Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХЕ́ЕНКА (Анатоль Міхайлавіч) (н. 4.2. 1930, б.в. Сітнікі, Полацкі р-н Віцебскай вобл.),
бел. самадзейны разьбяр па дрэве. Працуе пераважна ў галіне дробнай пластыкі. Аўтар кампазіцый на фальклорныя, літ., гіст. тэмы. Творы вызначаюцца смелымі выразнымі ракурсамі, абагульненай плоскаснай манерай разьбы: «Хадакі да У.І.Леніна», «Гусляр», «Пойдзем у партызаны» (усе 1970), сувенірныя шахматы (1975), «Несцерка» (1976), «Дзед Талаш» (1977), «Партызаны» (1978), «Першае каханне» (1979), «Лявоніха» (1980) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА САВЕ́ЦКУЮ БЕЛАРУ́СЬ».
франтавая газета. Выдавалася з 11.7.1941 да кастр. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Зах. фронту пры ўдзеле ЦККП(б)Б. Рэдактар М.Ц.Лынькоў. Была разлічана на бел. партызан і жыхароў акупіраванай тэрыторыі рэспублікі. Друкавала найб. важныя дакументы партыі і ўрада, звесткі пра падзеі на франтах, матэрыялы пра мужнасць бел. партызан, працоўны гераізм народа ў тыле ворага. На стар. газеты змешчаны творы Я.Купалы, Я.Коласа (арт. «Роднаму народу», вершы «Байцам-камсамольцам», «Смерць разбойнікам», «Абаронцам роднай зямлі»), П.Броўкі, П.Глебкі, К.Крапівы, М.Лынькова, П.Панчанкі, М.Танка, К.Чорнага, а таксама вершы «Камсамолка-партызанка» Дз.Беднага і «Дзед Талаш» А.Суркова. Інфармавала пра 1-ы Усеславянскі мітынг у Маскве (жн. 1941) і выступленне на ім Я.Купалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРГІ́НЯ (Dahila),
род кветкавых раслін сям. астравых. 27 відаў. У дзікарослым стане пашыраны ў горных раёнах Мексікі, Гватэмалы, Калумбіі, у культуры — па ўсім зямным шары. На Беларусі культывуюць 2 віды: вяргіня культурная (Dahila cultorum) і вяргіня перыстая (Dahila pinnata), якія выкарыстоўваюць для рабатак, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.
Шматгадовыя караняклубневыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым унутры пустым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае, непарнаперыстае, зрэдку суцэльнае, на чаранках. Кветкі двух тыпаў — язычковыя (рознай велічыні, формы і колеру, простыя і махрыстыя, размешчаны па краі) і трубчастыя (дробныя, жоўтыя або карычневыя, у цэнтры суквецця), сабраны ў прыгожыя паніклыя кошыкі 3—35 см у дыяметры. Плод — сямянка. Цвітуць з чэрвеня да замаразкаў. Размнажаюць чаранкамі, дзяленнем клубняў, насеннем. Вядомы шматлікія сарты вяргінь, атрыманыя пераважна гібрыдызацыяй (каля 8 тыс.). Клубні некаторых відаў ядомыя, багатыя крухмалам і інулінам. У калекцыі Цэнтр.бат. саду АН Беларусі больш за 600 сартоў розных селекцыйных груп — пампонавых, каўняровых, шарападобных, анемонападобных, кактусападобных, хрызантэмападобных і інш.; бел. селекцыянерамі выведзены сарты вяргінь: Браслаўскія азёры, Бусел, Вера Харужая, Дзед Талаш, Купальская ноч, Лявоніха, Янка Купала і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАТЫ́П (ад грэч. prototypon правобраз),
рэальная асоба, якая паслужыла асновай для стварэння літ. вобраза, персанажа. Арыентаванасць на П., характар яго выкарыстання залежаць ад кірунку, жанру і творчай індывідуальнасці пісьменніка. Наяўнасць П. з’яўляецца істотнай рысай рэалістычнай творчасці з яе жыццепадабенствам, псіхалагізмам, быт. каларытам, у адрозненне ад л-р і стыляў з высокай ступенню нарматыўнасці і дэманстратыўнай умоўнасцю (класіцызм, барока, сентыменталізм). Паказваючы рэальную асобу, пісьменнік не капіруе характар і жыццё П., а адбірае патрэбнае яму. Зварот да П. найб. характэрны ў аўтабіягр. творах (трылогія Л.Талстога «Дзяцінства», «Гады падлетка», «Юнацтва», паэма Я.Коласа «Новая зямля») і ў лірыцы, дзе ў якасці П. лірычнага героя выступае сам аўтар. У літ. персанажа можа быць некалькі П (вобраз Грушніцкага ў рамане М.Лермантава «Герой нашага часу»), у некалькіх літ. персанажаў можа быць адзін П. (П. для вобразаў Садовіча ў рамане Я.Коласа «На ростанях», Баса-Грэнкі ў п’есе Я.Коласа «Забастоўшчыкі», Сташынскага ў рамане А.Фадзеева «Разгром» паслужыў А.Сянкевіч). Але часцей аўтар, ствараючы вобраз, асноўваецца на адной рэальнай асобе. якую ўспрымае як блізкі да маст. завершанасці тып (П. для вобраза дзеда Талаша ў аповесці Я.Коласа «Дрыгва» паслужыў В.І.Талаш, для вобраза Чубара ў рамане І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» М.Сяднёў).
