Тка́нка ’вышытая чырвонымі ніткамі павязка на галаву’ (Нас.), ’паласатая тканіна’ (кругл., ЛА, 4), ’вытканая хусцінка’ (Сл. Брэс.), ’галаўны ўбор з тонкага абруча, абшытага тканінай’ (Касп.), ’пасма льну, якая ўплятаецца ў косы (маладой на вяселлі) замужнімі жанчынамі’ (Бяльк.), ’жаночы галаўны ўбор падчас вяселля; карона маладой са стужак, караляў і штучных кветак’ (Тур.), ’павязка пад чапец, вянок’ (Сержп. Грам., Тарн.), сюды ж тка́льніца, тка́ніца, тка́ныця, ка́ныця ’валік для прычоскі’ (Сл. ПЗБ), тка́ныца, ка́ніця ’дэталь галаўнога ўбору замужняй жанчыны: туга скручаны кусок палатна або шнурок, завязаны вакол галавы, на які закручвалі валасы, а наверх надзявалі чапец і намітку; можа быць і ў выглядзе драўлянага абруча’ (Лекс. Бел. Палесся), ст.-бел. тканка ’тонкая тканіна, сетачка, карункі’, ’вышываная галаўная павязка з рознакаляровымі махрамі’ (1516 г., КГС; Ст.-бел. лексікон), тканица ’тс’ (КГС). Параўн. укр. тка́нка ’тонкая матэрыя; жаночае ўпрыгожанне з караляў і пярлінаў’, ст.-польск. tkanka ’стужка з дэкаратыўнай тканіны, што ўжывалася для аблямоўкі адзення’, чэш. tkadlicě, tkanice ’тканая стужка’. Вытворныя ад тканы, ткаць 1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́кма ’толькі, столькі’: не токма пець, ён слова сказаць не можа (Мат. Гом.), насыпалі токма (пры продажы гаршкоў за збожжа, г. зн. за гаршчок давалі столькі зерня, колькі ў яго ўлазіла) (Вярэн., Арх. Вяр.), ст.-бел. токмо ’толькі’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. то́кма ’тым больш, больш за тое; без прыдачы’, рус. то́кмо ’толькі’, дыял. то́кма ’тс’, стараж.-рус. тъкъмо, тъкъма, тъкма ’тс’, славен. tekma ’спаборніцтва’, дыял. tekmà ’аднолькава, якраз’, харв. takmo, takmu ’толькі’, балг. *тъ́кмо ’дакладна, роўна, якраз, менавіта’, макед. токму ’дакладна, якраз, своечасова, менавіта’, ст.-слав. тъкъмо, токъмо, токмо ’толькі’. Прасл. *tъkъmo звязана з *tъknǫti (параўн. тыкнуць, ткаць 2), гл. ESSJ SG, 2, 712–714. Паводле Фасмера (4, 70), параўнанне з літ. tìkti ’надаецца, падыходзіць’, tiktaĩ ’толькі’ фанетычна недакладнае. Сной (у Бязлай, 4, 163) мяркуе пра прыслоўе ад *tъknǫti па тыпу міма (гл.), якое семантычна супадае з рус. то́чно ’дакладна’, што ўзыходзіць да таго ж дзеяслова (параўн. точ у точ ’дакладна’, гл. точ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аса́ (БРС), асва (Гарэц., Нас., Др.-Падб., Яруш., Мядзв., Касп., Жд., Янк. БФ), асі́ны (БРС, Яруш.), асвінае (Жд.), асаед‑асвейнік (Інстр. II). Рус., укр., балг. оса, польск., славац., чэш. дыял., славен. osa, серб.-харв. о̀са, чэш. vosa, в.-луж. wosa, палаб. vȧsă. Ст.-рус., ст.-бел. оса, рус. дыял. осва ’тс’. Літ. vapsà, vapsvà, лат. wapsene, прус. wobse, ням. Wespe, лац. vespa (з метатэзай). Словы ўзыходзяць да і.-е. *u̯obhsā ’тс’, якое лічаць роднасным з коранем *u̯ebh‑ ’ткаць’. На агульнаславянскі характар беларускага слова ўказваў Булахаў, Курс суч., 144. Для этымалогіі гл. Фасмер, 3, 156; Траўтман, 342; Покарны, 117 а. Пачатковае v страчана ў сувязі з разуменнем яго як прыстаўнога ці па аналогіі з *ostr‑; выпадзенне ‑p‑ (Аткупшчыкоў, Из истории, 63) адносна ранняе, але так ці іначай звязана з тэндэнцыяй узыходзячай гучнасці. Беларускія, рускія і літоўскія формы з канчатковым ‑va старажытныя (Фрэнкель, 1196–1197), паводле Герца (Брян. гов., 1, 55), адлюстроўваюць стары суфікс; калі ўлічыць паралелі ўкр. мурашва, мушва, можна пагадзіцца з Атрэмбскім, 2, 89, у тым, што першапачаткова асва і пад. былі зборнымі назоўнікамі, параўн., аднак, вутва ’качка’ (КСТ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стано́к, ‑нка, м.

