пракра́сціся 1, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; зак.
Разм. Зрабіць значны крадзеж, растрату; папасціся ў сістэматычным, працяглым крадзяжы. Ермачэнка зусім пракраўся,.. неяк сухім выбраўся назад у Прагу, адкуль ён прыехаў некалі ў Мінск. Новікаў. Пракраўся кладаўшчык. І вось ён пад судом. Корбан.
пракра́сціся 2, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; зак.
Ціха, непрыкметна прабрацца куды‑н. Цёмнай ноччу.. [Тарас] дапамог партызанам пракрасціся да тых складаў і устанавіць міны. Краўчанка. Позняй раніцай Ціток па загуменні пракраўся ў сваё гумно. Лобан. // перан. Непрыкметна пранікнуць (пра пачуцці, думкі і пад.). Шчырае заспакаенне пракралася ў душу. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уце́рціся, утруся, утрошся, утрацца; утромся, утрацеся; пр. упёрся, уцерлася; заг. утрыся; зак.
1. Увайсці, пранікнуць (у скуру і пад.) пры націранні.
2. Выцерці сабе твар. Уцерціся ручніком. □ Марыля хутка ўцерлася фартухом, каб згладзіць сваё хваляванне. Пестрак.
3. перан. Разм. Праціснуцца, прабрацца, увайсці куды‑н. Мы паціху ўцерліся ў гушчу натоўпу, а затым.. пабеглі дадому. Хадкевіч. // Пранікнуць у якое‑н. асяроддзе хітрыкамі. [Анатоль:] — З’явіўся [Труцькоў] да нас з пасведчаннем ЦК. Гаварыў, што прысланы сюды інструктарам з-за мяжы. Уцёрся да нас. Праўда, нашы падпольшчыкі не вельмі яму верылі і не пасвячалі яго ва ўсе свае справы. Машара.
•••
Уцерціся ў давер’е (давер) — тое, што і увайсці ў давер’е (давер) (гл. увайсці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непраніка́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Праз які не пранікаюць вада, газы, гукі і пад. Непранікальная перагародка. // Праз які нельга прайсці, прабрацца. Непранікальны гушчар. □ Цякуць па.. [лясах] нязведаныя ручаіны, скрытна і ўпарта прабіваючыся праз нетры, пад аховаю, — то гонкіх сосен, .. то непранікальных чаротаў. Пестрак. // Праз які нельга ўбачыць што‑н. На вуліцы было цёмна. Непранікальная заслона снегу, дзе ўсё мітусілася, рухалася, хадзіла ходырам, бы ў нейкім тлумным дзікім танцы. Колас. Вакол стаяла непранікальная, непраглядная .. сцяна дажджу. Караткевіч.
2. перан. Які хавае ад іншых свае намеры, думкі, пачуцці; скрытны. Шырокія бровы [Агея Міхайлавіча] былі ссунуты, выраз твару непранікальны, і Венька не мог зразумець, да чаго адносіцца заўвага настаўніка... Шыловіч. Непранікальныя вочы .. [Зіны] утаропіліся некуды ў адну кропку і, здавалася, нічога і нікога не заўважаюць вакол. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; зак.
1. Залезці куды‑н. (унутр, углыб чаго‑н., пад што ці на што‑н.). Забрацца ў кузаў машыны. Забрацца пад коўдру. Забрацца на вяршыню гары. □ Барсук вярнуўся з палявання. І толькі ў кару сваю забраўся ён, Як тут жа куляй выкаціўся вон... Корбан. Міколка забраўся спаць на свой тапчан. Лынькоў. // Употай прабрацца куды‑н. Аднойчы адвячоркам летнім забраўся [Юрась] у Цітавы агуркі. Маеўскі. // Пранікнуць (пра холад, вецер і пад.). З завеяю ліхой Забярэцца ў дом мароз, Прабярэ цябе наскрозь. Танк.
2. Зайсці, заехаць куды‑н. далёка. Забрацца на край свету. □ Маці тупала ля печы — рыхтавала снеданне. Раз’ехаліся, разляцеліся яе дзеці. Адна з.. дачок.. аж на Сахалін забралася. Даніленка.
3. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. на доўгі час. Забраўся на цэлы дзень у бібліятэку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. грыз, ‑ла; незак., каго-што.
1. Кусаць, есці што‑н. цвёрдае, сухое. Грызці сухары. Грызці яблык. □ Камандзір палка маёр Урванцаў сядзеў на нарах і грыз воблу. Марціновіч. // Кусаць зубамі. [Кабыла] высока трымала галаву, стрыгла вушамі, нервова грызла цуглі. Федасеенка. // Пападаючы на каго‑н., кусаць, ірваць. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. // перан. Удавацца, уразацца ў што‑н. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі.
