... Шынклер.

4. перан. Разм. Паставіць у бязвыхаднае становішча, зрабіць непрыемнасць; загубіць. [Баяновіч:] У нас была надзея, што Азорыч Дастане весткі, выручыць з бяды... Зарэзаў ён мяне! Глебка.

5. перан. Разм. Даўшы нізкую ацэнку (твору), не дапусціць да друку. Зарэзаць кнігу. Зарэзаць артыкул. // Паставіць дрэнную адзнаку на экзамене. Зарэзаць на экзаменах.

•••

Без нажа зарэзаць — дапячы каму‑н. прыдзіркамі, папрокамі, загадамі; зрабіць невыносным становішча.

Хоць зарэж(це) — што б там ні было, ні ў якім разе. — Не, і на такі крок я не здольны. Хоць зарэж. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’яві́цца, з’яўлюся, з’явішся, з’явіцца; зак.

1. Прыйсці, прыбыць куды‑н. Рыгор у назначаны тэрмін з’явіўся ў парк. Гартны. Вартаўнік Мітрафан з’явіўся на крык толькі тады, як збегся цэлы натоўп людзей. Ермаловіч. // Прыбыць куды‑н. па якой‑н. афіцыйнай неабходнасці, загаду і пад. З’явіцца ў суд. □ [Баяновіч:] З’явіўся згодна вашаму загаду. Глебка.

2. Узнікнуць, паказацца перад чыімі‑н. вачамі. На небе з’явіліся першыя зоркі. □ Вось сярод туману нешта заварушылася, і праз хвіліну з’явілася другая лодка. Маўр. // Узнікнуць, зарадзіцца. І такая раптам спакуса з’явілася ў Міхася націснуць на курок, што аж галава закружылася. Якімовіч. Адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага. Лынькоў. // Вырасці. Вывеўся .. [апалонік] з ікрынкі, глядзіш, праз колькі дзён у яго лапкі з’явяцца, а пасля і жабай зробіцца. Даніленка. // Аказацца надрукаваным, апублікаваным. Верш «Ворагам Беларушчыны» з’явіўся ў дванаццатым нумары «Нашай нівы» за 1908 год. Казека. // Пачаць дзейнічаць, праяўляць сябе. За гады савецкай улады многа выдатных людзей з’явілася ў беларускім Палессі. Чорны.

3. Стаць, зрабіцца чым‑н. Першая руская рэвалюцыя з’явілася паваротным пунктам у гісторыі народаў Расіі. Ярош.

•••

З’явіцца на свет — нарадзіцца. У шчаслівы час [сын] з’явіўся на свет. Скрыпка.

З’явіцца на чыім гарызонце — тое, што і паказацца на чыім гарызонце (гл. паказацца).

Як з (з-пад) зямлі з’явіцца — тое, што і як з (з-пад) зямлі вырасці (гл. вырасці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спа́дчына, ‑ы, ж.

1. Маёмасць, гаспадарка, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у чыю‑н. уласнасць. Сын палічыў, што бацька загінуў на вайне, прадаў і прагуляў бацькоўскую спадчыну. Машара. Ён [дзед] памёр пад шум асенніх траў, Толькі стрэльбу ў спадчыну пакінуў. Танк. // перан. Разм. Пра тое, што пераемна пераходзіць ад папярэдняга да наступнага. У Ніны быў самавар — не свой, нечая спадчына па кватэры. Лобан. / Пра ўласцівасці, схільнасці, пачуцці і пад. У маіх руках не кол, а кулямёт, А ў спадчыну ад прадзеда — адвага. Панчанка. З песняй той да Радзімы любоў Назаўжды дасталася мне ў спадчыну. Нядзведскі. // Разм. Тое, што пакінута папярэднікам у якой‑н. галіне дзейнасці, майстэрстве, справе. Сваё будаўнічае майстэрства цесляры звычайна перадавалі ў спадчыну нашчадкам. «Помнікі». [М. Багдановіч] памёр сталым майстрам. Яго спадчына адразу ж стала нашай класікай. Гілевіч.

2. З’явы культурнага жыцця, быту, якія ўспрыняты ад папярэдніх дзеячаў, ад мінулых часоў. Культурная рэвалюцыя ўключае: усеагульнае пашырэнне пісьменнасці, а затым і навуковых ведаў сярод працоўных, крытычнае асваенне культурнай спадчыны, набытай чалавецтвам, і стварэнне больш высокай культуры — нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зместу. «Звязда». Пэўная лінгвістычная спадчына засталася, і ў гісторыі навукі аб мове беларускага народа яна займае прыкметнае месца. Суднік. Міцкевіч пакінуў багатую спадчыну. Лойка.

3. Спец. Пераход маёмасці памёршага да яго наследнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. стары.

2. Той, якому больш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы дарослы сярод каго‑н. Старэйшая сястра. □ Андрэй, старэйшы Пракопаў сын, быў у Чырвонай Арміі. Колас. Петрусю, старэйшаму брату Шурыка, споўнілася сем год, і ён пайшоў у школу. Арабей. / у знач. наз. старэ́йшы, ‑ага, м.; старэ́йшая, ‑ай, ж. За ўсё сваё жыццё, якое пачало адкладвацца ў памяці пасля смерці маткі, .. [Данік] прывучыўся слухаць старэйшых. Грамовіч. // Ужываецца пры прозвішчы для таго, каб падкрэсліць розніцу ў пакаленнях, у гадах. Заехалі да старэйшага Крушынскага, які піша вершы пад псеўданімам Антон Цярэшка. Бядуля.

