напо́ўніцца, ‑ніцца; зак.

1. Стаць поўным, запоўніцца да верху. Дарога стала слізкай, каляіны і лагчынкі напоўніліся вадой. Мележ. Калі коўш напоўніўся, высокі смуглы плавільшчык.. кінуў у коўш пакецік. Карпаў. // Насыціцца, запоўніцца (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Цёплы пакой адразу напоўніўся пахамі саляркі, сена, жалеза, дрэва, аўчыны, снегу. Шамякін. Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі.

2. перан. Стаць поўнасцю занятым якімі‑н. думкамі, пачуццямі і пад. Сэрца напоўнілася гонарам за сына. □ Саша пачырванела, і сэрца яе ўраз напоўнілася пяшчотай да гэтай добрай жанчыны. Шамякін. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разя́віць, разяўлю, разявіш, разявіць; зак., што.

Разм. Шырока раскрыць (рот, пашчу). Саша ад здзіўлення разявіла рот. Шамякін. Прачнуўся кот, што ляжаў на падушцы; разявіў рот, выгнуў дугой спіну і прутам адставіў хвост. Чарнышэвіч.

•••

Разявіць горла — моцна, на ўсю сілу загаварыць, закрычаць.

Разявіць рот — а) (груб.) сказаць што‑н. [Пятрок] не даваў Асташонку разявіць рот, усё гаварыў і гаварыў сам: гадаваў пытанні і адказваў на іх. Ваданосаў; б) тое, што і разявіць горла; в) быць вельмі няўважлівым, рассеяным, неасцярожным. У цешчы грошы ўкралі на базары, бо рот разявіла яна, — Зноў Калістратава віна. Корбан; г) падрацца, разваліцца (пра абутак). Прайшлі не многа мы, а боты Ужо разявілі раты. Кусянкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзя́ка, ‑і, ДМ ‑дзяцы, ж.

Пачуццё ўдзячнасці за што‑н. добрае. Выказаць падзяку. □ Відаць, у падзяку за давер Саша хацеў расказаць пра дзяўчыну як можна больш харошага і прыемнага. Кулакоўскі. У .. вялікіх карых вачах [Лазарэўскай] была ціхая падзяка і даверлівасць. Паслядовіч. // Словы або іншы знак выражэння гэтага пачуцця, а таксама што‑н. матэрыяльнае, што даецца ў знак удзячнасці. Адчуўшы ў руках жаданыя кнігі, Ігнась прамармытаў нейкую падзяку і выйшаў. Мурашка. За радасць, шчасце наша Маскве падзяку шлём. Астрэйка. [Міхал:] А прынясеш што — без падзякі Ужо не выпусціць, заплаціць, А на дарэмшчыну не квапіць. Колас. // Афіцыйная высокая ацэнка чыёй‑н. работы. Абвясціць падзяку. □ Алесю Голубу ад мясцовых органаў за пільнасць і аказаную дапамогу ў выяўленні злачынцаў была вынесена падзяка. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкла́сціся, ‑кладуся, ‑кладзешся, ‑кладзецца; ‑кладзёмся, ‑кладзяцеся; зак.

1. Наблізіцца да сутыкнення чым‑н. (вокам, тварам, рукой і пад.) да чаго‑н. [Таццяна] падышла да акна, прахукала ў замёрзлай шыбе шчыліну, прыклалася да яе адным вокам. Шамякін. Ні шклянкі табе, ні кубка Ніхто тут не паднясе. І хлопцы ўдвух да дзюбкі Прыклаліся па чарзе. Нядзведскі.

2. Спец. Прыняць неабходнае для прыцэльвання становішча. Саша прыклаўся да кулямёта і выпусціў доўгую чаргу. Новікаў.

3. да чаго. Разм. Накіраваць сваё дзеянне, сілы на што‑н. Добра прыкласціся да пілы. □ Толькі прыкладуся алоўкам да паперы: хрусь — зламаўся. Асіпенка.

4. Разм. Выпіць, з’есці чаго‑н. Прыкласціся да каўбас. □ [Карэспандэнт:] — Дзякую, дзякую, Генадзь Іванавіч. Давайце спачатку зробім справу, а потым можна і да чаркі прыкласціся. Сабаленка. Лёнька кінуў круціцца на бервяне, сарамліва абцёр вусны і прыклаўся да вядра. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́на, ‑ы, ж.

1. Непразрыстая, лёгкая пузырыстая маса, якая ўтвараецца на паверхні некаторых вадкасцей ад калыхання, узбоўтвання, награвання, браджэння і пад. Хвалі раўнамерна набягаюць на бераг, пакідаючы на пяску пушыстыя шматкі белай пены. В. Вольскі. Саша стаяла каля прыпечка, як на варце, падкладала ў агонь трэскі, здымала з варыва пену. Шамякін. [Пан] Застаўляе стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала.

2. Пузырыстая лёгкая маса, утвораная растворам мыла. Мыльная пена. // перан. Што‑н. вельмі лёгкае, падобнае на такую масу. Сяджу на пні. Ногі па калені тонуць у ружовай пене верасу. Ігнаценка.

