адмы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., што.

1. Мыючы, ачысціць ад чаго‑н.; вымыць. Я толькі цяпер заўважаю на Міхайлавых далонях чорныя крапінкі. Іх не адмылі ні вада, ні час. Даніленка. А маці цэлы экзамен учынілі [жандары], загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. // Мыццём зняць, вывесці (плямы, пахі і пад.). Адмыць чарнільныя плямы. □ Рукі пахнуць травой — лебядой, Сырадоем і кропам. Гэтых пахаў ніякай вадой Не адмыеш ні троху. Гілевіч. // перан. Зняць віну, ганьбу, грэх, вярнуць гонар. [Змітрок:] — Бруд, калі ён зверху, адмываецца, а вось калі душа чорная, яе ніколі не адмыеш! Ваданосаў. Нікому, нават Кастусю, ніколі.. [Толя] аб гэтым не гаварыў. Нічым, здавалася яму, нават тысячай забітых ім фашыстаў, нельга будзе хоць трохі адмыць з яго страшную ганьбу. Брыль.

2. Размываючы плынню, патокам, аддзяліць. Рака адмыла частку берага.

3. Спец. Аддзяліць, ачысціць ад прымесей прамываннем. Адмыць залаты пясок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́сці¹, нясу́, нясе́ш, нясе́; нясём, несяце́, нясу́ць; нёс, не́сла і нясла́, не́сла і нясло́; нясі́; не́сены; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі, нагрузіўшы на сябе, перамяшчаць, дастаўляць куды-н.

Н. чамадан.

2. каго-што і без дап. Імкліва рухаць, перамяшчаць сілай свайго руху.

Вецер нясе па небе хмары.

3. каго-што (толькі ў 3 ас.). Прымушаць каго-н. ісці куды-н.; цягнуць (разм.).

Куды цябе нясе?

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмуць, павяваць, месці (пра халоднае паветра, завіруху і пад.).

Ад акна несла (безас.) холадам.

5. пераважна безас. Моцна пахнуць (у 1 знач.).

Нясе гарам.

6. перан., што. Выконваць якія-н. даручэнні, абавязкі па службе і пад.

Н. адказнасць.

Н. ахову.

Н. вахту.

7. перан., што. Пакутаваць ад чаго-н.; мець страты.

Н. пакаранне.

Н. страты.

8. перан., што. Гаварыць што-н. недарэчнае, бязглуздае (разм.).

9. перан., што. Мець, змяшчаць у сабе; быць носьбітам чаго-н.

Н. радасць людзям.

10. што. Быць аснашчаным чым-н.

Карабель нясе шэсць гармат.

|| зак. пане́сці, -нясу́, -нясе́ш, -нясе́; -нясём, -несяце́, -нясу́ць; -нёс, -не́сла і -нясла́, -не́сла і -нясло́; -не́сены.

П. кару.

П. страты.

|| наз. нясе́нне, -я, н. (да 6 знач.) і но́ска, -і, ДМ но́сцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

першацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.

1. Аднагадовая або шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна сямейства першакветных з жоўтымі кветкамі, сабранымі ў парасонападобнае аднабокае суквецце, якая цвіце ранняй вясной.

2. Тое, што і прымула.

3. Пра травяністыя расліны, якія пачынаюць цвісці ранняй вясной. Выпаўзаюць на свет Праз вільготны пясок Сінь-пралескі і тварыкі чысцяць... Добры дзень, першацвет! Чарнушэвіч.

