куцця́, ‑і, ж.

1. Урачыстая вячэра напярэдадні каляд, новага года, якая суправаджалася варажбою. Калядныя куцці, як вядома, дзве: адна посная, другая — скаромная, або багатая. Якімовіч. // Дзень, у які адбываецца гэта ўрачыстасць. Снег на куццю — грыбы на лета, Такая матчына прымета. Колас.

2. Каша з ячных або іншых круп як традыцыйная абрадавая яда ўсходнеславянскіх і інш. народаў. У печы з панцаку варыцца калядная куцця. На куццю, пад вечар, чакаюць гасцей. Васілевіч. Куцці святочнай задымілася гара. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сы́рніца1яда з сыру і топленага масла, спецыяльна прыгатаваная для мачання бліноў’ (ТСБМ), ’тварог з малаком, падрыхтаваны для доўгага захоўвання’ (віл., рас., Сл. ПЗБ; полац., Нар. сл.), ’парэзаны на кавалкі і залпы маслам сыр’ (мёрск., Нар. сл.; чэрв., Жд. 3). Да сы́рны < сыр, гл.

Сы́рніца2 ’апошні тыдзень перад вялікім ластам’ (Некр. і Байк.). Параўн. рус. сы́рная неде́ля ’тс’, балг. си́рна неде́ля. Вынік семантычнай кандэнсацыі да сыры́ < сыр, гл. сырапосны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патра́ўка ’страва, яда’, ’верашчака’ (ТСБМ, Некр.; ганц., Сл. Брэс.), ’мачанка’ (Янк. 2), ’соус, прыгатаваны з рэшткаў валовага мяса’ (Нас.), ’рэдкая страва з мясам, падкалочаная мукой’, ганц. ’падліўка’ (Сл. ПЗБ). Як і ўкр. потра́вка ’блюда з розных кавалкаў мяса з дадаваннем кавалкаў каўбасы’ — з польск. potrawka ’адваранае мяса пад соусам’. На ўсходзе Беларусі патраўка адрозніваецца значэннямі: хойн. ’зацірка’, рэч. ’бульён’, браг. ’суп з мукой і ягадамі або грыбамі’, хойн. ’халадзец’, хойн. патраўка ’цура’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спіжа́рня ‘кладоўка, камора’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Нас., Булг., Касп., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ‘варыўня’ (Гіл.), ст.-бел. спижарня ‘кладоўка, памяшканне для захавання харчовых прадуктаў’. З польск. spiżarnia ‘тс’ (Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 99), якое ад ст.-польск. spiża ‘прадукты, харчаванне’, запазычанага з ст.-в.-ням. spîseяда, харчаванне, правіянт; хатняя гаспадарка’, сучаснае ням. Speise ‘ада, харчаванне’, што ўзыходзіць да с.-лац. spesa < spensa < лац. expēnsa (pekunia) ‘выдатак, кошт’; гл. Борысь, 568.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прые́сціся, прыесца; прыядуцца; зак.

Разм. Надакучыць ад частага ўжывання, аднастайнасці (пра ежу). Праўда, потым яда трохі прыелася, што ўсё адно і адно з дня ў дзень. Гарэцкі. — Доктар казаў, каб без снедання не пускалі. — Не хачу. Прыеўся мне ваш кісель ды чай. Чарнышэвіч. // перан. Страціць цікавасць, прываблівасць для каго‑н. Горад мне ўжо так прыеўся, што я нават пазнаваў у твар многіх гараджан. Карпюк. — Там жа [у канцэрце] няма ні рэдактарскай, ні рэжысёрскай выдумкі. Штамп. Самы прымітыўны, які ўжо даўно прыеўся і нам і тэлегледачам. Гаўрылкін. З лініямі не спяшаўся — лічыў нескладанай работай, якая ў момант прыесца. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ікра́, ‑ы, ж.

1. Змацаваная сліззю маса зернепадобных яечак, якія адкладваюцца рыбамі, земнаводнымі, малюскамі і іншымі воднымі жывёламі. Ікра жабы. □ Акунь адкладвае ікру ў адзін прыём, таму і нераст у яго цягнецца не больш 3–5 дзён. Матрунёнак. // Харчовы прадукт, які атрымліваецца шляхам апрацоўкі зернепадобных яечак рыбы. Бутэрброд з ікрой.

2. (пераважна з азначэннем). Яда з дробна пасечанай агародніны, грыбоў і інш. Кабачковая ікра. Баклажанавая ікра.

•••

Зярністая ікра — сорт чорнай ікры, прасоленай у непрацёртым выглядзе (у паюсах).

Паюсная ікра — сорт чорнай прасаванай салёнай ікры.

Чорная ікра — ікра асятровых рыб (бялугі, сяўругі, асятра і інш.).

