чу́тны, ‑ая, ‑ае; чуцён, чутна.
1. Даступны слыху; які ўспрымаецца слыхам. І дзявочы голас звоніць над лясамі: «Будуць у калгасе слаўныя дажынкі, Будуць чутны песні за гарой высокай». Панчанка. Рагочуць мужчыны. Доўга адзін да аднаго бародамі варочаюцца, а тады паасобныя галасы — кожны па-свойму чуцён. Скрыган. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? А. Вольскі. // перан. Вядомы. Бедны хлопец Кастусь, Што каленьмі свяціў у апратцы кастравай, Выспеў коласам буйным, а Беларусь Стала чутнай і знанай на свеце дзяржавай. Лужанін.
2. у знач. вык. Чуецца, гучыць. Ледзь чутны ціхі звон Звычайным свежым ранкам, Калі страсае клён З галін сваіх мядзянкі. Астрэйка. У кнізе чутны і рэха гераічнай.. гісторыі Беларусі, і перазвон зброі ў часы рэвалюцыйных выступленняў народных мас. Ярош.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
былы́, ‑ая, ‑ое.
1. Мінулы, прошлы. У народных песнях і паданнях расказваецца аб цяжкім лёсе дзяўчыны ў былыя часы. Ярош. Можа, ты пра былое жыццё сваё, браце, раскажаш? Танк. // у знач. наз. было́е, ‑ога, н. Мінулыя часы, падзеі; усё, што было раней, прошлае. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, стаялі перад вачамі. Мележ. Фотаздымак.. Сваёю Рукою на ім Напісала яна [Алеся]: «На ўспамін аб былым». Куляшоў. Ды прашу, што мінула, Прайшло, не вяртай — Для былога няма павароту. Тарас. // Які быў раней, ранейшы. Шэрыя дзедавы вочы яшчэ захавалі сваю былую зоркасць. Колас. То нікла дойна, то ўзлятала ў высь начную да нябёс, і нам яна апавядала пра лёс былы і новы лёс. А. Вольскі.
2. Які страціў ранейшае становішча або прызначэнне. На месцы былой пусткі вырас дом. □ Кулага Мацвей — былы вучань Міхаіла Дзям’янавіча. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарнавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Напісаны, зроблены начарна; неканчатковы. Чарнавы чарцёж. □ І на самай справе, як аб гэтым сведчаць даты на лістах чарнавога рукапісу паэмы, некаторыя дні прыносілі па 30 і больш вершаваных радкоў. У. Калеснік. У асобе Міколы Аўрамчыка беларуская літаратура якраз мае вельмі патрабавальнага паэта, які .. не спяшаецца друкаваць яшчэ чарнавыя накіды вершаў. Бугаёў. // Прызначаны для запісаў начарна, з такімі запісамі. Чарнавы сшытак. □ — Вось, малады чалавек, — сказаў інжынер Блок, — тут два аркушы — чарнавы і чысты. На чысты аркуш вы перан[есяце] папраўленыя лічбы... Колас.
2. Дапаможны, падсобны; цяжкі, брудны (пра работу). Рабочых сцэны не было, артысты самі выконвалі ўсе чарнавыя работы. Сабалеўскі. Купала не цураўся ніякай чарнавой работы, толькі б падтрымаць маладых пісьменнікаў. Ярош.
3. Звязаны з першапачатковай стадыяй вытворчасці. Чарнавая апрацоўка.
4. Спец. Са значнай колькасцю прымесей (пра каляровыя металы). Чарнавы цынк. Чарнавая медзь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паэты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паэзіі (у 1, 2 знач.). Паэтычны твор. □ Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Ярош. // Уласцівы паэзіі, вершаваны. Паэтычныя формы. Законы паэтычнай мовы. // Які сведчыць пра здольнасць да паэзіі, пра творчы талент. Паэтычнае чуццё. Паэтычны талент. □ З дзіцячых год .. [Самуілу] запомнілася многа добрага, што ўздзейнічала на яго ўяўленне, разбівала паэтычны дар. Каваленка.
2. Прасякнуты паэзіяй (у 3 знач.), поўны хараства, прыгажосці; лірычны. Паэтычны малюнак прыроды. □ Ніколі да гэтага нішто не выклікала яшчэ ў маёй юнацкай душы такога паэтычнага настрою, як рамантычнае жыццё трактарыстаў, начная малацьба і ворыва. Аўрамчык.