4. зб. Цвет, які з’явіўся ўпершыню ў жыцці пэўнай расліны. — А ці помніш цяпер ты, Кандраце, Як калісь першацвет абрывалі мы ў садзе? — Помню, помню, ды з песняй яшчэ, ды з якою: Зацвітаюць сады над Бярозай-ракою. Зарыцкі. // Першы, ранні, свежы цвет. Як над бруістаю быстраю рэчкаю Пахнуць лілеі, аер і чарот, І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крат, Тры гады не удыхаў. Барадулін. Пад кронамі стаіўся вецер; баіцца патрывожыць ён галіны ў душным першацвеце, пчаліны на пялёстках звон. Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паха́ць, пыха́ць ’араць сахой’ (Касп., Яруш., Сл. ПЗБ), ’баранаваць засеянае поле’ (Бір. Дзісн.; глыб., Хрэст. дыял.; в.-дзв., Шатал.; Касп., Мат. Маг.), ’месці хату’ (Касп.), ’разводзіць, сеяць, вырошчваць’ (ТС), калінк. ’прыносіць мёд’ (Сл. ПЗБ). Рус. пахать ’араць, абрабляць зямлю’ (кур., арл.), паўн. ’рэзаць хлеб’, ярасл. ’сеяць’, паўн.-дзв. ’месці падлогу’, ’падмятаць мякіну’, алан. ’абмятаць магілу’, цвяр. ’ісці, хадзіць, ступаць’, ’дзьмуць’; польск. pachać ’капаць’, ’рабіць зло’, чэш. páchati ’рабіць, учыняць’, ’пасці скаціну’, славац. pachať ’рабіць, вырабляць’, серб.-харв. па̏хати, па̀јати ’махаць’, ’абмятаць пыл, змятаць павуціну, абдзьмухваючы чысціць’. Прасл. paxati ’месці, чысціць’, якое звычайна звязваецца з прасл. paxnǫtiпахнуць’. Для прасл. paxati ’месці’ Ваян (RÉS, 43, 90–91) у якасці і.-е. паралеляў прапануе літ. puõšti, лат. púost ’чысціць, аздабляць’, ст.-ісл. fága ’тс’, ст.-сакс. fegōn, ст.-фрыз. fēgia, гал. vagen ’месці, чысціць’, што дае магчымасць узвесці прасл. paxati да і.-е. *pēkʼ/pōkʼ (Мартынаў, Слав. акком., 125). Сюды ж па́хата, па́хота ’ворыва, узараная зямля’ (Нас., Грыг., Сл. ПЗБ, Выг., ТС), ’аранне сахой’ (Касп.), лях. па́хаць, тураў. па́хоць, глыб. па́хаця ’ворыва’ (Сл. ПЗБ, ТС). Гл. таксама пашні́на, па́шня́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

патыха́ць, ‑ае; незак.

1. Слаба дзьмуць, веяць (пра вецер). Вокны былі расчынены. Знадворку патыхаў цёплы ветрык, ледзь-ледзь калышучы фіранкі. Сабаленка. / у безас. ужыв. Вечарэла. Ад возера патыхала лёгкім халадком. Пестрак. Дзень быў ясны, трохі нават гарачы, ад чыстага асфальту патыхала цяплом. Кулакоўскі. Ад снапоў крыху патыхала зляжалай саломай, амаль няўлоўным водарам летняга поля і кветак. Савіцкі.

2. чым. Вылучаць нейкі пах; пахнуць. Дрэмлючы чуў [Павал], як пахла ў хаце новымі ботамі — дзёгцікам патыхаюць боты. Чорны. А з бору цёплая сасна Жывіцай патыхала. І. Калеснік. / у перан. ужыв. Нялёгка добрым быць, хоць нам не трэба Ні лёгка запрацаванага хлеба, Ні танных поспехаў, ні скідак, ні удач, Ні вырашаных іншымі задач, Ні тых пахвал, што лёгка раздаюцца Сябрамі за абедзенным сталом, Ні плётак, што вужакамі віюцца І патыхаюць зайздрасцю і злом. Грахоўскі. Нізка стаяла асенняе сонца, і нейкаю маркотаю патыхала ад усяго гэтага цеснага краявіду і ад гэтае вёсачкі, закінутай між балот і лясоў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

источа́ть несов.

1. (выделять из себя) ліць, сачы́ць, выдзяля́ць; (струить) струме́ніць; (одаривать) перен. абдо́рваць;

источа́ть слёзы ліць слёзы, пла́каць;

снег источа́ет хо́лод снег выдзяля́е хо́лад;

пе́чи источа́ли жар пе́чы выдзяля́лі гарачыню́;

источа́ть (на кого) свои́ ми́лости абдо́рваць (каго) сваёй ла́скай;

2. (испускать, издавать, распространять — свет, запах и т. д.) обычно переводится другим глаг. в соответствии со значением сущ.;

источа́ть свет свяці́ць;

источа́ть за́пах па́хнуць и т. д.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., каго-што і з дадан. сказам.

1. Успрыняць слыхам. Калі прачнуўся Міколка, то пачуў у горадзе страляніну. Лынькоў. Пачуў мужык званок і думае: «Ці не пагоня гэта?» Якімовіч. Перад самым світаннем [Вера] заснула так моцна, што не пачула, калі Аксіння Адамаўна паднялася і пайшла на кашару. Асіпенка.

2. і пра каго-што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. — Можа болей і не ўбачу, Не пачую, дзе ты. Колас. У той вечар .. [Сымон Чуйна] ведаў, што нездарма прыйшоў сюды: ён пачуў выразна пра свайго Рыгора. Чорны. [Бэсман:] Адкуль жа вам імя яго вядома? [Таццяна:] Імя? я першы раз ад вас пачула. Глебка.

