спрацава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў непрыгодны ў працэсе працяглай работы; зношаны. Спрацаваны матор. □ Ля зямлянкі, дзе цяпер жыў Язэп, стаялі тры плугі з абгарэлымі ручкамі і кароткімі спрацаванымі лемяшамі. Асіпенка.

2. Які страціў сілы, здароўе ад непамернай працы; змучаны, змарнелы. А на палях збіраў для пана збожжа Счарнелы, спрацаваны селянін. Гаўрук. Пятрусь і Максім — гэта былі дробныя хлопцы, .. спрацаваныя. Пестрак. // Які моцна стаміўся ад працы. [Гарасім] ішоў цяжкаю хадою зморанага і спрацаванага чалавека. Якімовіч. Спрацаваныя касцы спалі пад капяшкамі духмянага сена моцна і доўга. Машара. // Натруджаны (пра рукі). Старэйшая дачка гладзіць .. худую, спрацаваную руку [мамы] і ціхенька шэпча. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узлажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак.

1. каго-што. Палажыць на што‑н., паверх, на верх чаго‑н.; ускласці. Узлажыць бервяно па сані. □ Кастусь памог узлажыць мяхі па воз. С. Александровіч. Толькі што .. [Мікола] нукнуў на каня — шусь ячмень з воза. Мікола закіпеў, узлажыў другі раз. Колас.

2. перан.; што. Даручыць каму‑н. які‑н. абавязак. Узлажыць адказнасць на брыгадзіраў.

3. што. Абл. Надзець. Асцярожна, каб не пабудзіць жонкі, злез Рыгор з пасцелі, узлажыў порткі, апрануў бравэрку і ціхенька выйшаў. Крапіва.

•••

Узлажыць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ншы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. малы (у 1–3 і 5 знач.). Пасля таго як у Руднічах арганізаваўся калгас, сяляне пастанавілі меншую палавіну дома аддаць пад праўленне, а большую — абсталяваць пад клуб. Курто. Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы. Шамякін.

2. Са словам «самы» азначае найвышэйшую ступень да прым. малы. Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку. Колас.

3. Якому менш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвітку, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў. Колас.

•••

Па меншай меры гл. мера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; пр. соп, сапла, ‑ло; незак.

1. Цяжка дыхаючы, пераважна носам, утвараць гукі з прысвістам. [Пракоп] моцна соп носам, аддаючыся сузіранню свайго жыцця. Колас. Ціха сапуць, сплючы, дзеці, і рэдка-рэдка ціхенька сакатне пад печчу курачка, паварушыцца там і змоўкне. Гарэцкі. Іван сапе, чырванее і, злаўчыўшыся, дае па шапцы Ваську. Лынькоў. / Разм. Пра з’явы прыроды. Рака па скалах хвалямі грукоча, Узмыленая, ярасна сапе. Панчанка. Калядная ночка ўвесь свет пакрывае, Па белай ад снегу зямельцы снуе; Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст еіхраў спакойна заснуць не дае. Купала. // перан. Працуючы, пыхкаць, утвараць гукі з прысвістам (пра машыны, механізмы і пад.). Цягнік пыхкае параю і сапе. Скрыган. Сапуць мяхі ля горна. Зарыцкі.

2. Разм. Дзьмуць у што‑н. (звычайна пра дудку, жалейку). Сапці ў дудку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шапта́цца, шапчуся, шэпчашся, шэпчацца; незак.

Гаварыць паміж сабой ціха, шэптам. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. І гэта было ўжо ў далёкім, здаецца, мінулым, калі мы ляжалі з.. [Жарнаком] побач пад зялёнымі жорсткімі коўдрамі і доўга шапталіся пра родныя вёскі, лугі... Брыль. // Ціхенька, па сакрэту займацца абгаворамі, плёткамі. А потым шапталіся [людзі] ў яго за спінаю пра заўчасную смерць яго бацькі — правізара Альшэўскага, пра катоўню ў Навагрудскай турме, пра Зосю. Бажко. [Усевалад:] — Цяпер .. [Галіна] падумае, што я помшчуся: знарок перавёў да сябе, каб .. [Барыса] прынізіць. За тое, што тайком шэпчацца з дырэктарам і не мае смеласці сказаць мне праўды ў вочы. Скрыган. // перан. Слаба, ледзь чутно шумець, шапацець, журчаць і пад. Ціха шэпчуцца чароты, І калышацца аер. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магазі́н, ‑а, м.

1. Прадпрыемства рознічнага гандлю; крама. Прадуктовы магазін. Прамтаварны магазін. □ — А гэта вось дом стаіць, — кажа.. [Люся]. — Вялікі-вялікі! І магазін, дзе прадаецца хлеб. Брыль.

2. Спец. Прыстасаванне ў апараце або прыборы ў выглядзе каробкі або трубкі, куды закладваецца некалькі аднародных прадметаў (напрыклад, патронаў у аўтамат). Як толькі пачало цямнець, я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны з патронамі і пайшоў на ўмоўленыя кватэры. Карпюк. // Запасное месца ў вуллі для мёду на выпадак багатага медазбору. // Дапаможная прылада для электратэхнічных вымярэнняў.

3. Рэзервуар у лямпе, куды наліваюць газу. Моўчкі наліла [Галіна] ў магазін газы, падраўняла нажнічкамі кнот, запаліла яго і павесіла лямпу ў куце над сталом. Галавач.

4. Уст. Будынак, у якім захоўвалася грамадскае збожжа. Праходзячы міма вёсачкі, сябры ціхенька падкраліся да магазіна, дзе хавалася збожжа, і прыбілі на сценах некалькі лістовак і брашур. Колас.

