ві́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Значны, важны, прыкметны. Віднае службовае становішча. □ У багатай спадчыне нашага нацыянальнага фальклору віднае месца займаюць казкі. Пшыркоў. // Выдатны, вядомы. Відны вучоны. □ У горадзе.. прозвішча [трэнера] ведалі, як ведаюць прозвішча віднага ўрача, адваката альбо інжынера. Карпюк.

2. Рослы, статны, самавіты. Кібрык відны хлопец — шыракаплечы, высокі, прыгожы з твару. Шыцік.

•••

На (самым) відным месцы гл. месца.

відны́, а́я, ‑о́е; відзён, відна́, відно́; мн. відны́.

1. толькі поўн. ф. Добра асветлены, не цёмны; светлы. Якая ўчора была відная ноч, такая сёння цёмная. Кулакоўскі.

2. пераважна кар. ф. Даступны зроку, бачны. Відны лясы, і сцежкі, і дарогі, Шатры дубоў і рэчак абалонь. Колас. Дом.. пад цынкавай бляхай відзён быў здалёку, адкуль бы ні пад’язджаў да Чыжэвічаў. Чарнышэвіч. // Прыкметны. [Шэмет] прайшоў па .. [палянцы] у адзін, у другі бок, памераў яе крокамі і на самай відной сасёнцы зрабіў сякерай зарубку. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.

1. Паставіўшы што‑н. кругом, абгарадзіць, абкружыць каго‑, што‑н. Абставіць што-небудзь дошкамі. □ Бацька абставіў сябе кадушкамі жыта і смяецца над усім светам. Чорны. // Разм. Уставіць, заставіць што‑н. чым‑н. па краях ці на ўсёй паверхні. Абставіць паліцы кнігамі.

2. Паставіць у пакоі, кабінеце, кватэры мэблю, набыць абстаноўку. [Ксяндзу] адвялі, адбудавалі і адпаведным парадкам абставілі цэлы дом, прасторны і раскошны. Колас. // Абсталяваць дэкаратыўную частку тэатральнай пастаноўкі. Багата абставіць спектакль.

3. перан. Стварыць умовы, абставіны для правядзення чаго‑н. Абставіць сустрэчу з дэпутатамі. □ Езуіты ўмелі абставіць справы так, што Кася ледзь не да сканчэння вучобы ў гімназіі шчыра верыла ў бога. Карпюк.

4. Разм. Дасягнуць большых поспехаў у параўнанні з кім‑н.; апярэдзіць каго‑н. у чым‑н. — Калі дзяўчынка не будзе разявай, — перабіў.. [Джорджа Лоўрэнса] дырэктар, — яна зможа хутка пайсці ўгору і абставіць некаторых нашых красунь. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магазі́н, ‑а, м.

1. Прадпрыемства рознічнага гандлю; крама. Прадуктовы магазін. Прамтаварны магазін. □ — А гэта вось дом стаіць, — кажа.. [Люся]. — Вялікі-вялікі! І магазін, дзе прадаецца хлеб. Брыль.

2. Спец. Прыстасаванне ў апараце або прыборы ў выглядзе каробкі або трубкі, куды закладваецца некалькі аднародных прадметаў (напрыклад, патронаў у аўтамат). Як толькі пачало цямнець, я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны з патронамі і пайшоў на ўмоўленыя кватэры. Карпюк. // Запасное месца ў вуллі для мёду на выпадак багатага медазбору. // Дапаможная прылада для электратэхнічных вымярэнняў.

3. Рэзервуар у лямпе, куды наліваюць газу. Моўчкі наліла [Галіна] ў магазін газы, падраўняла нажнічкамі кнот, запаліла яго і павесіла лямпу ў куце над сталом. Галавач.

4. Уст. Будынак, у якім захоўвалася грамадскае збожжа. Праходзячы міма вёсачкі, сябры ціхенька падкраліся да магазіна, дзе хавалася збожжа, і прыбілі на сценах некалькі лістовак і брашур. Колас.

[Фр. magazin, іт. magazzino ад араб. mahāzin — склады.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скале́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скалечыць.

2. у знач. прым. Які мае цяжкае калецтва; знявечаны. [Таццяна].. адхіснулася назад, убачыўшы жудасны малюнак: разварочаны акоп, скалечаныя целы забітых. Шамякін. Калі б не скалечаныя, распухлыя пальцы і набрынялая застарэлым болем нага, дык.. [Сотнікаў] збольшага адчуў бы сябе здаровым. Быкаў. // Сапсаваны, непрыгодны. А мы ўсе ля палутаркі скалечанай І тупаем, і возімся з Гурко. Чэрня. Кожны дом, што знаёмы да болю, І ўсіх вуліц скалечаны брук Пракліналі, як воспу, няволю, Сумавалі без сынавых рук. Астрэйка.

3. перан.; у знач. прым. Маральна знявечаны, сапсаваны. [Бландзін:] — Дайце мне кулямёт! Я ўсю вайну марыў адплаціць фашысцкаму зверу за скалечанае жыццё... Ваданосаў. [Генрых Тоўхарт:] — На вайну я трапіў на разбор шапак. Аднак прыйшоў дадому са скалечанай душой. Нас разбілі. Чорны.