3. Надзелены ад прыроды павышанай эмацыянальнасцю, уражлівасцю. Паэтычная натура. □ У 1913 годзе Максім Багдановіч у крытычным аглядзе беларускай літаратуры за 1911–1913 гг. пісаў, што Змітрок Бядуля — «пісьменнік з душой чулай і паэтычнай». Каваленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ігра́,
1. Выкананне музычнага твора на якім‑н. інструменце. Час ад часу .. [Майбарада] спыняў ігру і, не адрываючы гармоніка ад губ, падоўгу глядзеў у неба, дзе плылі белыя хмаркі. Шамякін.
2. Выкананне сцэнічнай ролі. Поспех, якім карыстаецца «Паўлінка» ў пастаноўцы купалаўцаў, абумоўлен майстэрскай ігрой артыстаў. Ярош. Так забаўляла ўсіх .. ігра [дзядка], што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў. Краўчанка.
3. Тое, што і гульня (у 2 знач.). Спартыўныя ігры. Ігра ў шахматы. Ігра ў карты.
4. Хуткая змена, пералівы колераў, святла і пад. Ігра фарбаў. Ігра колераў. □ [Калгаснікі] стаялі і сачылі га дзіўнай ігрой хмар. Шамякін. Коцяцца воды ўдаль, Хваляў чаруе ігра. Лявонны. // Выразная зменлівасць (твару, вачэй і пад.). Ігра мускулаў твару.
5. Наўмысныя дзеянні, якія маюць пэўную мэту; тайныя задумы, інтрыгі. Біржавая ігра. □ Пачулія, зацікаўлены, моўчкі глядзеў на Сімонавы манеўры. Ён хацеў разгадаць ягоную ігру. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
філасо́фія, ‑і, ж.
1. Навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды, грамадства і мыслення. Бурныя рэвалюцыйныя падзеі 1905 года.. выразна акрэслілі пазіцыю кожнага класа ў палітыцы, у філасофіі, у мастацтве. Ярош. Зажылі мы ўдвух у тым цудоўным пакойчыку, дзе было ўсё, што трэба культурнаму чалавеку: кнігі па філасофіі і вышэйшай матэматыцы, разборныя гантэлі, пра[йгравальнік]. Радкевіч. // Чыё‑н. філасофскае вучэнне. Філасофія К. Маркса. □ Марксісцка-ленінская філасофія дазваляе мастаку пранікаць у самыя глыбокія заканамернасці рэчаіснасці. Адамовіч.
2. Метадалагічныя прынцыпы, што ляжаць у аснове якой‑н. навукі, галіны ведаў. Філасофія права. Філасофія гісторыі.
3. Погляды, перакананне канцэпцыя. «Вайна. Што зробіш. Па вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі.. [Дымар] прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной. Шамякін.
4. Разм. іран. Абстрактныя, пустыя разважанні. Прырода — гэта... — Мікіта распачынаў сваю філасофію на некалькі дзён. Пташнікаў. Там, на заводзе, філасофіі не разводзяць, а займаюцца несупыннай працай. Бядуля.
[Грэч. philosophia ад philéō — люблю і sophia — мудрасць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паразі́т, ‑а, М ‑зіце, м.
1. Расліна або жывёліна, якая жыве на паверхні або ўсярэдзіне іншага арганізма і корміцца за яго кошт. — Ёсць, сынок, такая расліна — паразіт. Ам[я]л[о]й завецца. Яна не сама здабывае харч, а смокча сокі з бярозы. Мяжэвіч. Міхаленя сказаў, што малярыю выклікае паразіт-плазмодый, што цяпер малярыя лечыцца акрыхінам. Алешка. // Насякомае, якое жыве на целе чалавека і корміцца яго кроўю. Найчасцей .. [наглядчыку] даводзілася бачыць, як які-небудзь арыштант, зняўшы кашулю, садзіўся каля лямпы і пачынаў распраўляцца з паразітамі. Колас. / Аб словах. У Пранцыся на кожным кроку неяк самі па сабе прарываюцца шматлікія словы-паразіты. Ярош.
2. Той, хто жыве з чужой працы; дармаед. Радасць працы ва ўсіх творах маладога Купалы азмр[очв]аецца разуменнем таго, што гэта праца не на сябе, а на чужых, на паноў, што яна паднявольная, што з яе кормяцца паразіты. Івашын. Не хочуць ні вучыцца, ні рабіць, А паразітамі мяркуюць век пражыць. Валасевіч.
3. Разм. Ужываецца як лаянка.
[Ад грэч. parásitos — нахлебнік, дармаед.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрыя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каму-чаму.
