аперацы́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для аперацыі, звязаны з аперацыяй (у 1 знач.); хірургічны. Аперацыйны стол. Аперацыйнае ўмяшанне. □ Калі іх, бацькоў, упусціла ў аперацыйны пакой, — маці з плачам кінулася да стала. Брыль. // у знач. наз. аперацы́йная, ‑ай, ж. Памяшканне ў бальніцы, дзе аперыруюць. Тата выходзіў з аперацыйнай, сястра здымала з яго халат і маску. Бяганская.
2. Звязаны з аперацыяй (у 2 знач.). Аперацыйны план кампаніі. □ Некаторыя часці, батальёны, роты біліся самастойна, без агульнага аперацыйнага кіраўніцтва. Колас. // Прызначаны для непасрэднага, практычнага ажыццяўлення чаго‑н. Аперацыйны аддзел. Аперацыйныя органы. □ Чуліся галасы, што паспеў ужо час аб’яднаць усе атрады адзіным аперацыйным цэнтрам, падпарадкаваць баявую дзейнасць усіх атрадаў адзінаму аперацыйнаму плану. Лынькоў.
3. Які мае адносіны да аперацыі (у 3 знач.). Канец аперацыйнага года.
4. Прызначаны для аперацыі (у 4 знач.). Аперацыйныя станкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.
1. Абвіць, абматаць што‑н. вакол чаго‑н. Аднак ён усё ж убіў у зямлю адно з нашых моцных вёсел і некалькі разоў абкруціў вакол яго жалезны ланцуг, прыкаваны да лодкі. Кірэенка.
2. Абматаць, абвязаць што‑н. чым‑н. Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленяў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю. Быкаў. // Загарнуць у што‑н., накрыць, ахінуць чым‑н. з усіх бакоў. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі і ўвесь у латках бот. М. Стральцоў.
3. перан. Разм. Абхітраваць. [Салдат:] — Тут справа такая цяпер, што ці мы зямлю возьмем і засеем з восені, ці паны нас абкруцяць... Галавач.
4. Разм. Ажаніць. Замуж Хадору Бацькі выдавалі. З хлопцам чужым У царкве абкруцілі. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.
Разм.
1. Страціць валасы, поўсць, пер’е. Аблез [Ігнат].., чэрап свеціцца голы. Мележ. // Выпасці, вылезці (пра валасы, поўсць). — Адна [жонка] свайму ж гаспадару чыгун кіпню на галаву выліла. Добра, што вада ўжо трохі выйшла парай, дык валасы ў чалавека аблезлі, скура за вушамі спяклася, а сам жыў астаўся. Кулакоўскі.
2. Страціць першапачатковую афарбоўку, выліняць, выцвісці. [Млынар Шэлегу:] — Калі можна, дарагі, то я яшчэ пару баначак фарбы прыхвачу. Аканіцы зусім аблезлі. Навуменка.
3. Змяніць скуру, абгарэўшы на сонцы. [Стафанковіч:] — Гэта ж трэба мець нечалавечую галаву, каб выседзець у гэтакай пякельнай моцы, як у яго там скура, разам з валасамі, не аблезе?.. Чорны.
4. Страціць верхні слой; аблупіцца; выцерціся. Бур’ян быў і на самім папялішчы — зялёны, густы, ён падыходзіў аж да печы, якая аблезла, завалілася ад дажджоў і снегу зусім. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абяца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак.
1. з інф. Даваць абяцанне што‑н. зрабіць. Крысціна ідзе на спатканне з незнаёмым мужчынам, які абяцаў знайсці ёй працу. Васілевіч. Сам не мае, а другому абяцае. Прыказка. // каго-чаго, каго-што і каму-што. Даваць абяцанне каму‑н. аддаць, перадаць што‑н. у яго распараджэнне. За галаву Ціхана мінскі губернатар абяцаў тады вялікія грошы. Бядуля. Нашы сцежкі сышліся зусім нечакана. Ды я ні разу яшчэ не падумаў, што лёс абяцаў мне не гэтую. Брыль.
2. што і без дап. Выклікаць якія‑н. спадзяванні, падаваць надзеі на што‑н. Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, — Дажджу нішто не абяцала. Колас. Я хапаўся за ўсякую думку, якая магла абяцаць які-небудзь ратунак. Якімовіч.
•••
Абяцаць залатыя горы — вельмі многа абяцаць, не клапоцячыся аб выкананні абяцанага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падаспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. — Нам неабходна пратрымацца некалькі дзён, — гаворыць Мяснікоў таварышам, — а тады падаспее падлюга... В. Вольскі. Да месца бою падаспеў камандзір брыгады з невялікай групай. Гурскі. // Быць гатовым у час, у патрэбны момант. Ляжыць [Воўк] і не здыхаецца, як запараны конь. Тут якраз і падаспела снеданне. Прынеслі яго Анюта, дачка Ваўка, і Гануся, пакаёўка пані Адэлі. Машара. // Настаць, падысці (пра тэрміны, з’явы і пад.). Важкія снапы жыта былі звезены ў гумно. Прыладзілі камбайн і патроху малацілі. Якраз падаспела і пара касіць атаву. Гроднеў. Ну, а як бліжэй сысціся з Іванам Луцкім? І тут падаспеў зручны выпадак. Новікаў.
2. Разм. Стаць гатовым для збору, уборкі (пра расліны, плады). [Андрэй Сцяпанавіч:] — Скончацца суніцы, чарніцы — пойдзем у маліны. А там падаспее ажына — цудоўная ягада. Мяжэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́лы, ‑ая, ‑ае; міл, міла.