4. у знач. наз. скале́чаны, ‑ага, м. Калека. Скалечаных Усе шпіталі поўны... За што, за што Пакутуюць яны? Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ме́ста1, ме́сто, мястэ́чка, месте́чко, місто ’цэнтр мястэчка з будынкамі гандлёвага і адміністрацыйнага прызначэння’, ’рыначная плошча’, ’частка горада за сцяной замка’ (ТСБМ, Грыг., Др.-Падб., Некр., Нас., Сл. Брэс., Яруш., Шн., Бяльк., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ст.-бел. (спачатку) торговое мѣстечко (XVI ст.), потым мѣсто пад уплывам існуючага польск. miasto ’тс’. Ужо ў XV ст. ужывалася мѣсто і място ’горад’ — апошняе з польск. miasto ’тс’, што з’яўляецца калькай з с.-в.-ням. stat ’месца, горад’ (Карскі, Труды, 312, 338; Фасмер, 2, 608; Анічэнка, SlOr, 18 (3), 327; Булыка, Лекс. запазыч., 34). Аналагічна ўкр. мі́сто ’тс’. Аднак ст.-рус. мѣсто, рус. место ’месца’, ’мясцовасць, край’, ’участак зямлі’, ’пасада’, н.-луж. město, чэш. místo, славац. miesto, славен. mẹ́sto, серб.-харв. ме̏сто, макед. место, балг. място, ст.-слав. мѣсто ’тс’, агульнаслав. město, роднаснымі да якога з’яўляюцца, нягледзячы на цяжкасці ў інтанацыйных адносінах: лат. mist ’пражываць’, літ. mìsti ’карміцца’, maĩstas ’харчаванне’, а таксама авест. miϑnaiti ’жыве’, maēϑana ’месца пражывання, жыллё, дом’ (Бартоламэ, 1105; Мацэнаўэр, LF, 11, 170; Траўтман, 185; Фасмер, 2, 607–608; Махэк₂, 365). Сюды ж ме́сны, месный ’тутэйшы, мясцовы’ (драг., КЭС; Бяльк.).

Ме́ста2 ’паслед, плацэнта’ (слуц., Нар. словатв.; в-дзв., Шатал.; Сл. ПЗБ), беласт. ме́сца ’тс’ (Сл. ПЗБ). Са словазлучэння дзіцячае места < рус. детское место.

Ме́ста3 ’месца’ (Шат.). Магчыма, пад уплывам рус. место ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́ла, зал ’вялікі пакой’. Рус. зал, уст. зала, зало, укр. зал, зала, польск. sala, в.-луж. sal, sala, чэш. sál, славац. sála, серб.-харв. са́ла, балг. за̀ла < рус., макед. сала. У Бярынды (1627 г.) і ў ст.-бел. (1582 г.) саля. Зала, зал < рус. < ням. Saal. Саля < польск. < франц. ці іт. < герм. (франк., лангб.) salaдом, будова’. Шанскі, 2, З, 42; Фасмер, 2, 76; Біржакава, 362; Булыка, Запазыч., 293; Брукнер, 479.

Зала́1 ’попел’, ’луг’, ’брудная вада, што застаецца пасля мыцця бялізны’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зола́ ’попел’, укр. зола́ ’попел’, ’луг’, польск. zoła ’луг з попелу’, чэш. zola ’тс’, славац. zola ’попел з вапнай (у гарбарскай справе)’, с.-луж. zoła ’луг’, балг. уст. зола̀ ’вада з попелам’. Параўн. літ. žilas ’шэры’, лат. zils ’блакітны’ і іншыя і.-е. словы; гл. зялёны. Зубаты, Studie, 1, I, 124; Траўтман, 365. Прасл. zola < і.-е. *gʼhel‑ і інш. ’светлы, святлець, блішчаць’. Покарны, 1, 430; Фасмер, 2, 103; Брукнер, 656; Шанскі, 2, З, 104. Думка Махэка₂ (718) пра запазыч. з ням. Sole ’салёная вада’ не абгрунтаваная, паколькі слова мае агульнаслав. пашырэнне. Параўнанні са ст.-в.-ням. kolo ’вуглішча’, ст.-інд. jválati ’гарыць’, прапанавання Младэнавым (194), БЕР (1, 652), фанетычна недастаткова абгрунтаваныя, ням. Kohle хутчэй з і.-е. *g(e)u‑l‑o, Покарны, 1, 399; гл. жураць, жуляць. Гл. заліць2.

Зала́2 ’кепскае надвор’е з дажджом і снегам’ (Касп.). Гл. золь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рма, ту́рам, турʼю ‘гонячы’, ‘бегучы’ (Нас., Гарэц.). Дзеепрыслоўі ад туры́ць ‘гнаць’ (гл.) па ўзоры бе́гма (< бегчы), бяго́м, ры́ссю.