3. Разм. Адчуць, успрыняць органамі пачуццяў. Дунаеў адразу зразумеў, што не звера пачула аўчарка. Шыловіч. Гена пачуў пах яе валасоў, пах касынкі ці плашча, — так пахнуць не то трава, не то мыла. Арабей. Потым, калі [Ганна] села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля кветачкі. Мележ.

4. Разм. Зразумець, усвядоміць. Тут нават бацька не стрымаўся І нечакана засмяяўся! Алесь пачуў — мінула ліха. Колас. [Яўхім] і так даволі цацкаўся з .. [Ганнай], хопіць далікацтва — трэба, нарэшце, узяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зямля́ 1, ‑і; мн. землі, зямель, Д землям; ж.

1. Трэцяя ад Сонца планета, якая верціцца вакол Сонца і вакол сваёй восі (з вялікай літары). Месяц — спадарожнік Зямлі. // Месца жыцця і дзейнасці чалавека (пры супастаўленні з небам як уяўным светам багоў, ідэй). Летняе неба, здавалася, ніжэй звесілася над зямлёю і ўзіралася ў яе тысячамі бліскучых вачэй. Колас.

2. Суша (у адрозненне ад воднай прасторы). На гарызонце маракі ўбачылі зямлю. □ Песня перамогі На зямлі, на моры — Спадарожнік твой. Колас.

3. Верхні слой кары нашай планеты; глеба, грунт. Зямля пачала прыкметна .. сохнуць. Мележ. // Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, якое ўваходзіць у састаў нашай планеты. Перамяшаць торф з зямлёй. □ Твар.. [кабеты] быў запэцканы зямлёй. Кароценькі рваны кажушок на ёй быў таксама ў зямлі. Чорны.

4. Паверхня, плоскасць, на якой мы стаім, па якой рухаемся. [Салдат] ішоў як бы не датыкаючыся зямлі. Самуйлёнак.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім‑н. уладанні, карыстанні; глеба, якая апрацоўваецца і выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах. Калгасныя землі. Нацыяналізацыя зямлі. Асваенне новых зямель. □ Зямля — талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш. Прыказка.

6. Краіна, дзяржава. За мора, за сіні круты небакрай Лятуць мае думкі цяпер: Там дзесьці далёка шчаслівы ёсць край — Святая зямля СССР. Глебка. Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі, Над хвалямі сінеючага Ніла, Ужо колькі тысяч год стаіць магіла: У гаршку насення жменю там знайшлі. Багдановіч.

•••

Інфузорная зямля — горная парода, якая складаецца з рэштак водарасцей.

Культурны слой зямлі гл. слой.

Сіенская зямля — цёмна-жоўтая фарба, якая скарыстоўваецца ў жывапісе; сіена.

Ад зямлі не відаць гл. відаць.

Бачыць (на тры сажні) пад зямлёй гл. бачыць.

Гарыць зямля пад нагамі у каго — пра небяспечнае, пагрозлівае становішча для каго‑н.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатоў.

Глядзець у зямлю гл. глядзець.

Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі гл. дастаць.

Загнаць у зямлю гл. загнаць.

За трыдзевяць зямель гл. трыдзевяць.

З зямлёю (сырою) ажаніцца гл. ажаніцца.

Змяшаць з зямлёй гл. змяшаць.

Зраўняць з зямлёй гл. зраўняць.

Зямлёю пахнуць гл. пахнуць.

Калом яму зямля — ужываецца як праклён подламу, шкоднаму чалавеку.

Легчы ў зямлю гл. легчы.

На край зямлі гл. край.

Не чуць зямлі пад сабой (над нагамі) гл. чуць.

Паміж небам і зямлёй гл. неба.

Парыць зямлю гл. парыць.

Праваліцца мне скрозь зямлю гл. праваліцца.

Пуп зямлі гл. пуп.

Соль зямлі гл. соль.

Сцерці (змесці) з твару зямлі гл. сцерці.

Сядзець на зямлі гл. сядзець.

Траціць зямлю пад нагамі гл. траціць.

Як з (з-пад) зямлі вырасці (з’явіцца) гл. вырасці.

Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насіла каго — пра подлага, шкоднага чалавека.

Як неба ад зямлі гл. неба.

Як неба і зямля гл. неба.

Як скрозь зямлю праваліўся гл. праваліцца.

зямля́ 2, ‑і, ж.

Даўнейшая назва літары «з».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цячы́, цячэ; цякуць; пр. цёк, цякла, ‑ло; незак.

