пу́льхны, ‑ая, ‑ае.

1. Мяккі, быццам надзьмуты, пухлы. Пульхныя вусны. □ Саладжавая, некалькі тупая наіўнасць [Шчыгельчыка] застыла на пульхных мяккіх шчоках. Пестрак. Твар.. [Ціхана] распух, стаў бялявы, пульхны. Дуброўскі. // Тоўсты, сыты. Малады Сурвіла — пульхны, выглян[ц]аваны хлопец. Чорны. Чалавек ветліва падаў маленькую, пульхную, як у жанчыны, ручку. Пянкрат.

2. Мяккі, пухкі. А з пшанічнае мукі І выходзіць хлеб такі, Белы, нібы вата, Пульхны, наздраваты. Грахоўскі. Тэкля выцягнула з печы талерку аладачак у смятане, беленькіх і пульхных, і паставіла на стол. Краўчанка. // Лёгкі, пушысты. Снег быў пульхны, і ссоўваць лапатамі яго было няцяжка. Скрыпка. Зямля цёпла пахне, пульхная, адвечна-вільготная. Ермаловіч.

3. Тоўсты, аб’ёмісты, раздуты. Мажэйка паклаў на трыбуну пульхны том даклада, прыціснуў яго кулаком. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́рыя, ‑і, ж.

1. Шэраг аднародных прадметаў, якія маюць якую‑н. агульную прымету. Серыя станкоў. □ Раман «Зямля» з’явіўся пачаткам выдатнай серыі аповесцей і раманаў з жыцця беларускага народа. Адамовіч. // Паслядоўны рад якіх‑н. дзеянняў, падзей і пад. Серыя доследаў. Серыя гімнастычных практыкаванняў. Серыя выбухаў.

2. Шэраг вырабаў, машын, дэталей, зробленых па аднаму ўзору. Паравоз серыі ФД.

3. Частка вялікага кінафільма, якая дэманструецца самастойна на працягу цэлага сеанса. Кінафільм у дзвюх серыях.

4. Разрад, катэгорыя цэнных папер (грашовых знакаў, аблігацый ці дакументаў), якія абазначаюцца лічбамі або літарамі. Нумар і серыя бюлетэня. □ Дваццаць пяць тысяч! Я гляджу... нумар, серыя так і плывуць у мяне ў вачах. Рамановіч.

[Фр. série ад лац. séries.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удзе́л 1, ‑у, м.

Сумесная дзейнасць пры выкананні чаго‑н., супрацоўніцтва. Прыняць удзел у выбарах. □ Маршрут паходу быў вызначан Букрэем і дзедам Талашом пры жывым удзеле паўстанцаў-партызан. Колас. Міколкавы прыгоды надалей доўга абыходзіліся без удзелу дзеда Астапа. Лынькоў. // Непасрэдныя адносіны, дачыненне да чаго‑н. Давесці ўдзел у злачынстве. // Наяўнасць, прысутнасць чаго‑н. у чым‑н. На ўдзелу голасу і шуму зычныя падзяляюцца на санорныя і шумныя. Юргелевіч.

удзе́л 2, ‑а, м.

Гіст. На Русі 12–16 стст. састаўная частка буйных вялікіх княстваў, якая кіравалася членам велікакняжацкай сям’і; удзельнае княства. Зямля Полацкая была багатая і адчувала сілу, каб не лічыць сябе дробным удзелам, пазбаўленым пэўнай аўтаноміі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца цяжкім (у 1–3 знач.) або больш цяжкім. Чым далей адыходзілі ад маёнтка, тым болей цяжэў мяшок з кнігамі. Каваленка.

2. Станавіцца цяжкім, рухацца, паднімацца, працаваць з цяжкасцю (пра часткі цела, галаву і пад.). Адчуўшы, як цяжэюць ногі, як калючым болем заходзіцца сэрца, .. [Косця] зразумеў, што яму не дагнаць .. [Надзю]. Лынькоў. Слесарэнка адчуваў, што яго хіліць у сон, што цела цяжэе, становіцца чужым. Бураўкін.

3. Набрыньваць, абвісаць. Пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Быкаў. // Налівацца сокам; спець. Прыязджайце, як маці-зямля Малаком сваю ніву напоіць — І колас цяжэе. Арочка. Была.. пара, блізкая да восені, калі ў садах пачынаюць цяжэць яблыкі. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць характэрныя гукі пры жаванні, ядзе. Немец сядзеў за сталом на лаве, парэзваў нешта ножыкам і клаў у рот, жаваў і чаўкаў. Чорны. «Чаўкае, як свіння», — падумаў Славік, каб хоць як-небудзь прынізіць свайго непрыяцеля. Шамякін. // што і без дап. Есці, гучна прыцмокваючы. [За перагародкай], фарсіста закруціўшы спіраллю хвост, скуб з Віталькавых рук і смачна чаўкаў зелле ладны круглы парсючок. Палтаран. Казюк Клышэўскі смачна чаўкаў і ў той жа час урачыста адказваў на пытанні. Броўка.