1. Садзейнічаць; памагаць. [Сабалеўскі:] — Мой абавязак, як палкавога ўрача, спрыяць словам і справай вашым поспехам у лётнай рабоце. Алешка. Гуманістам можа быць толькі той, хто спрыяе шчасцю працоўнага чалавека. Ярош. [Казік да Веры:] — А мне не можа [Віктар] дараваць, што я спрыяў твайму збліжэнню з Максімам і што ты адмовіла таму ўдаўцу-асадніку. Машара. // (1 і 2 ас. не ўжыв.) і без дап. Быць прычынай чаго‑н., памагаць, рабіць магчымым узнікненне, развіцця чаго‑н. Чыгунка спрыяла таму, што Міця рана стаў цікавіцца справамі, якія ідуць у вялікім свеце. Навуменка. Станаўленню светапогляду паэта спрыяла тое, што ў часе вучобы ён актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх гуртках. Няхай. Калгаснікі дажалі жыта і пачалі жаць ярыну. Надвор’е спрыяла. Чорны. Гунава не прыехаў.. Гэта таксама не спрыяла настрою Сімона. Самуйлёнак. // Разм. Аказваць патрэбнае дзеянне, прыносіць карысць. [Алімпа:] — І не думай, Тэлё, — палягчэе: вельмі ж спрыяе .. [зелле] на хворае нутро. Вышынскі.
2. Праяўляць добразычлівасць да каго‑н. Пад .. [дубам] Даніла зрабіў столік і лавачкі, зрабіў для Грушкі і для ўсіх, хто яму спрыяе. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скро́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што не любіць хваліцца сваімі заслугамі; не ганарысты. І прывітаю разам шчыра Адданых партыі людзей — Тых скромных носьбітаў ідэй, Што нам прыносяць радасць міру. Колас.
2. Стрыманы, умераны; прыстойны ў жыцці, паводзінах. У адзенні ёсць прыкметы, І па ім відаць ваш густ: Скромны — скромна і адзеты... Непачаловіч. [Пані Мар’я:] — Маю такую дзяўчыну, вельмі бедных бацькоў. Скромная, маладая і нават прыгожая. Бядуля.
3. Які нічым не вызначаецца, просты, звычайны. Адны ў дрыгве карчуюць гаць — Паўзуць уверх карчы, Другія вараць у катлах Іх скромныя харчы. Купала. Быт Ваўковічаў быў вельмі просты, нават скромны. Васілевіч. // Звычайны, радавы (пра пасаду, работу і пад.). Там .. [Юткевіч] будзе скромным, непрыкметным настаўнікам гімнастыкі. Мікуліч. // Не яркі, не рэзкі (пра фарбы і пад.). Як рада ты жыццю нявольна, Уся пад срэбнаю расой Са стужкай скромнай між касой. Багдановіч.
4. Невялікі, нязначны. Хопіць подзвігаў і на вашу долю. А зараз пачнём з самага скромнага, — і .. [Лясніцкі] накіраваў .. [Маеўскую] ў якасці прапагандыста ў далёкую вёску. Шамякін. Фарсавыя моманты і прыёмы .. адыгрываюць у п’есах Марцінкевіча вельмі скромную ролю. Ярош.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ухілі́цца, ухілюся, ухілішся, ухіліцца; зак.
1. Адхіліцца ўбок, адхіснуцца. Жаўнер, на якога замахнуўся дзед, пабялеў, як палатно, і падаўся крута ўбок, каб ухіліцца ад сякеры. Колас.
2. Звярнуць, павярнуць у якім‑н. напрамку. [Сцяпанаў:] — Вяртаючыся дамоў, я знарок ухіліўся ад курсу ў правы бок. Алешка.
3. перан. Адысці, адхіліцца ад чаго‑н. асноўнага, першапачатковага. [Клёст:] — Э, сябры мае мілыя, ды мы ж ад тэмы ўхіліліся! Вася, налівай. Зробім яшчэ па адной. Шашкоў.
4. перан. Пазбавіцца ад чаго‑н. Міхал ідзе ды йдзе ў абходы, І не ўхілішся ад шкоды: То дуб ссякуць, бярозу зваляць. Колас. Нават самаму вопытнаму драматургу вельмі цяжка ўхіліцца ад памылак «тэхнічнага» характару. Ярош.
5. перан. Адмовіцца, устрымацца ад якіх‑н. учынкаў, дзеянняў. Няхай сабе і ноч ідзе, Не ўхілюся ад сустрэчы З усім, што прыйдзе да мяне. Буйло. Мне ўхіліцца б лепш тады адразу і ад спрэчак, і ад вашых спраў. Русецкі. // Пазбегнуць прамых, адкрытых выказванняў, меркаванняў. — А хіба мы з табой адны на свеце? — спытаўся я, каб ухіліцца ад адказу. Гарбук. — Дзе ж ты быў? — спытала маці. — Ды так, хадзіў поле аглядаць, сенажаці, — ухіліўся.. [Андрэй] ад прамога адказу. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)