узадра́ць, уздзяру, уздзярэш, уздзярэ; уздзяром, уздзераце; зак., што.

1. Адарваць, аддзяліць рыўком угору што‑н. (добра прымацаванае і пад.). Узадраць маснічыну. Узадраць асфальт на дарозе. □ План узадраць падлогу і зрабіць падкоп адпаў. Колас. Нехта лязом рыдлёўкі ўзадраў дошкі, на зямлю паляцелі прамасленыя стружкі. Беразняк.

2. Разм. Узараць (цаліну, папар і пад.). Цяпер на ніве працуе не сухарэбрая каняка, не плуг з затупленым парогам калупае зямлю, а трактар, які даўно ўжо ўзадраў здзірванелыя межы. Сабаленка. [Міхайла Прымакі] — Я табе зараз, Антонавіч, уздзяру на зябліва ўсё, нават тыя пустыры, дзе не сеялася з сорак першага года. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утулі́ць, утулю, утуліш, утуліць; зак., што.

1. Схаваць унутр чаго‑н. Жанчына падышла, .. асцярожненька, спакваля села і раптам утуліла твар у адварот халата, ціха заплакала. Кулакоўскі. Сінічкін.. падняў каўнер свайго габардзінавага плашча, утуліў у яго вушы. Пестрак.

2. Уцягнуць, увабраць унутр чаго‑н. (пра галаву). Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы, нібы на яго замахнуліся кіем. Шамякін.

3. Прыціснуць вушы да галавы (пра каня і пад.). Конь зноў ірвануў угору галаву, утуліў вушы і неяк вінавата маргнуў вялікімі, кожнае па лапцю, павекамі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трубо́й ‘вертыкальна, прама, уверх, угору’ — жыты … ўсталі трубою (ТСБМ); дым валіць трубой (Сл. ПЗБ); сюды ж, відаць, у трубы віцца ‘вельмі добра расці’ (ТСБМ): Каб наша жыта / У трубы павілося (навагр., Песні нар. свят). Няясна; параўн. рус. труба́ трубо́ю валить (пра вялікую колькасць людзей, Даль). Хутчэй за ўсё, да труба1 ‘сцябло збожжа перад калашэннем’, пра выключнае значэнне гэтай стадыі развіцця расліны для земляробаў сведчаць спецыяльныя тэрміны трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых, выхад у трубку’ (ТСБМ), укр. трубкува́ння ‘тс’, рус. трубить ‘выпускаць, утвараць сцябліну (пра расліны)’: озими уже трубят (Даль), а таксама сімвалічнае выкарыстанне трубы: «вечарам пасля вяртання з поля селянін браў трубу і пачынаў трубіць. Гэта рабілася для таго “щобы так трубыло жыто”, г. зн. каб забяспечыць добры ураджай» (Теодорович Н. И. Волынь в описании городов, местечек и сёл. Т. V. Почаев, 1903, 391). Паводле Талстых, у гэтым выпадку «народная этимология порождает … ритуал» (Слав. языкозн. X, 259–260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стром ‘спілаванае завіслае дрэва’, ‘схіл страхі’, ‘куча галля’ (ТС), ‘прыстасаванне для лазення на дрэва’ (ЛА, 1), ‘строп страхі’ (узд., ЛА, 5), стро́ма ‘дах’ (Шушк., Сл. Брэс.), ‘круты схіл, абрыў’ (ТСБМ, Гарэц.), страмо́віна ‘выварочанае з коранем дрэва’ (Нар. Гом.). Укр. дыял. стром ‘фруктовае дрэва’, ‘круча’, стрім ‘схіл; тое, што тырчыць угору’, рус. стро́мы ‘кроквы; поручні’, польск. дыял. strom ‘дрэва; фруктовае дрэва’ (ведаць, з чэш., славац.Борысь, 580), чэш., славац. strom ‘дрэва’, старое н.-луж. strom ‘дрэва’, старое серб. стром, харв. strum ‘ствол дрэва’, славен. strȍm ‘тс’, ‘страха над загарадкай для авец’. Прасл. *stromъ ‘тое, што ўзносіцца ўгару, стаіць вертыкальна’, адпрыметнікавы назоўнік ад прым. *stromъ ‘стромкі, круты’ (Борысь, 580) ці паралельны да прыметніка аддзеяслоўны назоўнік ад *strьměti ‘тырчаць, выдавацца’ (Борысь, Etymologie, 181); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781 з аглядам літ-ры. Бязлай (3, 332) праславянскае слова лічыць першасным nomen agentis ад дзеяслова *strēmti > прасл. *stręti, *stręnǫ, параўн. застра́ць ‘застрагнуць у праходзе, захраснуць’ (Нас.). Сюды ж строме́ц ‘козлы, якія прыціскаюць салому на вільчыку’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пракі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Кідацца некаторы час. Пракідацца ўсю ноч у гарачцы.

