пра́ма, прысл.
1. Па прамой лініі; у прамым кірунку, напрамку. Пайсці прама. □ — А тут .. [партызаны] спыніліся? — Не, яны паехалі прама. Паўлаў. Прама была седлавіна, і я вырашыў прайсці краж праз гэтую седлавіну. Шамякін.
2. Роўна, не нагнуўшыся. Сядзець прама. Трымацца прама. □ [Дар’я] бачыць .. [Пятра] яшчэ здалёк. Стройны, падцягнуты, ён крочыць лёгка і прама. Ракітны.
3. Зараз жа, непасрэдна, адразу. Прама з парога .. [бабка] падышла да печы і ціхенька пабудзіла ўнучку: — Вулька, Вулька, устань, вячэраць будзем... Лынькоў. // Неўскосна. Вывучэнне праблем, прама ці ўскосна звязаных з Каліноўскім, працягваецца і цяпер многімі даследчыкамі. Г. Кісялёў.
4. Адкрыта, шчыра. [Семяняка:] — Я скажу вам прама: за бальшавікоў буду гаварыць. Лобан. Алесь яшчэ не паспеў як след асэнсаваць свае першыя ўражанні аб новай рабоце, новых людзях і таму прама не адказаў. Шыцік.
5. у знач. узмацняльнай часціцы. У спалучэнні з прыназоўнікамі надае ім большую дакладнасць і канкрэтнасць; проста. А потым я сустрэў яе ў магазіне. Сустрэўся прама ў дзвярах. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)