1. Машына для апрацоўкі якіх‑н. матэрыялаў (металу, драўніны і пад.) і для вырабу чаго‑н. Такарны станок. Свідравальны станок. □ — Тут у нас сабіраюць унікальныя станкі, — нарэшце парушае маўчанне сакратар, — таму канвеера ці яшчэ якіх тэхнічных навінак, як бачыце, няма. Асіпенка.

2. Прыстасаванне для якіх‑н. работ; апора для якіх‑н. прылад, механізмаў. Станок для прамывання золата. □ Гараць над ракою заранкі У сонечных іскрах вясны, Прыйшлі да станкоў віцяблянкі Квяцістыя ткаць дываны. Русак.

3. Металічная аснова, на якой умацоўваюцца гарматы, кулямёты; лафет.

4. Спец. Прыстасаванне для ўмацавання палатна, устаноўкі каркаса, скульптурнага матэрыялу пры рабоце над карцінай, скульптурай.

5. Спец. Прыстасаванне для апоры ў час некаторых заняткаў, трэніроўкі. Станок для прыцэльнай стральбы.

6. Прыстасаванне, у якое ставяць жывёлу (для лячэння і пад.); стойла. Вера зайшла ў станок, пагладзіла карову па цёпламу боку. Асіпенка. Шэмет хацеў быў ступіць у кароўнік, прайсці ўздоўж паміж станкамі, але Клім спыніў яго: — Не трэба, усё там як паложана. Лобан.

•••

Бесчаўнаковы станок — станок, які не мае чаўнака.

Карусельны станок — вертыкальны такарны станок для апрацоўкі вялікіх дэталей.

Рэвальверны станок — такарны станок з рухомай (вакол восі) галоўкай.

