СЦЭ́ВАЛА Гай Муцый (Gaius Mucius Scaevola, літаральна ляўша),

у Стараж. Рыме легендарны герой часоў барацьбы рымлян супраць этрускаў (канец 6 — пач. 5 ст. да н.э.). Паводле падання, юнак Гай Муцый павінен быў прабрацца ў лагер этрускаў і забіць цара Парсену, але быў схоплены. Парсена патрабаваў назваць імёны саўдзельнікаў, пагражаючы юнаку жорсткімі катаваннямі. Жадаючы паказаць, як ён мала баіцца болю і смерці, Муцый сам апусціў правую руку ў агонь і не выдаў ніводнага гуку, пакуль тлела рука. Магчыма, гэта паданне ўзнікла як тлумачэнне прозвішча Сцэвала (Ляўша), замацаванага за галіною роду Муцыяў.

т. 15, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)