1. Які выклікае прыемнае ўражанне, прыхільнасць да сябе; чароўны, абаяльны. Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы. Колас. І вось няма яго, Васі Чычына, мілага, слаўнага хлопца. Лынькоў. У мяне.. не выходзіла з галавы прыгожая дзяўчына з мілымі вачыма. Нікановіч.
2. Дарагі, любімы; блізкі сэрцу. Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком. Чарнышэвіч. Радзіма! Адчуў я ў разлуцы з табою, Як люб мне і дораг кут мілы бацькоў. Прыходзька. Кожнаму свой куток мілы. Прыказка.
3. Ужываецца пры сяброўскім звароце. Даніла, мілы мой Даніла! Ах, натварыў сабе ты бед! Колас. [Шульга:] — Давай спярша, міл чалавек, дамовімся аб плаце. Васілёнак.
4. у знач. наз. мі́лы, ‑ага, м.; мі́лая, ‑ай, ж. Каханы, каханая. — Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь! Колас.
•••
За мілую душу гл. душа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
міну́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўжо прайшоў, мінуў. Марыя з роспаччу паведаміла, што мінулай ноччу ў санчасці было трывожна. Кулакоўскі. Гнілая зіма мінулага года была асабліва цяжкаю для будаўнікоў. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. // Які быў раней, былы. Нібы зноў вярнуліся мінулыя радасці, мінулыя думы. Лынькоў. А тым часам перад Палінай праходзілі ўсе, адзін за адным, дні яе мінулага жыцця. Кавалёў.
2. у знач. наз. міну́лае, ‑ага, н. Тое, што прайшло, адышло; былое. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі. Аддаючы належнае народнаму мастацтву, многія дзеячы культуры разумелі, што нельга .. фарміраваць нацыянальны стыль, пакінуўшы без увагі багатыя мастацкая традыцыі мінулага. Шматаў. Лізу Сцяпан ніводнага разу не папракнуў мінулым. Корбан.
•••
Адысці ў мінулае гл. адысці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́ўзкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Зусім гладкі, які не стварае трэння і на якім цяжка ўтрымацца або які цяжка ўтрымаць; слізкі. Коўзкі лёд. □ Усё цяжэй было трымаць раўнавагу на коўзкай ад гразі дарозе, усё горш упраўляліся замлелыя рукі з непаслухмяным рулём. Краўчанка. Зерне было сухое, коўзкае. Пянкрат. // перан. Ненадзейны, небяспечны, такі, што можа прывесці да непажаданых вынікаў (пра жыццёвы шлях, напрамак дзейнасці і пад.). Не блукалі сцежкай коўзкай — Спеў Купалы акрыляў, Арлянят-маладнякоўцаў У палёт благаслаўляў. А. Александровіч.
2. Які мае гладкую паверхню і рухаецца шляхам слізгання. Гэтай зімой, напрыклад, дзед змайстраваў такія саначкі, што лепшых і не прыдумаеш. Лёгенькія, прыгожыя. Кляновыя палазкі добра закручаныя, коўзкія. Рылько.
3. Плаўны, лёгкі (пра паходку, рух і пад.). Даганяем і бачым Жэньку, Сцяпанавага сына. Лыжы ў яго бацькавы, ідзе без палак, упэўнена, моцнымі і коўзкімі крокамі. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крана́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Зрушвацца з месца, пачынаць рух. Паравоз рыўкамі пачаў кранацца з месца. Федасеенка. / Пра пачатак ледаходу на рацэ. Калі кранаецца лёд, пра раку гавораць як пра нешта жывое: «пайшоў», «пайшла», «ідзе». Грахоўскі. // Адпраўляцца ў дарогу, ісці або ехаць куды‑н. Нікому не хочацца па непагадзі зноў кранацца ў няблізкі свет. Лупсякоў.
2. каго-чаго. Датыкацца, дакранацца да каго‑, чаго‑н. Напільнік, здавалася, ледзь-ледзь кранаўся жалеза, але яно пачынала блішчаць, як люстэрка. Асіпенка.
3. чаго. Разм. Тое, што і кранаць (у 5 знач.).
4. перан. Разм. Спыняцца на кім‑, чым‑н., закранаць каго‑, што‑н. у прамове, гутарцы. Калі .. [Міканор] гаворыць, дык неяк яно само ў яго выходзіць, што ён гаворыць вершамі, асабліва калі кранаецца розных птушак, лугоў-мурагоў ды калінкі-малінкі... Бялевіч.
5. Зал. да кранаць (у 1–7 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
красава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Тое, што і красаваць (у 1 знач.). Жыта красуецца.
2. Прыцягваць увагу, вылучацца сваёй прыгажосцю. Як красаваўся, красавацца Чырвоны сцяг над намі будзе. Купала. Ізноў, нібы кветка, красуецца Варвара, некалі самая прыгожая дзяўчына ў вёсцы, а зараз знатны брыгадзір. Васілевіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца на відным месцы; вылучацца, віднецца. На стале красаваліся засмажаныя парасяты, скруткі каўбас, мяса розных гатункаў. Колас. Мікодыму гадоў пад пяцьдзесят. На яго шырокім твары красаваліся заліхвацкія рыжыя вусы. С. Александровіч.
4. Выстаўляць сябе напаказ, любавацца сваім выглядам. Разгладжваючы вусы, прыстаў кожны дзень красаваўся ў гарадку. Чорны. Верхам едзе паніч, перад любай красуецца. Лужанін.
5. перан. Быць у росквіце, паспяхова развівацца. Красуйся на векі вечныя, Палеская зямля, свяціце незгасальныя зоры! Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)