Саматкацкі станок — ткацкі станок; кросны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Начы́нне ’інструменты, прылады’ (Яруш.), ’драўляны посуд; набор рамесніцкіх прылад, інструментаў’ (Нас.), начы́нье ’набор прылад’: начынье кросна ткаць (ТС), начы́ння, начы́не, начы́нё, начы́нё ’ўвесь посуд у хаце; інструмент’ (Сл. ПЗБ), начы́нё ’сталярны інструмент’ (навагр., Нар. словатв.), начэнё ’рамесніцкія прылады’ (Кліх), начэ́ня ’сталярны інструмент’ (нясвіж., З нар. сл.), ’начынне, рэчы’ (лід., Сл. ПЗБ), ст.-бел. начине ’сукупнасць прадметаў, прыналежнасць якога-небудзь ужытку; посуд рознага прызначэння; рамесніцкі інструмент’ (Дасл. (Гродна), 121), укр. начи́ння ’посуд; інструмент, прылады; частка кроснаў’, польск. naczynie ’ёмістасці, посуд; прылады, інструменты’, чэш. náčiní ’рамесніцкія прылады; кухонны посуд’. Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 94), ст.-бел. начинье (начынье) ’прылада, інструмент’ (з пач. XVI ст.) запазычана са ст.-польск. naczynie ’тс’; улічваючы геаграфію, хутчэй можна гаварыць пра арэальную інавацыю, цэнтр якой знаходзіўся, відаць, на чэшскай моўнай тэрыторыі (параўн. ст.-чэш. náčiní ’інструмент; посуд’). Да чын ’спосаб’, параўн. такім чынам ’так, такім спосабам’, паралельнае да надоба, надобʼе ’хатнія рэчы, прылады’ (славен. dob ’спосаб, рад’), параўн. балг. на́чин ’спосаб’ і інш., першапачаткова ’рэчы, што прызначаюцца для пэўнага спосабу працы; адпаведным чынам выкарыстоўваюцца’, гл. Махэк₂, 387; Брукнер, 82. Маг. начы́ньня ’вантробы’ (Бяльк.), фармальна тоеснае разгледжаным словам, мае іншае паходжанне: ад начыня́ць, чыні́ць ’фаршыраваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вірга́цца ’брыкацца (пра коней)’ (зэльв., Сцяц.). Укр. вергати(ся) ’кідацца, шпурляцца’ < вере́чи, вергу, рус. вергать ’тс’, польск. wierzgać ’брыкаць’, wirgać ’тс’; ’перакульвацца’, н.-луж. wjergaś ’кідаць(ца), шпурляцца’, в.-луж. wjerhać ’шпурляць, рваць’, wjerhać so ’змагацца’, чэш. vrhati (se) ’кідаць(ца)’, ст.-чэш. vrci (vrhu), славац. vrhať (sa) ’тс’, славен. vrẹ́ci, серб.-харв. вр̏ћи (вр̏гнем//вр̏жем), вp̏ћ, харв.-кайк. vreći ’тс’, макед. врска ’сцёбаць’, врсне ’сцебануць’, балг. въргам ’кінуць’, ст.-слав. врѣшти, врѣщи, врьгѫ ’тс’. Прасл. vьrgǫ, vьrgati ’штурхаць, кідаць’. Ст.-слав. изврагъ ’ізгой’ з’яўляецца другой ступенню чаргавання кораня vorg‑ < і.-е. кораня *u̯reg‑/*u̯erg‑ ’гнаць’ (параўн. літ. var̃gas ’бяда, патрэба, нястача’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’гнаць, помсціцца’, ням. rächen ’помсціць’, лац. urgeo ’цясніць, штурхаць, гнаць’). У слав. мовах маецца і рэдукаваны корань vьrgati (Трубачоў, История терм., 176–177; Мартынаў, Лекс. взаим., 153–155). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 73; Фік, 1, 549; Вальдэ, 821; Траўтман, 361; Міклашыч, 383; Голуб-Копечны, 423; Брукнер, 618; Махэк₂, 700; Фасмер, 1, 294–295; Скок, 3, 621. Младэнаў (667) збліжае лексему з ням. Werk ’работа, справа’, wirken ’дзейнічаць’; ’ткаць’. Каралюнас (ZfSl, 2, 1974, 203–206) адносіць сюды літ. vérgti ’гнаць у рабства, рабіць рабом’, vérgas, ver̃gas ’раб’, лат. ver̂gs, vḕrgs ’тс’. Бел.-польск. семантычная ізалекса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Прымусіць пайсці адкуль‑н. [Лабановіч] помніць спатканне з незнаёмаю жанчынаю, што ішла да яго, а ён прагнаў яе. Колас. Стары таксама падняўся.., без патрэбы паправіў на стале бялюткі абрус, прагнаў з лавы ката. Васілевіч. // Вызваліць прымусова ад выканання якіх‑н. абавязкаў. [Антаніна Пятроўна:] З завода цябе прагналі, і тут я вінавата. Крапіва. // Прымусіць адступіць (ворага, непрыяцеля). Калі ж прагонім чужаземца, Калі пакінем мы лясы, Случчанка гладзіць зноў красёнцы Ткаць залатыя паясы. Астрэйка.

2. каго-што. Гонячы, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку праз што‑н., побач з чым‑н. і пад. Па цэнтральнай вуліцы прагналі некалькі чалавек палонных немцаў. Гурскі. — Я табе памагу прагнаць [кароў] паўз грэчку, — сказаў Скуратовіч. Чорны. // Накіроўваючы куды‑н., правесці. Прагнаць плыты.

3. перан.; што. Прымусіць знікнуць; рассеяць, спыніць, пазбавіцца чаго‑н. Думкі зусім прагналі сон. [Якаў] адчыніў свіран і сеў на парозе. Чарнышэвіч. Пачуўся недзе далёка-далёка плач трубы пастуха. Гэты знаёмы і блізкі сэрцу гук прагнаў усе змрочныя думкі. Чарот.

4. што і без дап. Вельмі хутка праехаць, прабегчы якую‑н. адлегласць.