Літ.:
Атрашкевіч В.І. Ад прататыпа да вобраза. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́НСКІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (11.11.1903, г.п. Мір Карэліцкага р-на Мінскай вобл. — 18.3.1967),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1938), нар.арт.СССР (1953). Скончыў Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). З 1919 у Першым т-ве драмы і камедыі ў Мінску (або драм. секцыі Бел. вучнёўскай грамады). Працаваў у Мінскім т-ры рэв. сатыры, з 1926 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Мастацтва вызначалася камедыйным талентам, нац. самабытнасцю, віртуознай акцёрскай тэхнікай. Вострае пачуццё гумару, творчая імправізацыя, гратэскавыя прыёмы спалучаліся з тонкім аналізам і псіхал. глыбінёй. Шматгранныя маст. вобразы з сакавітай моўнай характарыстыкай стварыў у бел. рэпертуары: Дзед Талаш («У пушчах Палесся» Я.Коласа), Кручкоў («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), дзед Нупрэй («Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага), Несцерка (аднайм. п’еса В.Вольскага, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. Сярод роляў класічнага рэпертуару: Рабінзон, Аркашка Шчасліўцаў («Беспасажніца», «Лес» А.Астроўскага), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Палоній і Першы далакоп («Гамлет» У Шэкспіра), Сганарэль («Лекар паняволі» Мальера) і інш. Паставіў спектаклі «Віцмундзір» П.Каратыгіна, «Бяда ад пяшчотнага сэрца» У.Салагуба (абодва 1948), «Домік на ўскраіне» А.Арбузава (1955, з А.Скібнеўскім).
Літ.:
Скібнеўскі А.Б. Народны артыст СССР АК.Ільінскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Жыццё тэатра. Мн., 1980. С. 191—200.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ НА БЕЛАРУ́СІў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20.
