лясны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да лесу, уласцівы яму. У лясным гушчары пануе спрадвечны змрок і цішыня. М. Ткачоў. Паглядае восень слёзна З засені лясной. Прыходзька. // Які жыве, расце ў лесе. Лясныя звяры. Лясныя кветкі. // Які знаходзіцца, размешчаны ў лесе. Лясная паляна. Лясное возера. □ Ішоў дзед Талаш не спяшаючыся, выбіраючы глухія лясныя сцежкі. Колас. // Багаты лесам; лясісты. Колькі раздолля ты дорыш жыццю, Край мой узгоркавы, край мой лясны! Гілевіч. // Прызначаны для работы ў лесе. Лясны плуг. Лясная сеялка.
2. Які мае адносіны да лесаводства: звязаны з лесаводствам і эксплуатацыяй лесу. Лясны экспарт. Лясныя матэрыялы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пы́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Выпускаючы пару, газ, ствараць адрывістыя гукі. Пыхкалі парай паравозы ля дэпо. Лынькоў. Трактар.. завыў, як сірэна, потым пачаў пыхкаць і страляць газам. Кулакоўскі. Неўзабаве на стале пыхкаў параю пузаты самавар. П. Ткачоў. // Час ад часу выпускаць дым (пры курэнні). Пыхкае дзед Талаш люлькаю, выпускаючы дымок за дымком. Колас. // Ствараць гукі, падобныя на пых-пых, пх-пх. Не бяжыць [Алесь], а, здаецца, коціцца, пыхкае, як вожык, стараецца не адстаць ад таварышаў... Ваданосаў. Дрыжачай рукою націскае Андрэй на бліскучы рэгулятар, напружваецца сам, як магутны паравоз, і, радасны, прыслухоўваецца.., як пыхкае пара з-пад бліскучых, гарачых поршняў цыліндра. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уніжэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. уніжаць — унізіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. уніжацца — унізіцца. І расказваў дзед Талаш пра свае прыгоды, пра стажок, пра сваё ўніжэнне перад польскімі жаўнерамі, пра іх насмешкі і здзек. Колас. Калі чалавек заскарузне ў сваіх звычках.., дык ужо вельмі цяжка яго перайначваць. Усякая спроба змяніць натуру такога чалавека ў лепшы бок успрымаецца ім як уніжэнне яго асобы. Дуброўскі.
2. Тое, што прыніжае, зневажае чалавека, яго годнасць. Тое, што .. [Яраш] вымушаны рабіць з гэтага бязвіннага наведвання тайну, уніжала і абражала. А ўніжэнне для яго, гордага і незалежнага, было самай страшнай карай. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзіво́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Казачна-дзіўны, незвычайны, фантастычны. Ігнасю сняцца страшныя сны: ён вандруе па рэках і азёрах, пераходзіць кладачкі і масты. Чарнышэвіч. Янук павагаўся і сеў, хоць і страх наганяў на яго гэты пакой, падобны на дзівоснае вядзьмарскае збудаванне. Лупсякоў. Вокны друкарні.. замураваны дзівоснымі ўзорамі дзеда-мароза. Брыль.
2. Цудоўны, незвычайны па хараству, прыгажосці. Дрэвы яшчэ дзе-нідзе стаялі ў сваім дзівосным жоўта-барвовым убранні. Ляўданскі. Усё было нібы ахоплена агнём, дзівосным, невыказна прыгожым, усеабдымным. Мележ.
3. Выдатны, вельмі добры, цудоўны. — Ну ж і стрэльбу здабыў ты сабе, Мартын! — цмакаў дзед Талаш, разглядаючы дзівосную стрэльбу. Колас. Слава аб ім [Талімоне] ішла далёка, і перш за ўсё — за дзівосны голас. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
турбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што.
1. Парушаць чый‑н. спакой, непакоіць каго‑н., перашкаджаць каму‑н. — Дзень добры, — павіталася Зоя Уладзіміраўна. — З бібліятэкі вас турбуюць. Шыловіч. Ці стомлены буду, Ці лень успадзе — Турбуй мяне, дружа, І ў ночы, і ў дзень. Гілевіч. [Раіса:] — Мне думалася, што на гэтай рабоце мяне ніхто не будзе турбаваць, нікому я не патрэбна буду. Ды і ні на што я больш не здатна. Лобан.
2. Пастаянна хваляваць, трывожыць, не даваць спакою. Вынасіў дзед Талаш, як маці дзіця, сваю неспакойную думку. Наўперад мільгала яна цьмяна і нясмела, але патроху ўсё болей і болей акрэслівалася, часцей і часцей турбавала дзедаву галаву. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑меніць; зак., каго-што.
1. кім-чым. Узяць, скарыстаць, паставіць узамен другога. Замяніць зношаныя дэталі новымі. □ Казанцаў замяніў сваю паласатую піжаму бездакорным светла-шэрым касцюмам. Васілевіч. // Падмяніць адно другім. Работу словам не заменіш. Прымаўка.
2. Заняць месца каго‑, чаго‑н., выконваючы яго абавязкі, ролю. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю. Чарнышэвіч. Панаса забралі як заложніка, каб дзед Талаш прыйшоў і замяніў сына. Колас.