2. Утвараць гукі, падобныя на тыя, што ўзнікаюць пры жаванні; чвякаць. Пад ботамі чаўкае набрынялая вадой зямля. Асіпенка. Боты такія мокрыя, што аж чаўкаюць у іх анучы. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плеш, пле́шына, пляшок, пляш, плі́ш, плі́шка ’лысіна’ (ТСБМ, Нас.), ’прапушчаны пры ворыве ці жніве ўчастак’ (Нас.; Выг.: віц., Шн. 3; Мат. Гом.; ТС; беласт., Сл. ПЗБ), ’вымаклае месца ў жыце або на лузе’ (Нас. Сб., Нас., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС), ’абсеў, абсевак, агрэх’ (драг., Нар. словатв.; БРС; чэрв., Нар. лекс.; ЛА, 2), плеш ’вільчык, верхні стык страхі’ (Сцяц.; ЛА, 4), ’пляма’ (Бяльк.), ’нераз’езджаная дарога’ (віц., ЛА, 5). Укр. пліш, валын. пляш ’пропуск пры ворыве’, рус. плешь, польск. plesz, чэш. pleš, славац. plešina, славен. plẹ́š, plẹ́ša, харв. чак. plíša ’цаліна’, plȋs ’голая зямля без дрэў’, серб. плѐшина ’тс’, балг. плеши́в ’лысы’, ц.-слав. плѣшь ’лысіна’, ’голае месца без расліннасці’. Прасл. *plešь, якое з прыметніка *plěxъ ’лысы’ > плех (гл.). Лексема плеш ’лацінскае свяшчэнства’ (Нас.), ці ’выгаленае месца на цемені каталіцкага святара’, праз польск. plesz была запазычана са ст.-чэш. pleš ’тс’ (Банькоўскі, 2, 606).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

горе́ть несов., в разн. знач. гарэ́ць; (о жжении — ещё) пячы́;

дрова́ горя́т дро́вы гара́ць;

щёки горя́т шчо́кі гара́ць;

горе́ть жела́нием гарэ́ць жада́ннем;

гори́т во рту пячэ́ ў ро́це;

гори́т лицо́ гары́ць твар;

голова́ (душа́) гори́т галава́ (душа́) гары́ць;

де́ло (рабо́та) гори́т рабо́та гары́ць;

земля́ гори́т под нога́ми зямля́ гары́ць пад нага́мі;

не гори́т (не спеши) не гары́ць;

глаза́ горя́т во́чы гара́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

адцура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.

Адрачыся, пакінуць прызнаваць роднае, блізкае, сваё; парваць сувязь, адносіны з кім‑, чым‑н. [Мужчына:] — Хто ж табе прынясе.. [зямлю]? Думаеш, сам пан Ёдка адцураецца ды прыйдзе, ды пакланіцца табе, ды скажа: — Дарагія мае мужчынкі! Так мне абрыдла гэта зямля! Скрыган. Хто роднага краю цураецца, той і маткі сваёй адцураецца. Прыказка. // Кінуць, забыць што‑н. у страху, паніцы. [Тварыцкага] апанаваў такі жах, што ён кінуўся адгэтуль ходу, адцураўшыся і знойдзенага на дарозе недаломка дугі. Чорны. // Пакінуць верыць чаму‑н., перастаць прызнаваць за ісціну што‑н. А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: — Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты бога адцураўся: Пятнаццаць год як спавядаўся! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́ці, РДМ маці і мацеры, В маці і мацеру, Т маці і мацерай, ж.

1. Жанчына ў адносінах да народжаныя ёю дзяцей. Маці Міхасёва, Ганна Навумаўна, працавала на ферме даяркай. Якімовіч.

2. (звычайна ў прыдатку). Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Зямля-маці. □ Цябе не любіць немагчыма, Ты ў радасці, ў горы — свая, Вялікая маці-Радзіма, — Цудоўная песня мая. Хведаровіч.

•••

Маці-адзіночка — жанчына, якая ўтрымлівае самастойна пазашлюбнае дзіця і мае права на дзяржаўную дапамогу.

Маці-гераіня — ганаровае званне, якое прысвойваецца ў СССР жанчыне-маці, што нарадзіла і выхавала не менш дзесяці дзяцей; жанчына, якая мае гэта званне.

Гадзіцца ў маці гл. гадзіцца ​1.

У чым маці нарадзіла — зусім голы, без ніякага адзення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́вернуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Перавярнуцца ўнутраным бокам наверх. Вывернуліся кішэні. Вывернуліся рукавы кашулі.

2. Раскалываўшыся, выпасці, упасці. Зямля тут была рыхлая, і бяроза лёгка вывернулася, падняўшы на карэннях цэлы пласт дзёрну. Курто. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Вывіхнуцца. Рука вывернулася ў плячы.

3. Спрытным рухам, паваротам абмінуць перашкоду. Вывернуцца з возам між пянькоў. □ Музыкант неяк вывернуўся з-пад рукі і, прыціснуўшыся да сцяны, утаропіўся ў акно. Пташнікаў. // перан. Разм. Выйсці з цяжкага становішча; выкруціцца. Разоў сем.. напамінаў.. [фурман] мне, што без надбаўкі супроць умоўленай платы ніяк мне ад яго не вывернуцца. Гарэцкі.

4. Выліцца, высыпацца з перакуленай пасудзіны. // Выкуліцца з чаго‑н. Вывернуцца з саней на калдобінах.

5. Разм. Разлегчыся свабодна, раскошна. Вывернуцца на ўвесь ложак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)