ма́ці, РДМ маці і мацеры, В маці і мацеру, Т маці і мацерай, ж.
1. Жанчына ў адносінах да народжаныя ёю дзяцей. Маці Міхасёва, Ганна Навумаўна, працавала на ферме даяркай. Якімовіч.
2. (звычайна ў прыдатку). Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Зямля-маці. □ Цябе не любіць немагчыма, Ты ў радасці, ў горы — свая, Вялікая маці-Радзіма, — Цудоўная песня мая. Хведаровіч.
•••
Маці-адзіночка — жанчына, якая ўтрымлівае самастойна пазашлюбнае дзіця і мае права на дзяржаўную дапамогу.
Маці-гераіня — ганаровае званне, якое прысвойваецца ў СССР жанчыне-маці, што нарадзіла і выхавала не менш дзесяці дзяцей; жанчына, якая мае гэта званне.
Гадзіцца ў маці гл. гадзіцца 1.
У чым маці нарадзіла — зусім голы, без ніякага адзення.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старо́ства, ‑а, н.
Гіст.
1. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — дзяржаўны маёнтак, які вялікі князь або кароль даваў на часовае карыстанне феадалам. Крычаўскае староства, якім у першай палавіне 18 ст. уладалі князі Радзівілы, было адным з буйнейшых ва ўсходняй Беларусі. «Весці». Тое [Дудзінскае] староства было падорана каралём раней князю Хадкевічу. Якімовіч. // Адміністрацыя на чале са старостам. Амаль усе памешчыкі з сем’ямі выехалі ў Глушэц, пад крыло паліцыі, староства і касцёла. Пестрак. Але як жа цяжка было здабыць у старостве дазвол на спектакль і канцэрт! Мядзёлка. З боку ад прэзідыума за асобным сталом размясцілася [афіцыйная] ўлада: прадстаўнікі староства і паліцыі. Машара.
2. Тое, што і старастоўства. Прыйдзе час — радзіма спамяне Яму [Юхіму] і дэзер[ці]рства, і староства. З. Астапенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мать ма́ці, род. ма́ці и ма́церы ж., ма́тка, -кі ж.; мн. ма́ці нескл., ма́ткі, -так, разг. мацяркі́, -ро́к;
крёстная мать хрышчо́ная (хро́сная) ма́ці;
посажённая посажёная мать пасаджо́ная ма́ці;
◊
показа́ть ку́зькину мать даць ды́хту;
в чём мать родила́ у чым ма́ці нарадзі́ла;
всоса́ть с молоко́м ма́тери усмакта́ць з малако́м ма́ці;
мать честна́я! ма́тухны мае́!;
ро́дина-мать радзі́ма-ма́ці.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
салю́т, ‑у, М ‑люце, м.
1. Урачыстая форма прывітання або аддача пашаны каму‑, чаму‑н. ружэйнымі або артылерыйскімі залпамі, падняццем ці апусканнем сцяга і пад. Артылерыйскі салют. Развітальны салют. □ І ва ўсіх нас ёсць Радзіма, Што імёны нашы помніць І салюта громам гулкім Паўтарае з году ў год. Танк. І пачуў у той дзень ён [хлопчык] салют Перамогі, Што ў Маскве прагучаў, скалыхнуў увесь свет. Прыходзька.
2. Піянерскае прывітанне, якое выражаецца ў падняцці над галавой правай рукі. Піянеры застылі ў стройных шарэнгах, падняўшы рукі ў піянерскім салюце. «Маладосць». // Разм. Прывітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Салют брыгадзіру! — выгукваў Марцін, падымаючы руку ў знак прывітання. Хадкевіч. — Салют, — казырнуўшы, .. [Сашка] павіншаваў тых, хто стаяў у калідоры. Гроднеў.
•••
Салют нацый — салют звычайна з 21 гарматнага залпа пры сустрэчы кіраўнікоў замежных дзяржаў.
[Фр. salut.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расцвісці́, ‑цвіту, ‑цвіцеш, ‑цвіце; ‑цвіцём, ‑цвіцяце, ‑цвітуць; пр. расцвіў, ‑ла, ‑ло; зак.