1. Ліцца струменямі, патокам; ліцца, струменіцца ў якім‑н. напрамку. Рака цячэ. Слёзы цякуць. Кроў цячэ. □ Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка. Колас. У тры ручаі, мяшаючыся з густым пылам на твары за дарогу, цяклі з-пад мокрых валасоў рагі поту. Нікановіч. / у безас. ужыв. Са стрэх цякло.

2. Сыпацца, падаць струменьчыкамі (пра сыпкія рэчывы). З-пад ног сухі пясок цячэ Янтарнымі драбінкамі. Хведаровіч. Зерне цякло праз пальцы залатымі крупінкамі. Хадкевіч.

3. перан. Праходзіць, працякаць (пра час). Міналі, цяклі ночы і дні. Сачанка.

4. перан. Праходзіць, адбывацца; ісці сваім парадкам. Доўга гутарка цякла. Гілевіч. // Развівацца ў пэўнай паслядоўнасці. Ветрык ад халодных водаў дзьмуў у твар Данілу, а думкі ўсё роўна цяклі далей. Пестрак. Калі быць — дык мастом Над імклівай вадой, — Каб каханне цякло наша Рэчкай жывой. Куляшоў. Спакойна цякло жыццё. Гурскі. // Бесперапынна плаўна гучаць. І зноў цячэ, цячэ, як рэчка, песня, Плыве ў душу, у сэрца хлапчука. Караткевіч.

5. перан. Ісці, рухацца суцэльным патокам, масай (пра вялікую колькасць людзей). Абуджаюцца вуліцы, цякуць патокі людзей. Гамолка. Цячэ праспект ракой шумлівай... Лойка.

6. Ісці ад чаго‑н., пахнуць; павяваць. Грыбны водар цёк з зямлі. Чорны. Ветры з поўдня на ўсход цякуць. Лявонны.

7. Прапускаць ваду (праз адтуліну, дзірку і пад.); мець цечу. Кацёл цячэ. Боты цякуць.

•••

Слінкі цякуць гл. слінкі.

Цёкам цячы — моцна цячы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сакаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае шмат соку. Такое высокае і сакавітае кепскае шчаўе расло, што між яго трэба было адшукваць рэдкія і хілыя кусцікі чырвонай канюшыны. Пянкрат. Нясуць калгаснікі на рынак Лясоў багатыя дары: Маліну, зорныя суніцы, Тугіх парэчак шрот буйны. І сакавітыя чарніцы З прыемным водарам лясным. Жычка. // Водарны, духмяны. Нашто тое лета, калі няма жніва, калі на пасецы не раяцца пчолы, не пахнуць у садзе чырванабокія сакавітыя малінаўкі?.. Кулакоўскі. // Апетытны, смачны, не сухі. — Шынкевіч таксама добрая цаца! — падчэпліваючы відэльцам сакавітую бакавіну ліня з каструлі, абурана прадаўжаў Фама Гаўрылавіч. Паслядовіч.

2. перан. Разм. Поўны сіл, здароўя, энергіі (пра чалавека). Перад самай вайной цётка прыязджала да нас у госці з нейкай сакавітай і гладкай рагатухай. Карпюк. // Яркі, свежы, поўны (пра вусны, рот). Смяяліся яе [Гаецкай] сакавітыя вусны, выпешчаныя шчокі — то з’яўляліся, то знікалі сімпатычныя ямачкі на іх. Шамякін. // Прыемны, поўны задавальнення. Паміж двума сакавітымі пацалункамі Сімон пачуў такую лічбу, ад якой яму стала холадна. Самуйлёнак.

3. перан. Каларытны, насычаны спалучэннем яркіх фарбаў. Сакавітыя фарбы пейзажу.

4. перан. Трапны, вобразны (пра мову, словы і пад.). Сварыліся [шляхта] на сакавітай беларускай мове, хоць называлі яе мужыцкай, часта ўстаўляючы словы «пане» — ды так, каб яно гучала праз нос. Пестрак. Калі плытагон выходзіць у сплаў, дарога абяцае яму сустрэчы... Яны то радасныя, з сакавітымі кпінамі і блазенскім рогатам, то гаркава-маўклівыя. Карамазаў.

5. перан. Гучны, звонкі, прыемны (пра гук, голас і пад.). Ад Еўніч і Старыцы яшчэ чулася іх гамонка, а часам і жніўная песня, у якой высока лунаў, ведучы яе, чый-небудзь сакавіты голас. Хадкевіч. Мужчыны смяяліся, і смех самога расказчыка быў такі сакавіты і гучны, што конік, стрыгучы вушамі, нават без пугі пачаў хутчэй перабіраць нагамі. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)