Чырвоная ікра — ікра ласасёвых рыб (кеты, гарбушы і інш.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Со́чыва ‘варэнне’ (Байк. і Некр.), ‘малачко з расцёртых канапель або маку’ (Ласт.), укр. соче́ва ‘зерне сачыўкі’, рус. со́чиво ‘сок, малако з льнянога семені’, ст.-рус. сочиво ‘зерне сачыўкі’, славен. sočivje ‘стручковыя плады; гародніна’, sočȋvo ‘бабовыя’, серб. со̏чӣво ‘тс’, харв. чак. sȍčivo ‘тс’, балг. со́чиво ‘суп’, макед. дыял. сочиво ‘фасоля’, ст.-слав. сочиво ‘сачыўка’. Прасл. *sočivo, вытворнае ад *sokъ, гл. сок (Фасмер, 3, 731; ЕСУМ, 5, 364). Рэканструкцыя першаснага значэння ‘ежа, яда’ на базе каузатыва *sočiti ‘рабіць мокрым, мачыць’ > ‘гатаваць’ па тыпу варыцьварыва (гл. Фурлан у Бязлай, 3, 282–283) падаецца верагоднай, аднак патрабуе дадатковай аргументацыі, параўн. Куркіна, Этимология–1994–1996, 206. Гл. таксама сачыўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапе́за1 (trapeza, trepeza) ’ламачча, хвораст’; ’багна’; ’вельмі дробнае збожжа’, ’мізэрны чалавек’ (Лапіч, Term. geogr.), трэбэза (trebeza) ’тс’ (там жа), трэбэза́ ’густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.). Параўн. польск. дыял. trapeza ’балота, твань’, trabeza ’багна, балота, зарослае хмызняком’, сюды ж, магчыма, і айконім Trpeza (Косава і Метохія). Грунтуючыся на семантыцы, Лапіч (БЛ, 11, 64) бачыць тут уплыў літ. trapùs ’крохкі, слабы’, што цяжка давесці. Няясна; магчыма параўнаць з рус. дыял. (паўн.-рус.) дребь ’балоцістая мясціна, парослая кустамі або лесам’, ’непраходнае балота’, ’багна, твань’, дре́би ’балота, парослае лесам, нетры’, відаць, роднасныя літ. drebė́ti ’дрыжэць, трэсціся’, лат. drebêt ’тс’ (SP, 4, 216, 225, 245), адносна варыянтнасці *trep‑/*dreb‑ гл. Махэк₂, 129. Па фанетычных прычынах немагчыма суаднесці са славен. trebež ’выкарчаванае месца, навіна’ (гл. церабіць).

Трапе́за2 ’агульны стол для яды ў манастыры’, ’сам прыём яды за такім сталом’, ’сама яда’ (ТСБМ, Кольб.), аргат. тра́пез ’стол’ (Бандалетаў, Этимология–1980, 72). Праз царкоўнаславянскую са ст.-слав. трапеза, трапѣза, трепеза ’абедзенны стол’, ’гасціна, частаванне’, што з грэч. τράπεζα, якое са ст.-грэч. τράπεζα ’стол, абедзенны стол’, ’абед, яда’, а апошняе — з τέτταρα ’чатыры’ або τρεῑς ’тры’ і πέζα ’нага’ < ’дошка на трох ці чатырох нагах (ножках) — у выніку гаплалогіі ‑τα‑ выпала (Фасмер, 4, 94; Скок, 3, 492). Першае ўпамінанне Гамера: на шматлюдных банкетаваннях адзін стол служыў для некалькіх гасцей. На Балканах пасля прыняцця хрысціянства гэты грэцызм пашыраўся пераважна сярод манахаў у манастырах, цэрквах на ўсходнеславянскай тэрыторыі таксама ўжываўся як царкоўны тэрмін. Аргатычны тэрмін, відаць, з новагрэч. τραπέζι ’стол’ (Бандалетаў, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бурда́1 ’бурда, нясмачная яда’ (БРС, Бяльк., Нас., Шат., Касп.). Рус. бурда́, укр. бурда́. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў: тат. burda ’мутны напітак’. Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 18; Праабражэнскі, 1, 53; Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259. Старая версія (ад народнага бурда́ ’чырвонае віно’ < франц. Bordeaux) не пераконвае (гл. Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259). Шанскі (1, Б, 230) памылкова адносіць да гэтай групы слоў і польск., чэш. burda ’скандал, сварка’ (гэтыя словы зусім іншага паходжання, гл. Махэк₂, 77; Рудніцкі, 258).

Бурда́2 ’грыжа, пухліна’ (Нас.). Слова не вельмі яснага паходжання. Магчыма, трэба параўноўваць з рус. дыял. (кур., арл., разан.) бу́рды ’мясісты нарост у птушак пад ніжняй чэлюсцю; хахалкі ў курэй; другі падбародак’. Усё, магчыма, звязана з асновай бурд‑ (гл. бурды́ль). Першапачаткова ’пухір, бурбалка’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Муза́1 ’мякаць у гарбузах, дзе знаходзіцца насенне’ (навагр., З нар. сл.), ’іл’ (бар., ст.-дар., Сл. ПЗБ). У выніку кантамінацыі мязга́ (параўн. укр. мізка́ ’мякаць у гарбузах’), якое з прасл. mězga (гл. таксама музей ў Фасмера, 3, 3) і буза́1, 2 (гл.).

Муза́2 (здзекл.) ’яда, варыва’ (слонім., Нар. словатв.), сувалк. mui̯za ’нікудышны, пусты суп’. Балтызм. Параўн. літ. mūzė, muĩzė ’крупнік, суп з мукі’, ’суп з клёцкамі’, якое з ням. дыял. mûs, с.-в.-ням., ст.-в.-ням. muos, суч. Mus ’мус, пюрэ, павідла’. Гл. таксама му́зя.

Му́за ’адна з багінь у грэчаскай міфалогіі — заступніца навук і мастацтваў’, ’творчае натхненне’ (ТСБМ), ст.-бел. муза ’тс’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. muza, якое з лац. musa < ст.-грэч. Μοῦσβ ’Муза — багіня песні, паэзіі і мастацтва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)