1. Пакрыцца цветам, кветкамі; распусціцца. Расцвіў перад акном духмяны белы бэз. Брыль. Краска свеціцца, нібыта Толькі расцвіла. Прыходзька. / у перан. ужыв. Панурая выспа ўраз ажыла. Раней халодная і насцярожаная, яна зазвінела цёплым дзявочым смехам, расцвіла задорнымі ўсмешкамі хлопцаў. Паслядовіч.
2. перан. Дасягнуць пары росквіту фізічных і духоўных сіл. Лабановіч бачыў мілую дзяўчынку-падлетка і ўспрымаў яе такою, як яна ёсць — маладзенькая, гатовая расцвісці ў поўнай сваёй красе. Колас. // Стаць радасным, ажыўленым. Жанкі аж расцвілі ад задавальнення. Васілевіч. Каля інтэрната .. [студэнты] спаткалі Ганчарова.. Умомант .. вочы [Маі] загарэліся, уся яна ажывілася, расцвіла. Карпюк.
3. перан. Дасягнуць высокага развіцця, працвітання. Талент расцвіў. □ Беларусь, мая радзіма, Як жа расцвіла ты За час гэты, за кароткі, Як выгнала катаў! Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́лы, ‑ая, ‑ае; міл, міла.
1. Які выклікае прыемнае ўражанне, прыхільнасць да сябе; чароўны, абаяльны. Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы. Колас. І вось няма яго, Васі Чычына, мілага, слаўнага хлопца. Лынькоў. У мяне.. не выходзіла з галавы прыгожая дзяўчына з мілымі вачыма. Нікановіч.
2. Дарагі, любімы; блізкі сэрцу. Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком. Чарнышэвіч. Радзіма! Адчуў я ў разлуцы з табою, Як люб мне і дораг кут мілы бацькоў. Прыходзька. Кожнаму свой куток мілы. Прыказка.
3. Ужываецца пры сяброўскім звароце. Даніла, мілы мой Даніла! Ах, натварыў сабе ты бед! Колас. [Шульга:] — Давай спярша, міл чалавек, дамовімся аб плаце. Васілёнак.
4. у знач. наз. мі́лы, ‑ага, м.; мі́лая, ‑ай, ж. Каханы, каханая. — Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь! Колас.
•••
За мілую душу гл. душа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чэ́рствы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў свежасць, мяккасць, стаў цвёрдым, сухім. Чэрствая булка. □ Калі акраец хлеба браў ты Рукой шурпатай са стала, Скарынка чэрствая, як праўда, Тваім пасведчаннем была... Грахоўскі. На покуць, На шчаслівы стол Няхай пачэсна завітае Хлеб чорны Чэрствы, як падзол, І соль, Як ветразя світанне. Барадулін. // Закарузлы, зацвярдзелы; жорсткі. З громам і маланкай ходзяць хмары, І грукоча дождж па чэрствай глебе. Хведаровіч. У вятрах, у клубах пылу, у громе страпянецца чэрствая зямля. Вялюгін.
2. перан. Нячулы, бяздушны. Чэрствы чалавек. □ Жах агарнуў.. [Клаву]. «Чаму ніхто не ратуе.. [хворага Паўлоўскага], што гэта за чэрствыя людзі! Я памагла б ім ратаваць яго». Чорны. [Настачка] не хацела паказаць.. [слёз] сваёй чэрствай сястры. Ракітны. // Які сведчыць пра нячуласць, бяздушнасць. Чэрствае слова. Чэрствы позірк. □ І пэўна не скажа патомкам Радзіма, Што з чэрствай душою прыйшоў я на свет. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сла́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які набыў славу або варты славы; славуты. Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны. Колас. Айчына наша, Родны край Саветаў, Нашчадкаў гордых Слаўная зямля. Хведаровіч. У калгасе нашым Янка — Слаўны баяніст, Камсамолец працавіты, — Добры трактарыст. Журба. Дзень добры, Беларусь, Народная дзяржава, Зямля руплівых рук, Радзіма слаўных спраў! Звонак. Вітаю, як прыход вясны, Дзень слаўнай гадавіны! Смагаровіч. // Які праславіўся чым‑н. Яны [людзі] на арбітах сусветных Слаўны жыццём без багатых і бедных. Куляшоў.