Турма́ ‘месца зняволення, астрог, вязніца, цямніца’, ‘знаходжанне ў зняволенні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Ласт., Брасл. сл., Бяльк., Федар. 4; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.), ст.-бел. турма (1377 г.) і тюрма ‘турма’ (1528 г., ГСБМ). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 35), старабеларускае слова было запазычана праз польскае пасрэдніцтва з ням. Turm, дакладней, з с.-в.-ням. turm са ст.-франц. *torn < лац. turrim В. скл., якое са ст.-грэч. τύρρις, τύρσις ‘умацаваны горад’, ‘дом з каменнымі сценамі’ (Фасмер, 4, 137), параўн. у беларускім ідышы turèm ‘вежа’, turme ‘вязніца, засценак, турма’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Аднак пры гэтым цяжка растлумачыць мяккае пачатковае т‑ у рэдкай старабеларускай форме, што пазней фіксуецца ў народных гаворках у выглядзе тʼурма́ (Вруб.), цюрма́ (гл.), якія, мажліва, пад уплывам рус. тюрьма́ ‘тс’. Меркаванні пра паходжанне са ст.-цюрк. *türmä ‘турма’ гл. Менгес, Language, 20, 2, 69; Арол, 4, 129. Кохман (Studia, 30) дапускае польскае пасрэдніцтва пры запазычанні з нямецкай мовы пры ўмове адаптацыі на ўсходзе (палаталізацыя), чаму пярэчаць па храналагічных прычынах Чарных (2, 277–279) і Гарбуль (246–247), спасылаючыся на больш раннія фіксацыі ў летапісных крыніцах з Пскова і Ноўгарада; параўн. і рус. арханг. турма́ (СРНГ). Сюды ж турэ́мнік ‘зняволены ў турме’, ‘астрожнік’ (Сцяшк.), турэ́мшчык ‘арыштант’ (Бел. дыял. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даста́цца сов.

1. (прийтись на чью-л. долю) доста́ться, вы́пасть; перепа́сть;

ха́та даста́лася яму́ пасля́ ба́цькідом доста́лся ему́ по́сле отца́;

на на́шу до́лю даста́лася нялёгкая пра́ца — на на́шу до́лю вы́пала нелёгкая рабо́та;

тут то́е-сёе і мне дастане́цца — здесь ко́е-что и мне перепадёт;

2. безл., разг. (о наказании, неприятностях) доста́ться;

дастало́ся на арэ́хі — (каму) доста́лось на оре́хи (кому)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

зберагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. збярог, зберагла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Захаваць ад псавання, знішчэння, знікнення і пад. — Ты скажаш камісару, што я сцяг зберагу да прыходу нашых. Гурскі. — Дакументы зберагчы не ўдалося, знішчылі, — уторыў бас. М. Ткачоў. // Не страціць чаго‑н., захаваць (пра стан, пачуцці і пад.). Зберагчы здароўе. □ Лена абяцала зберагчы тое каханне, зберагчы сваю маладосць і дзявочую вернасць. Ваданосаў. // Утрымаць, захаваць (у памяці, у сэрцы). Зберагчы ўспамін. □ Памяць старанна захавае .. [прыгоды] на ўсё жыццё, зберажэ навек. Грамовіч. Пры панах у цямноце жыла ты, Галадала і мерзла ў замець. І жыцця майго першую дату Не змагла зберагчы твая памяць. Арочка.

2. Уберагчы, засцерагчы ад небяспекі, непрыемнасці, смерці. Я знайшоў падкову пад кустом На лясной сцяжынцы выпадкова. Кажуць: да сцяны прыб’еш — і дом Ад няшчасця зберажэ падкова. Непачаловіч. Ноч, густая, як сажа, Зберажэ іх ад куль. Глебка.

3. Ашчадна расходуючы, сабраць, сэканоміць. Зберагчы трохі грошай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выцягваючыся або працягваючы што‑н., дастаць, дакрануцца да каго‑, чаго‑н. Дацягнуцца рукой да столі. □ Быў .. [жарэбчык] надта слабенькі. Сам нават да матчынага малака не мог дацягнуцца. Якімовіч. // перан. Дасягнуць, дамагчыся чаго‑н. Атрымлівалася, што каб дацягнуцца да таго ўдою, аб якім гаварыла радыё, трэба, прынамсі, двум ці тром суседзям зліць са сваіх даёнак у адну пасудзіну. Хадановіч.

2. Узрастаючы, павялічваючыся, дасягнуць якога‑н. месца. А дом усё рос і пакрыху дацягнуўся да акон. Чарнышэвіч.

3. Разм. Павольна, з цяжкасцю дайсці, дабрацца да якога‑н. месца. Стэп быў бязлюдны. У каго не хапіла сіл дацягнуцца да горада, спалі, дзе хто мог. Няхай. [Лясніцкі] ледзь дацягнуўся да ложка, кінуўся ніц, не раздзеўшыся, і адразу заснуў, як забіты. Зарэцкі. // перан. Працягнуцца, дайсці да якой‑н. мяжы (пра час). [Сашка] пачаў думаць, як бы выгадна ў першы дзень паказацца перад .. [супрацоўнікамі]. У такіх думках час дацягнуўся да паловы чацвёртай. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)