разя́віць, разяўлю, разявіш, разявіць; зак., што.

Разм. Шырока раскрыць (рот, пашчу). Саша ад здзіўлення разявіла рот. Шамякін. Прачнуўся кот, што ляжаў на падушцы; разявіў рот, выгнуў дугой спіну і прутам адставіў хвост. Чарнышэвіч.

•••

Разявіць горла — моцна, на ўсю сілу загаварыць, закрычаць.

Разявіць рот — а) (груб.) сказаць што‑н. [Пятрок] не даваў Асташонку разявіць рот, усё гаварыў і гаварыў сам: гадаваў пытанні і адказваў на іх. Ваданосаў; б) тое, што і разявіць горла; в) быць вельмі няўважлівым, рассеяным, неасцярожным. У цешчы грошы ўкралі на базары, бо рот разявіла яна, — Зноў Калістратава віна. Корбан; г) падрацца, разваліцца (пра абутак). Прайшлі не многа мы, а боты Ужо разявілі раты. Кусянкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад чуць ​1 (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Які ўжо быў пачуты; вядомы. Кожнаму хацелася сказаць, што ён ведаў, і самому пачуць нешта яшчэ новае, нячутае, а можа і чутае, але расказанае нанава, з новымі падрабязнасцямі і меркаваннямі. Крапіва.

3. у знач. наз. чу́тае, ‑ага, н. Тое, што хто‑н. дзе‑н. чуў, пачуў. Едучы ў тралейбусе, Валя зноў у думках перабрала чутае і ўбачанае ў Шарупічаў. Карпаў. Кручынін заўсёды згушчаў фарбы, перабольшваў і завастраў чутае так, што часам цяжка было зразумець, дзе канчаецца праўда і пачынаецца выдумка. С. Александровіч.

•••

Дай бог чутае бачыць гл. даць.

Каб жа чутае бачыць гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штука́р, ‑а, м.

1. Артыст, які паказвае фокусы. А Зай — наш малайчына, Артыст, штукар і хлус, З лясной кінакарціны Пакручвае ўжо вус. Вітка.

2. Той, хто вырабляе розныя складаныя мудрагелістыя рэчы; майстар, вынаходца. Да .. святла ракет далучыўся пажар эшалона.. — Ну, штукары, так сказаць, ну, малайцы! Няўжо ж гэта тое, што я майстраваў? — тупаў дзядзька Кандрат. Брыль. Выйшаў пан, залюбаваўся новым палацам. — Ну, — кажа да Янкі, — бачу, штукар ты не горшы за мяне. Якімовіч.