[Фр. magazin, іт. magazzino ад араб. mahāzin — склады.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што, з дадан. сказам і без дап.

1. Ціхенька, шэптам сказаць каму‑н. тое, што той павінен адказаць, вымавіць. Падказаць адказ. □ Пеця — хлопчык неблагі. Не скнара, не забіяка. Як трэба, дык і падкажа на ўроку. Хомчанка. // Дапамагчы ўспомніць, сказаць, напісаць. Лукаш .. стаў бліжэй да стала, нахіліўся да старшыні, каб падказаць яму, што напісаць у паперцы да Навікоўскага сельсавета. Галавач. [Дзед Талаш:] — [Букрэй] гаварыў, што да нас будуць прыставаць і нашы ворагі... Як ён іх называў, забыўся. — Правакатары, — падказалі дзеду. Колас.

2. Дапамагчы прыйсці да рашэння, навесці на думку. Падказаць выйсце. Падказаць, што рабіць. □ Сама прырода падказала палешуку шляхі да нястомнай дзейнасці. Сачанка. [Васіль і Ганна] пабачыліся праз тры дні — пабачыліся, хоць угавору не было: проста падказала пачуццё. Мележ.

3. Разм. Выдаць каго‑, што‑н.; данесці. Неўзабаве давялося спаткаць коннікаў: ім хтосьці выразна падказаў, дзе хаваюцца коні. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згарну́ць, згарну, згорнеш, згорне; зак., каго-што.

1. Скласці, скруціць што‑н., загінаючы краі. [Жанчына] згарнула хустку, у якую было загорнута дзіця, і, узяўшы яе, як бяруць дзяцей, хутка пайшла па дарозе назад. Шамякін. Сяброўкі згарнулі ватнік у скрутак і параілі аднесці яго ціхенька дамоў. Машара. // Загарнуць, закрыць. Згарнуць газету. □ Аліна згарнула кніжку. Кулакоўскі.

2. Разм. Зрабіць што‑н. скручваннем. [Якаў] выняў партабак, згарнуў папяросу і падаў партабак брату. Чарнышэвіч. Многія падаюць Стрыжаку капшукі з тытунём, але той паказвае, што сам згарнуць не можа — рукі звязаны. Вітка.

3. Зграбаючы, сабраць у адно месца. Згарнуць збожжа ў кучу. □ Адразу ж захліпнуўся і сціхнуў гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.

4. перан. Паменшыць, скараціць (у колькасці, памерах, працягласці і пад.). Згарнуць будаўніцтва. // Часова скараціць або спыніць дзейнасць чаго‑н. Згарнуць прадпрыемства.

5. Склаўшы, надаць якое‑н. становішча (рукам). Ксавэр згарнуў рукі і стаў над Адамам. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́ма, прысл.

1. Па прамой лініі; у прамым кірунку, напрамку. Пайсці прама. □ — А тут .. [партызаны] спыніліся? — Не, яны паехалі прама. Паўлаў. Прама была седлавіна, і я вырашыў прайсці краж праз гэтую седлавіну. Шамякін.

2. Роўна, не нагнуўшыся. Сядзець прама. Трымацца прама. □ [Дар’я] бачыць .. [Пятра] яшчэ здалёк. Стройны, падцягнуты, ён крочыць лёгка і прама. Ракітны.

3. Зараз жа, непасрэдна, адразу. Прама з парога .. [бабка] падышла да печы і ціхенька пабудзіла ўнучку: — Вулька, Вулька, устань, вячэраць будзем... Лынькоў. // Неўскосна. Вывучэнне праблем, прама ці ўскосна звязаных з Каліноўскім, працягваецца і цяпер многімі даследчыкамі. Г. Кісялёў.

4. Адкрыта, шчыра. [Семяняка:] — Я скажу вам прама: за бальшавікоў буду гаварыць. Лобан. Алесь яшчэ не паспеў як след асэнсаваць свае першыя ўражанні аб новай рабоце, новых людзях і таму прама не адказаў. Шыцік.

5. у знач. узмацняльнай часціцы. У спалучэнні з прыназоўнікамі надае ім большую дакладнасць і канкрэтнасць; проста. А потым я сустрэў яе ў магазіне. Сустрэўся прама ў дзвярах. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

1. Адводзячы, знімаючы або адстаўляючы ўбок тое, чым перакрыты ўваход ці выхад, пройма ў якое‑н. памяшканне, у якую‑н. пасудзіну і пад., зрабіць даступнай унутраную або знешнюю прастору; адкрыць; проціл. зачыніць. Адчыніць хату. □ Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвіце, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў, Алесь і Юрка. Колас. // Зняць накрыўку; адвесці дзверы і пад. Адчыніць вароты. □ Данік не вытрымаў, узлез з каленьмі на акно, адчыніў фортачку і задрыжаў — не то ад холаду, не то ад голасу жанчыны. Брыль. // Пусціць у памяшканне, даць увайсці каму‑н. [Рыгор] падняўся на ўсходы да свае кватэры і пазваніў. Ніхто не з’яўляўся адчыніць. Гартны.

2. Тое, што і адкрыць (у 3 знач.). Падабраўшы з сваіх «хлопаў» хлапцоў і дзяўчат, [пан Вашамірскі] адчыніў у сябе студыю. Бядуля. [Андрэй:] — Часцей заязджайце, ды, калі можна, кніжак і газетак нам сюды прышліце: на гэту зіму школку думаем адчыніць. Чарот.

•••

Адчыніць дзверы — а) даць шырокую дарогу для свабоднага паступлення куды‑н., стварыць спрыяльныя ўмовы; б) зайсці, наведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)