3. Пот у выглядзе белых камякоў, які выступае ад стомленасці ў некаторых жывёлін. // Густая белаватая з пузыркамі сліна, якая выступае на губах пры некаторых хваробах, моцным хваляванні і пад.

•••

З пенай на губах — у гневе, шаленстве, раз’юшанасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нікчэ́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Неістотны, нязначны. [Сухадольскі:] Магчыма, што мы з вамі так бы і засталіся ворагамі на ўсё жыццё, каб не ўмяшалася ў справу трэцяя зацікаўленая асоба. Перад яе веліччу нашы асабістыя крыўды здаюцца дробнымі і нікчэмнымі. Крапіва. // Пазбаўлены змястоўнасці; пусты. Саша крыху супакоілася, і цяпер яе раздражняла гэтая, як ёй здавалася, нікчэмная размова аб непатрэбных і дробязных падзеях і рэчах. Шамякін. // Нікуды не варты; які выклікае пагарду. [Юзік] ішоў па вуліцы нейкі змізарнелы, без пугі, нікчэмны і прыгорблены. Хадановіч.

2. Нізкі ў маральных адносінах, нягодны. [Алесь] рабіўся.. для мяне нікчэмным чалавекам, паскудным, брыдкім; я не мог зносіць яго. Адамчык. Ад легкадумнай слепаты — Крок да нікчэмнага намеру. Лойка.

3. Вельмі дрэнны, няўдалы; малы. Нікчэмны ўраджай. □ Карабель вялікі, але ўжо стары і нікчэмны. Быкаў. Паша ў Маргах таксама была нікчэмная і ад засценка далёка. Чарнышэвіч. Жыта было нікчэмнае, малаціць яго — адна пакута. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагрыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.

1. Утварыць моцны гук, грукат. Раскаціста прагрымеў гром. Сіняўскі. Увесь дзень пякло, прыпарвала, а пад вечар прагрымела навальніца. Хадкевіч. // чым. Моцна стукнуць чым‑н. Саша сама прагрымела ў печы заслонкай, чыгунамі і зазірнула ў свой пакой, дзе сядзеў Пятро, зноў нечым збянтэжаная. Шамякін. // Праехаць з моцным шумам, грукатам. Дарога была ціхая, зрэдку дзе прагрыміць машына ды праскочыць матацыкліст. Сабаленка. Па чыгунцы, якая праходзіла адразу за балотам, прагрымеў поезд. Новікаў. // Прагучаць з вялікай сілай. Але не зрабілі.. [немцы] і двух крокаў, як зноў прагрымеў дружны партызанскі залп. Шчарбатаў. Як бы для таго, каб пацвердзіць .. [Шкробатавы] словы, зусім блізка прагрымела некалькі вінтовачных стрэлаў. Галавач. // Разм. Сказаць што‑н. гучна, грамавым голасам. — Гэта што яшчэ? — прагрымеў у насцярожанай цішыні.. голас [настаўніка]. Якімовіч.

2. перан. Атрымаць гучную славу, праславіцца. Клас прагрымеў на ўсю школу сваім аўтамабільным гуртком. Жычка.

3. Грымець некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапяткі́, ‑ая, ‑ое.

1. Які пастаянна варушыцца, дрыжыць; дрыгатлівы. Трапяткая асіна. □ Бяроза лісцем трапяткім Мне не ківае пад акном. Астрэйка. Самастойнае жыццё пачыналася на голым месцы, пад трапяткім дахам палаткі, пры святле зыркага кастра, у нялёгкай рабоце. Грахоўскі. Лёгкі ветрык пасеяў з поўдня, скалыхнуў трапяткое лісце, і зашумела яно ціхімі галасамі, зліваючыся са звонам хвалі. Шахавец. // Які гойдаецца, трапеча (пра хвалі, ваду і пад.). На трапяткой плыні ракі, да самага Аксенімага ганка, месяц высцілаў роўную малочную дарожку. Ракітны. // Мігатлівы, няроўны (пра полымя, святло). Падсвечнік стаяў на слупку ля печы, таму кволае трапяткое святло амаль што раўнамерна расплывалася па ўсёй хаце. Кулакоўскі. Агонь з печы кідаў на .. твар [маці] трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай. Хомчанка. / Пра зоркі. Месяц-маладзік яшчэ не ўзыходзіў, і цёмнае неба, усеянае безліччу трапяткіх зорак, здавалася бяздонна глыбокім. Сіўцоў. На спакойнай сіні нябёсаў загарэліся першыя трапяткія зоркі. Бяганская. // Які бесперапынна ўздрыгвае, рухаецца. [Мятлік] быў блізка ўжо зусім, .. [Стэфка] бачыла нават сінія крайчыкі яго трапяткіх крыльцаў. Савіцкі. // Які ўзмоцнена, часта пульсуе, б’ецца (пра сэрца); часты, напружаны (пра дыханне, пульс і пад.). Не ведаў Стась, што мама ішла ўслед за ім і з трапяткім сэрцам сачыла за кожным яго самастойным крокам. Гарбук. З трапяткім сэрцам .. [Барташэвіч] падышоў да генеральскай брамкі. Карпюк. // Перарывісты, няроўны, дрыжачы (пра голас, гук). Саша! Саша! — крычаў над ім Юткевіч трапяткім устурбаваным і разам з тым радасным шэптам. — Мы выратаваны, Саша. Мікуліч.