5. што. Хутка рухаючыся або накіроўваючы рух чаго‑н., утварыць пракос, разору і пад. Прагнаць пракос. Прагнаць разору.

6. перан.; што. Разм. Напіцца; наталіць. [Нор] піў і ўсё ніяк не мог прагнаць смагу. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Крэс́ла 1 ’прадмет мэблі’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Бяльк.). Укр. крісло, рус. кресло, ст.-рус. кресло ’тс’, ст.-польск. krzesło, чэш. křeslo, славац. kreslo ’тс’. Практычная адсутнасць паўднёваславянскіх паралелей вельмі ўскладняе рэканструкцыю. Першапачатковым значэннем трэба лічыць ’рамачная ці плеценая канструкцыя’. Параўн. крэсла 2, крэсла 3, крэсла 4 (гл.) і кросна (гл.). Паралелізм гэтых форм і значэнняў у балтыйскіх і славянскіх мовах супярэчыць гіпотэзе аб запазычанні са славянскіх у балтыйскія ці наадварот (параўн. Трубачоў, 12, 128 і Тапароў, L–K, 180–182). У лік балтыйскіх лексем, якія параўноўваюцца са славянскімі, уваходзяць ст.-прус. creslan (марфалагічны адэкватнае прасл. kreslo), літ. krė́slas, лат. kresls ’тс’. Улічваючы ‑slo‑суфіксацыю, можна сцвярджаць аб існаванні прасл. *kresiti, kresati ў значэнні ’ткаць’. Параўн. ст.-грэч. κρόκη ’уток’ κρέχω ’тку’. Але ўсё гэта вельмі праблематычна, паколькі цяжка зразумець знікненне ўсіх слядоў дзеяслова ў балтаў і славян.

Крэ́сла 2 ’верхняя задняя частка штаноў’ (Янк. II), ’рамбавідная ўстаўка паміж калашынамі штаноў’ (Малч., Жыв. сл., Ян., Маш.). Укр. кресло ’тс’. Да крэсла 1 (гл.).

Крэ́сла 3 ’прарэх, шырынка’ (Нар. словатв., Нар. сл., Шатал., Сцяшк.). Гл. крэсла 2.

Крэ́сла 4 ’прамежнасць паміж заднімі нагамі жывёліны’ (Жыв. сл.). Гл. крэсла 2.

Крэ́сла 5 ’дошка ў прасніцы, на якой сядзіць пралля’ (Сцяшк. Сл., Шатал.). Гл. крэсла 1.

Крэ́сла 6 ’частка калёс, якая накладваецца на пярэднюю вось’ (Сцяшк. Сл., Шатал.). Гл. крэсла 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

двор ​1, двара, м.

1. Участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам ці сценамі будынкаў. Выйсці з хаты на двор. Выехаць з двара. □ Прасторны, роўны двор вясёлы Заўсёды повен быў жывёлы. Колас. Хата мела ў сабе пяць акон: тры на двор і два на вуліцу. Гартны. // Абгароджаны ўчастак з будынкамі для скаціны. Скацінны двор. □ Меркавалася сена з грудоў прывезці да коннага двара. Чарнышэвіч.

2. Сялянскі дом, хата з усімі гаспадарчымі пабудовамі; асобная сялянская гаспадарка. Сяло Чмарава па ўзгор’і — вялікае, а хаты параскіданы як папала; некалькі двароў ёсць новых. Каваль. Вучняў было нямнога — вёска налічвала ўсяго сорак двароў. Кавалёў. / У значэнні падліковай адзінкі. З разлікам на кожны двор.

3. Гіст. Памесце, маёнтак. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты. Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. Памятаў Рыгор і тыя моманты, калі цёмныя лістападаўскія ночы асвятляліся вогненнымі факеламі з панскіх двароў. Гартны.

4. Гаспадарчы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (калгаса, саўгаса і пад.). Калгасны двор — стайня і кароўнік — быў на загуменні. Лобан.

•••

Манетны двор — дзяржаўнае прадпрыемства, якое вырабляе манеты, ордэны, медалі і іншыя знакі і вырабы з металу, прымяняючы залачэнне, серабрэнне і ювелірныя эмалі.

Заезны двор (дом) (уст.) — памяшканне для начлегу з дваром для коней і фурманак, а таксама карчмой.