2. Разм. З цяжкасцю, як-небудзь пражыць. — Ведаеце што, — нарэшце рашыла.. [Ганна Сяргееўна]. — Вазьміце мой гадзіннік.. Прадайце.. — Што вы? Не трэба, — адступіла Марыя Цімафееўна. — Мы і так пракідаемся. Няхай.

пракіда́цца, а́ецца; незак.

Пападацца, трапляцца паміж чым‑н. Лес неўпрыкмет гусцеў — пачалі пракідацца бярозы, сосны, ясені... Сачанка. Бацька.. насыпаў сыну жменю духмяных сакаўных суніц, сярод якіх пракідаліся і чарніцы. С. Александровіч. У русых валасах, зачэсаных угору, пракідалася па адной сівай валасінцы. Пестрак. // перан. Разм. Праяўляцца (пра пачуцці, перажыванні). Шмат у чым пракідалася яго [настаўніка] слабая вера ці і зусім нявера на погляд тутэйшых людзей. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сноп, снапа; мн. снапы, ‑оў; м.

1. Звязаны пук зжатых сцёблаў збажыны і некаторых іншых культур. [Аня] паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады і падалася да сястры жаць. Мележ. Жанкі на густым жыце панажыналі па пяцьдзесят снапоў. Мурашка. // чаго. Вялікі пук, бярэмя якіх‑н. раслін. Цэлы сноп .. [кветак], белых, светла-ружовых, малінавых, стаяў на стале. Васілевіч.

2. перан.; чаго. Паток чаго‑н. (праменяў, іскраў і пад.), які разыходзіцца пучком. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў. Колас. Угору шугануў сноп іскраў. Ваданосаў.

•••

Як сноп (паваліцца, упасці і пад.) — усім целам, цяжка (паваліцца, упасці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Натапы́рыць ’падняць, расставіўшы, пер’е; пышна адзецца’ (Нас.), ’настаражыць вушы; наставіць шэрсць, расставіць пер’е з перапуду, ад дажджу і пад.; растапырыць, ускалмаціць’ (Гарэц.), натопу́рыць ’наставіць, прыўзняць’ (ТС), натапы́рыцца, натупы́рыцца ’распусціць пер’е; надзьмуцца, разгневацца’ (Нас., Сл. ПЗБ; Ян.), натопу́рыцца ’тс’ (ТС), рус. натопы́рить ’падняць, паставіць дыбам пер’е, шэрсць; наставіць вушы; надуцца; пышна адзецца’, натопы́риться ’напыжыцца, ашчацініцца; надуцца, зазлаваць’, польск. дыял. natoperzyć, natoperzyć się ’тс’; сюды ж, відаць, і балг. дыял. натопо́ра, натопо́рвам ’паднімаць, задзіраць угору’. Паводле Пятлёвай (Этимология–1984, 200), на‑то‑пырить, на‑то‑пыриться пры параўнанні з на‑пыриться ’наткнуцца на што-небудзь вострае’ дазваляе вычляніць узмацняльны элемент ‑то‑, які ўяўляе сабой архаічны непрадуктыўны суфікс, параўн. смал. на‑то‑пы‑жить, на‑то‑пыжиться ’пышна апрануцца; ашчацініцца, прыняць ваяўнічы выгляд’; у такім разе да пы́рыць ’распіраць, пучыць’ (гл.). Аднак варыянты з іншым вакалізмам, якія сустракаюцца ў славянскіх мовах, параўн. прыведзеныя вышэй балгарскія словы і рус. дыял. топо́риться ’франціць’, растопо́рить ’рассунуць, растапырыць’, чэш. topořiti ’стаяць калом, не згінацца’ і інш. (Махэк₂, 647 лічыць зыходным корань stop‑, што параўноўвае з літ. stapìnti ’рабіць тугім, цвёрдым’), прымушаюць аднесці разглядаемыя словы да тапы́рыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нож, нажа, м.