2. Які выклікае прыхільнасць; сімпатычны, харошы. І доўга потым мы ўспаміналі зычлівую ўсмешку гэтага слаўнага хлопца. Лынькоў. [Міхайлаў:] — І гэтая душа, багатая і слаўная, іншы раз хаваецца пад самым сціплым абліччам. Карпаў.
3. Разм. Які дае задавальненне; прыемны, добры. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Бялевіч. Князь калісьці ўпадабаў Слаўную мясціну, Замак тут пабудаваў У падарунак сыну. Гілевіч.
•••
Славен бубен за гарамі — невядомае заўсёды здаецца добрым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скачо́к, ‑чка, м.
1. Хуткае перамяшчэнне цела адштурхоўваннем ад якога‑н. пункта апоры. Зрабіўшы з дзівоснай лёгкасцю некалькі скачкоў, уладар статка апынуўся каля маладога аленя. В. Вольскі. Пад акном мільганула шапка паліцыянта. Скачок цераз плот у густы вішняк, а ззаду крык: — Стой! Стой! С. Александровіч. // Такое перамяшчэнне як від спартыўнага практыкавання. Скачок у даўжыню. Скачок з парашутам. Апорныя скачкі. □ Толькі цяпер Баравік зірнуў на масток, што ўзвышаўся над зямлёй, як сапраўдны трамплін для лыжных скачкоў. Шыцік.
2. Рэзкае змяненне чаго‑н. без паступовага пераходу. Скачок тэмпературы. Скачкі ў настроі.
3. Хуткі пераход з аднаго якаснага стану ў другі. Наша Радзіма пад кіраўніцтвам партыі камуністаў за кароткі гістарычны тэрмін зрабіла гіганцкі скачок ад адсталасці да прагрэсу. «Звязда». Пры ўсёй паступовасці, пераход ад адной формы руху да другой заўсёды застаецца скачком, рашаючым паваротам. Энгельс.
4. Імклівае перамяшчэнне, пераход, што адбываецца ў адзін прыём, без перапынку. За апошнія суткі брыгада зрабіла скачок на поўдзень, і батальёну, у які ўваходзіў танк Раманенкі, была пастаўлена задача: да вечара вызваліць яго роднае сяло. Шамякін.
•••
Зацяжны скачок — скачок з парашутам, пры якім парашут доўга яе раскрываецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свяшчэ́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўспрымаецца як святасць, прызнаецца боскім. Старажытныя грэкі любілі дэльфінаў, лічылі іх свяшчэннымі жывёламі, якія знаходзяцца пад апекай марскога бога. В. Вольскі. // Які звязаны з рэлігійным абрадам, з рэлігійным культам, які мае адносіны да набажэнства. Свяшчэнны абрад. Свяшчэнныя кнігі. Свяшчэннае абмыванне. □ [Поп:] — А што я пажартаваў словам, успомніўшы свяшчэннае пісанне, дык у царкве — я свяшчэннаслужыцель, а тут — я такі самы чалавек, як і ўсе. Чорны.
2. Які ажыццяўляецца ў інтарэсах рэлігіі, апраўдваецца рэлігіяй. Свяшчэнныя войны.
3. перан. Асабліва дарагі, запаветны, высокааўтарытэтны. [Самарскі сцяг] з’яўляецца свяшчэннай рэліквіяй. «Маладосць». Прыслухоўваўся да свяшчэннага шэлесту старонак запаветных кніг. Гарбук.
4. Высакародны, чысты, узвышаны. Словы ўспомні свяшчэннай прысягі: Жыць і памерці — за родны свой край! Глебка. Наводчык загінуў смерцю храбрых, да канца выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Радзімай. «Полымя». Дзе б Радзіма мяне не паставіла, Ці варштаты, ці сшыткі рабіць, Доўг свяшчэнны мой — працу любіць: Ёсць закон, залатое ёсць правіла — У жыцці не бывае драбніц! Непачаловіч. // Такі, які вядзецца з вызваленчай мэтай (пра вайну, бой і пад.). Свяшчэнны бой. Свяшчэнная вайна.
5. Недатыкальны, непарушны. Савецкія Узброеныя Сілы зорка ахоўваюць свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы, стваральную працу будаўнікоў камунізма. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)