Замо́к ’прыстасаванне для запірання’. Рус., укр. замо́к, польск. zamek, серб.-луж. zamk, чэш. zamek, славац. zamka, zámok ’тс’, славен. zamka ’пятля’, серб.-харв. за̑мка ’пастка, пятля’, балг. дыял. за̀мка ’вузел’, ’пятля’, макед. замка ’сіло, пастка’. Ст.-слав. замъкнѫти ’замкнуць’, ц.-слав. замъкъ ’замок’. Ст.-рус. замъкъ (XII ст.) ’замок’. Ст.-бел. замок (Скарына). Паўн.-слав. бязафіксны назоўнік zamъkъ ад дзеяслова za‑mъk‑nǫ‑ti (гл. імкнуць), дзе прэфікс надаваў значэнне адмежавання (як у замінаць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зара́д ’пэўная колькасць выбуховага рэчыва ці электрычнасці’. Рус., укр., балг. (< рус.) заря́д ’тс’. Ст.-рус. зарядъ ’умова’, ’колькасць дробу для выстралу’ (XVII ст.). Утворана як бязафіксны назоўнік ад зарядити ’закласці боепрыпас’ (XVII ст.), прэфіксальнага дзеяслова, ад ст.-рус. рядити ’рабіць, рыхтаваць, кіраваць’ < рядъ, гл. рад. Шанскі, 2, З, 61. Словы гэтай мадэлі ў іншых слав. мовах маюць іншыя значэнні, напр. польск. zarząd ’кіраўніцтва’, славен. záred ’парыў; маладняк’, што зыходзяць з таго ж прасл. rędъ.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Налажы́ць, у выразе: налажы́ць галаво́ю ’панесці смерць, памерці’, параўн.: Баба варажыла, пакуль галавою налажыла (Янк. БП); И коникоў потрацишь, и сам голоўкой наложышь (Шн.), укр. наложи́ти голово́ю, душе́ю ’ахвяраваць жыццём, загубіць жыццё, душу; скласці галаву’, польск. nałożyć głową, zdrowiem, życiem ’заплаціць галавой, здароўем, жыццём’. Развіццё значэння дзеяслова налажы́ць ’накласці’, гл. лажы́ць, праз стадыю ’накласці плату, ахвяру на што-небудзь’, параўн. рус. налог ’падатак’, да ’заплаціць (галавою)’, параўн. тураўск. накла́сці (наложы́ць) голово́ю ’загінуць’ (ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Песказу́б ’пячкур’ (Інстр. 2), пескозоб ’рыба бычок’ (ТС), укр. піскозоб, піскозбба, рус. пескозоб, пискозоб ’тс’. Да пясок і задаць ’кляваць, дзёўбаць’ (гл.), што адлюстроўвае спосаб харчавання, параўн. рус. пескорой ’мінога’. Аналагічна нова-в.-ням. Schlammbesser (Фасмер, 3, 249). Не звязана з лац. piscis ’рыба’ (насуперак Мікале (РФВ, 48, 279)), год. fisks, ст.-в.-ням. fisc ’тс’ (Папоў, Из истории, 17). Варыянт назвы з ‑зуб у выніку дээтымалагізацыі зыходнага дзеяслова (Каламіец, Рыбы, 39).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Просціра, простіра ’прасціна’ (?) (маг., Шн.; Карскі, Труды, 313). Відаць, захаванае ст.-бел. простира ’прасціна; кавалак тканіны’, што ўжывалася паралельна з простирадло ’тс’ і простица ’тс’. Верагодна, утварэнне ад дзеяслова *прасціраць ’распасціраць’, ад якога гэта было б рэгулярным дэрыватам з суф. ‑а, аднак у гэтай форме на беларускай тэрыторыі ён невядомы. Адаптаваны паланізм? Параўн. прасціра́ла ’прасціна’ (Ласт.) з польск. prześcieradło ’тс’, укр. простира́ло ’тс’ (паводле ЕСУМ, 5, 606, узыходзіць да *prostira(d)lo).