На дварэ — не ў хаце, на вуліцы, на адкрытым паветры.

На двор — па натуральнай патрэбе (схадзіць, папрасіцца, хацець і пад.).

Ні кала ні двара гл. кол ​2.

Прахадны двор — а) адкрыты двор, праз які можна прайсці чужым людзям; б) хата, дом і пад., куды часта прыходзяць людзі.

двор ​2, двара, м.

У манархічных краінах — манарх і яго акружэнне. Будучы апазіцыйна настроеным да царскага двара, Сувораў не аднойчы трапляў у няміласць. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ты́каць 1 ‘торкаць, тыцкаць’, ‘паказваць’, ‘даваць, падсоўваць што-небудзь каму-небудзь’, ‘рабіць папрок, упікаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Мат. Гом.): не тыкай на сонцэ, бо рука отсохне (Сержп. Прык.), ‘уторкваць, утыкаць’ (ТСБМ, Нас., Федар. 6, ТС), ‘закладаць снапы ў азярод, запраўляць, запіхваць’ (калінк., люб., Сл. ПЗБ), ‘соваць’: языча, языча, куды цябе тыча (пух., З нар. сл.), тыкаць, утыкаць (нос) ‘умешвацца не ў сваю справу’ (Юрч. Фраз.), тыкаць у нос ‘рэзка ўказваць’, тыкаць пальцамі ‘адкрыта асуджаць’ (там жа), ты́кнуць ‘ткнуць, сунуць’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), тыко́ць ‘тыц’ (ТС), ст.-бел. тыкати ‘ўтыкаць; закранаць, датычыць’ (ГСБМ), ‘натыкаць’: дѣти на колье тыкахоу (XV ст., Карскі 2–3, 456). Параўн. укр. ти́кати, рус. ты́кать, стараж.-рус. тыкати ‘штурхаць’, ц.-слав. тыкати ‘калоць’; польск. tykać ‘дакранацца’, ‘кранаць’, ‘адносіцца, належаць’, ‘убіваць у зямлю’, славін. takac ‘датыкацца’, палаб. tåicě ‘тыкае’; н.-луж. tykaś ‘кранаць, датыкацца, штурхаць, тыкаць’, ‘падаваць’, в.-луж. tykać ‘соваць, тыкаць, утыкаць, набіваць (люльку)’, славен. tikati ‘належаць, адносіцца’, харв. tȉcati, серб. ти́цати ‘датыкацца’, ‘закранаць’, ‘датычыць’, балг. ти́кам ‘тыкаць, штурхаць’. Прасл. *tykati ‘датыкацца’ < ‘калоць, басці’, ‘злёгку таўчы, закрануць’ суадносіцца з прасл. *tъknǫti ‘дакрануцца’ (Сной₂, 764), гл. ткаць, ткнуць; роднаснае лат. tūkaȃt, tūcît ‘мясіць, ціснуць, мяць, запіхваць, біць, грукаць’, літ. tuksė́ti ‘стукаць, грукаць, біцца (аб сэрцы)’, ст.-в.-ням. dûchen ‘ціснуць’, ст.-грэч. τύκος ‘малаток’, ‘сякера’, асец. tuǧd ‘біцца, змагацца’, ťyst, ťunst ‘запіхваць, саваць’, ‘калоць’ < і.-е. *(s)teu̯‑ ‘таўчы, біць’ і *tēu̯‑ (Каруліс, 2, 435; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 566; Арол, 4, 124).

Ты́каць 2 разм. ‘гаварыць камусьці «ты», называць імем’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ты́кацца ‘звяртацца на «ты»’ (ТС): ni tykajsie za mnojy, ja z taboju świniej ni paświŭ (Федар. 4). Параўн. укр. ти́кати ‘звяртацца на «ты»’, рус. ты́кать ‘тс’, польск. tykać ‘тс’, н.-луж. tykáš se ‘тс’, в.-луж. tykać ‘тс’, чэш. tykat ‘тс’, славац. tykať si ‘тс’, серб. ти́кати ‘тс’, харв. tíkati ‘тс’, славен. tikati ‘тс’. Утвораны ад займенніка 2 ас. адз. л. ты (< прасл. *ty) накшталт ням. duzen (< du ‘ты’), франц. tutuer (< tu ‘ты’) (Сной₂, 764; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)