2. перан. Разм. Дакучаць пастаяннымі прыдзіркамі, папрокамі, сваркамі. Містэр Пік пачаў праклінаць тую латарэю і грызці жонку за дурную ініцыятыву. Быкаў.
3. перан. Мучыць, трывожыць, не даваць спакою (пра думкі, пачуцці і пад.). [Іваноўскага] пакутліва грызла думка: а як жа прабрацца ў партызанскія раёны? Новікаў. Пракоп адчувае сябе адзінокім, яго штосьці есць, грызе. Колас.
•••
Як рэпу грызе — хто‑н. бойка, без запінкі чытае, гаворыць і пад. — Малайчына! Чытае, як рэпу грызе, — хваліў малодшага сына Міхал. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прані́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Прайсці, трапіць куды‑н. праз што‑н. Вільгаць усё ж такі пранікла ў сярэдзіну гільзы, і лісцікі запісной кніжкі пасклейваліся, літары расплыліся. Зуб. Прамень сонца пранік у вагон. Васілевіч. // Прабрацца, пралезці, пракрасціся куды‑н. Жэрдкай мы ўдвух падсадзілі свайго сябра ўгару, той праз ніжняе акно пранік у вятрак і апусціў уніз крыло. Аўрамчык. Пранікнуць у гэтую кватэру было немагчыма, бо каля пад’езда ўдзень і ўначы стаяла паліцэйская варта. Машара. // перан. Запасці, пракрасціся (у душу, сэрца, думкі і інш.). Словы праніклі ў душу. □ Моўчкі ўскінула вочы, І замёр я на міг: Сумны позірк дзявочы Мне ў сэрца пранік. Гілевіч.
2. Пераадольваючы цяжкасці, прайсці, дабрацца куды‑н. Пранікнуць у глыбіню пустыні. Пранікнуць у космас.
3. Стаць вядомым ці даступным многім; распаўсюдзіцца. Ідэі камунізма праніклі ў масы.
4. перан. Зразумець сэнс, сутнасць чаго‑н., разабрацца ў чым‑н. Пранікнуць у псіхалогію чалавека. □ Мастак, які свядома імкнецца пранікнуць у дыялектыку і логіку сапраўдных фактаў, мае магчымасць найбольш поўна і глыбока раскрыць сутнасць жыццёвых з’яў. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.
1. Прабрацца праз што‑н. з цяжкасцю, пераадольваючы перашкоды. Люба чула, што гаварылі конныя чырвонаармейцы, і старалася прабіцца да іх праз натоўп. Чорны. Прамень сонца прабіўся ў каюту праз вузкую шчыліну, весела затрапятаў на асколку шкла, што ляжаў на падлозе. Гамолка.
2. Выступіць на паверхню. Калі пушок прабіўся над губою І ў сны прыйшло дзявочае імя, Я ні аб чым не раіўся з табою, матуля адзінокая мая. Грахоўскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Мне стала горача — праз крыўду прабілася дурная рэўнасць. Савіцкі.
3. Захаваць здольнасць біцца на працягу якога‑н. часу (пра сэрца, артэрыі і пад.). Сэрца прабілася дзесяць мінут.
4. Разм. Біцца некаторы час.
5. Разм. Пражыць да якога‑н. часу, пераадольваючы цяжкасці, пракідацца. Суцяшаюць маму хлопцы: — Мы вясной усё здабудзем! — Як прыгрэе добра сонца, пойдзем зноў тады мы ў людзі. Нам абы зіму прабіцца! Дубоўка. — А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж упраўлялася з усім? Так і без мяне праб’ешся. Мележ.
•••
Не прабіцца — аб вялікай цеснаце.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кардо́н 1, ‑у, м.
1. Тоўстая цвёрдая папера асобага вырабу і рознага прызначэння. Паліграфічны кардон. Абутковы кардон. Ізаляцыйны кардон. □ Савел Іванавіч.. дастаў шырокі ліст кардону, на якім былі прыколаты дзесяткі два засушаных лістоў барбарысу. Хомчанка.
2. У жывапісе — першапачатковы накід карціны або яе часткі на такой паперы.
[Іт. cartone.]
кардо́н 2, ‑а, м.
1. Дзяржаўная граніца, мяжа. Прабрацца за кардон. □ Ідзе Май у паходы, дазоры, Пад штандарам чырвоным ідзе Цераз пушчы, пустэлі і моры, Нестрыманы нікім і нідзе. Пераходзіць граніцы, кардоны, Бо хто ж можа яго затрымаць, Калі з ім баявыя калоны, Пралетарыяў грозная раць? Колас.