3. Той, хто схільны да выдумак, хітрыкаў, махлярства; выдумшчык, жартаўнік. У крайняй ад шляху [хаце] жыў стары Пракоп, па прозвішчу Смык, славуты на ўсю ваколіцу каваль. Выдумшчык і штукар, любімец васілішкаўскай моладзі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Карчма́ ’піцейны дом, шынок, заезны дом’, укр. корчма (корчми робити ’праводзіць пацехі, гульні з музыкам’), рус. корчма, чэш. krčma, славац. krčma, в.-луж. korčma, польск. karczma, рус.-ц.-слав. кърчма ’карчма’, ’моцны напітак’, ’сасуд для віна’, серб.-харв. кр̀чма ’карчма, пачастунак, частаванне’, славен. kȓčma, балг. кръчма ’частаванне, пачастунак’, прасл. kъrčma. У гэтай лексемы відавочна выдзяляецца суфікс ‑ьma. Суфікс мала прадуктыўны, найбольш надзейны прыклад vědъma, якое, аднак, да Nomāna agentis, чаго нельга сказаць пра kъrčma. Ва ўсякім разе іншы падзел на марфемы наўрад ці магчымы. Каранёвая марфема kъrč‑ прадстаўлена, як здаецца, у серб.-харв. кр̀чити ’частаваць або прадаваць алкагольныя напіткі’. Апошні прыклад вельмі няпэўны (адзіная фіксацыя ў песні). Да таго ж гэты дзеяслоў вядомы і шырока распаўсюджаны ў іншым значэнні (прасл. kъrčiti ’карчаваць’), таму, калі ісці ад чыстай формы, мы атрымліваем досыць нечаканы рэзультат: kъrčiti ’карчаваць’ + ‑ьma = kъrčma ’выкарчаванае месца’. Семантычна гэта амаль што немагчыма вытлумачыць. Найбольш верагоднай версіяй з’яўляецца ўзвядзенне kъrčma да kъrkati ’прагна есці, жэрці’ (параўн. серб.-харв. кр́кати і балг. къркам у гэтым значэнні). Іншыя версіі зусім неверагодныя (Агляд версій у Слаўскага, 2, 73–74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Като́к1 ’кола воза’ (Касп., Бяльк.). Параўн. у іншых слав. мовах: рус. като́к ’адрубак бервяна, які падкладваецца пад цяжар для перакочвання яго’; ’кола’, ’воз’, ’калаўрот у крыніцы’ і г. д. Ст.-рус. катъкъ («Боряхуся противъ ихъ,.. крепко и на приступѣхъ изъ пушекъ и изъ пищали и катки болшими», XVI ст.). Падрабязны агляд матэрыялу у Трубачова, Эт. сл., 9, 164–165. Як відаць, гэта лексема, якую Трубачоў адносіць да ліку прасл. (*katъkъ), пашырана толькі ва ўсх.-слав. мовах, дакладней, у рус.ст.-рус.) і бел. Адносна словаўтварэння можна сказаць, што адпаведныя словы ўтвораны па вядомых прасл. мадэлях (дзеяслоў *katati і суф. прасл. *‑ъkъ, вядомы ў розных функцыях).

Като́к2, бат. ’каласок (чароту); каташок (вярбы, бярозы)’ (БРС), каткі ’кветкі вярбы’ (Сцяшк. ЛАГ), каткі́ ’тс’ (Сл. паўн.-зах.; каткі́ таксама тут маюць значэнне ’раллявая канюшына’: «каткі растуць на пасевах, мякінькія, сівенькія, касмаценькія»). У Нас. багня́, багняты ’пушыстыя каташкі на вярбе’ (параўн. багня́ ’ягня’). Відавочна, і като́к у батанічным значэнні паходзіць ад *kotъ, *kotъka (параўн. у Нас. ко́тка ’ягня’, ко́тки ’пушыстыя каташкі на вярбе, якая расце на балотных месцах’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кмець ’селянін без зямлі, які мае ўласную хату з садзікам’ (Федар.), «подлыя кмеці» ў Багушэвіча (Дасл. (Гродна), 1967, 39), ’воін у старажытнай Русі’ (ТСБМ). Ст.-бел. кметь ’селянін’ < польск. kmieć (Булыка, Запазыч., 157). Укр. кметь, кміть ’селянін, просты чалавек’, рус. кметь ’тс’, ст.-рус. къметь ’воін’, балг. кмет ’войт, гарадскі галава’, серб.-харв. кме̏т ’селянін’, славен. kmèt ’тс’, польск. kmieć ’селянін, багаты гаспадар’, чэш. kmet ’селянін, дзед’, славац. kmeť ’тс’, в.-луж. kmjeć ’першы селянін, галава’. Прасл. kъmetь традыцыйна выводзіцца з лац. comes, comitis ’спадарожнік, таварыш’ (параўн. нар.-лац. cometia ’акруга’) (Фасмер, 2, 261; Слаўскі, 2, 279). Больш прывабнай здаецца іншая версія (хоць яна лічыцца менш пераканаўчай: параўн. ЕСУМ, 2, 472), якая асноўваецца на супастаўленні са ст.-грэч. κομήτης ’селянін’, κώμη ’сяло, гарадскі раён’ (Біркенмайер, JP, 21, 174–176). Грэчаскае значэнне цалкам супадае са славянскім, чаго нельга сказаць аб лацінскім. Лац. comes, comitis фанетычна таксама не цалкам адпавядае прасл. kъmetь. Хутчэй за ўсё трэба меркаваць аб старажытным лексічным пранікненні з адной з палеабалканскіх моў. Пакуль што нельга вызначыць, з якой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Князь1 ’правадыр войска і правіцель вобласці ў феадальнай Русі’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. князь, рус. князь, ст.-рус. кънязь ’тс’, ст.-слав. кънѧзь, балг. кнез, серб.-харв. кне̑з, славен. knȇz ’тс’, польск. książę, чэш. kníže, славац. knieža, в.-луж. knjez ’пан’, палаб. knąz ’шляхціц’. Прасл. kъnędzь было запазычана з германскіх моў, ва ўсякім разе задоўга да трэцяй палаталізацыі. Параўн. княгіня (гл.). Аб старажытнасці запазычання сведчыць, відаць, таксама рухомасць акцэнтуацыйнай парадыгмы пры кароткім галосным у корані. Прагерм. kuningaz ’правадыр, кароль’ тлумачыцца як утварэнне на ‑ingaz ад прагерм. kunja ’род’ (лац. genus, ст.-грэч. γένος, ст.-інд. jánaḥ ’тс’). Такім чынам, у прагерманскай мове наглядаецца словаўтваральная інавацыя афіксна-семантычнага тыпу (славянскія мовы не ведаюць ніводнага спрадвечнага слова з суфіксацыяй ędʼzʼь) (Мартынаў, Лекс. взаим., 47–48). Параўн. Кіпарскі Gemeinslav., 181; Экблум, ZfSlPh, 30, 6; Экблум, ScSL, 3, 176. Князь у значэнні ’жаніх’ — табуізм (гл. Хаверс у Фасмера, 2, 266). Такое ж трэба сказаць і аб княгіня ’нявеста’.