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сме́лы ‘які не паддаецца страху; храбры, адважны’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Пятк. 2, Сл. ПЗБ), сме́ліць ‘рабіць смелым’ (Нас., Ласт.). Укр. смі́лий, рус. сме́лый, польск. śmiały, чэш. smělý, славац. smelý, серб.-харв. сме̏о, славен. smẹ̑l (з серб.-харв.), балг. смел. Прасл. *sъmělъ, першапачаткова дзеепрыметнік прошлага часу на ‑l‑ ад дзеяслова *sъměti (гл. смець); Бернекер, 2, 47; Праабражэнскі, 2, 341–342; Фасмер, 3, 684; Сной₁, 584–585; Махэк₂, 560; Рэйзак, 585; Борысь, 617.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спа́сны ‘адкормлены’ (Выг., Сл. Брэс.), ‘непераборлівы і добры да яды’ (ТС; лун., Шатал.; Сл. Брэс., Жыв. сл., ЛА, 4, Скарбы), ‘вынослівы’ (Мат. Гом.). Дэрыват ад асновы цяп. ч. дзеяслова спасвіць — спасу́ з суф. ‑н(ы). Але спа́слы ‘тлусты, адкормлены’ (Жд. 1), ‘вынослівы’ (брасл., Сл. ПЗБ), аўтары слоўніка (там жа, 4, 533) лічаць паланізмам, параўн. польск. spasły ‘адкормлены, сыты, тлусты’. Магчыма, палес. спа́сны паходзіць з той жа польскай крыніцы з заменай ‑л‑ на ‑н‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сява́лка ’лубянка для ручной сяўбы’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Нік. Очерки, Др.-Падб., Шат.; ЛА, 5), сева́лка, севя́лка, сіва́лка ’тс’ (шальч., докш., рас., круп., Сл. ПЗБ), сіва́лка ’тс’ (Бяльк.); сюды ж севе́ялка (смарг., Сл. ПЗБ) з дадатковай апеляцыяй да ве́яць, гл. Укр. сіва́лка, рус. сева́лка ’тс’. Дэрыват з суф. ‑алк ад *сяваць, параўн. высяваць, засяваць, укр. сіва́ти, рус. сева́ть, шматкратнага дзеяслова да сеяць (гл.); да словаўтварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 51.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сіліпа́ць ‘прагна есці’ (Мат. Маг.), рус. смал. силипа́ть ‘піць з прысвістам, сёрбаннем’, ‘высоўваць язык’, ‘сцябаць’. Дыялектны варыянт дзеяслова салупаць (гл.), параўн. сылыпа́ць ‘балбатаць’: сылыпаць языком (Бяльк.). Анікін (Опыт, 278), дапускаючы старое запазычанне з балт. *salp‑, звязанага з літ. sulpti ‘лізаць, ссаць’ (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49), усё ж схіляецца да анаматапеічнага паходжання зыходнай формы (Фасмер, 3, 714), гл. таксама Анікін, 495. Аналагічна гл. селяпаць. Сувязь з сіляць ‘чэрпаць’ (гл.), хутчэй за ўсё, мае другасны характар.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Трапасні́, трэпысні́ ’лахманы’ (іван., Жыв. сл.; Сл. Брэс.). Відаць, звязана з трэпасце́ць ’мільгацець, ззяць (пра зоркі)’ (пруж., бяроз., ЛА, 2), на аснове якога выводзіцца больш агульнае значэнне ’матляцца, брындаць’, параўн. роднаснае трапятаць, гл. Экспрэсіўная суфіксацыя дзеяслова, магчыма, пад уплывам субстратных балтыйскіх форм, параўн. літ. žybsė́ti, blyksė́ti ’мільгацець, пабліскваць’. Сюды ж трэ́псы ’махры ў хустцы’ (кобр., ЛА, 4), ад якой магло ўтварыцца трэпысні́ па тыпу за́барсні ’вушкі ў лапцях, у якія прасоўваецца абора’. Гл. наступнае слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)