3. З’явіцца на змену каму‑, чаму‑н. Сум заменіць песня. □ Я быў рад усяму, Што пісала яна, І адпісваў. Зіму замяніла вясна. Нядзведскі.
4. Выпадкова або наўмысна ўзяць чужую рэч замест сваёй; падмяніць. Замяніць кніжку. Замяніць галошы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́насіць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., каго-што.
1. Перанесці за некалькі прыёмаў усё, поўнасцю. З хлява вывезлі на поле гной. З грубак, з лазні і з кухні вынасілі вёдрамі.. попел. Нядзведскі. Здаецца, не стрывае камень, а .. [чалавек] за свой кароткі век і горы вынасіць рукамі... Дубоўка.
2. Пранасіць дзіця да родаў. [Валя да Любы:] — Цяпер я цябе зусім адчуваю, ты свайго сына вынасіла ўсёй сваёй душой... Чорны.
3. Выцерці, працерці ў выніку доўгага нашэння.
4. Пранасіць некаторы час. Выносіць касцюм пяць гадоў.
5. перан. Абдумаць да поўнай яснасці, закончанасці. Выносіць ідэю. □ Вынасіў дзед Талаш, як маці дзіця, сваю неспакойную думку. Колас. Чудзін здаваўся.. [Маі] тым героем, каго яна вынасіла ў дзявочых марах, вычытала ў сотнях кніжак, падгледзела крадком у фільмах. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нутраны́, ‑ая, ‑ое.
1. Выняты з нутра якой‑н. жывёлы. Нутраное сала.
2. Разм. Які мае адносіны да нутра (у 1 знач.). Нутраныя хваробы. // Які ідзе як бы з нутра, з сярэдзіны; глухі. [Клава] засмяялася ціха, нутраным смехам. Мележ. Панізіўшы голас да шэ[пту], дзед Талаш нутраным крыкам, што ішоў з глыбіні набалелага сэрца, гаворыць далей. Колас.
3. перан. Разм. Які мае адносіны да нутра (у 3 знач.); які выражае душэўныя перажыванні. Там, дзе б’ецца пульс жыцця, — .. праяўляюцца новыя якасці нутранога свету чалавека-грамадзяніна, чалавека-барацьбіта. Хведаровіч. Анупрэй не мог супакоіцца ад нутраных папрокаў і затупаў па хаце. Гартны.
4. Разм. Змешчаны ўнутры чаго‑н., на ўнутраным баку чаго‑н. [Шыковіч] палез у нутраную кішэню пінжака і дастаў складзеныя лісты паперы. Шамякін. — Вось тут я цяпер, — адмыкаючы нутраны замок, з гонарам паведаміла .. [Макатрыха]. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перасы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., што.
1. Сыплючы, перамясціць, высылаць у другое месца, другую тару. Ігнат Андрэевіч зачэрпнуў жменю зярнят, перасыпаў з далоні на далон[ь], узяў адно зерне на зубы. Шамякін.
2. і чаго. Насыпаць больш, чым трэба; перадаць. Перасыпаць цукру ў чай.
3. чым. Насы́паць чаго‑н. паміж чым‑н.; абсыпаць, насыпаць. Перасыпаць адзенне нафталінам.
4. перан.; чым. Перапоўніць (мову) якімі‑н. заўвагамі, спецыфічнымі зваротамі, словамі і пад. Перасыпаць апавяданне дыялектызмамі.
5. Разабраць і сабраць нанава што‑н., замяніўшы пашкоджаныя часткі; абнавіць. А ўрэшце яно і не так важна, каму належала хата, тым болей, што дзед Талаш перасыпаў яе і можа па справядлівасці лічыцца яе гаспадаром. Колас. Кола трэба перасыпаць, шасцярню зрабіць зусім новую. Чорны.
перасыпа́ць 1, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да перасыпаць.
перасыпа́ць 2, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да пераспаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
злучы́цца, злучуся, злучышся, злучыцца; зак.
1. Дакрануўшыся, утварыць адно цэлае; змацавацца, зліцца адзін з другім. Канцы правадоў злучыліся. □ Саёнак абняў Скібу за плечы, і вусы іх злучыліся ў пацалунку. Брыль. // перан. Аказацца звязаным якімі‑н. адносінамі, пачуццямі і пад. [Зоська:] Не сумуй, Савачка! Прыйдзе шчаслівая хвіліна — .. і мы злучымся назаўсёды... Чарот.
2. Звязацца якімі‑н. шляхамі зносін. // Увайсці ў зносіны пры дапамозе якога‑н. сродку сувязі. [Васіль Пятровіч] зняў трубку, выклікаў горад і хутка злучыўся з дзяжурным аэрадрома. Якімовіч.
3. Сустрэўшыся, аб’яднацца. — Мясцовасць тую я пазнаў адразу, як толькі наша часць падышла была тады і злучылася з партызанамі. Чорны. І быў гэта другі дзень з тых трох дзён, на сходзе якіх дзед Талаш і Мартын Рыль павінны былі злучыцца на Доўгім Бродзе. Колас.
4. Уступіць у хімічнае ўзаемадзеянне. Кісларод злучыўся з вадародам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)