2. Ахоплены моцным хваляваннем пад уздзеяннем якога‑н. пачуцця; усхваляваны. А я нёс .. [Мальвіну], лёгкую і трапяткую, жадаючы аднаго: каб гэта канава цягнулася да самай вёскі... Сачанка. А .. [Вера], гнуткая і трапяткая, уздрыгнула ўсім целам, рукамі абвіла .. шыю [Смірына]. Алешка. Пятро Гаўрылавіч строга нахмурыўся — і .. [Міхаліна] змоўкла, трапяткая, узбуджаная, спалоханая, што знікае апошняя надзея. Шамякін. // Які выражае хваляванне. Хацелася [Івану] растварыцца, знікнуць у трапяткіх абдымках [дзяўчыны], сплыць у вечнасць з патокам, увабраць з зямлі ўсю яе моц і самому стаць зямною магутнасцю — шчодрай, ціхай, пяшчотнай. Быкаў. Потым моцна сціснуў [Артур] пад сталом .. трапяткую гарачую руку [Іны]. Ваданосаў. // Поўны душэўнага хвалявання. Мірыцца з палонам дубовым не хочуць Палкі навальнічныя слоў. Патрэбны ім шчырыя сэрцы і вочы, Людзей трапяткая любоў. Панчанка. З пачуццём трапяткім, нібы ўслед за юнацтвам сваім, Крок у крок я за імі [камсамольцамі] ішоў, падпяваючы ім. Куляшоў. // перан. Прасякнуты шчырасцю, сардэчнасцю. Каб соль не страціла Ўласцівую ёй солкасць, А песня — гукаў трапяткіх і кволых, .. На свеце існуе Мастацтва. Дзяргай. [Захар Крымянец] хадзіў і думаў: «Дзе ж вы, людзі, пераступаўшыя праз гэты парог? Дзе ты, чалавеча, чыя рука вывела гэтыя трапяткія словы: «Памру, але не здамся ненавіснікам чалавечага роду!» Лынькоў.

3. Разм. Жвавы, бадзёры, рухавы. Анікея ў вёсцы ўсур’ёз не прымаў ніхто. Быў ён вераб’інага росту, трапяткі, непаседлівы. Навуменка. / Пра птушак, жывёл і пад. Купаюцца ў прасторах блакітнага неба, спяваючы радасную песню жыцця, трапяткія жаваранкі. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

млець, млею, млееш, млее; незак.

1. Траціць прытомнасць, свядомасць; абміраць. Маладыя мужчыны і хлопцы сёння пакідалі сем’і і кіраваліся ў горад.. Леапольд Гушка прыйшоў з Адасём дадому збірацца.. Маці млела на ганку. Чорны.

2. Слабнуць, дранцвець, нямець (пра часткі цела). Глянуўшы наперад, у .. дарожную далячынь, Данік адчуў, як ад няспыннага напружання ў яго пачалі млець рукі, заныла спіна. Краўчанка. Толькі вылазячы з чоўна, Саша адчула, які перажыла страх, калі ўбачыла самалёты, — ногі былі як чужыя, млелі і не згіналіся ў каленях. Шамякін. // Знемагаць, нясілець ад гарачыні, спёкі. Парыла так, што ў Куранях і навокал усё млела ў духаце. Мележ.

3. перан. Заміраць ад якога‑н. моцнага пачуцця. [Серж] аж млеў ад шчасця, бачачы, як машыну акружылі натоўпам яго аднакласнікі. Чорны.

4. У кулінарнай справе — доўга парыцца ў накрытай пасудзіне. [Пятро:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́рашыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.

1. з інф. або з дадан. сказам. Прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Дзень у мяне быў у запасе, і я вырашыў навесці парадак у сваім жыллі. Ракітны. Васіль вырашыў, што ў сябра нейкая непрыемнасць і чакаў, калі Саша загаварыць сам. Шуцько.

2. што. Рашыць, знайсці адказ на што‑н. Вырашыць пытанне, праблему. □ Сацыялізм вырашыў вялікую сацыяльную праблему — ліквідаваў эксплуататарскія класы і прычыны, якія параджаюць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Праграма КПСС. Вызваленне Панаса з няволі і выпадковае шчаслівае спатканне з ім вырашылі тую задачу, што паставіў сабе дзед Талаш. Колас. Прыйшла нарэшце тая ноч, якая павінна была вырашыць усё. Кулакоўскі.

3. што і з інф. Прыняць рашэнне. Па заяве ж, як і дамагаўся Міхал, вырашылі стварыць камісію і даручылі ёй яшчэ раз праверыць факты. Карпаў.

4. што. Рассудзіць. Вырашыць спрэчку, непаразуменне.

•••

Вырашыць лёс каго — прыняць рашэнне па якім‑н. пытанні, якое звязана з чыімі‑н. інтарэсамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)