Князь2 ’малады, жаніх’ (Нас., Яруш., Грыг., Гарэц., Нар. лекс., З нар. сл., Маш., Сержп. Грам.), ’дружка’ (Кольб.). Гл. князь1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

як².

1. прысл. пыт. і адноснае. Якім чынам.

Як знайсці тое месца? Як жывеш? Вось як трэба рабіць.

2. прысл. пыт. У якой ступені, наколькі.

Як даўно ён паехаў?

3. прысл. азнач. У якой меры, ступені, да чаго.

Як ён пастарэў.

Як я рада!

4. прысл. неазнач. Як-небудзь (разм.).

Трэба ж як знайсці згубленае.

5. прысл. часавае. У які час.

Я гэта бачыў, як ішоў з працы.

6. часц. Ужыв. пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці.

Як!

Ты зноў дома! — Я не ведаю, куды паклаў рэчы. — Як не ведаеш.

7. часц. ўзмацн.-сцвярдж. Выражае бясспрэчнасць выказанай думкі, выступаючы ў знач.: як можна, немагчыма.

Ну як мне тут не перажываць.

8. часц. Пры дзеяслове зак. трывання абазначае нечаканасць дзеяння.

А ён як ускочыць, пабяжыць!

9. злуч. параўн. Падобна да чаго-н.

Мяккі як пух.

Такі, як і раней.

10. злуч. У якасці каго-, чаго-н.

Ён павінен гэта ведаць як спецыяліст.

11. злуч. Ужыв. ў саставе пабочных груп і сказаў.

Як кажуць.

Як напрыклад.

12. злуч. Абазначае часавыя адносіны паміж галоўным і даданым сказамі.

Як успомніш, страшна становіцца (кожны раз, калі). Прайшло шмат часу, як яны выехалі адсюль (з таго часу, калі).

13. злуч. Пасля адмоўных ці пытальных слоў і выразаў — акрамя, толькі.

Хто гэта мог зрабіць, як не ты.

Як адзін чалавек — дружна, усе разам.

Як бы — умоўна-мяркуемае параўнанне.

Згаджацца як бы нехаця.