2. Пагранічны або загараджальны атрад. Начальнік кардона. Пагранічны кардон. □ — Не трэба лезці воўку ў пашчу, — сказаў Сцяпан, калі Кандратовіч прапанаваў прабіцца праз кардон казакаў. Арабей. // Ланцуг невялікіх атрадаў, размешчаных па фронту ў адну лінію. На прадвесні прыйшоў да Андрэя загад перадаць неадкладна другому атрад, а самому прайсці цераз фронт, за кардон. Дубоўка. // Пра лясную варту, ахову запаведнікаў. Леснікам дальніх кардонаў мы дазваляем прадаваць дровы на месцы, даём бланкі квітанцый. Навуменка.
3. Месца, дзе знаходзіцца такі атрад, варта. Немцы кінулі пяхоту, Пэўна, — больш за батальён, І бамбілі самалёты Невялікі той кардон. Лужанін.
[Фр. cardon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зале́зці, ‑лезу, ‑лезеш, ‑лезе; пр. залез, ‑ла; заг. залезь; зак.
1. Забрацца на што‑н., за што‑н., у што‑н., пад што‑н. Залезці на дрэва. Залезці за стол. Залезці ў кабіну. Залезці пад коўдру. □ Канькоў залез у траншэю, добра агледзеў яе. Асіпенка. // Разм. Увайсці, заглыбіцца ў што‑н. Залезці ў ваду па калені. // перан. Далёка зайсці ў сваіх дзеяннях, гаворцы і пад. З Андрэем Пятро пачаў размову асцярожна, .. але хутка залез у такія нетры, што з іх нельга было ўжо выбрацца. Шахавец.
2. Пранікнуць, прабрацца куды‑н. употай. Тут раптам суседскія дзеці як залямантуюць пад акном: — Дзядзька, вашы цяляты ў шкоду залезлі! Якімовіч. // Разм. Пранікнуць, забрацца рукой, лапай і пад. куды‑н. Залезці ў кішэню. // перан. Незаконна ўзяць, прысвоіць сабе што‑н. чужое. — Вельмі ж па-мядзведжаму ўжо ў гэты раз Шаройка залез у калгаснае дабро. Шамякін.
3. Разм. Заняць якую‑н., звычайна даходную або высокую пасаду. — Сволач!.. У трывожныя часы, калі рэспубліцы пагражалі ворагі, небяспека, у Мінскі ваенкамат залез, а тады настаўнікам быў. Нікановіч.
4. Забрацца за мяжу чаго‑н. Невядома праз што пасварыўся.. [Язэп] са сваім братам, які жыў па суседству; можа, той пераараў калі яго мяжу ці залез касой у Язэпаву траву. Шахавец.
•••
Залезці (улезці) у даўгі (у доўг) — многа напазычаць.
Залезці (улезці) у душу — а) увайсці, уцерціся ў чыё‑н. давер’е; б) шляхам надакучлівых распытванняў пранікнуць у асабістае, інтымнае жыццё каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.
1. што і без дап. Хутка прабегчы, праехаць якую‑н. адлегласць ці прамінуць каго‑, што‑н. Мы праскочылі хваёвы лясок, і да самых Круцілавіч конік ішоў подбегам. Адамчык. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. // без дап. Вельмі хутка прайсці, мінуць (пра час). Месяц праскочыў, як адзін дзень, і мая Неаніла павінна была ехаць дадому. Новікаў.
2. што і без дап. Хутка прайсці праз вузкае месца, праз якую‑н. перашкоду. Праскочыць у дзверы. □ Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца [палякаў] не магла праскочыць. Колас. Яраш не даехаў да бальніцы. Ён рабіў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную і цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапіць у хірургічны. Шамякін. Пасты мы праскочылі на вялікай скорасці, паліцаі і не паспелі разгледзець, хто праехаў. Новікаў. // Прабрацца, прайсці незаўважаным або непашкоджаным. Бомбы сыпаліся, як той град, але мы неяк праскочылі. Рамановіч. — Таварыш камандзір, — нечакана парушыў маўчанне Кукарэка, — а можа нам правей узяць: там лужком ды кустамі, якраз і праскочым. Шчарбатаў. // Лёгка прайсці, упасці і пад. праз якую‑н. адтуліну. Шарык праскочыў праз кальцо.
3. перан.; што. Разм. З’явіцца дзе‑н., ухіліўшыся ад чаго‑н., пераадолеўшы што‑н. Паэт па памяці аднавіў радкі і строфы, што былі ў свой час заняты, каб праскочыць цэнзурныя загарадкі. С. Александровіч. // Астацца, апынуцца дзе‑н. з-за недагляду, няўважлівасці. У карэктуры праскочыла некалькі памылак. □ Трэба быць вельмі пільным, каб ніякіх недакладнасцей пры мантажы не праскочыла. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)