У ходзе 1-й сусв. вайны герм. войскі да 1915 акупіравалі амаль палову тэр. Беларусі. 18.2.1918 герм. войскі, з парушэннем умоў перамір’я з Расіяй, пачалі наступленне па ўсім фронце і акупіравалі б.ч. Беларусі (да Зах. Дзвіны, Дняпра і Сажа). 23.2.1918 галоўнакаманд. Зах. фронтам А.Ф.Мяснікоў выдаў загад аб стварэнні партыз. атрадаў па ўсёй лініі фронту ў раёнах Полацка, Оршы, Магілёва, Быхава, Жлобіна, Гомеля, Мазыра, Калінкавіч. Іх дзеянні каардынаваў Палескі рэўком, які складаўся з камуністаў і левых эсэраў. Да жн. 1918 большасць партыз. атрадаў на тэр. Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губ. знаходзілася пад кантролем камуністаў і левых эсэраў. У жн. 1918 камуністы нейтралізавалі эсэраў і ўстанавілі ўласны кантроль над гэтымі атрадамі. На кіраўніцтва партыз. рухам прэтэндавала і Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Летам 1918 яна кантралявала партыз. атрады ў Мінскай і Гродзенскай губ.Найб. размах партыз. рух набыў увосень 1918. Кіраўніцтва партыі бел. эсэраў перагледзела тактыку барацьбы з ням. акупантамі і заклікала паўстанцкія сял. атрады да ўзбр. супраціўлення. У месцах дзеяння партыз. атрадаў па ініцыятыве ЦК БПС-Р выбіраліся мясц. органы ўлады БНР — вал., пав., губ. рады. У Магілёўскім. Барысаўскім, Бабруйскім, Мінскім, Рэчыцкім, Слуцкім пав. дзейнічала больш за 100 атрадаў, адбылося Палескае паўстанне 1918—19. Пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі сітуацыя на Беларусі змянілася. ЦК БПС-Р абвясціў, што незалежнасці БНР можна дасягнуць толькі пры падтрымцы бел. народа, і сфармуляваў ідэю «трэцяй сілы» ў бел. рэвалюцыі, маючы на ўвазе сваю партыю, якая абапіралася на сял. паўстанцкія дружыны. Але з-за арганізацыйнай няўстойлівасці БПС-Р не магла адыграць вырашальнай ролі ў барацьбе за ўмацаванне ўлады Рады БНР. Вясной 1919 пачалі наступленне польск. войскі і да канца лета 1919 занялі б.ч. Беларусі (да р. Бярэзіна). Вызв. барацьба супраць акупантаў згладзіла рознагалоссі паміж камуністамі і беларускімі эсэрамі і зблізіла іх пазіцыі ў адносінах да партыз. руху. У жн. 1919 ЦККП(б)Б заснаваў Бюро па нелегальнай рабоце, якое займалася фарміраваннем партыз. атрадаў франтавой зоны. Пад кіраўніцтвам паўстанцкіх цэнтраў ЦК КП(б)ЛіБ у раёне Мінска дзейнічалі козыраўскія партызаны (камандзір С.С.Плашчынскі), дукорскія партызаны, партыз. атрады І.В.Маслыкі, А.Раманоўскага, С.В.Гладкага, у наваколлі Старых Дарог — атрады А.К.Паланейчыка, І.Тышкевіча, А.Таміловіча і інш., у Бабруйскім пав. — 90 атрадаў і груп. У Бабруйскім пав. ў выніку паспяховых аперацый партызан была створана Рудабельская рэспубліка. Буйныя партыз. атрады дзейнічалі на Пд Бабруйскага пав. ў раёне Азарыч, у ваколіцах Петрыкава (камандзір В.І.Талаш), у Пінскім пав. (М.В.Арбузаў), у раёне Мазыра (атрад «Пралетарый», камандзір П.А.Варабей). Паўстанцкія і партыз. атрады бел. эсэраў былі аб’яднаны ў адзіную цэнтралізаваную арг-цыю — Нар.ваен. самаабарону, якая па сутнасці была зародкам бел.нац. арміі. На пач. 1920 на акупіраванай тэр. Беларусі фактычна адбылося ўз’яднанне 2 плыняў партыз. руху — камуніст. і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя. У студз. 1920 кіраўнікі ВПС-Р і КП(б)ЛіБ распрацавалі план узбр. паўстання і стварылі Бел. паўстанцкі к-т, які выконваў функцыі каардынац. цэнтра партыз. руху. У канцы ліп. 1920 у выніку наступлення Чырв. Арміі П.р. на Беларусі раскалоўся на 2 паліт. арыентацыі — камуніст. і эсэраўскую. На апошнім этапе барацьбы партыз. атрады, якімі кіравала БПС-Р, выступілі ў абарону незалежнасці БНР. Барацьба за нац. ідэю найб. праявілася ў ходзе Слуцкага паўстання 1920, якое падтрымалі эсэраўскія сял. дружыны. У гэты час узнікла паліт.сял.арг-цыя «Зялёны дуб». Пад яе кіраўніцтвам дзейнічала 40 атрадаў, якія налічвалі больш за 5 тыс.чал. на тэр.БССР і 6 тыс. у Зах. Беларусі. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 П.р. выйшаў за межы БССР і разгарнуўся пераважна на тэр.Зах. Беларусі, якая адышла да Польшчы.
М.С.Сташкевіч.
Да арт.Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай акупацыі 1918—20. Атрад беларускіх партызан у тыле польскіх акупантаў.