Як бы там ні было — пры ўсіх умовах, ва ўсякім выпадку.

Як быццам — тое, што і быццам (у 1 і 2 знач.).

Як і што (разм.) — абагульненае ўказанне на аб’ект і сітуацыю.

Раскажы нам, як і што.

Як мага — служыць для ўзмацнення ступені параўнання.

Заходзь да нас як мага часцей.

Як мага лепш.

Як ні — хоць і, нягледзячы на тое, што.

Як ні лаюся, не слухаюць мяне.

Як (або што) ні кажы (разм.) — нягледзячы ні на што, усё-такі.

Як ні кажы, а свой куток мілы.

Як сказаць (разм.) — выкарыстоўваецца, каб паказаць ваганне, няўпэўненасць у чым-н.

Яшчэ як сказаць.

Можа, — і не.

Як толькі — адразу, зараз жа.

Як..., так і — злучнік пералічальны.

Ён заўсёды акуратна выконвае як вытворчую работу, так і грамадскую.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адпусці́ць, -пушчу́, -пу́сціш, -пу́сціць; -пу́шчаны; зак.

1. каго-што. Дазволіць каму-н. пайсці, паехаць куды-н.

А. дзяцей дадому.

Абслужыўшы, даць магчымасць пайсці.

А. пакупнікоў.

А. машыну.

2. каго-што. Вызваліць, выпусціць.

А. затрыманых.

А. на волю птушку.

3. што. Аслабіць, зрабіць менш нацягнутым, заціснутым.

А. дзягу.

А. лейцы.

4. перан., каго-што, звычайна безас. Пра хваробу, боль, надвор’е і пад., стаць больш слабым, сціхнуць, аслабець, памякчэць, паменшыцца (разм.).

Пад раніцу хвароба адпусціла.

5. што. Прадаць, выдаць пэўную колькасць чаго-н.

А. тавар.

А. прадукты.

6. што. Выдзеліць для якой-н. мэты.

А. сродкі на будаўніцтва школы.

7. што. Адгадаваць валасы, пазногці і пад.

А. вусы.

А. бараду.

8. што. Сказаць нечакана (разм., жарт.).

А. вострае слоўца.

А. трапны жарт.

9. што. Зрабіць мякчэйшым, зменшыць гарт (металу; спец.).

А. сталь.

10. што. Дараваць (грэх, віну і пад.).

А. грахі.

|| незак. адпуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. во́дпуск, -у, м. (да 3—6 і 9 знач.), адпуска́нне, -я, н. (да 1—7 знач.) і адпушчэ́нне, -я, н. (да 10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

урэ́заць, -э́жу, -э́жаш, -э́жа; -э́ж; -э́заны; зак.

1. што. Адрэзаўшы частку, укараціць, паменшыць.

У. крысо.

2. перан., што. Зменшыць, убавіць; абмежаваць.

У. расходы.

У. паўнамоцтвы.

3. што ў што. Уставіць у выразанае месца.

У. замок у дзверы.

4. што і чаго (пераважна з адмоўем). З цяжкасцю адрэзаць (што-н. надта цвёрдае; разм.).

Мяса такое мёрзлае, што не ў.

5. што і чаго. Адрэзаць, нарэзаць невялікую колькасць чаго-н. (разм.).

У. вяндліны.

У. сечкі карове.

6. перан., што і без дап. Нечакана і гучна заіграць, заспяваць (разм.).

У. польку.

7. каму, па чым і без дап. Моцна ўдарыць, пабіць, збіць (разм.).

У. па твары.

Так урэзалі яму, што і з ног зваліўся.

8. што і без дап. Сказаць прама і рэзка, заявіць што-н. (разм.).

У. праўду.

|| незак. ураза́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—3 знач.) і урэ́зваць, -аю, -аеш, -ае (да 1—3 знач.).

|| наз. ураза́нне, -я, н. (да 1—3 знач.), урэ́званне, -я, н. (да 1—3 знач.) і урэ́зка, -і, ДМ -зцы, ж. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)