1. Прылада для рэзання, якая складаецца з ляза і ручкі. Зрабіўшы нажом метку на яліне, дзед важна стаў у баявую позу і падняў пісталет угору. Лынькоў. Шаройка бегаў сам на кухню, прыносіў відэльцы, нажы. Шамякін.

2. Рэжучая частка розных машын, інструментаў. Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас.

•••

Фінскі нож — кароткі з тоўстай рэжучай часткай нож, які носяць у ножнах.

Без нажа зарэзаць гл. зарэзаць.

Легчы пад нож гл. легчы.

На нажах з кім — у варожых адносінах.

Нож у спіну каму — аб подлым, здрадніцкім ўчынку.

Памерці пад нажом гл. памерці.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Тачыць нож гл. тачыць.

Як нажом адрэзаць гл. адрэзаць.

(Як) нож у сэрца — наносіць крыўду, боль, пакуты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., каго-што.

1. Падняць угору. Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад. Маўр. // Загнуўшы, падняць уверх (пра адзенне). Зусім нечакана для «высокага суда» Рыгор задраў кашулю і павярнуўся спіной да стала. Бажко. Чалавек задраў калашыны вышэй калень і пачаў грэць валасатыя ногі. Лобан.

2. Адарваўшы, загнуць канцом у адваротны бок. Задраць скуру на пальцы.

3. Забіць, разарваць (пра драпежніка). Каршун задраў курыцу. □ Яшчэ пазаўчора .. [воўк] задраў па той бок лесу на выгане кабылу. Чорны.

•••

Задраць ногі — а) упасці, не ўтрымаўшыся на нагах. Купрыян.. быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі.. і перакуліўся. Чарот; б) памерці, здохнуць (звычайна пра жывёлу). Падкорміць [Халімон] парсючка, толькі б.. прадаць, рубель на патрэбу выручыць, а гэты парсюк ногі задзярэ. Чарнышэвіч.

Задраць нос (галаву) — зазнацца, заганарыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куль 1, ‑я, м.

1. Тоўсты сноп выбранай няцёртай саломы, з якой звычайна робяць стрэхі. Малацілі да змроку. Тады Андрэй пачаў перабіраць салому на кулі, а Іван панёс коням канюшыну. Чарнышэвіч. Дзед Ігнат сядзеў на страсе і распускаў куль саломы. Васілевіч.

2. у знач. прысл. кулём. Пераварочваючыся, куляючыся ў час руху, падзення. З тэндэра кулём скаціўся ў будку качагар Юрка Лунец. Васілёнак. // Імкліва, вельмі хутка. Платон чагосьці шукаў. І Марына з жахам зразумела, што ён шукае сякеру. Ён усё мог зрабіць. І яна, ратуючыся, кулём кінулася ў хату. Ракітны.

куль 2, ‑я, м.

1. Вялікі, звычайна рагожны мяшок. Куль мукі. □ Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч.

2. Старая гандлёвая мера сыпкіх цел (каля 9 пудоў).

куль 3, ‑я, м.

Задняя частка рыбалоўнай снасці (невада, жака і пад.) у выглядзе вузкага доўгага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі. Касцы доўга не ляжалі, хоць хацелася прыдрамаць. Прычына гэтаму была сетка-таптуха, якая стаяла тут жа пад дубам, кулём угору. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)