3. Які даўно існуе, узнік, утварыўся. Старэйшы тэатр краіны. □ Стамбул лічыцца адным са старэйшых еўрапейскіх гарадоў: ён быў заснаваны візантыйцамі дзве тысячы семсот гадоў назад. «Полымя». Добрушскі цэлюлозна-папяровы камбінат «Герой працы» — старэйшае прадпрыемства Беларусі. «ЛіМ». // Які даўно займаецца чым‑н.; вопытны, спрактыкаваны. П’ер Паола Пазаліні — старэйшы майстар італьянскага кіно. «Маладосць». // Найстарэйшы. [Жэня:] — А ты [Васіль] пагавары з самымі старэйшымі бабулямі і дзядулямі. Якімовіч.

4. у знач. наз. старэ́йшыя, ‑ых. Дарослыя; проціл. дзеці. Пад Сталінград на выручку старэйшым Мы не спазніліся ні на хвіліну. Аўрамчык. Маруся кажа, што над старэйшымі нельга насміхацца. Мыслівец.

5. Які стаіць вышэй у параўнанні з кім‑н. па званню, пасадзе, службоваму становішчу. Веставы стараўся не дыхаць, шукаў вачыма старэйшага па званню. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сутыкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Рухаючыся насустрач, наткнуцца адзін на аднаго, ударыцца адно аб адно. Яшчэ хвіліна — і лодкі сутыкнуцца... Гамолка. На вадзе было многа купальшчыкаў і купальшчыц, і Ксеня кожны раз падказвала Глебу, як абмінуць іх, каб не сутыкнуцца. Васілёнак. Паравозы зрабілі рывок — нібы магутны асілак кракнуў, буферы вагонаў сутыкнуліся. Кавалёў. // перан. Уступіць у канфліктныя адносіны. Тут [на судзе] сутыкнуліся дзве праўды: мужыцкая і панская, і яны выключалі адна адну. Машара. Узвышаны, па сутнасці сваёй рамантычны, ідэал сутыкнуўся з явай непрыгляднай, змрочнай. Навуменка.

2. з кім. Нечакана сустрэцца, сысціся на дарозе. Сярод халаднаватага, ветранага дня, ідучы з бярэзніку.., [Васіль] сутыкнуўся з Ганніным бацькам. Мележ. А потым я сустрэў .. [Ірыну] ў магазіне. Сутыкнуўся прама ў дзвярах. Гаўрылкін. // Уступіць у якія‑н. адносіны, сустрэўшыся, апынуўшыся разам. Сутыкнуцца па рабоце. // перан.; з чым. Спазнаць, зведаць што‑н.; пазнаёміцца з чым‑н. Сутыкнуцца з цяжкасцямі. □ Калі прыйшлося самому брацца за справу,.. [Паходня] сутыкнуўся з перашкодамі, што палохалі і бянтэжылі. Хадкевіч. З творчасцю Маякоўскага Танк сутыкнуўся яшчэ ў 1930 годзе ў перакладах на польскую мову. У. Калеснік.

3. Уступіць у сутычку, сысціся ў баі. Яшчэ раніцай тут ішоў бой. Сутыкнуліся дзве сілы. Гурскі. І на другі дзень Пецю не давялося сутыкнуцца з ворагам. Сіняўскі.

4. Зак. да сутыкацца (у 2–4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвараві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які часта хварэе; схільны да захворвання. Сідар Нікіфаравіч — чалавек састарэлы, хваравіты, ён амаль увесь час кашляе. Аляхновіч. // Які з’явіўся ў выніку хваробы; які суправаджае хваробу. У хваравітай, гарачкавай дрымоце, дзе сон і ява блыталіся, ледзь не штоночы лезла ў галаву назольнае, страшнае відовішча. Мележ. Потым хлапец з крактаннем і хваравітай кволасцю павярнуўся на бок і глянуў на падаконнік. Кулакоўскі. // Які сведчыць аб хваробе, нездаровым стане. — Хто там? — пачуўся слабы, хваравіты голас, і толькі тады ў паўзмроку я разгледзеў на падушцы знясілены худы твар жанчыны. Радкевіч. // перан. Пашкоджаны хваробамі; чахлы, кволы. Востраў гэты не быў падобны на звычайную балотную выспу, пакрытую нізкарослым, хваравітым ад лішку вільгаці лесу. Шамякін. Пачалі ратаваць кволую, хваравітую кукурузу. Бялевіч.

2. Выкліканы болем, які сведчыць пра боль. Хваравіты стогн. □ Па .. твары [Акаловіча] пайшла хваравітая грымаса. Чорны.

3. перан. Перабольшаны, празмерны, ненармальны. Вышэйшым ідэалам пана Вашамірскага ў гэту вясну і было — мець коней лепшых, чымся ва ўсіх суседзяў ваколіцы. Гэта ў яго раптам вырасла ў манію, у хваравітую цягу. Бядуля. Яе часамі ахоплівала нейкая хваравітая рэўнасць. Надзя без прычыны накідвалася на Рамана нават тады, калі яму прыходзілася пазней вярнуцца з работы. Чарнышэвіч. // Нездаровы, непажаданы. [Нарыновіч:] — Калі што бытуе хваравітае сярод моладзі, мы, дарослыя, ва ўсім вінаваты. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)